Выкарыстанне санкцый для націску на суверэнную дзяржаву — гэта беззаконнасць і шантаж у міжнародным маштабе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 ліпеня на нарадзе аб процідзеянні санкцыйным мерам.

«Як мы з вамі і дамаўляліся, сёння абмяркуем пытанні рэагавання на абмежавальныя меры калектыўнага Захаду ў адносінах да нашай краіны. Мы павінны выпрацаваць стратэгію, якая дасць магчымасць мінімізаваць іх эфект і прадоўжыць сваё развіццё. Я ўжо гаварыў: ніякіх размоў аб тым, што мы можам недзе недабраць, скараціць тэмпы, той прырост нашай эканомікі, які склаўся за першае паўгоддзе. Аб гэтым размовы быць не можа. Чаго б нам ні каштавала, мы павінны гэта вытрымаць. Ідзе вайна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тэма санкцый прадаўжае заставацца галоўнай інфападставай і для медыйных праектаў, і для прыняцця розных палітычных дэкларацый і прававых актаў.

«Хоць да прававой сістэмы гэтыя рашэнні ніякіх адносін не маюць. Па сутнасці, выкарыстанне абмежавальных мер у якасці інструмента націску на суверэнную дзяржаву — гэта беззаконнасць і шантаж у міжнародным маштабе. Шантаж, які, нагадаю, у дакументах ААН і іншых міжнародных арганізацый асуджаецца як недапушчальная мера», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

«Тое, што чарговы пакет санкцый у адносінах да Беларусі быў уведзены ў дзень 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, разуменню не можа паддавацца. Але тлумачыцца тым, што «дэмакратычнай» і выступаючай за вяршэнства закону Еўропе напляваць і на народ, які больш за ўсё пацярпеў ад варварскага і бесчалавечнага нашэсця ў свой час еўрапейскага фашызму, і на захаванне хоць нейкіх правіл прыстойнасці. Усё зразумела: яны пачалі новы паход на Усход, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Не трэба шмат доказаў для гэтага. Санкцыі ўведзены не толькі супраць нас, але і яшчэ больш маштабныя, больш адчувальныя санкцыі — супраць Расійскай Федэрацыі».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гісторыя з пасадкай у Мінску самалёта кампаніі Ryanair толькі фармальная прычына для санкцый. «Толькі лянівы ўжо не робіць такі вывад», — дадаў Прэзідэнт.

Беларусь не стане разменнай манетай і будзе ўсімі спосабамі адстойваць свой суверэнітэт — Лукашэнка

«Тыя, хто выбраў Беларусь у якасці геапалітычнай мішэні, забылі, што маюць справу з народам, які шмат чаго перажыў, але ніколі не стаяў на каленях і не прасіў літасці. І мы стаяць на каленях не будзем, ды і прычын для гэтага і нават зачэпкі няма. Наш народ заўсёды змагаўся за праўду і справядлівасць. Мы не станем разменнай манетай і будзем усімі магчымымі спосабамі адстойваць свой суверэнітэт», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што менавіта такімі прынцыпамі ў рабоце павінны кіравацца ўсе ўдзельнікі нарады.

Лукашэнка аб процідзеянні санкцыйным мерам: галоўнае — каб не пацярпеў беларускі народ

«Для нас галоўнае — зрабіць так, каб не пацярпеў беларускі народ, — падкрэсліў беларускі лідар. — Задача ўрада — прадугледзець дзейсныя меры для кампенсацыі страт і захавання рабочых месцаў». Прэзідэнт запатрабаваў далажыць аб тым, як будуць абаронены айчынныя прадпрыемствы, за кошт чаго забяспечана імпартазамяшчэнне і як будзе прастымуляваны ўнутраны попыт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што продажы на еўрапейскі рынак айчыннай прадукцыі ніколі не былі вялікімі, асабліва ў тых прадпрыемстваў, супраць якіх уведзены санкцыі: БелАЗ, МАЗ і гэтак далей. «Мы закуплялі там некаторыя камплектуючыя. Толькі ў Еўрапейскім саюзе вырабляюць гэтыя камплектуючыя? Не. Яны вырабляюцца і на прасторах былога Савецкага Саюза, у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, іншых краінах. Трэба проста варушыцца і пераарыентавацца», — лічыць Прэзідэнт.

Што датычыцца асобных еўрапейскіх вытворцаў, якія пастаўляюць сваю прадукцыю на беларускі рынак, то Прэзідэнт нагадаў пра ўжо існуючы вопыт абмежавання продажаў асобных кампаній у нашай краіне.

«Мы ведаем, хто ў ЗША, Германіі і іншых, асабліва еўрапейскіх, краінах выступіў супраць паставак камплектуючых і асноўных вузлоў для нашых прадпрыемстваў. Мы іх ведаем. У нас ёсць вопыт. Помніце, «Шкода», «Нівея» і гэтак далей? Мы ім сказалі: дзякуй, да пабачэння. Першае: на беларускі рынак — ні кроку, другое: праз Беларусь — таксама ні кроку, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэтак жа трэба рабіць і з немцамі. Няхай цераз Фінляндыю ў Кітай і Расію пастаўляюць сваю прадукцыю. Або цераз Украіну (там добрыя дарогі) няхай едуць і пастаўляюць туды».

«Інакш кажучы, трэба прыняць усе меры, каб яны адчулі, што такое Беларусь. І, перш, чым брацца за эканамічную зброю, думалі», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Ураду і Нацыянальнаму банку неабходна ўважліва паглядзець на заходнія кампаніі, якія вядуць свой бізнес у нашай краіне. Тыя з іх, хто адказна ставіцца, разумее нас — калі ласка, будзем з вамі супрацоўнічаць. Але калі нехта нас не разумее і разгарнуў барацьбу супраць беларускай дзяржавы, вы ведаеце, як да іх адносіцца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Беларусь хочуць ператварыць у адстойнік» — Лукашэнка выказаўся аб барацьбе з нелегальнай міграцыяй на граніцы

Беларусь займалася і прадоўжыць займацца асноўнымі выклікамі на граніцы, але будзе гэта рабіць так, як ёй выгадна. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь заўсёды адказна ставілася да выканання сваіх абавязацельстваў у галіне ядзернага нераспаўсюджвання, барацьбы з нелегальнай міграцыяй, кантрабандай, міжнароднай арганізаванай злачыннасцю.

«Сёння мы гэтым займаемся, але роўна настолькі, наколькі гэта неабходна, выгадна нашай краіне і фінансава магчыма», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Вы паглядзіце, нашы суседзі ўзвылі (перш за ўсё Літва і іншыя там): ах, беларусы, ах, ледзь ці не Лукашэнка на плячах носіць мігрантаў на тэрыторыю Літвы. А ўчора або пазаўчора заявілі аб тым, што скароцяць рэгістрацыю тых, хто прыбывае з Беларусі (размова аб скарачэнні тэрмінаў разгляду прашэнняў аб прадастаўленні прыстанішча. — Заўвага БЕЛТА). Каму гэта сігнал? Калі вы заяўляеце на ўвесь свет, што вы яшчэ хутчэй будзеце рэгістраваць тых, хто бяжыць цераз Беларусь, яны і будуць бегчы. Вы яшчэ больш адкрываеце акно для гэтых мігрантаў», — звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт заявіў, што Беларусь займалася і прадоўжыць займацца асноўнымі выклікамі на граніцы. «Але калі нехта думае, што мы цяпер закрыем граніцу з Польшчай, Літвой, Латвіяй і Украінай і ператворымся ў адстойнік збеглых з Афганістана, Ірана, Ірака, Лівіі, Сірыі, Туніса, то ён проста памыляецца як мінімум. Мы ніколі не будзем  нікога трымаць: яны ж не да нас ідуць. Яны ідуць у прагрэсіўную, цёплую, утульную Еўропу, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Еўропа (там не хапае рабочых рук) паклікала гэтых людзей, з аднаго боку. А па-другое, яны ж разбурылі гэтыя краіны. Яны фактычна знішчылі Афганістан і вывелі адтуль войскі. Вы ж бачыце, што там адбываецца: цяпер ужо нашы цэнтральна-азіяцкія рэспублікі былога Савецкага Саюза ледзь стрымліваюць гэты паток. Гэта значыць з’явіліся бежанцы».

«МЗС і наш урад папракаюць у тым, што мы адмаўляемся выконваць палажэнні нашага дагавора аб рэадмісіі. Яны хочуць ператварыць Беларусь у адстойнік: туды забеглі людзі, ратуючыся ад гора, няшчасця і вайны, і яны хочуць, каб мы іх забіралі і тут размяшчалі ў «канцлагеры». Гэтага не будзе пасля той палітыкі, якую вы праводзіце ў адносінах да Беларусі і Расіі. Людзі бягуць ад вайны і бягуць туды, куды іх запрасілі. Еўрапейскі саюз жа і льготы ўвёў адпаведныя для тых, хто туды прыбывае», — дадаў Прэзідэнт.

Лукашэнка назваў еўрапейскія санкцыі карнай аперацыяй на сучасны манер

Прэзідэнт падкрэсліў, што пытанне зусім не ў пасадцы борта Ryanair у Мінску або неадпаведнасці беларускай дзяржаўнай сістэмы заходнім узорам. «Бачыце, тут «дыктатура». Усе гэтыя «перамены» задумваліся з адной мэтай: расчысціць поле для свайго бізнесу. Такое мы ўжо назіралі ў нашых паўднёвых суседзяў — украінцаў. Знішчылі ва Украіне ўсю вытворчасць, нават сельскагаспадарчую. Там жа «залатыя» землі ва Украіне — усё зраўнялі з гэтай зямлёй, знішчылі. Тое ж хочуць і ў нас. Ім не патрэбна канкурэнцыя. Гэта адна з прычын накату на Беларусь. І ўсе ведаюць, што за санкцыямі стаяць канкрэтныя карпарацыі, якія фінансуюць палітычныя інтарэсы шэрага заходніх дзеячаў, многія з гэтых карпарацый маюць крымінальнае мінулае, як і гэтыя палітычныя дзеячы», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, сёння заходнія палітыкі з высокіх еўрапейскіх трыбун заклікаюць пакончыць з уладай і народам Беларусі, а з краіны зрабіць сыравінны прыдатак Еўропы.

«Але яны не гавораць, што фактычна санкцыі ж не супраць беларускай улады, а супраць народа, у першую чаргу рабочых людзей. Мэта — пазбавіць іх даходаў, выкінуць на вуліцу. Фактычна гэта карная аперацыя на сучасны манер», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка запатрабаваў актыўней рэагаваць на дзеянні краін, якія заклікаюць «даціскаць» Беларусь

«Разлічваю пачуць прапановы Міністэрства замежных спраў аб тым, як будзем выбудоўваць адносіны з краінамі, якія сёння з усіх сіл носяцца з заклікамі «даціскаць» Беларусь. МЗС трэба больш актыўна рэагаваць на любыя недружалюбныя праяўленні ў адносінах да Беларусі. Якія меры ў адказ плануюцца ў выпадку далейшага закручвання санкцыйнай спіралі? Давайце падумаем», — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся работай дыпламатаў у міжнародных арганізацыях па процідзеянні санкцыйнаму націску, а таксама ў міжнародных судовых інстанцыях. «Шчыра кажучы, складваецца ўражанне, што нашы дыпламаты сядзяць там у норах і баяцца высунуць свой нос, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Я ўжо гаварыў, мноства міжнародных судоў. Чаму мы не звяртаемся ў гэтыя суды, а калі звяртаемся, чаму наша грамадства гэтага не ведае?»

«Мы не былі зацікаўлены ў такім развіцці дыпламатычных адносін з дзяржавамі заходняга рэгіёна. І не нам паварочваць гэту гісторыю назад. Але жыццё на гэтым не заканчваецца. На шчасце, сучасны свет значна шырэйшы, чым межы Еўрапейскага саюза, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — У нас не такая вялікая эканоміка, каб перажываць наконт гэтых санкцый. Мы можам прадаць лішкі, якія ў нас ёсць, у астатняй частцы свету».

Ён звярнуў увагу на наяўнасць значных рэзерваў у гандлі з Расіяй, вялікі патэнцыял у Азіі, перш за ўсё ў Кітаі, В’етнаме, Індыі і Пакістане, а таксама ў Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, краінах Персідскага заліва і на Блізкім Усходзе.

«Гэта эканомікі, якія дынамічна растуць, плацежаздольныя рынкі, якія складаюць рэальную канкурэнцыю сённяшнім звышдзяржавам і не прад’яўляюць нам прэтэнзій, не вучаць жыць. Трэба актыўней ісці туды, дзе нас чакаюць і гатовы весці паважлівы дыялог», — перакананы беларускі лідар.

 

image_pdfСоздать PDFimage_printВерсия для печати

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here