Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай АЭС наведаў пацярпелыя ад аварыі раёны.

У Нараўлянскім раёне кіраўнік дзяржавы наведаў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

У Брагіне Прэзідэнт прыняў удзел у цырымоніі закладкі Алеі Памяці і ўстаноўцы памятнага знака ў памяць 35-годдзя аварыі на ЧАЭС. Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у мітынгу-рэквіеме каля помніка ўраджэнцу Брагінскага раёна Васілю Ігнаценку. Прэзідэнт таксама сабраў у Брагіне нараду па адраджэнні чарнобыльскіх зямель на поўдні Беларусі.

«Мы бачым, што тут можна жыць і працаваць» — Лукашэнка даручыў зрабіць чарговы крок у развіцці чарнобыльскіх раёнаў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў зрабіць чарговы крок у развіцці пацярпелых чарнобыльскіх раёнаў. Аб гэтым ён заявіў у час наведвання Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

«Патрэбна новая канкрэтная праграма з пунктамі — дзе будуць жыць людзі і чым яны будуць займацца. За лета ўрад са спецыялістамі падрыхтуе канкрэтную праграму з адказамі на пытанне, што мы будзем рабіць у запаведніку», — сказаў Прэзідэнт.

«Я кожны год таптаў гэтыя землі і пераканаўся, што рашэнне правільнае. Жыць і працаваць тут можна. Гэта ўжо не стратэгія. Стратэгія зразумелая. І мы павінны рэалізаваць яе праз канкрэтныя праграмы і інвестыцыі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што першай яго задачай 20 з нечым гадоў таму было зрабіць так, каб знік страх адносна тэмы Чарнобыля: «Недзе запалохалі — аб’ектыўна, суб’ектыўна. Сітуацыя была няпростая. Трэба было супакоіць людзей, разабрацца самім. Трэба было псіхалагічна пераадолець гэты страх».

У Гомелі была створана навуковая і медыцынская база па вывучэнні адпаведных праблем, а цяпер айчынныя напрацоўкі запатрабаваны і ў іншых краінах, у прыватнасці ў Японіі.

Далей на працягу многіх гадоў вялася далейшая работа па адраджэнні і рэабілітацыі чарнобыльскіх тэрыторый. «Мы зрабілі шэраг крокаў і прадэманстравалі людзям, што тут трэба і можна жыць, — сказаў Прэзідэнт. — Мы пераадолелі псіхалагічна гэты бар’ер. Потым пачалі пакрыху даследаваць зямлі. І мы бачым, што іх трэба ў абарот запускаць».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што была крытыка наконт гэтага, але час паказаў правільнасць выбранага шляху.

«За лета мы створым праграму і будзем бачыць, што патрэбна ў Нароўлі, што ў Брагіне, што ў Хойніках. Гэта тры асноўныя раёны. Ветку мы больш-менш падцягнулі. І будзем бачыць, што нам трэба яшчэ зрабіць на поўдні Беларусі. Яшчэ дзе-небудзь нешта пабудуем у іншых раёнах, якія не так забруджаны, як гэтыя тры», — сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што гэта будзе трэці буйны крок у асваенні гэтых тэрыторый. «Ну не можам мы поўдзень Беларусі аддаць прыродзе. Мы павінны ад гэтай прыроды нешта атрымаць. Акуратна, не перагінаючы. Галоўнае, вядома, бяспека, каб людзі адчувалі сябе ў бяспецы, не баяліся. Мы на практыцы пераканаліся, што зрабілі правільна, што не кінулі гэтыя землі», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка даў дадатковыя даручэнні па добраўпарадкаванні Брагіна і падобных да яго гарадкоў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў дадатковыя даручэнні па добраўпарадкаванні і развіцці Брагіна і падобных да яго гарадкоў.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць дакладнага вызначэння зямельных участкаў, якія могуць быць запатрабаваны пад прыватнае жыллёвае будаўніцтва, добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол іх.

Аналагічна ён прапанаваў дзейнічаць і адносна іншых такіх гарадскіх пасёлкаў і невялікіх гарадоў на поўдні Беларусі, займаючыся добраўпарадкаваннем і ствараючы ўмовы для жыцця людзей.

Яшчэ адзін акцэнт — максімальна шырокае задзейнічанне мясцовай сыравіны і відаў паліва, выкарыстанне электраэнергіі.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб добраўпарадкаванні Брагіна. Гэтыя работы праводзіліся ў 2018 годзе ў рамках выканання даручэння Прэзідэнта аб неабходнасці на працягу пяці гадоў забяспечваць добраўпарадкаванне не менш як двух пасёлкаў гарадскога тыпу ў кожнай вобласці з улікам мясцовых асаблівасцей, па прыкладзе гарадскога пасёлка Копысь Аршанскага раёна.

У прыватнасці, атрымала развіццё сацыяльная, спартыўная інфраструктура, добраўпарадкаваны парк. «Гэта значыць цэнтр пасёлка ідэальны», — зрабіў вывад Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым ён звярнуў увагу, што Брагін у адрозненне ад Копыся ўсё ж такі цэнтр раёна. «Узровень вышэйшы, чым Копысь. Але тым не менш элементы копыскага добраўпарадкавання павінны быць тут задзейнічаны. Там мы свабодныя зямельныя плошчы агародзілі па 20-10-8 сотак. Чалавек прыходзіць: вось, калі ласка, купляй, будуй сабе дом. Трэба і тут так зрабіць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта далей перспектыва развіцця Брагіна і іншых маленькіх (гарадкоў. — Заўвага БЕЛТА)».

«У гэтым плане гэта такі добры вопыт прывядзення ў парадак не толькі пасёлкаў, але і раённых цэнтраў. А можа, недзе яшчэ — у аграгарадках, больш буйных гарадах такім чынам весці забудову. На гэта трэба звярнуць увагу», — дадаў беларускі лідар.

Ён упэўнены, што калі грунтоўна падысці да гэтага пытання — стварыць пад’язныя шляхі, інфраструктуру, — то такія ўчасткі будуць запатрабаваны.

«У Брагіне гэта адназначна трэба рабіць. Для такога пасёлка, як Брагін, ідэальна: цэнтр ёсць, куды людзі могуць прыйсці, заняцца спортам. Домікі акуратныя, прыведзены ў парадак. Трэба падтрымаць вось гэтыя нашы 5-6 паўднёвых раёнаў — гэта падбрушша беларускае. Нельга кідаць гэтыя землі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Як гэтыя землі абараняць, калі тут людзей не будзе. Трэба добраўпарадкоўваць такія пасёлкі, раённыя цэнтры і аграгарадкі».

Кіраўнік дзяржавы таксама паразмаўляў з прадстаўнікамі моладзі. Была ўзнята тэма развіцця і падтрымкі аматарскага спорту ў невялікіх гарадах і населеных пунктах, падобных да Брагіна. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць гэтага напрамку, назваўшы адной з асноў ідэалагічнай работы.

«Яны свядома ахвяравалі сабой у імя жыцця іншых» — Лукашэнка ўшанаваў памяць ліквідатараў аварыі на ЧАЭС

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у мітынгу-рэквіеме ў сувязі з 35-годдзем аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, які адбыўся ў Брагіне.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што чарнобыльская аварыя прызнана самай маштабнай тэхнагеннай катастрофай у гісторыі чалавецтва. Яе наступствы закранулі больш як два дзясяткі краін, але асноўны ўдар прыпаў на Беларусь.

«І сёння, праз 35 гадоў з дня трагедыі, мы сабраліся тут, прыкладна за 46 кіламетраў ад ачага ўзрыву, каб ушанаваць памяць герояў, якія выратавалі ад яшчэ большай трагедыі гэты Еўрапейскі рэгіён», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У ліку такіх герояў беларускі лідар назваў ураджэнца Брагінскага раёна Васіля Іванавіча Ігнаценку. «Ён увайшоў у гісторыю як камандзір, які паказаў асабісты прыклад мужнасці і смеласці пры выкананні складанай баявой задачы, як моцны духам чалавек, які, нягледзячы на атрыманыя апёкі, ратаваў і сваіх таварышаў», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Дзякуючы зладжаным дзеянням атрада Ігнаценкі пажар на даху працуючага 4-га энергаблока атамнай станцыі быў цалкам ліквідаваны. Камандзіру атрада пасмяротна было прысвоена званне Героя Украіны.

«Успамінаючы Васіля Ігнаценку, мы аддаём даніну памяці подзвігу пажарных, ваенных, медыкаў, навуковых і тэхнічных супрацоўнікаў станцыі. Тых, хто цаной сваго жыцця змагаўся з агнём, аказваў першую дапамогу на месцы аварыі і ўзводзіў ахоўны саркафаг», — заявіў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што сярод ліквідатараў аварыі на ЧАЭС — 115 тыс. беларусаў, хоць не беларусы будавалі гэту станцыю, не яны яе эксплуатавалі і не па іх віне здарылася катастрофа, але менавіта яны прынялі на сябе асноўны ўдар.

«Подзвіг герояў-чарнобыльцаў уразіў свет. І справа нават не ў тым, што гэтыя людзі працавалі на мяжы сваіх магчымасцей і зрабілі ўсё, каб мінімізаваць пагрозу, а ў тым, што яны свядома ахвяравалі сабой у імя жыцця іншых, гэтак жа як Васіль (Ігнаценка. — Заўвага БЕЛТА), — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Яны ведалі, што давядзецца працаваць ва ўмовах смяротнага ўздзеяння радыяцыі, што вялікая рызыка чарговага ўзрыву, і тым не менш ішлі на аб’ект і выконвалі свой абавязак. Без сумненняў і страху, у адным страі, падстаўляючы адзін аднаму плячо, так, як заўсёды гэта рабілі савецкія людзі».

«Калі б не мужнасць, вернасць абавязку і самаадданасць гэтых людзей, маштабы гэтай трагедыі — чарнобыльскай аварыі — былі б значна большыя. Подзвіг герояў, якія аддалі жыццё за бяспечную будучыню людзей Зямлі, мы ніколі не павінны забыць. Светлая памяць героям», — сказаў беларускі лідар.

У час мітынгу-рэквіема адбылася мінута маўчання ў памяць аб подзвігу герояў-ліквідатараў Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, былі ўскладзены кветкі да бюста Васіля Ігнаценкі ў цэнтры Брагіна.

Лукашэнка: чарнобыльскі ўдар з’яднаў беларусаў у імкненні захаваць пацярпелыя рэгіёны

«Чарнобыльская аварыя змяніла лёсы мільёнаў. Для беларускага народа яна стала нацыянальным экалагічным, эканамічным і сацыяльным бедствам», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, больш як трэць усіх радыеактыўных выпаданняў занялі амаль чацвёртую частку тэрыторыі Беларусі — гэта каля чвэрці ляснога фонду, больш за сто радовішчаў сыравіны і мінералаў, 265 тыс. га ўрадлівых зямель і 340 прамысловых прадпрыемстваў. Сумарны ўрон склаў амаль 33 бюджэты рэспублікі 1985 года. Маштаб наступстваў для здароўя людзей, як гавораць урачы, толькі яшчэ давядзецца вызначыць, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«У наша жыццё прыйшло страшнае паняцце «зона адчужэння». Мы ў адзін момант даведаліся, што на гэтай зямлі нельга было сеяць і збіраць ураджай, нельга было прыносіць дамоў дары лясоў, таму што яны таілі небяспеку, у рэках нельга было купацца і лавіць рыбу, у вёсцы тады было небяспечна жыць. У мірны час мы даведаліся, што такое боль страты роднай зямлі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Амаль у паўтысячы населеных пунктаў спынілася жыццё, больш як 300 тыс. чалавек страцілі свае дамы, дадаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ў свой час з-за мяжы раілі Беларусі закрыць на замок тую частку краіны, якая пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

«Але чарнобыльскі ўдар, наадварот, з’яднаў беларусаў у імкненні захаваць гэты край, зрабіў нас мацнейшымі. Мы ўспомнілі ўрок, завешчаны нашымі бацькамі і дзядамі: ніколі не здавацца і не станавіцца на калені! — заявіў беларускі лідар. — Таму кожную вясну ў гэтыя памятныя дні я заўсёды тут».

«Чарнобыльская катастрофа прайшлася катком па маім лёсе, як і па многіх лёсах прысутных тут людзей (якія сабраліся на мітынг-рэквіем. — Заўвага БЕЛТА). Тады вы думалі аб сабе, сваім лёсе, будучыні, а мне давялося думаць не толькі аб вас — аб краіне, аб велізарнай тэрыторыі. І самае цяжкае для мяне было тады — прыняць рашэнне, што мы адсюль не пойдзем. Я рабіў усё як чалавек і Прэзідэнт, каб пераканаць вас, што нельга аддаць гэты цудоўны край», — прадоўжыў беларускі лідар.

Ён упэўнены, што мінулы час даказаў правільнасць прынятага тады рашэння: «Мы правільна вырашылі не аддаць гэтыя землі. І я рады сустракацца сёння з тымі людзьмі, з якімі я бачыўся чвэрць стагоддзя таму (тады яны былі маладыя, цяпер некаторым ужо за 80), і я шчаслівы, што яны жывыя. Гэта як сімвал, як прыклад (правільнасці. — Заўвага БЕЛТА) таго рашэння — вашага і Прэзідэнта».

«Мы будзем рабіць усё для таго, каб населеныя пункты (не толькі раённыя цэнтры, але і пасёлкі, аграгарадкі) былі ў такім вось добрым стане», — запэўніў кіраўнік дзяржавы, прывёўшы ў якасці прыкладу Брагін. Цяпер, паводле яго слоў, трэба развівацца далей. «Тут будуць жыць людзі, і будуць жыць добра. Мы для гэтага зробім максімум», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Нават у 90-я гады мы знаходзілі грошы на дапамогу пацярпелым людзям, на аздараўленне і будаўніцтва новых дамоў для адсялення, на навуковыя даследаванні і ўзвядзенне спецыялізаваных медыцынскіх цэнтраў, на аднаўленне забруджаных раёнаў», — прадоўжыў ён.

У Беларусі ўжо выкананы 5 дзяржаўных чарнобыльскіх праграм. «Паляпшаючы лугавыя землі, прыводзячы ў парадак населеныя пункты, ствараючы сучасную інфраструктуру, мы вярталі да жыцця гектар за гектарам. Сёння мы бачым, што колькасць населеных пунктаў з перавышэннем дапушчальных узроўняў радыяцыйных проб зніжаецца. Але галоўнае, мы атрымліваем сельскагаспадарчую прадукцыю, якую можна ўжываць у ежу. Тут жывуць людзі, ствараюцца сем’і, нараджаюцца дзеці», — сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў вялікія дасягненні па адраджэнні беларускага Палесся, але разам з тым звярнуў увагу, што наперадзе яшчэ шмат работы. У прыватнасці, размова ідзе аб распрацоўцы новай праграмы з акцэнтам на стварэнні прадпрыемстваў і рабочых месцаў у пацярпелых рэгіёнах. Найбольш перспектыўнымі з гэтага пункту гледжання Прэзідэнт лічыць аграпрамысловы комплекс, лясную галіну. «Час выбраў нас — зрабіць усё, каб адрадзіць гэтыя землі. І вы ведаеце, што развіццё рэгіёна, стварэнне ўмоў для жыцця і работы людзей увесь гэты час у мяне на кантролі, і так будзе заўсёды», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Я цвёрда ведаю, што разам мы гэтыя задачы зможам вырашыць. Мы зробім усё, каб у бліжэйшай будучыні след тэхнагеннай катастрофы застаўся толькі ў гістарычных хроніках і памяці аб героях-ліквідатарах», — заявіў беларускі лідар.

Лукашэнка: мы павінны зрабіць усё, каб адрадзіць пацярпелыя ад ЧАЭС рэгіёны і ўдыхнуць у іх жыццё

Неабходна зрабіць усё, каб адрадзіць пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС рэгіёны і ўдыхнуць у іх жыццё. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на мітынгу-рэквіеме ў сувязі з 35-годдзем аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на працягу бліжэйшых пяці гадоў трэба, вытрымаўшы ўсе нападкі і націск, з якімі сутыкаецца Беларусь, сфарміраваць праграму развіцця пацярпелых рэгіёнаў, адрадзіць гэтыя землі.

«Наша пакаленне і наступнае за мной пакаленне нашых дзяцей разумеюць, што такое Вялікая Айчынная вайна, хоць і не ваявалі. Мы гэта добра ведаем. Нашы дзеці ведаюць. А вы ўпэўнены, што дзеці нашых дзяцей будуць гэтак жа востра адчуваць гэтыя праблемы? Як паказалі апошнія падзеі канца мінулага года — не ўсе, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Таму калі мы чарнобыльскую праблему не вырашым на працягу 5 гадоў, не вызначымся, што будзем рабіць у будучым, асабліва ў гэтыя 5 гадоў на гэтых землях, ніхто не вырашыць. Боль адыдзе. З нашых лёсаў пойдзе Чарнобыль. Ці застанецца ў жыцці, сэрцах і лёсах нашых дзяцей і ўнукаў гэты боль, сказаць цяжка. Таму, чаго б нам ні каштавала, мы павінны зрабіць усё, каб, адрадзіўшы землі, удыхнуць у іх сапраўднае жыццё».

Менавіта для гэтага Прэзідэнт наведвае пацярпелыя рэгіёны і знаёміцца з сітуацыяй у іх, аблятаючы тэрыторыю на верталёце. «Калі паднімаешся над гэтымі рэгіёнамі, да слёз балюча, што гэтыя землі маглі б застацца недагледжанымі, што яны маглі б знікнуць», — прызнаўся кіраўнік дзяржавы.

Асаблівую ўдзячнасць ён выказаў тым людзям, хто вырашыў прадаўжаць жыць у пацярпелых рэгіёнах. «За гэта ад імя беларускага народа прыміце самыя добрыя мае пажаданні і глыбокую ўдзячнасць за вашу мужнасць. Вы не разумееце, які подзвіг вы здзяйсняеце, пражываючы тут, адраджаючы землі і гадуючы дзетак. Нізкі вам паклон. Вялікая вам удзячнасць. І мы зробім усё, каб гэты край адрадзіць», — заявіў беларускі лідар.

Ён таксама заклікаў беражліва захоўваць памяць аб ліквідатарах аварыі на ЧАЭС: «Не забывайце іх. Гэта героі, якія ведалі, што яны памруць у мірны час. Вы ўяўляеце, што такое паміраць у мірны час? Закрываць сэрцамі і жыццямі нечыя касякі (не наша гэта была трагедыя). Яны ішлі і паміралі. Яны заслугоўваюць таго, каб мы не проста аб іх памяталі, а прыходзілі сюды і прыводзілі сваіх дзяцей, каб яны разумелі, што такое жыццё, і цанілі яго».

Лукашэнка сабраў у Брагіне нараду па адраджэнні чарнобыльскіх зямель на поўдні Беларусі

Для ўдзелу ў нарадзе былі запрошаны кіраўнікі раёнаў, землі якіх знаходзяцца ў межах гэтых тэрыторый.

Размова ў першую чаргу — аб эфектыўным выкарыстанні і ўключэнні ў абарот зямель Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і вакол яго, аб чым Прэзідэнт пачаў размову яшчэ 24 красавіка ў Нараўлянскім раёне. «Асноўная прычына: мы павінны выпрацаваць, я яе так разумею, завяршальную, канчатковую праграму адраджэння гэтых зямель. Як мы яе часта называлі, ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Канчаткова. Чаму цяпер наспела такая неабходнасць і нават магчымасць? Таму што мы пражылі 35 гадоў пасля чарнобыльскай катастрофы і на практыцы зразумелі, якім шляхам нам трэба не тое што ісці, а аднаўляць жыццё», — сказаў Прэзідэнт, тлумачачы прычыну правядзення нарады.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час, усяго праз некалькі гадоў пасля катастрофы, многія на гэтым спрабавалі рабіць палітыку, мусіруючы тэму. Больш таго, многія рашэнні прымаліся «наўдачу». «І нам хапіла розуму тады пакрыху, крок за крокам (заняцца адраджэннем і развіццём пацярпелых зямель. — Заўвага БЕЛТА). Мы людзей падтрымлівалі. Рабілі ўсё для таго, каб разабрацца, што адбываецца, выратаваць людзей і выратаваць гэтыя землі. Мінула 35 гадоў, мы бачым, што дрэнна, ад чаго трэба адыходзіць і што трэба рабіць, каб вырашыць галоўную задачу. А галоўная задача для нас — адрадзіць гэтыя землі. Гэта галоўнае», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Гэта праграма павінна быць праграмай адраджэння зямель, мэтай якой павінна быць аднаўленне таго ўзроўню, як было да Чарнобыля. З некаторымі асаблівасцямі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, не варта імкнуцца аднавіць невялікія вёскі, і гэта не трэба рабіць: «Нам трэба вызначыцца, як мы гаварылі ў Нароўлі, дзе будуць жыць людзі. А гэта раённыя цэнтры (яны ёсць) і аграгарадкі, якія ў прынцыпе існуюць. Трэба сканцэнтравацца на гэтых аграгарадках».

Адна з перспектыўных сфер для развіцця гэтых тэрыторый — лесанарыхтоўка і дрэваапрацоўка. «Але першачарговым чынам нам трэба высадзіць лес на свабодных плошчах, а іх нямала. Шмат такіх участкаў», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Зразумела, будуць удзяляць увагу і сельскай гаспадарцы, якая займае значнае месца ў эканоміцы гэтых раёнаў.

«Поўдзень нашай краіны — мы павінны падумаць, што будзем рабіць. Аж да таго, што, як мы некалі планавалі, з Жыткавіч чыгунку кінуць да Ельска, закальцаваць. Цяпер палічым, калі яна хаця б за 10-12 гадоў акупіцца, гэта трэба рабіць, каб уключыць гэты рэгіён. Ну і іншыя дарогі трэба падцягваць. Словам, трэба аднаўляць раён, вызначыцца, дзе будуць жыць людзі. Мы павінны разумець, якія прадпрыемствы там пабудаваць, якія будуць рабочыя месцы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Стаіць задача выпрацаваць адпаведную праграму да верасня.

Кіраўнік дзяржавы ў Брагіне пасля ўдзелу ў мітынгу-рэквіеме ў сувязі з 35-й гадавінай катастрофы на ЧАЭС цёпла пагутарыў з мясцовымі жыхарамі, заклікаўшы іх таксама прымаць актыўны ўдзел у адраджэнні і развіцці сваіх зямель. Ён закрануў тэму пандэміі, расказаў аб ходзе вакцынацыі насельніцтва, распрацоўцы айчыннай вакцыны, запэўніўшы, што робіцца ўсё неабходнае для таго, каб абараніць людзей.

Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з людзьмі выказаўся і па грамадска-палітычнай тэматыцы, заклікаўшы заўсёды мірна і спакойна абмяркоўваць тыя ці іншыя праблемныя пытанні. «Сабраліся, абмеркавалі, пагаварылі без бойкі. Таму што некаму гэта бойка патрэбна. Некаму патрэбны хаос (вы ведаеце, каму) на гэтай зямлі, — сказаў ён. — Жывіце мірна. Яшчэ раз кажу: вы не пашкадуеце, што засталіся тут».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як у першыя гады яго прэзідэнцтва размова ішла аб стварэнні Палескай народнай рэспублікі, гэта значыць аб раз’яднанні на частцы Беларусі. І калі б гэта ўдалося, то ні аб якім аднаўленні чарнобыльскіх зямель размовы не ішло б. «Нам удалося захаваць гэтыя землі толькі дзякуючы таму, што мы з усёй краіны збіралі гэтыя грошы і накіроўвалі іх сюды», — адзначыў Прэзідэнт.

«Цяпер зноў хочуць папалам падзяліць Беларусь. Не атрымаецца! І нават без мяне не атрымаецца. Усё, мы ўжо зразумелі, што ў нас ёсць свая зямля і свая краіна, і мы нікому яе не аддадзім», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка падпіша дэкрэт аб пераходзе Савету бяспекі прэзідэнцкіх паўнамоцтваў у выпадку «калі раптам»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка плануе падпісаць дэкрэт аб пераходзе Савету бяспекі прэзідэнцкіх паўнамоцтваў у выпадку, калі ў краіне ўзнікне такая неабходнасць. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у час наведвання Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

Як паведамлялася, тыдзень таму, у час рэспубліканскага суботніка, Аляксандр Лукашэнка анансаваў падпісанне важнага дэкрэта. Паводле яго слоў, гэты дакумент павінен стаць адным з важнейшых рашэнняў за гады яго прэзідэнцтва. Падрабязней кіраўнік дзяржавы расказваць не стаў, і «эксперты» пачалі фантазіраваць: «Лукашэнка здасць Беларусь Расіі», «У Беларусі размесцяць расійскую ваенную базу»…

Размаўляючы з журналістамі ў час наведвання Нараўлянскага раёна, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што анансуемыя ім рашэнні будуць датычыцца выключна ўнутранай сітуацыі ў краіне і адкажуць на пытанне: што калі апанентам улады ўдасца замах на жыццё Прэзідэнта?

«Скажыце, калі заўтра няма Прэзідэнта, вы гарантуеце, што ўсё будзе нармальна? Не. Таму на гэты выпадак я падпішу ў бліжэйшыя дні дэкрэт, як будзе выбудавана ўлада ў Беларусі. Прэзідэнта застрэлілі — на заўтра Савет бяспекі будзе надзелены паўнамоцтвамі. Трэба ўводзіць надзвычайнае становішча імгненна, аж да ваеннага, калі нехта на граніцы варухнецца. І Савет бяспекі павінен прымаць рашэнне, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму я гаварыў, што падпішу гэты дэкрэт і вызначу, хто будзе кіраваць краінай «калі раптам».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такая неабходнасць наўрад ці настане, але страчваць пільнасць нельга. «Я павінен прадугледзець усё. Таму будзе падпісаны гэты дэкрэт. У нас будзе фактычна калектыўны Прэзідэнт у выглядзе Савета бяспекі. Так, старшыня будзе: калі няма Прэзідэнта, выконвае абавязкі прэм’ер. Ён будзе старшынстваваць, але ўсе рашэнні будуць прымацца тайным галасаваннем, каб не было націску. Калі будуць прэзідэнцкія выбары назначаны, уводзіць/не ўводзіць надзвычайнае становішча, як дзейнічаць і гэтак далей — вось грамадзянскія і ваенныя ў Савеце бяспекі вырашаць», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што рашэнне аб прыняцці такога дэкрэта было прынята ім даўно. «Калі гэта ўсё разгортвалася. А не тое што я хачу некаму нешта здаць або перадаць. Ніколі гэтага не будзе. Я гатовы на ўсё, але толькі каб захаваць маю і вашу краіну», — заявіў Прэзідэнт.

 

 

 

image_pdfСоздать PDFimage_printВерсия для печати

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here