Прэзідэнты Беларусі і Расіі ўзгаднілі ўсе 28 саюзных праграм, якія будуць разгледжаны на ўзроўні ўрадаў дзвюх краін у Мінску, пасля чаго будуць вынесены на пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета СД, якое плануецца правесці да канца бягучага года. Аб гэтым Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў журналістам па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у Маскве.

«Сёння хацеў бы з задавальненнем адзначыць, што ўзгоднены ўсе 28 праграм. Заўтра (10 верасня. — Заўвага БЕЛТА) маецца на ўвазе адобрыць іх на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ў Мінску, пасля чаго яны будуць вынесены на зацвярджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, пасяджэнне якога плануецца правесці да канца бягучага года. Мы дамовіліся з Аляксандрам Рыгоравічам, цяпер паглядзім нашы графікі і вызначым больш-менш дакладную дату», — сказаў Уладзімір Пуцін.

Паводле яго слоў, гэтыя праграмы нацэлены на ўніфікацыю заканадаўства Беларусі і Расіі ў розных галінах эканомікі, на выраўноўванне ўмоў дзейнасці суб’ектаў гаспадарання дзвюх краін, пабудову адзіных фінансавых і энергетычных рынкаў, пабудову транспартнай прасторы, фарміраванне і рэалізацыю агульнай прамысловай і сельскагаспадарчай палітыкі.

 

Лукашэнка раскрыў сутнасць саюзных праграм з Расіяй: ад паставак энерганосьбітаў да сацгарантый

 

Беларусь і Расія з’яўляюцца паўнапраўнымі партнёрамі. Цэнтральнай тэмай перагавораў двух лідараў стала завяршэнне работы над саюзнымі праграмамі. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, на перагаворах былі прыняты ўсе прынцыповыя рашэнні.

«Каб не пераказваць змест разгледжаных дакументаў (яны будуць абнародаваны, гэта не сакрэт), вылучу самае галоўнае ў іх. Гэта роўныя правы для суб’ектаў гаспадарання нашых краін. Тыя самыя роўныя ўмовы, аб неабходнасці якіх розныя прадстаўнікі Беларусі, у тым ліку я як Прэзідэнт, гаворым на працягу многіх гадоў. Гэта аснова асноў. Мы — паўнапраўныя партнёры», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што для ўсіх кампаній на рынках Беларусі і Расіі павінна быць сумленная канкурэнцыя. «Менавіта дзеля раўнапраўя, выгаднай кааперацыі, плённага супрацоўніцтва і задумвалася беларуска-расійская інтэграцыя, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — У саюзных праграмах дакладна прапісаны механізмы развіцця адзінай эканамічнай прасторы: фарміраванне аб’яднаных галіновых рынкаў, рэалізацыя гарманізаванай фінансавай, падатковай, крэдытнай, цэнавай, гандлёвай палітыкі».

У саюзных праграмах, паводле слоў Прэзідэнта, таксама закладзены вырашэнне праблемы паставак у Беларусь энерганосьбітаў, рост аб’ёму транспартных паслуг, фінансаванне новых інвестыцыйных праектаў, выхад на адзіныя прынцыпы рэалізацыі аграрнай і прамысловай палітыкі, павышэнне ўзроўню ўзаемных сацыяльных гарантый для грамадзян дзвюх краін.

Аляксандр Лукашэнка спытаў крытыкаў Саюзнай дзяржавы ў Беларусі: што ў прынятых рашэннях дрэннага для беларусаў? «А ў крытыкаў нашай інтэграцыі ў Расіі хачу пацікавіцца: дзе вы бачыце тут «гіру на назе Расійскай Федэрацыі»? Нічога дрэннага для народаў Беларусі і Расіі ў гэтых праграмах няма і быць не магло. Усё было нацэлена на рост дабрабыту нашых народаў. І трэба, напэўна, паставіць ужо кропку ў гэтых размовах. Наша інтэграцыя мае выключна ўзаемавыгадны характар», — заявіў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што на перагаворах удалося дасягнуць узаемаразумення па ўсіх асноўных напрамках. Урады Беларусі і Расіі неадкладна зоймуцца «дашліфоўкай» некаторых момантаў ужо 10 верасня на пасяджэнні саюзнага Саўміна ў Мінску.

«Калі будуць адобраны і ўзгоднены «апошнія штрыхі» (а мы ў гэтым упэўнены), гатовы зацвердзіць пакет саюзных праграм на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы», — падагульніў Аляксандр Лукашэнка.

 

Лукашэнка назваў паглыбленне інтэграцыі з Расіяй самым дзейсным адказам нядобразычліўцам

 

Саюзная дзяржава — гэта ўнікальнае інтэграцыйнае аб’яднанне, развітое па ўсіх напрамках.

«Нас часта абвінавачваюць у тым, што Саюзная дзяржава — толькі палітычны праект. Не, гэта ўнікальнае інтэграцыйнае аб’яднанне, развітое па ўсіх напрамках, і ў палітыцы таксама — вазьміце наш ваенна-палітычны саюз, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Падкрэслю: жыццё пераканаўча даказвае, што ўсё, што мы робім, накіравана на карысць і канкрэтныя патрэбнасці нашых людзей».

Прэзідэнт адзначыў, што беларусы і расіяне не адчуваюць сябе чужымі ў абедзвюх краінах, могуць свабодна перамяшчацца, атрымліваць адукацыю, працаўладкоўвацца. «Гэта дарагога варта. Прычым людзі ўпэўнены, што гэта само сабой зразумела, што так было заўсёды. Гэта і ёсць найлепшы доказ жыццяздольнасці нашага саюза. Я абсалютна перакананы, што паглыбленне інтэграцыі, нарошчванне разнапланавага ўзаемадзеяння — самы паказальны, дзейсны адказ усім нашым нядобразычліўцам. Разам мы толькі мацнейшыя», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

 

Лукашэнка: Беларусь і Расія будуць нарошчваць сумеснае процідзеянне агульным пагрозам

 

Кіраўнікі дзяржаў у час перагавораў, акрамя паглыблення інтэграцыі паміж краінамі, дэталёва абмеркавалі і актуальныя міжнародныя праблемы, адносіны з суседнімі краінамі і аб’яднаннямі. Падрабязна прэзідэнты спыніліся на абстаноўцы ў зонах нестабільнасці, перш за ўсё ў Афганістане, з пункту гледжання пагроз для бяспекі Саюзнай дзяржавы.

«У гэтым кантэксце першачарговая важнасць — ажыццяўленне ўсебаковай бяспекі нашых краін і АДКБ у цэлым. Адзіную пазіцыю па гэтым пытанні мы ўсе разам зацвердзім у ходзе маючых адбыцца мерапрыемстваў у Душанбэ (самітаў АДКБ і ШАС. — Заўвага БЕЛТА). Нават мы, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы — далёка ад тэатра ваенных дзеянняў, адчулі на сабе наступствы афганскага крызісу. Паглядзіце, што робіцца з бежанцамі на нашых граніцах, як паводзіць сябе «прагрэсіўны» Захад. Больш таго, пастаянна ужо бразгаючы зброяй», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым кантэксце лідары закранулі тэму саюзных ваенных вучэнняў «Захад-2021». «Сумеснае процідзеянне агульным выклікам і пагрозам будзем толькі нарошчваць, — заявіў Прэзідэнт. — І тут не трэба крычаць, што мы праводзім гэтыя вучэнні. У нас ёсць армія, сумесная групоўка на заходнім напрамку. Яе трэба абучаць ваеннаму рамяству, мы нічога выключнага не робім».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, на сустрэчы таксама былі разгледжаны пытанні далейшай нармалізацыі транспартных зносін, кааперацыі ў галіне мікраэлектронікі і ў будаўнічай сферы.

«Так, мы ўпэўнены, што практыку выкарыстання навукова-тэхнічнага і вытворчага патэнцыялу ў Саюзнай дзяржаве неабходна пашыраць», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: Беларусь і Расія, як бульдозер, расчышчаюць прастору для інтэграцыі ў рэгіёне

 

Беларусь і Расія, як бульдозер, ідуць наперад і расчышчаюць прастору для інтэграцыі ў рэгіёне.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што многім можа здацца, што рэалізацыя распрацаваных Беларуссю і Расіяй саюзных праграм вельмі расцягнута па часе. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, інакш быць і не можа, бо да гэтых пытанняў неабходна падыходзіць выверана і акуратна.

«Мы паказваем прыклад, якім чынам трэба рухацца ў ЕАЭС і тым больш у СНД. Мы, як бульдозер, ідзём наперадзе, расчышчаючы дарогу для саюзных аб’яднанняў на постсавецкай прасторы. Саюз — гэта прыклад, той шлях, па якім давядзецца ісці тым дзяржавам, якія будуць разлічваць на больш цесны саюз», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

 

Лукашэнка аб «паглынанні» Беларусі: калі хтосьці гэтым хварэе, мы з Пуціным можам падлячыць

 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Маскве выказаўся аб укідах пра паглынанне Беларусі Расіяй.

«Далікатна Прэзідэнт Расіі не сказаў аб розных разважаннях, што тут хтосьці кагосьці паглыне і гэтак далей. Павінен сказаць, што мы гэтай хваробай і не хварэлі з Прэзідэнтам Расіі. Калі хтосьці гэтым хварэў, можам падлячыць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час кіраўнік дзяржавы адзначыў, што кіраўніцтва абедзвюх краін будзе рабіць захады выключна ў інтарэсах народаў. Калі Беларусі і Расіі спатрэбяцца больш цесныя адносіны, гэта будзе зроблена імгненна, як толькі прагучаць запыты грамадзян, заявіў Прэзідэнт.

 

Пуцін: тэма паглыблення палітычнай інтэграцыі Беларусі і Расіі на сустрэчы з Лукашэнкам не абмяркоўвалася

 

Пытанні паглыблення палітычнай інтэграцыі Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы не абмяркоўваліся 9 верасня на сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін.

«Мы прыйшлі да высновы, што трэба вырашаць не па нейкіх асобных пазіцыях, якія выгадныя або не выгадныя асобнаму боку, а вырашаць у комплексе, ствараючы трывалую эканамічную базу для руху наперад па пытаннях значных, але ўсё ж такі прыватных, — сказаў расійскі лідар. — Мы зыходзім з таго, што нягледзячы на ўсю высакароднасць гэтай мэты — палітычнай інтэграцыі — трэба спачатку стварыць эканамічны базіс, аснову, фундамент для таго, каб рухацца далей».

«Лічым, што перш за ўсё трэба заняцца эканомікай», — дадаў ён. Уладзімір Пуцін перакананы, што ў далейшым натуральным чынам спатрэбіцца дадатковае рэгуляванне, у тым ліку, можа, і на ўзроўні фарміравання саюзнага парламента. «Я не выключаю, што такі можа быць створаны, але для гэтага трэба, што называецца, падрасці. Мы гэта не абмяркоўвалі і такія пытанні на парадку дня не стаялі», — заявіў Прэзідэнт Расіі.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што цалкам падтрымлівае расійскага калегу ў тым, што датычыцца пытанняў паглыблення палітычнай інтэграцыі ў СД. Ён таксама звярнуў увагу на значную ролю, якую адыграў Уладзімір Пуцін у той час, калі беларускі і расійскі бакі «сур’ёзна ўперліся лбом у некаторыя праблемы» ў частцы палітычнай інтэграцыі. Тады было прапанавана адкласці гэтыя пытанні і вярнуцца да іх абмеркавання, калі наспее такая неабходнасць. «Калі нам трэба будзе, то мы вернемся да любой праблемы, у тым ліку палітычнага характару, і будзем зыходзячы з гэтага выбудоўваць нашы адносіны. За намі не заржавее, як кажуць у Расіі і Беларусі. Галоўнае — каб гэтага хацелі народы. Таму я падтрымліваю тэзіс Прэзідэнта аб тым, што настане час, будзеце гатовы — за намі затрымкі не будзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Пуцін: цана на газ для Беларусі ў 2022 годзе захаваецца на ўзроўні бягучага года

 

Цана на газ для Беларусі ў 2022 годзе захаваецца на ўзроўні бягучага года. Уладзімір Пуцін адзначыў, што ў выніку ўчарашніх перагавораў удалося дасягнуць дамоўленасцей «па вельмі важных для беларускага боку пытаннях, звязаных з цэнаўтварэннем на расійскія энерганосьбіты». «Па выніках працяглых дыскусій удалося выпрацаваць узаемапрымальныя падыходы па газавай тэматыцы. Цана для Беларусі на расійскі прыродны газ на 2022 год захаваецца на ўзроўні бягучага года. Пры гэтым да 1 снежня 2023 года будзе падпісаны дакумент па стварэнні аб’яднанага рынку газу ў рамках Саюзнай дзяржавы», — сказаў Прэзідэнт Расіі.

Акрамя таго, паводле яго слоў, прадугледжана заключэнне дагавора аб аб’яднанні рынкаў нафты і нафтапрадуктаў, а таксама дагавора аб адзіным рынку электраэнергіі.

Як удакладніў расійскі лідар, цана на прыродны газ для Беларусі будзе захавана на ўзроўні $128,5 за тысячу кубаметраў, у той час як на еўрапейскім рынку яна цяпер істотна вырасла і дасягае $650. Акрамя таго, расійскі бок, паводле слоў Уладзіміра Пуціна, не індэксуе цану на газ для Беларусі, зыходзячы з доларавай або рублёвай інфляцыі.

 

Аб’ём крэдытнай падтрымкі Беларусі з боку Расіі складзе больш за $600 млн да канца 2022 года

 

Кіраўнік беларускай дзяржавы ў сваю чаргу дапоўніў адказ расійскага лідара: «Што датычыцца крэдытнай падтрымкі… Зноў Уладзімір Уладзіміравіч не сказаў, але я павінен прызнацца, што я прасіў яго аб тым, што нам не патрэбны новыя крэдыты, калі мы ад атамнай станцыі, на якую нам выдзелены пэўны крэдыт (гэта практыка Расійскай Федэрацыі ва ўсім свеце), чагосьці сэканомім, я яго папрасіў: ты мне аддай гэту эканомію як крэдыт. Адказ быў такі: падумаем, нас гэта задавольвае, калі будуць добрыя, выгадныя праекты для Беларусі і Расіі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

 

Лукашэнка і Пуцін выказаліся аб адзінай валюце Саюзнай дзяржавы

 

Беларусі і Расіі пакуль рана пераходзіць да адзінай валюты.

«Пытанне не ў тым, што Пуцін або Лукашэнка тармозяць гэтыя працэсы. Калі мы вывучалі гэту праблему, тады Цэнтральны банк Расіі і наш Нацыянальны банк у адзін голас папрасілі нас да гэтага пытання пакуль не падыходзіць. Яны заявілі, што ні яны, ні нашы краіны не гатовы да гэтага», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт не стаў выключаць, што ў будучым да гэтага пытання краіны могуць вярнуцца. «Пытанне не ў валюце. Пытанне заўсёды ў нас упіралася ў адзіны эмісійны цэнтр. Вось тут ёсць пэўныя праблемы», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Што краіны пакуль не гатовы пераходзіць да адзінай валюты, лічыць і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. «Вельмі важна якраз правядзенне адзінай макраэканамічнай палітыкі. Першыя крокі зроблены. Цэнтральны банк Расіі і Нацыянальны банк Беларусі павінны гарманізаваць грашова-крэдытную палітыку, дабіцца інтэграцыі плацежных сістэм, інфармацыйнай бяспекі ў фінансавай сферы», — адзначыў расійскі лідар.

Паступовае вырашэнне гэтых пытанняў, паводле яго слоў, закладзена ў саюзныя праграмы. «Нам трэба вельмі акуратна дзейнічаць, аналізаваць плюсы і мінусы, станоўчыя і адмоўныя прыклады нашых суседзяў», — рэзюмаваў ён.

image_pdfСоздать PDFimage_printВерсия для печати

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here