Тое, што Жодзіна – гэта прыгожы сваімі людзьмі, асаблівы сваім паходжаннем і цікавы для турыстаў горад, даўно ў мяне не выклікае сумненняў. Калі гаварыць пра людзей, то многія ўражэнцы нашых мясцін вядомыя не толькі ў Беларусі, але і далёка за межамі краіны. А нашы БЕЛАЗы, адзенне «Світанка» – гэта наогул брэнды ўсёй краіны. Але ёсць яшчэ нешта, што вабіць і падабаецца тым, хто цікавіцца гістарычнымі і прыроднымі асаблівасцямі нашага краю. Сёння мой маршрут пабудаваны так: Жодзіна (вуліцы Маскоўская, Зарэчная, Лебядзеўскага, Чыгуначная) – Зарэчча – рэкі Пліса-Жодзінка – возера Судобль.
Нам засталася спадчына
Пра 379-гадовую гiсторыю нашага горада сведчыць вельмі важны дакумент – «Смалявіцкі інвентар», якi захоўваецца ў краязнаўчым музеi. Маўляў, у 1643 годзе па прыказу князя Багуслава Радзівіла на ўскраіне яго маёнтка Смалявічы, ля гасцінца, які злучаў Мінск і Барысаў, было закладзена паселішча ў гонар уладальніка, якое атрымала назву Багуслаў Поле. Звыклы для нас тапонім упершыню згаданы ў 1688 годзе.
Зразумела, да нашага часу не магло дайсці нічога матэрыяльнага, што сведчыла б аб даўняй гісторыі. Таму мы ўзгадваем тое, што маем.
Напрыклад, хто з жодзінцаў ведае, дзе знаходзіцца дом, пабудаваны ў 18-м стагоддзі? Размешчаны артэфакт побач з чыгуначнай станцыяй на вуліцы Чыгуначнай. Год пабудовы – 1872! Вядома, мы не ўбачылі старога бярвення, падмурка на чатырох камянях. Дом абабіты сайдынгам, абгароджаны металапрофілем і аздоблены сучаснымі матэрыяламі, а таму, на жаль, выглядае даволі сучасна. І цяжка паверыць, што будынку ўжо споўнілася 150 гадоў. Ён цудам не згарэў пад час вайны. Як сведчаць гістарычныя даведкі, у цэнтры ацалела ўсяго сем дамоў.
«Кацярынка» i царква
Іду па вуліцы Маскоўскай, якая з’яўляецца тым самым славутым «Кацярынінскім» шляхам. Цікава тое, што тут давялося ўбачыць брукаванку (каля могілак), якая, магчыма, і ёсць часцінка даўніны глыбокай – аб гэтым сведчаць людзі сталага веку.

Вось што яшчэ можна даведацца з «Смалявіцкага інвентара»: «У 1665 годзе ў мястэчку Багуслаў Поле, размешчаным паміж Плісой і Жодзінкай, было 97 дамоў, два млыны, 92 гандлёвыя крамы і царква. У 1669 годзе ўжо дзве царквы ўзвышаліся над мястэчкам: Пятроўская і Святой Тройцы. У 1863 годзе на месцы аднаго з разбураных храмаў пабудавалі драўляную Свята-Міхайлаўскую царкву». Яна прастаяла да 1960-х. Нават вайна не кранула будынак драўлянага дойлідства. А вось людзі – разбурылі. У 1991 годзе ў Жодзіне была пабудавана драўляная Міхайлаўская царква – на тым самым намоленым месцы.
Жодзінская вузкакалейка
Першая вузкакалейка прызначалася для нарыхтоўкі леса і была пабудаваная ў 1922 годзе – да станцыі Астравы. Даўжыня складала крыху больш за трынаццаць кіламетраў. У далейшым дарога не толькі існавала (ужо як торфавозная), але і была працягнута да Зялёнага Бора, возера Пяшчанага і Старынкі – у суме складала 67 кіламетраў.

Дарогу дэманцiравалі ў пачатку 80-х, а пакінуты кавалак «перашылі» на шырокую каляіну і злучылі з галіной, якая ішла на Смалявіцкую ДРЭС (цяпер ЦЭЦ-1). На сёння захаваліся толькі апоры маста праз чыгунку Масква – Брэст.
Дэндрапарк
Адным з каштоўных аб’ектаў, які можна смела аднесці да помнікаў прыроды, з’яўляецца дэндрапарк у цэнтры Жодзіна. Як сцвярджаюць старажылы, у парку мікрараёна Навуковы растуць сотні відаў і падвідаў дрэў. Тутэйшыя жыхары даўно дамагаюцца, каб унікальны куток прыроды набыў статус парка. Яны лічаць, што гораду трэба не толькі захаваць гэтае месца, але і ўлічыць тут кожнае дрэва, кожны кусцік, каб не страціць іх незваротна.
Адкуль усё пачыналася
Рачушка Жодзінка, паводле адной з легенд, вызначыла назву нашага горада. У гістарычным архіве Беларусі захоўваецца дакумент, у якім указана, што Жодзінка ў перакладзе з літоўскага азначае «жоўты ключ». І гэтая назва сапраўды перадае асаблівасці дадзенага вадаёма. Па-першае, яна літаральна ляжыць на крыніцах, якіх у нашай мясцовасці да правядзення меліярацыі было вялікае мноства. Па-другое, дно ракі яшчэ 30 гадоў таму было пакрыта дробным светлым пяском, які праз праламленне света надаваў вадзе жаўтаватае адценне.
Дубы – гэта наша энергетыка
Пераважная большасць дрэваў-помнікаў у Беларусі прадстаўлена дубамі. У нашым наваколлі іх не так ужо і шмат. Напрыклад, 30-метровы волат расце на ўзлеску каля Новых Градак. Дрэва велічнае і само па сабе выклікае павагу. Некалькі магутных дубоў можна сустрэць на беразе Плісы ў раёне Зарэчча. Як сведчаць тутэйшыя, дрэвам больш чым па 300 год.
У нас ёсць нават дубовая алея – адзін з куткоў дэндрапарка, што ў раёне Навуковага. Дрэвам столькі ж год, як інстытуту – каля 60. Яны здольныя ўпрыгожыць наш горад на стагоддзі.
Возера Судобль
Прырода падарыла нам возера Судобль, багатае сапрапелямі. Яму тысячы год! Што мы ведаем пра гэты знакаміты ў свеце вадаём?
Возера здаўна славіцца сваімі лячэбнымі сапрапелевымі гразямі.

Сюды прыязджаюць як мясцовыя жыхары, так і турысты, нават з дальняга замежжа. Існуе шмат легенд, якія распавядаюць пра цудадзейныя ўласцівасці сапрапеляў. Жыхары вёскі Бярозавіцы рассказалі, што ў час Вялікай Айчыннай вайны ўкрывалі ў сваіх дамах ад немцаў паранененага салдата. Жахлівыя раны на нагах не гаіліся, і надзеі на выратаванне не было ніякай. Мясцовы дзед параіў прыкладваць лячэбныя гразі з возера. Так і выратавалі салдата, які пайшоў далей абараняць сваю радзіму.
Сёння сапрапелямі лечаць шмат хвароб. У гарадской паліклініцы самае распаўсюджанае выкарыстанне лекавай гразі – кампрэсы пры артрытах, астэаартозах, астэахандрозах. А сапрапелевыя маскі – для маладосці скуры.
Валуны
Да геалагічных помнікаў прыроды адносяць і валуны. Старажытны ледавік прынёс у Беларусь нямала гранітных куч. Да ахоўных дзяржавай валуноў адносяцца Барысавы камяні, Рагвалодаў і Вітольдаў камяні і іншыя.

Ёсць валуны і ў нашым наваколлі. На ўскрайку леса, за касцёлам, шмат гадоў ляжаць некалькі вялікіх камянёў. Тут любяць бываць жодзінцы, быццам інтуітыўна адчуваюць сілу месца.
Крыніцы
У Жодзіне многа крыніц. Чыстая вада – бясцэннае багацце, якое падарыла нам прырода. Адзін з такіх ключоў б’е прама ў горадзе – недалёка ад пляжа. Яшчэ адна крыніца размешчана ў прыгожай лукавіне Плісы (вуліца Рачная). Праўда, нярэдка крыніца знаходзіцца пад затапленнем. Калі выраўнівалі рэчышча Жодзінкі, то дзівіліся, колькі крыніц у яе пойме. Цяпер іх, на жаль, не знайсці.
Лілія ІСКРА