У гарадскім кінатэатры «Юнацтва» перад пачаткам сеансаў прайшла пазнавальная акцыя, якую правялі ратавальнікі горада разам з актывістамі Беларускай моладзевай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных і членамі БРСМ.
Акцыя праходзіла ў жывой і прыязнай атмасферы, і кожны жадаючы мог не толькі пачуць карысную інфармацыю, але і задаць пытанні або паспрабаваць свае сілы ў практычных заданнях.
Пра што гаварылі ратавальнікі
Ратавальнікі нагадалі, што большасць здарэнняў адбываецца менавіта дома, калі чалавек губляе пільнасць або пакідае без нагляду ежу на пліце, сыходзячы з жылля, забывае пра адключэнне электрапрыбораў. Менавіта таму ў працэсе працы, асаблівая ўвага была нададзена ўсталяванню аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, бо гэты невялікі прыбор здольны своечасова папярэдзіць пра пажар і выратаваць жыццё. Аднак, былі яшчэ тэмы, якія патрабавалі асаблівай увагі, такія як: правілы выкліку службы выратавання і паведамленне аб надзвычайных сітуацыях.





– Мы ўпэўненыя, што рэгулярныя гутаркі пра бяспеку дапамагаюць прадухіліць бяду, і робяць горад больш спакойным і абароненым. Для нас важна, каб людзі памяталі пра бяспеку кожны дзень. Сёння мы ўбачылі, што і дзеці, і дарослыя гатовы вучыцца і прымяняць веды на практыцы, – адзначыла прадстаўнік МНС, Надзея Ільюшонак.
Дарослым – пра важнае
Асобная размова была прысвечана новай інфармацыйнай кампаніі МНС «Дзеці –не дарослыя, не пакідайце іх адных!».



Ратавальнікі нагадалі, што дзіця не можа ацэньваць небяспеку гэтак жа, як дарослы, і нават некалькі хвілін без нагляду могуць прывесці да бяды. Адказнасць дарослых – стварыць бяспечную прастору і быць заўсёды побач.
Бяспека, як частка культуры
Такія сустрэчы дапамагаюць нагадаць людзям, што бяспека пачынаецца з простых звычак і ўважлівага стаўлення да сябе і сваіх блізкіх.








