Пажарная аварыйна-выратавальная частка Жодзіна на адзін дзень стала месцам, дзе тэорыя бяспекі ператварылася ў жывы вопыт. Моладзь горада наведала падраздзяленне ў рамках месячніка камплектавання і прафілактычнай акцыі «Сябруем з законам», накіраваных на фарміраванне ў падлеткаў адказных адносін да ўласнай бяспекі і павагі да працы экстранных службаў.

Рабят сустрэў начальнік пажарнай часткі Ілля Загурскі – спакойны, сабраны, але адкрыты да дыялогу. У гаражы рабят чакалі пажарныя аўтамабілі і аварыйна-выратавальнае абсталяванне.


Размова па-даросламу

Для пачатку хлопцы сабраліся ў навучальным класе, дзе прадстаўнік МНС распавёў аб правілах пажарнай бяспекі і паводзінах пры надзвычайных сітуацыях. Ён адзначыў, што выкананне правілаў – гэта не фармальнасць,а рэальны ўклад ва ўласную бяспеку і бяспеку навакольных. Асаблівую ўвагу надалі месячніку камплектавання. Больш падрабязна спыніліся на працы ратавальнікаў, установах адукацыі МНС.
Першае знаёмства: тэхніка і абсталяванне





Як уладкованыя аўтацыстэрны, чым абсталяваны аварыйна-выратавальны аўтамабіль, для чаго патрэбныя гідраўлічныя інструменты і як працуе сістэма падачы вады хлопцам распавёў кіроўца аварыйна-выратавальнай часткі Арцём Макарчук. Кожны мог зазірнуць у кабіну, прымерыць каску, патрымаць у руках абсталяванне – і адчуць рэальную вагу прафесіі.
Эмоцыі, якія застануцца надоўга





Экскурсія завяршылася фотаздымкамі, пытаннямі і шчырымі словамі падзякі. Многія прызналіся, што ўпершыню ўбачылі працу ратавальнікаў так блізка. Для кагосьці гэта стала проста яркай падзеяй, а для кагосьці-магчымым пачаткам прафесійнага шляху ў службе, дзе важныя смеласць, адказнасць і гатоўнасць прыйсці на дапамогу.








