Лукашэнка аб сваёй формуле ў партыйным будаўніцтве: не з левымі, не з правымі — з народам

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка сабраў нараду па пытаннях дзейнасці ў краіне палітычных партый.

Сярод удзельнікаў мерапрыемства — кіраўнікі парламента, Адміністрацыі Прэзідэнта, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі, міністр юстыцыі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на VI Усебеларускім народным сходзе было вырашана ў бліжэйшы час прыняць змяненні ў закон «Аб палітычных партыях» — прававую аснову, якую дзяржава закладвае ў працэсы партыйнага будаўніцтва.

«Я, як і большасць тут прысутных, належу да пакалення, выхаванага Камуністычнай партыяй, якая тады была стрыжнем нашага грамадства. Таму развал СССР і забарона кампартыі ў былых саюзных рэспубліках многімі былі ўспрыняты як здрадніцтва, — сказаў Прэзідэнт. — У выніку тых узрушэнняў на заранку нашай незалежнасці і будаўніцтва беларускай дзяржаўнасці мы ўсведамляем, што шарахацца з боку ў бок нельга. Я асабіста вывеў для сябе формулу, якой прытрымліваюся да гэтага часу: ні з левымі, ні з правымі — з народам. Мая пазіцыя ў пытаннях партыйнага будаўніцтва засталася нязменнай: не фарсіраваць нічога штучна, але і не тармазіць грамадска-палітычныя працэсы. Яны павінны выспяваць самі, знізу. Ніякіх праўладных партый, штучна створаных».

Аб запатрабаванні на палітычныя партыі

Кіраўнік дзяржавы адзначыў: нехта, магчыма, папракне, што многія гады дзяржава мэтанакіравана не стымулявала развіццё палітычных партый. «Але і запатрабавання на іх у грамадства не было. Яно і цяпер не адзначана. Як паказваюць розныя сацыялагічныя даследаванні, узровень даверу да існуючых партый блізкі да статыстычнай хібнасці. Я гэта адказна заяўляю, і апошнія маштабныя сацыялагічныя даследаванні аб гэтым сведчаць. Партыйнае пытанне бударажыць розумы толькі невялікай часткі палітызаванай публікі і ў буйных гарадах. Мы гэта бачым і абавязкова павінны ўлічваць», — заўважыў беларускі лідар.

У той жа час, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, работа дыялогавых пляцовак паказала, што беларусы гатовы шырэй і актыўней удзельнічаць у вырашэнні розных пытанняў. «Прычым не толькі мясцовага ўзроўню, хоць чалавека хвалюе перш за ўсё тое, што адбываецца ў яго доме, двары, квартале. Мы адчуваем гэта запатрабаванне. Цяпер трэба дасканала прадумаць механізм выбудоўвання розных сацыяльных груп у канструктыўны дыялог, задаўшы выразныя рамкі палітычных працэсаў», — сказаў Прэзідэнт.

Аб прынцыпе партыйнага будаўніцтва і грамадскім даверы

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што любыя крокі ў гэтым напрамку павінны прымацца па прынцыпе «не нашкодзь». «Трэба разумець: у беларускага грамадства практычна няма вопыту існавання ва ўмовах шматпартыйнасці», — адзначыў ён.

«Грамадскі давер і аўтарытэт палітычных партый не могуць узнікнуць раптам з ніадкуль. Гэта доўгачасовы працэс, які ў заходніх краінах развіваўся не адно стагоддзе, — заўважыў беларускі лідар. — Таму мы дамовіліся, што як у гэтым, так і ў іншых пытаннях дзяржаўнага будаўніцтва нам больш разумна ісці эвалюцыйным шляхам з улікам нашай спецыфікі і нацыянальных інтарэсаў».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гатовых рэцэптаў у гэтым пытанні няма. «Паглядзіце на апору заходняй дэмакратыі — партыйную палітычную сістэму. Мы бачым, як на месца партыйных ідэалогій прыходзяць танны папулізм і брудныя палітычныя тэхналогіі. Партыі проста часам уцёмную, а іншым разам несалідна, у парушэнне ўсіх норм і прынцыпаў выкарыстоўваюць у палітычнай барацьбе для дасягнення сваіх карыслівых інтарэсаў. Асобныя групы. Гэта мы бачым не толькі на Захадзе, але і ў постсавецкіх рэспубліках, якія пайшлі гэтым шляхам. І інтарэсы гэтых, часта алігархаў, дзякуй богу, няма іх у Беларусі, накіраваны не на карысць краіны, а на адкрытае маніпуляванне грамадскім меркаваннем», — прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў недапушчальнасць таго, каб такія спекуляцыі на партыйнай аснове садзейнічалі штучнаму падзелу беларускага грамадства і ўжо тым больш — страце дзяржаўнасці. «Партыйнае будаўніцтва не павінна, як гэта атрымалася ў некаторых нашых суседзяў, прывесці да з’яўлення кішэнных партый некалькіх алігархаў, якія развіваюць свае інтарэсы. Такога ў Беларусі быць не павінна, і я вельмі спадзяюся, што не будзе», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Таму, лічыць Аляксандр Лукашэнка, у пытаннях партыйнага будаўніцтва разам з забеспячэннем палітычнага прадстаўніцтва розных сацыяльных груп трэба перш за ўсё кіравацца пытаннямі бяспекі — кожнага чалавека, грамадства, дзяржавы.

Ключавым аспектам партыйнага будаўніцтва Прэзідэнт абазначыў адказнасць: «Прычым на ўсіх ступенях: партыя павінна быць падсправаздачна сваім членам, грамадству і дзяржаве, радавыя члены — партыі, інтарэсам людзей і краіны».

Аб кузні кадраў, безумоўным прыярытэце і фінансаванні

«Як Прэзідэнт я хацеў бы бачыць у палітычных партыях, калі гэта магчыма пры шматпартыйнасці, кузню кадраў. Каб адтуль з’яўляліся людзі новыя, здольныя ўзяць на сябе цяжар адказнасці за краіну, з дзяржаўным мысленнем людзі. І самае галоўнае, якой бы ні была розніца ў пунктах гледжання наконт шляху развіцця краіны, суверэнітэт Беларусі, абарона інтарэсаў народа для ўсіх адказных палітычных сіл павінны быць безумоўным прыярытэтам», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, толькі такая партыйная дзейнасць мае права прэтэндаваць на дзяржаўную падтрымку.

Асобна Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму фінансавання. «Як і ва ўсіх развітых дэмакратыях, у Беларусі палітычная дзейнасць катэгарычна не павінна фінансавацца з-за мяжы. І як некаторыя сённяшнія лідары партый думаюць, што іх дзяржава з бюджэту будзе фінансаваць, на гэта таксама разлічваць не трэба. У нас ёсць куды накіроўваць дзяржаўныя рэсурсы. Калі народ толькі даведаецца, што мы будзем фінансаваць з бюджэту палітычныя партыі, вы ведаеце, як да гэтага народ паставіцца. А што датычыцца замежнага фінансавання, у дзеючым заканадаўстве гэта ёсць. Але хачу яшчэ раз нагадаць, — сказаў ён. — Кожнаму, хто разлічвае на тое, што «замежжа нам дапаможа», дасць грошы на «сацыяльны ліфт», на бязбеднае жыццё, трэба раз і назаўсёды ўразумець: прыняў грант, грошы замежнага фонду, згадзіўся на аплату паездак, нейкіх іншых паслуг — адразу ж дэ-юрэ і дэ-факта страціў права займацца палітыкай, прэтэндаваць на дзяржаўныя і выбарныя пасады ў Беларусі. І трэба ўзмацніць, каб гэта фактычна прывяло да ліквідацыі такой партыі».

Прэзідэнт адзначыў, што закон, які рэгулюе дзейнасць палітычных партый, павінен забяспечваць вырашэнне ўсіх пытанняў, якія ўжо ўзніклі і якія могуць узнікнуць у будучым. «На Усебеларускім сходзе мы з вамі вызначылі дакладны алгарытм: прымаем закон аб партыях, затым максімум да канца года праводзім перарэгістрацыю ўсіх палітычных партый на падставе гэтага закона», — нагадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў далажыць, што ўжо зроблена, якія ёсць праблемы і што неабходна зрабіць для павышэння эфектыўнасці дзяржаўнага і грамадскага развіцця.

«Каб потым не куляцца і не шкадаваць» — Лукашэнка чакае ад распрацоўшчыкаў сур’ёзнага закона аб партыях

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць сур’ёзны і глыбока прапрацаваны закон, які рэгуляваў бы гэту сферу.

«Я проста хачу папярэдзіць вас, распрацоўшчыкаў і іншых: калі мы дапусцім хоць самую малую памылку пры фарміраванні партый, спасылаючыся нібыта не нейкі замежны вопыт, мы знішчым краіну, мы яе развалім», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што можа адбыцца, калі ў Беларусі цяпер з’явіцца мноства невялікіх партый, кожная з якіх будзе адстойваць выключна свае інтарэсы. «Таму ўсё трэба прадугледзець. А я бачу ў праекце некаторыя недапрацоўкі», — заявіў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што фарміраванне партыйнай сістэмы — гэта вельмі сур’ёзнае пытанне, якое нельга недаацэньваць. «Мы думаем: а, партыя — мы яе зарэгіструем, і няхай яна будзе. Ды не, так не будзе! Увесь час будзе сутыкненне інтарэсаў. Няхай сабе тут у жніўні і ў іншыя месяцы хадзілі, вы помніце, па Мінску ў асноўным. Але гэта адна куча была, прабачце мне, пратэстуноў. Процістаяла ім іншая сіла на чале з уладай. А калі вываляць розныя і будуць кожны дзень хадзіць?» — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Таму гэта вельмі сур’ёзнае пытанне. Скажу сваё меркаванне: мы да гэтага не гатовы. І я ўжо неяк намякаў: калі цяжка ў краіне (а цяжкасцей яшчэ будзе не менш, не таму што нехта там нам санкцыі ўвядзе, — свет змяніўся, ашалеў), у такой сітуацыі разумныя людзі аб’ядноўваюцца вакол нейкага чалавека, нейкай групы людзей. Збіраюцца ў кучу і стараюцца выстаяць, выжыць. А мы цяпер пачнём — плюралізм. Помніце, пры Гарбачове мы смяяліся, рагаталі: «плю-ралізм». На каго наплявалі? На саміх сябе. Мая заява непапулярна прагучыць. Але вы гэта ўбачыце», — перакананы беларускі лідар.

З другога боку, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, калі ў нейкай часткі грамадства ёсць запатрабаванне на партыі, ігнараваць яго нельга.

«Партыі ў рэчышчы законаў, з рознымі меркаваннямі, праўладныя, апазіцыйныя і іншыя — гэта нармальны працэс. Але мы павінны першапачаткова выпрацаваць сур’ёзны закон аб партыях, каб потым не куляцца і не шкадаваць, што мы пайшлі не тым шляхам. Я раблю гэту агаворку, каб потым да мяне прэтэнзій не было, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У нас вопыту гэтага няма. Мы краіну з-за гэтага развалілі, Савецкі Саюз. Гэта ж было на нашых вачах. Вось каб гэтага з Беларуссю не адбылося».

Кіраўнік Мінюста расказаў аб магчымых змяненнях у заканадаўстве аб палітычных партыях

 

Міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы расказаў журналістам аб плануемых навацыях у заканадаўстве аб палітычных партыях.

Кіраўнік Мінюста нагадаў, што работа над законапраектам вядзецца ўжо каля двух гадоў. Распрацоўка гэтага дакумента была прадугледжана яшчэ планам законапраектнай дзейнасці на 2019 год.

«Сёння кіраўніку дзяржавы былі прадстаўлены некаторыя падыходы па карэкціроўцы заканадаўства. Абмяркоўвалася пашырэнне значнасці палітычных партый з улікам іх членства ў рэгіёнах. Прапануецца разгледзець пытанне аб тым, каб партыі былі больш прадстаўлены ў рэгіёнах. Разглядаецца і пытанне наконт  мінімальнай колькасці палітычных партый. Не выключана, што парог, які сёння існуе ў тысячу членаў партыі, будзе павялічаны», — расказаў Алег Сліжэўскі.

Законапраект таксама прапануецца дапоўніць нормамі, накіраванымі на павышэнне празрыстасці ў дзейнасці партый. Магчыма, партыі абавяжуць штогод даваць справаздачу перад сваімі членамі аб сваёй дзейнасці, расходаванні сродкаў. Такі абавязак сёння ўскладзены на грамадскія аб’яднанні. «Прадугледжваецца таксама абмежаванне фінансавання палітычных партый ад адной арганізацыі альбо ад аднаго грамадзяніна — не больш за адну тысячу базавых велічынь у год», — адзначыў міністр. Дакументам таксама прапануецца ўвесці перыядычнасць унутрыпартыйных выбараў — не радзей як раз у чатыры гады.

Акрамя таго, звярнуў увагу Алег Сліжэўскі, як паказвае практыка, не ўсе палітычныя партыі вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у органы ўлады, а між тым удзел у выбарах — іх галоўнае прызначэнне. «Прапануецца замацаваць у праекце закона норму аб тым, што няўдзел палітычнай партыі ў вылучэнні кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на працягу двух выбарчых кампаній запар можа стаць падставай для ліквідацыі палітычнай партыі», — дадаў кіраўнік Мінюста.

Пры гэтым ён падкрэсліў: размова ідзе не аб узмацненні заканадаўства. Прапануемыя навацыі накіраваны на тое, каб стымуляваць палітычныя партыі да актывізацыі сваёй дзейнасці. «Гэты працэс пакуль яшчэ ў стадыі распрацоўкі падыходаў, але ўжо сёння партыям неабходна задумацца над тым, каб быць гатовымі да выканання патрабаванняў заканадаўства тады, калі гэтыя нормы будуць рэалізаваны ў канкрэтным законе, — папярэдзіў міністр. — Неабходна думаць аб павелічэнні колькасці партый і стварэнні арганізацыйных структур у рэгіёнах, каб потым прыняцце закона не стала нечаканасцю».

Паводле слоў Алега Сліжэўскага, канкрэтныя тэрміны па падрыхтоўцы законапраекта не ўстаноўлены. Фарсіравання тут быць не павінна, але ў той жа час распрацоўшчыкі арыентаваны на інтэнсіўную дзейнасць. Усе пытанні павінны быць прапрацаваны з шырокім колам зацікаўленых асоб. «Гэта павінны быць узважаныя падыходы, якія ў канчатковым выніку прывядуць да партыйнага будаўніцтва, што адпавядае сённяшнім патрэбнасцям беларускага грамадства», — падагульніў ён.

Ствараць партыі ў Беларусі хочуць дазволіць толькі пастаянна пражываючым у краіне грамадзянам

«Сёння дзеючым заканадаўствам устаноўлена, што заснавальнікамі і членамі палітычнай партыі могуць быць толькі грамадзяне Беларусі. Праектам закона прадугледжана, што заснавальнікамі палітычнай партыі могуць быць толькі грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі», — адзначыў Алег Сліжэўскі.

Ён дадаў, што, магчыма, такая ж норма будзе дзейнічаць у адносінах не толькі да заснавальнікаў, але і членаў партыі.

«Гэта агульнасусветны падыход, калі палітычная партыя, з’яўляючыся арганізацыяй, якая ўдзельнічае ў фарміраванні органаў улады ўнутры краіны, не можа атрымліваць фінансавання з-за мяжы і іншым чынам зведваць уплыў з-за мяжы», — падкрэсліў міністр.

 

image_pdfСоздать PDFimage_printВерсия для печати

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here