Чытаць сваё. Ці чытаюць жодзінцы па-беларуску?

Новости Жодино

Напярэдадні Дня роднай мовы супрацоўнікі гарадской бібліятэкі падрыхтавалі рэйтынг чытання беларускай кнігі.


Вось як размеркаваліся месцы ў літаратурным топе.

Першае месца – Уладзімір Караткевіч “Чорны замак Альшанскі”. Гэта класічны беларускі дэтэктыў. У ім, як і ў іншых творах Караткевіча, выяўляецца містычная повязь часу. Нездарма галоўны герой гэтага знакавага для беларускай культуры рамана Антон Косміч кажа: «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае – асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў». Для Косміча пошукі скарбаў роду Альшанскіх ператвараюцца не толькі ў цікавую прыгоду, але і ў барацьбу за ўсталяванне праўды і справядлівасці, у якой яму дапамагаюць самыя розныя персанажы: супрацоўнік органаў дзяржаўнай бяспекі, святы айцец, вартаўнік замка і касцёла, кіраўнік археалагічнай экспедыцыі. Гэта адзін з найвядомейшых твораў Уладзіміра Караткевіча.

Другое месца – Іван Мележ “Палеская хроніка”. Эпічная трылогія, якая адлюстроўвае драматычныя змены ў жыцці палескай вёскі Курані ў 1920-1930-я гады. Праз лёсы герояў, у прыватнасці Васіля і Ганны, паказаны цяжкі працэс калектывізацыі, барацьба традыцый з новымі парадкамі, глыбокая псіхалогія і самабытная культура палешукоў.

Трэцяе месца – Уладзімір Гніламёдаў “Вайна”. Тэма Вялікай Айчыннай вайны невычэрпная – пра гэта сведчыць і новы раман Уладзіміра Гніламёдава “Вайна”, які рэалістычна паказвае паднявольнае жыццё людзей на акупаванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Заходняй Беларусі ва ўмовах нацысцкага рэжыму, узнікненне і арганізацыю супраціўлення, партызанскага руху, доўгачаканыя дні вызвалення. Раман населены шматлікімі персанажамі, у ім закрануты вечныя пытанні дабра і зла, справядлівасці і абавязку, героі трапляюць у такія жыццёвыя сітуацыі, якія раскрываюць маральныя якасці чалавека.

Чацвёртае месца – Людміла Рублеўская “Авантуры Пранціша Вырвіча”. Гэта цыкл прыгодніцка-фантасмагарычных раманаў беларускай пісьменніцы, дзе падзеі разгортваюцца ў XVIII стагоддзі і апавядаюць пра прыгоды шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка.

Пятае месца – Анатоль Разановіч “Палын-вада”. Вострасюжэтны раман-хроніка з трох кніг, які ахоплівае драматычныя падзеі беларускай гісторыі канца XX стагоддзя.У цэнтры ўвагі – лёс герояў на фоне маштабных узрушэнняў: ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС да падзей ГКЧП і распаду СССР. Аўтар спалучае мастацкую выдумку з хранікальнай дакладнасцю, што стварае эфект прысутнасці і прымушае задумацца над складанымі пытаннямі нядаўняга мінулага.

Святлана Копцік, загадчык аддзелам Цэнтральнай гарадской бібліятэкі

Оцените автора
( Пока оценок нет )
Городская общественно-политическая газета Жодино
Добавить комментарий