Я рэдка калі, але заглядваю ў “Інстаграм”… А тут заўважыў знаёмы твар і ўспомніў, што гэтая пара ў час адпачынку бярэ пуцёўку, каб пабываць у санаторыі ці за мяжой. Гляджу відэа і вачам не веру. Пётр пусціўся ў скокі з двума худзенькімі цёмнаскурымі хлопцамі, і ўсе разам спяваюць: “Я масай і ты масай,абодва мы масаі…” Масай – гэта, як высвятляю пазней, такая народнасць у Танзаніі і Кеніі.
Далей другі эпізод… На экране цемра і гучыць той жа голас: «Жонка, где ты?.. Господи, где ты?.. В Беларуси свет на 15 минут включили позже… Некоторые в Минске шум подняли… А тут освещение улиц вообще не включают или когда вздумается. Совсем никого и ничего не видно… Наша страна самая лучшая…»
І ўзнікла ў мяне думка сустрэцца і пагутарыць з названымi мною турыстамi пасля вяртання
дадому.
– Не абышлося без недарэчнасцей, – заўважыў глава сям’i. – Мы з групай павінны былі з вострава Занзібар пераляцець на мацярык. Нам прадалі білеты на розныя невялікія маторныя самалёты. Высвятляем:трэба яшчэ заплаціць 30 долараў, тады паляцім разам. Прыйшлося тэлефанаваць арганізатару. Праблему вырашылі,а парада для тых, хто плануе паехаць на адпачынак за мяжу: калі здарыцца які-небудзь форс-мажор, то праблему лепш вырашыць, калі ты едзеш з групай турыстаў.
Паназіралі мы і за вадападам. Пабывалі на Кіліманджары – гэта самая высокая гара ў Афрыцы. Праўда, дабіраліся да яе больш пяці кіламетраў пешшу. А тут яшчэ ні з таго ні з сяго дождж лінуў як з вядра. А мы былі без парасона. Можаце ўявіць, які мы мелі выгляд пасля такой ванны? А наш белага колеру абутак. Колькі на ім было бруду…
Пазнаёмліся і з бытавымі ўмовамі і звычаямі аднаго з пасяленняў. Сумнае ўражанне пакінуў агляд хацін, у якіх пражываюць людзі. Усе яны як блізняты, падобныя на пяшчэры, толькі вынесеныя на паверхню. Што датычыцца нумара, у якім нас размясцілі, то ён на тым узроўні, які мы раней назіралі і ў іншых цывілізаваных краінах. А далей, за тэрыторыяй пражывання турыстаў, можна назіраць іншую карціну… Што датычыцца асвятлення, то часта знікае электрычнасць не толькі ў Танзаніі, а і ў Малайзіі, Тайландзе, В’етнаме. А сёння не толькі ў Германіі жосткая эканомія асвятлення і ўжывання электраэнергіі, але і ў іншых краінах.
Адна жанчына расказала мне пра выпадак у Егіпце. Прапанавалі ёй пасядзець на вярблюдзе. Заплаціла, дапамаглі ўзняцца. І тут жа праз хвіліну-другую папрасіла, каб ёй дапамаглі злезці. Але не тут тое было. Заплаці, тады дапамогуць.
Неяк раней гэты ж названы мною Пятрок з цяжарнай жонкай паляцелі ў Турцыю адпачыць. Жонка стала адчуваць сябе не вельмі добра. І адна з нашых зямлячак, якая замужам за туркам, завяла яе на прыём да ўрача. Той паслухаў, даў накірунак на аналіз крыві. А праз некаторы час зноў у паліклініку прыйшла. А той урач па нейкіх прычынах адсутнічаў. Пайшла да іншага і кажа: “Скажыце, калі ласка, толькі адно слова. Мае аналізы добрыя ці дрэнныя?” А ён у адказ: “Заплаціце, потым скажу”. Як кажуць у народзе, плюнула і пайшла назад…
Можна прывесці нямала розных прыгод, недарэчнасцей, якія часам адбываюцца з нашымі турыстамі. Мой асабісты вывад: усюды добра, але дома лепш. І як тут не ўспомніць песню ў выкананні Анатоля Ярмоленкі: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях
пабываць”.
Віктар КУХАРЭНКА,
настаўнік, дэпутат Мінскага абласнога Савета 21-га склікання








