Лукашэнка: вельмі ўжо хочацца розным сілам, перш за ўсё звонку, абвастрыць у Беларусі абстаноўку

Розным сілам, перш за ўсё звонку, вельмі хочацца абвастрыць у Беларусі абстаноўку. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 сакавіка на нарадзе па пытанні стану грамадска-палітычнай абстаноўкі ў краіне.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што запрасіў на нараду сілавы блок Савета бяспекі, каб абмеркаваць акрэсленую тэматыку перш за ўсё з пазіцыі таго, якім чынам дзейнічаць далей, ажыццяўляючы ўнутраную і знешнюю бяспеку, што трэба зрабіць зыходзячы са зменлівай абстаноўкі.

«Я ўжо не аднойчы гаварыў аб тым, што спакойнага жыцця ў нас не будзе. Яно можа быць спакойным, можа быць больш вострая сітуацыя, але абсалютнага спакою ў краіне ніколі не будзе. Таму што вельмі ўжо хочацца розным сілам, перш за ўсё звонку, абвастрыць тут абстаноўку», — сказаў Прэзідэнт.

«Вы бачыце, што памяняліся рэжысёры за мяжой. Ужо некаторыя там каналы, якія раней вадзілі па Мінску пратэстуноў, ад гэтага адмовіліся. З’явіліся больш радыкальныя, тыпу BYPOL, дзе паўтара-два дзясяткі былых нібыта ваеннаслужачых. Цяжка іх, вядома, назваць ваеннаслужачымі. Вы бачыце гэтыя заклікі да радыкалізацыі», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў міністра абароны коратка далажыць аб сітуацыі на знешніх граніцах Беларусі, а старшыню КДБ і кіраўніка МУС — аб сітуацыі ўнутры краіны і перспектывах яе развіцця.

Гаворачы аб перспектывах і прагнозах развіцця сітуацыі, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важнасць ажыццяўлення і эканамічнай бяспекі краіны. «Мы жывём не ў закрытым свеце. І сваю ўнутраную, эканамічную перш за ўсё, бяспеку мы павінны забяспечыць самі. Нам абсалютна няма на каго спадзявацца», — падкрэсліў ён.

Лукашэнка падкрэслівае важнасць забеспячэння спакойнага і бяспечнага жыцця грамадзян

«Тое, што ў нас ідзе перафармаціраванне дзеянняў пратэстуноў і збеглых, мы гэта бачым. Павінен проста сказаць, што мы ніколі не дапусцім таго, каб наш народ баяўся выйсці на вуліцы. Гэтага дапусціць мы не можам і не маем права. І гэта характэрна перш за ўсё для горада-героя Мінска», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым даў асобнае даручэнне старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай, якая таксама з’яўляецца ўпаўнаважаным Прэзідэнта па горадзе Мінску. «Глядзіце за парадкам. Трэба кожны дзень працаваць, як гэта вы рабілі на працягу зімы. Таму ёсць і вынік. Людзі ў нас не ідыёты. Яны ж цудоўна бачаць, што нехта, як яны кажуць, «бабкі косіць за мяжой», — сказаў Прэзідэнт. — Зразумела, хто сядзіць на гэтых патоках. І людзі не хочуць быць, як яны кажуць: што вы нас на вілы кідаеце, а самі там гэтыя грошы па кішэнях раскладаеце? Яны адчуваюць, што іх проста падстаўляюць, і мы гэта бачым унутры краіны».

«Так, трэба працаваць строга з тымі, хто бярэцца за зброю, хто прывозіць сюды ўзрыўчатку або рыхтуе гэту ўзрыўчатку і спрабуе ў кантэйнерах для смецця або вогнетушыцелях зрабіць гэтыя ўзрывы. З гэтымі мы размаўляць не будзем. І лічыць да трох таксама не будзем. Але асноўная ж маса людзей, з якімі трэба размаўляць, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Зразумеюць яны нас ці не, пачуюць ці не — гэта іх справа. Але з людзьмі трэба размаўляць».

Лукашэнка даручыў прадставіць да ўзнагарод міліцыянераў, якія дапамаглі прадухіліць тэракты

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з-за мяжы апошнім часам даносяцца заклікі да радыкалізацыі пратэстаў. У сувязі з гэтым ён адзначыў работу праваахоўнікаў, якія не дапусцілі такіх здарэнняў. Асаблівыя словы ўдзячнасці Прэзідэнт адрасаваў супрацоўнікам галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС.

«Хлопцы проста малайцы: раскрылі чарговае злачынства тэрарыстычнай накіраванасці. Трэба ўсіх, хто ўдзельнічаў у гэтай аперацыі, прадставіць да дзяржаўных узнагарод. Яны гэта заслужылі, абаранілі вялікую колькасць людзей, якія маглі пацярпець, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Нам гэта добры ўрок: і для людзей, якія займаюцца ўнутранай бяспекай, і для людзей, якія забяспечваюць абарону нашай краіны».

Аб нядаўнім прадухіленні ў Беларусі тэракта Аляксандр Лукашэнка расказаў 26 сакавіка на сустрэчы з новым дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Дзмітрыем Мезенцавым. Прэзідэнт адзначыў, што апазіцыянеры, якія ўцяклі за мяжу, спрабавалі пераканаць беларускае грамадства, што ўлада рыхтуе правакацыю.

«Мяне гэта насцярожыла, у нас вопыт ёсць. Калі аб гэтым загаварылі, глядзі ва ўсе акуляры. І што вы думаеце? Малайцы міліцыянеры, Карпянкова былая служба (намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў да 19 лістапада 2020 года ўзначальваў галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. — Заўвага БЕЛТА), выявілі нягодніка! — расказаў Прэзідэнт. — Залажыў узрыўчатку ў бак для смецця: узрыў — і вялізнае паражэнне за кошт металу або бетону. І яны выявілі яго загадзя, вялі. Залажыў узрыўчатку — следам сапёры прыйшлі, абясшкодзілі. І пачалі яго весці далей. Паехаў у адну з воінскіх часцей, яго там узялі, перадалі Камітэту дзяржбяспекі».

«Тэрор! Ну ўявіце: ішлі б людзі, узрыў — колькі загінула б людзей, колькі пацярпела б…» — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Пазней намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч паведаміў журналістам, што ў ваенным гарадку Печы Барысаўскага раёна аператыўнікі ГУБАЗіК МУС пры сілавой падтрымцы СОБРа затрымалі 35-гадовага жыхара Пінскага раёна. Мужчына меў намер учыніць тэрарыстычны акт у мясцовай воінскай часці і яшчэ адзін — у Мінску.

«Паводле інфармацыі ГУБАЗіК МУС, затрыманы здымаў кватэру ў Маскоўскім раёне сталіцы, працаваў у прыватнай кампаніі. У Пінскім раёне і пад Мінскам ён вырабіў два самаробныя ўзрыўныя ўстройствы. Адно з іх залажыў у бак для смецця каля дзіцячай пляцоўкі на сталічнай вуліцы Убарэвіча, а другое перавёз на аўтамабілі ў Барысаўскі раён. У момант учынення злачынства яго затрымалі», — расказаў Генадзь Казакевіч.

Следчымі Камітэта дзяржаўнай бяспекі ўзбуджана крымінальная справа па факце замаху на акт тэрарызму.

Зламыснік падтрымліваў цесную сувязь з даволі вядомай ініцыятывай BYPOL. Менавіта ад яе прадстаўніка напярэдадні дня волі ён атрымаў у мэсэнджары ўказанне ўчыніць узрыў на тэрыторыі органа ўнутраных спраў або воінскай часці. «Менавіта гэта ініцыятыва, цесна звязаная з так званым каардынацыйным саветам Ціханоўскай, актыўна заклікала грамадзян да незаконных масавых мерапрыемстваў 25 сакавіка і папярэджвала аб нібыта магчымых правакацыях улад. На самай справе падрыхтоўка тэрарыстычных актаў ішла пад эгідай BYPOL», — растлумачыў намеснік міністра.

Вальфовіч: арганізатары пратэстаў, якія ўцяклі за мяжу, выкарыстоўваюць беларусаў як гарматнае мяса

Арганізатары пратэстаў, якія ўцяклі за мяжу, выкарыстоўваюць беларусаў як гарматнае мяса. Аб гэтым заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч пасля нарады ў Прэзідэнта Беларусі па пытанні стану грамадска-палітычнай абстаноўкі ў краіне.

У час нарады кіраўніку дзяржавы было даложана аб сітуацыі на знешнім контуры, правядзенні ў суседніх краінах ваенных вучэнняў. «На жаль, мы бачым, што тэматыка гэтых вучэнняў не мае абарончай накіраванасці: разглядаюцца пытанні агульнакрызіснага рэагавання, адпрацоўваецца наступальная тэматыка», — адзначыў Аляксандр Вальфовіч.

Удзельнікі сустрэчы таксама падрабязна абмеркавалі развіццё грамадска-палітычнай абстаноўкі ў краіне, работу праваахоўных органаў па стабілізацыі сітуацыі і падтрыманні грамадскага парадку. «Рознымі дэструктыўнымі сіламі былі зроблены спробы па дэстабілізацыі абстаноўкі на тэрыторыі Беларусі, правакаванні народа Беларусі і ўзняцці пратэснай масы, — звярнуў увагу дзяржсакратар Савета бяспекі. — Кіраванне гэтымі мерапрыемствамі ажыццяўлялі дзеячы, якія знаходзяцца за мяжой, так званыя лідары, якія «перажываюць» за тое, што робіцца на тэрыторыі краіны, здраднікі (інакш не назаву), якія ўваходзяць у BYPOL».

Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што гэтыя асобы абсалютна не думаюць аб тым, што можа адбыцца з грамадзянамі, якія па іх закліках прымаюць удзел у процізаконных мерапрыемствах. «Яны іх разглядаюць як гарматнае мяса. Ім абсалютна ўсё роўна, што з імі будзе і якія меры адказнасці потым будуць прыменены да гэтых людзей», — заявіў ён.

Дзяржсакратар Савета бяспекі выказаў удзячнасць беларусам за правільную ацэнку сітуацыі і правільныя высновы. «Бо мірная, спакойная Беларусь дарагая сапраўднаму беларусу», — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч.

Каменціруючы нядаўняе прадухіленне тэрактаў у Беларусі, ён адзначыў, што створаная ў краіне сістэма нацыянальнай бяспекі выконвае пастаўленыя перад ёю задачы.

«Ёсць яшчэ пэўная інфармацыя. Але аператыўныя рэчы раней часу гаварыць нельга. Усе гэтыя нягоднікі ў нас перапісаны, і, хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час мы гэтыя спісы апублікуем, каб яны ведалі, што мы іх ведаем, — дадаў Аляксандр Вальфовіч. — Гэта людзі, якія кінулі сваю краіну, уцяклі і з-за мяжы спрабуюць сутыкнуць людзей адзін з адным. Беларусы заўсёды жылі мірна, і я ўпэўнены, што тая сістэма, якая сёння створана, забяспечыць правапарадак на тэрыторыі нашай краіны».

image_pdfСоздать PDFimage_printВерсия для печати

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here