Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 26 лютага Алімпійскі сход Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.

Галоўным пытаннем парадку дня сходу стала падрыхтоўка нацыянальных каманд Беларусі да XXXII летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа. Былі разгледжаны і арганізацыйныя пытанні наконт складу і дзейнасці НАК.

На заключным этапе падрыхтоўку да Гульняў вядуць амаль 260 беларускіх спартсменаў па 26 відах спорту. Задача заключнага этапу падрыхтоўкі — паспяховае завяршэнне алімпійскага адбору і камплектаванне канкурэнтаздольнага складу беларускай спартыўнай дэлегацыі для ўдзелу ў Гульнях. Да завяршэння алімпійскага адборачнага перыяду плануецца заваяванне каля 110-120 ліцэнзій.

Лукашэнка: на расхістванне беларускага грамадства вядомыя «спонсары» не шкадуюць грошай

На расхістванне беларускага грамадства вядомыя «спонсары» не шкадуюць грошай, у гэту варонку зацягнула і некаторых спартсменаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на Алімпійскім сходзе НАК.

Адкрываючы сход, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што настаў час зноў абмеркаваць праблемы развіцця спорту і алімпійскага руху, абнавіць склад і кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Але спачатку ён закрануў агульнапалітычны парадак дня.

«Цяпер вельмі няпросты перыяд. Аб гэтым мы шмат гаварылі на Усебеларускім народным сходзе, і час, які мінуў пасля гэтага, якраз пацвярджае сказанае. Наша краіна, людзі, на жаль, зведваюць самы жорсткі націск па ўсіх напрамках. У ход ідзе ўсё: ад адкрытых фэйкаў і стварэння агрэсіўнага інфармацыйнага асяроддзя да запалохванняў і спроб тэрактаў. На расхістанне грамадства вядомыя «спонсары» не шкадуюць грошай», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У гэту варонку, адзначыў Прэзідэнт, зацягнула і некаторых спартсменаў, у асноўным былых. «Тых, каго так клапатліва гадавалі нашы трэнеры ў спартыўных школах. Тых, каму былі створаны абсалютна ўсе ўмовы для сумяшчэння вучобы і трэніровак у вучылішчах алімпійскага рэзерву і ўніверсітэтах. Тых, каму дзяржава дала магчымасць займацца спортам прафесійна, не адцягваючы ўвагу на бытавыя пытанні. Нашы лепшыя ўрачы бясплатна лячылі іх ад траўмаў. І нават пры дыскваліфікацыі мы іх не кідалі. А цяпер яны стаяць у прыёмных міжнародных арганізацый, выпрошваючы санкцыі супраць нашага алімпійскага руху, ды і краіны ў цэлым», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што менавіта з іх падачы Беларусь страціла чэмпіянаты свету па хакеі і сучасным пяцібор’і, а яны — атрымалі свае 30 срэбранікаў. «Але гэта мы ўсё перажывём. Не думаю, што мы тут нешта катастрафічна страцілі. Скажу адно: на здрадзе радзіме шчасця не пабудуеш. Добра, бог ім суддзя. На гэтым завершым гэту тэму, усе вы добра з ёй знаёмыя», — дадаў ён.

Лукашэнка: абсалютная большасць беларускіх спартсменаў — сапраўдныя патрыёты сваёй радзімы

«Нам ёсць кім ганарыцца. Абсалютная большасць спартсменаў — сапраўдныя патрыёты, якія без астатку аддаюць свой талент, сілы і энергію для перамог у імя Айчыны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў зале Нацыянальнага алімпійскага камітэта сёння сабралася эліта беларускага спорту. Прадстаўлены ўсе спартыўныя грамадскія арганізацыі краіны, прысутнічаюць трэнеры, спартсмены, дырэктары рэспубліканскіх цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі, намеснікі губернатараў, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, якія аказваюць практычную дапамогу розным відам спорту.

«Менавіта вашымі намаганнямі ствараецца спартыўная слава Беларусі. Вам прымаць рашэнні аб далейшым развіцці алімпійскага руху ў краіне, вызначаць прыярытэты ў рабоце, даваць ацэнку зробленаму. Менавіта з вас будуць браць прыклад новыя пакаленні беларускіх спартсменаў», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Лукашэнка: галоўная задача на будучыя месяцы — сфарміраваць баяздольны спартыўны «дэсант» у Токіа

Адной з галоўных тэм сходу ў НАК стала падрыхтоўка беларускіх спартсменаў да Алімпійскіх гульняў у Токіа. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў кіраўніцтва Мінспорту, якія вывады зроблены пасля Рыа-дэ-Жанэйра і якія прыняты меры па ўстараненні недахопаў у падрыхтоўцы спартсменаў.

«Чаканняў і абяцанняў, як заўсёды, шмат. Няхай алімпійскі адбор да Токіа яшчэ не скончаны, але ўжо цяпер можна канстатаваць, што гульнявыя камандныя віды спорту (за выключэннем баскетбола тры на тры) яго правалілі. Пакуль няма ліцэнзій у боксе, дзюдо, каратэ, таэквандо, фехтаванні. Чакаем большага ад барцоў, лёгкаатлетаў, стралкоў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў апошнія гады была значна ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база фізічнай культуры і спорту, а ў перыяд пандэміі, нягледзячы на паўсюдны лакдаўн, у краіне па-ранейшаму праводзіліся спаборніцтвы і нацыянальныя чэмпіянаты. У спартыўных цэнтрах былі створаны ўнікальныя магчымасці для трэніровак у параўнанні з усімі краінамі свету.

«У адсутнасць афіцыйных стартаў па вашай просьбе мною была прадоўжана на год выплата імянных прэзідэнцкіх стыпендый кандыдатам на ўдзел у Алімпіядзе і іх трэнерам. Для спартсменаў і трэнераў зроблена ўсё магчымае, і нават больш таго ў гэтых няпростых умовах. Таму першачарговая задача на будучыя месяцы — сфарміраваць баяздольны спартыўны «дэсант» у Токіа. Апраўданні тут не прымаюцца, і быць іх наогул не можа! — папярэдзіў беларускі лідар. — Нам сапраўды патрэбны баяздольны «дэсант» у Токіа. Мы туды паедзем змагацца, нам будзе няпроста. Дакладна гэтак, як Расію, па-народнаму кажучы, нас будуць плюшчыць з усіх бакоў. І мы павінны вытрымаць».

На думку Прэзідэнта, сапраўдныя чэмпіёны — гэта тыя, хто здольны паказаць высокі вынік у любых умовах, пераадольваючы неспрыяльныя абставіны, бязлітаснае супраціўленне канкурэнтаў і падкопы зайздроснікаў, хто дабіваецца гучных перамог дзеля сваёй краіны, родных і блізкіх, трэнераў і калег па камандзе.

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што Алімпійскія гульні будуць праходзіць ва ўмовах беспрэцэдэнтных антыкавідных мер і абмежаванняў, і трэба ўлічваць гэты момант, бо здарыцца можа ўсякае. Ён падкрэсліў, што трэба быць гатовымі да вырашэння звязаных з гэтым пытанняў акліматызацыі спартсменаў, дастаўкі дэлегацыі і грузаў у Алімпійскую вёску, арганізацыі трэніровак, побыту і медыцынскага абслугоўвання.

«Усё, што неабходна для таго, каб нашы спартсмены годна выступілі, створана. Калі трэба больш, будзе створана яшчэ больш. Усё залежыць ад спартсменаў. Што яшчэ неабходна зрабіць у бліжэйшы час, каб за наша выступленне ў Токіа не было сорамна перад народам? Давайце сёння па сутнасці і шчыра пагаворым: што трэба яшчэ зрабіць. Хоць статыстыка і стратэгія даўно вядомы, яны вызначаны. Спартсмены і асабліва трэнеры добра ведаюць, як падвесці да вяршыні іх формы. Калі ласка, дзейнічайце. Яшчэ раз паўтараю: гаварыце, што трэба, — будзем ствараць дадатковыя ўмовы», — падагульніў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка пра спорт: трэба даваць вынік, едзем у Токіа змагацца

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка настройвае спартсменаў і трэнераў на дасягненне высокіх вынікаў.

«Едзем у Токіа змагацца. І чым больш націскаюць на людзей, тым большае супраціўленне. У гэтых умовах трэба паказваць вынік, каб ім даказаць, што мы не з Месяца зваліліся», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён выказаў нараканні наконт вынікаў выступлення беларускіх спартсменаў у некаторых відах спорту. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы згадаў няўдалае выступленне зборнай Беларусі па хакеі на турніры ў Казахстане. «Апошняе месца занялі, — адзначыў Прэзідэнт. — А колькі грошай каштавала з’ездзіць туды і назад? І зноў тлумачэнні: вось, вы разумееце, у нас няма дзіцячага хакея».

«Дзякуй табе госпадзі, хоць у «Дынама» выйгралі (размова пра матч «Дынама Рыга» і «Дынама Мінск», калі беларускія спартсмены выйгралі з лікам 2:1. — Заўвага БЕЛТА). Дзякуй», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Згадаў Прэзідэнт таксама выступленне зборнай Беларусі на нядаўнім чэмпіянаце свету па біятлоне. «А «цуды» на апошнім чэмпіянаце па біятлоне? — адзначыў ён. — Я не ведаю, чым тут апраўдвацца».

«Або паехалі ў Егіпет, пайгралі ў гандбол (размова пра чэмпіянат свету па гандболе, які прайшоў у студзені ў Каіры. — Заўвага БЕЛТА), — прадоўжыў беларускі лідар. — Я не разумею, як можна весці ў 7-8 мячоў і потым абваліцца ў гэты ж перыяд і прайграць яшчэ больш».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі была створана неабходная база для падрыхтоўкі па профільных відах спорту. «Я наогул не разумею: а чаго не хапае, каб падрыхтавацца па профільных відах спорту? Я ж помню першыя крокі пасля распаду Савецкага Саюза. Можна сказаць, наогул няма дзе было трэніравацца, — нагадаў ён. — Цяпер — калі ласка, самыя лепшыя цэнтры». Напрыклад, у Мінску пабудаваны сучасны велатрэк, які адпавядае ўсім патрабаванням. «І не думайце, што мы заўтра пачнём капіраваць Мінск у абласцях. Нам гэта не патрэбна для кампактнай краіны. Любы спартсмен можа прыехаць сюды, на велатрэк, і трэніравацца», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да міністра спорту, Прэзідэнт падкрэсліў: «Патрэбен, Сяргей Міхайлавіч, вынік. Не дай бог яго не будзе на Алімпіядзе, вы ведаеце, якая потым будзе размова».

«Трэба даваць вынік! Я разумею, гэта спорт. Але зубамі ўчапіцеся і пакажыце, што вы можаце», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Пасля даклада міністра аб падрыхтоўцы да маючай адбыцца Алімпіяды, кіраўнік дзяржавы падрабязна распытаў па гэтым пытанні таксама і кіраўнікоў федэрацый. Адбылася грунтоўная размова аб тым, чаго яшчэ не хапае для эфектыўнай падрыхтоўкі спартсменаў да Алімпійскіх гульняў і дасягнення вынікаў. Удзельнікі Алімпійскага сходу запэўнілі, што з боку дзяржавы яны атрымалі ўсю неабходную дапамогу і падтрымку, і выказалі надзею, што выступленне беларускіх спартсменаў у Токіа будзе паспяховым. Галоўнае, на іх думку, каб у спартсменаў захоўваўся баявы дух, настрой, а што датычыцца матэрыяльна-тэхнічнай базы, яна створана, ёсць усё неабходнае.

Лукашэнка: цяпер асаблівы час, і мы павінны паказаць сябе нацыяй

«Цяпер асаблівы час, такога ніколі не было. І мы павінны паказаць, што мы нацыя, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Вы проста павінны аддзякаваць свайму народу за тое, што ён зрабіў для таго, каб спартсмены маглі змагацца і выступаць».

Прэзідэнт прывёў у прыклад беларускіх паралімпійцаў, іх сілу духу і імкненне да перамогі. На яго думку, гэтыя людзі — сапраўдныя героі, паколькі ўмеюць змагацца. «Спорт ёсць спорт: і так можа быць, і гэтак. Але пакажы, што ты змагаўся, чапляўся за магчымасць, каб перамагчы. Вось што самае галоўнае, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму нам трэба паехаць у Токіа і паказаць, што мы нацыя, калі мы на што-небудзь здольныя. Трэнерам і спартсменам хачу параіць і папрасіць: будзьце патрыётамі, каб потым не было сорамна. Гэта не ваша функцыя бегаць па замежжы і на каленях поўзаць, капейкі прасіць. А цяпер збеглыя разгарнулі шалёную бойку за мяжой: грошай не хапае. Гэта ж ганьба».

Аляксандру Лукашэнку прапанавалі стаць ганаровым прэзідэнтам НАК, але ён адмовіўся

На Алімпійскім сходзе Нацыянальнага алімпійскага камітэта Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку прапанавалі вылучыць на пасаду ганаровага прэзідэнта НАК, аднак кіраўнік дзяржавы адхіліў гэту ініцыятыву.

Пасада ганаровага прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта прадугледжана ў новай рэдакцыі статута НАК, якая была прынята на гэтым жа Алімпійскім сходзе. Аднак само пытанне аб выбранні ганаровага прэзідэнта НАК не было ўключана ў парадак дня пасяджэння.

З такой ініцыятывай у самым канцы сходу выступіў старшыня Беларускага альянсу танцавальнага спорту Антон Юспа. «Аляксандр Рыгоравіч унёс значны ўклад у развіццё алімпійскага руху і спорту. І я думаю, што гэта самы важкі ўклад за гісторыю нашай краіны. Калі гэта да месца тут, я хацеў бы ўнесці кандыдатуру Аляксандра Рыгоравіча на пасаду ганаровага прэзідэнта», — сказаў ён.

Аднак Аляксандр Лукашэнка палічыў гэту прапанову дачаснай і адмовіўся ад яе. «Вы ведаеце, вось вельмі дакладна сказаў: калі да месца. Не трэба гэта рабіць цяпер, — сказаў Прэзідэнт. — Гэта зроблена на будучае, для будучых». Кіраўнік дзяржавы дадаў, што як Прэзідэнт краіны па-ранейшаму будзе займацца пытаннямі спорту.

Віктар Лукашэнка выбраны на пасаду прэзідэнта НАК

Віктар Лукашэнка, які да гэтага часу працаваў на пасадзе першага віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта, выбраны Алімпійскім сходам на пасаду прэзідэнта НАК.

Генеральны сакратар НАК Паліна Галавіна першапачаткова прапанавала на пасаду прэзідэнта НАК дзве кандыдатуры — Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Лукашэнкі. «Паступілі прапановы па дзвюх кандыдатурах», — удакладніла яна.

«Калі дзве кандыдатуры прапаноўваліся, для мяне гэта навіна. Я думаў, што вы з адной выйдзеце. Я не планаваў выбірацца на чарговы тэрмін кіраўніком Алімпійскага камітэта. Папрашу вас, калі вас гэта задавальняе, перадаю вам свайго старэйшага сына. Абяцаю, што крадзяжу, карупцыі, нямэтавага выкарыстання грошай не будзе. І стаўленне да спартсменаў і трэнераў будзе самае добрае. Што датычыцца мяне, я ж усё роўна нікуды не адыду ад пытанняў спорту», — сказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што больш чым хто-небудзь любіць спорт, і нагадаў, што ў свой час узначаліў НАК у складаныя 90-я гады, каб не пусціць усё на самацёк, інакш можна было страціць спорт. «Вось адзіная была прычына — каб мы не распаўзліся, каб не было, як у некаторых краінах, накату адной федэрацыі на іншую. Каб кіраўнік федэрацыі не біўся з трэнерамі», — сказаў Прэзідэнт.

«Стараўся рабіць усё для таго, каб нешта ў вас было. Я ведаў, чым жыве спорт. Гэта мая любоў, гэта адданасць спорту, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Думаю, што для вас таксама будзе карысць. Усё ж такі сын заўсёды скажа бацьку ў любы момант пра тую ці іншую праблему. Думаю, з гэтага таксама можна атрымаць нейкія станоўчыя рэчы».

«І, самае галоўнае, шмат жа вы чуеце размоў: транзіт улады, вось тут цяпер Лукашэнка старэйшаму як мінімум перадасць уладу, ён будзе кіраваць у краіне. Я часта гаварыў, што ў нашай сям’і гэта ніколі не абмяркоўвалася і абмяркоўвацца не можа. Таму што ніводнае маё дзіця Прэзідэнтам у Беларусі не будзе пасля мяне. І Віктар, калі вы яго выбераце, не будзе дзяржаўным служачым. Ён сёння ж будзе звольнены з пасады памочніка Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы з усімі наступствамі, што вынікаюць адсюль. Я не націскаю на вас і не настойваю. Гэта ваш выбар», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Віктар Лукашэнка ў сваю чаргу адзначыў, што пасада Прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта ўскладае на яго вялікую адказнасць. Ён выказаў надзею, што разам з калегамі яму ўдасца ўнесці свой уклад у развіццё спорту ў краіне. «Мы разумеем, што запатрабаванне з нас будзе вялікае. Але хочам запэўніць, што НАК сумесна з Мінспорту, федэрацыямі, іншымі зацікаўленымі зробяць максімальна магчымае, каб мы дастойна выглядалі на любых спартыўных арэнах», — паабяцаў новы кіраўнік НАК.

Віцэ-прэзідэнтам НАК на Алімпійскім сходзе перавыбраны Дзмітрый Даўгалёнак. Пры гэтым пасаду першага віцэ-прэзідэнта НАК вырашана ліквідаваць. Адпаведную прапанову ўнёс выбраны прэзідэнтам НАК Віктар Лукашэнка, і ўдзельнікі Алімпійскага сходу яго падтрымалі. Акрамя таго, на сходзе разгледжаны шэраг арганізацыйных пытанняў. У тым ліку аб выключэнні і прыёме ў члены НАК, выбранні ганаровых членаў. Зацверджана справаздача рэвізійнай камісіі НАК за перыяд 2019-2020 гадоў.

Віктар Лукашэнка з красавіка 2019 года выконваў абавязкі першага віцэ-прэзідэнта НАК, а ў лістападзе таго ж года быў выбраны Алімпійскім сходам на гэту пасаду. З мая 1997 года прэзідэнтам НАК быў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

 

 

image_pdfСоздать PDFimage_printВерсия для печати

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here