#БЕЛАРУСАЧКІ У Год беларускай жанчыны рэдакцыя пачынае новы праект, у якім раскажам пра жодзінак: паспяховых у розных прафесіях, клапатлівых матулях і проста прыгожых жанчынах

#БЕЛАРУСАЧКІ

Сімвалічна, што першай гераіняй нашага праекту стала настаўніца беларускай мовы СШ №4 Юлія Дзяцел, усім сэрцам улюбёная ў свой прадмет. Прафесіяналізм, крэатыўнасць і натхненне дапамаглі  Юліі Фамінічне сёлета стаць лепшай на конкурсе “Настаўнік года горада Жодзіна”. Са сціплай і абаяльнай беларусачкай сустрэлася карэспандэнт “ЖН”.

Жодзінка Юлія Дзяцел роднымі лічыць адразу дзве школы: чацвертую і восьмую. У СШ №4 яна ўпершыню села за парту і зрабіла першыя крокі не толькі ў школьнае жыццё, а, як далей пакажа час, і ў будучую прафесію.

– У мяне была цудоўная першая настаўніца – Любоў Паўлаўна Матусь, – з пяшчотай расказвае мая гераіня. – Яна на пачатку кожнага ўрока праводзіла хвілінкі чытання і раіла нам прыносіць менавіта беларускія кніжкі. Так я і адкрыла для сябе прыгажосць і мілагучнасць беларускага слова. Ужо тады мне хацелася, каб гэтую асалоду ад роднай мовы адчувала не толькі я. Так і з’явіліся першыя, яшчэ дзіцячыя, думкі аб настаўніцкай прафесіі.

Скончыўшы пачатковую школу, Юлія Дзяцел працягнула навучанне ў СШ №8.

– Мне ў жыцці шанцавала з настаўнікамі, – упэўнена Юлія Фамінічна. – У восьмай школе ў нас былі выдатныя выкладчыкі рускай і беларускай моў. Я ўдзельнічала ў алімпіядах па гэтых прадметах і нават крышачку разрывалася паміж імі. Але ў выніку аддала перавагу беларускай мове, каб перадаваць яе далей, як і мая настаўніца Антаніна Сяргееўна Бурко.

Калі ў старэйшых классах дзяўчатам прапанавалі вучыцца ў педагагічных групах, якія адкрыліся ў школе, мая гераіня ні хвіліны не сумнявалася.

– Запісалася адразу! – успамінае яна той час. – Мы ездзілі ў педагагічны ўніверсітэт, займаліся з выкладчыкамі, і я ўжо цвёрда ведала, што буду паступаць сюды на беларускую філалогію.

Універсітэцкая пара праляцела хутка, і вось ужо на працягу 15 гадоў Юлія Дзяцел кожны дзень спяшаецца ў школу, каб адкрываць сваім вучням свет твораў Купалы і Коласа, паказваць хараство і багацце беларускай мовы.

– Маім першым працоўным месцам стала школа ў аграгарадку Косіна Лагойскага раёна. Цудоўная, утульная… У мяне ў пятым класе было шэсць вучняў. Вясковыя дзеці адрозніваюцца ад гарадскіх: шчырыя, сціплыя, працавітыя – увесь год яны дапамагаюць бацькам па гаспадарцы. Але ў той жа час адкрытыя да ведаў і ўсяго новага. З цеплынёй успамінаю той час, бо тады я яшчэ больш упэўнілася, што выбрала сваю прафесію, – шчыра кажа Юлія Фамінічна.

«Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш!» – гэтыя словы з аповесці “Ладдзя роспачы” Уладзіміра Караткевіча педагог лічыць сваім жыццёвым дэвізам.

Вярнуўшыся ў Жодзіна, Юлія Дзяцел працавала спачатку ў роднай восьмай школе, а потым перайшла таксама ў сваю – чацвертую. Дарэчы першакласнікам СШ №4 сёлета стане і яе сын Фёдар, але ўжо зараз ён адчувае сябе тут як дома.

– Федзя вельмі любіць назіраць, як я рыхтуюся да ўрокаў, – усміхаецца мама-настаўніца. – Яму ўсё цікава, для яго зараз школьны свет – гэта нешта чароўнае, таму і на падрыхтоўку да школы сын ходзіць з задавальненнем. Спадзяюся, што гэтая цікавасць з часам не згасне.

Ведаю, што для многіх педагогаў школа ўжо даўно стала другім домам, таму цікаўлюся ў сваёй суразмоўцы, як удаецца спалучаць работу і сям’ю.

– Мае муж і сын ужо даўно далучыліся да школьнага жыцця, – з усмешкай адзначае Юлія Дзяцел. – Часта яны бяруць удзел у мерапрыемствах, якія мы ладзім з вучнямі, разам з маім класам наведваюць гарадскія святы. Вадзім і Фёдар з павагай і разуменнем адносяцца да маёй работы, ведаюць, як гэта важна для меня. Калі выдаецца свабодны час, праводзім яго разам, мой муж – прыхільнік здаровага ладу жыцця, яму па душы спартыўныя актыўнасці, таму і мы з сынам імкнемся не адставаць.

Я ўжо збіраюся скончыць размову, як мой позірк падае на статуэтку і дыплом пераможцы конкурсу “Настаўнік года горада Жодзіна”. Таму напрыканцы нашага інтэрв’ю прашу Юлію Дзяцел падзяліцца галоўным педагагічным сакрэтам.

– Прафесія настаўніка вельмі адказная, бо мы не проста перадаем веды, мы адчыняем дзецям дзверы ў свет, – упэўнена яна. – І, думаю, педагогі могуць кожны дзень рабіць гэты свет крышачку лепшым, запальваючы маленькія ліхтарыкі ў сэрцах вучняў. Адметна тое, што настаўнікі ніколі не перастаюць вучыцца. Мы заўсёды павінны быць “у трэндзе”, каб у дзяцей не згасала цiкавасть да прадмета, ну і, канешне, любіць тое, што робіш.

Оцените автора
( Пока оценок нет )
Городская общественно-политическая газета Жодино
Добавить комментарий