Ці ўсё гатова для правядзення УНС? Лукашэнка сабраў нараду па падрыхтоўцы форуму і паставіў задачы

Правесці VI Усебеларускі народны сход трэба на самым высокім узроўні. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 2 лютага на нарадзе па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення УНС.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што да правядзення УНС застаецца зусім няшмат часу.

«Цікавасць да форуму вялікая, што накладае асаблівую адказнасць. Гэта важнейшая падзея ў жыцці краіны, і мы абавязаны правесці на самым высокім узроўні», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Для абмеркавання падрыхтоўкі і правядзення форуму на нараду з кіраўніком дзяржавы былі запрошаны прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, старшыні Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Наталля Качанава і Уладзімір Андрэйчанка, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, кіраўнік спраў Прэзідэнта Віктар Шэйман, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў і дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алег Макараў.

«Па-першае, неабходна паглядзець, ці ўсё гатова для сустрэчы дэлегатаў. У сталіцу прыедуць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў, прадстаўнікі ўсіх груп, як прынята гаварыць, нашай грамадзянскай супольнасці, грамадскіх арганізацый, палітычных партый, працоўных калектываў, асобных рэгіёнаў. Таксама будуць запрошаны госці, — сказаў Прэзідэнт. — Людзі, якія прыбылі з рэгіёнаў, павінны адчуваць сябе як дома, яны прыехалі да сябе дамоў, у сталіцу нашай радзімы. Таму неабходна забяспечыць бяспеку, камфортныя ўмовы работы і адпачынку ўдзельнікаў сходу, адпаведным службам неабходна ўзяць на пастаянны кантроль усе гэтыя пытанні».

Па-другое, фармат форуму трэба эфектыўна выкарыстоўваць для вырашэння найбольш актуальных пытанняў. «Тут збяруцца людзі розных узростаў, прафесій і сацыяльных статусаў. За імі — тысячы, мільёны беларускіх людзей, працоўных калектываў. Гэтых людзей выбраў народ. Мы павінны пачуць голас кожнага, увесь спектр меркаванняў, які ёсць сёння ў рэспубліцы, па самых розных пытаннях нашага жыцця», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«На злобу яшчэ раз паўтаруся: тут некаторыя, перш за ўсё збеглыя і іншыя так званыя «апазіцыянеры», плачуць і рыдаюць, што калі не трапяць на Усебеларускі народны сход, значыць — нелегітымна, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. — Па-першае, я сказаў, што мы выбіралі людзей, якія жывуць у нашай краіне. А збеглых будуць выбіраць у Польшчы, Літве. Нехта, відаць, ва Украіне, нехта, можа, у Расіі, хоць трохі. Але ў нас няма такога, каб мы за мяжой некага выбіралі. Мы толькі гасцей запрашаем».

«Па-другое, яны аб’явілі байкот Усебеларускаму народнаму сходу. Калі вы яго байкатуеце, чаго вы рыдаеце? Вы аб’явілі байкот — байкатуйце. Больш таго, праз некаторы час пасля аб’яўлення байкоту яны вырашылі правесці «форум замежжа». Ну, праводзьце, ніхто ж не перашкаджае. Збірайцеся ў Польшчы, Літве і праводзьце», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Па-трэцяе, Прэзідэнт заявіў аб неабходнасці напярэдадні сходу яшчэ раз больш дэталёва прапрацаваць праблемы, якія хвалююць людзей. Ён нагадаў, што раней у абласцях прайшло абмеркаванне асноўных напрамкаў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і шэрага іншых пытанняў, якія людзі выказалі на дыялогавых пляцоўках. Кіраўнік дзяржавы станоўча ацаніў работу памочнікаў Прэзідэнта, упаўнаважаных па абласцях і асабліва губернатараў па арганізацыі дыялогавых пляцовак на месцах. «Сабраліся дэлегаты — будучыя ўдзельнікі Усебеларускага народнага сходу — і абмеркавалі гэтыя пытанні. Зразумела, што дзве з паловай тысячы чалавек і запрошаных, гасцей (Усебеларускага народнага сходу. — Заўвага БЕЛТА) — усе яны там не выступяць. А вось абмеркаваць на месцы гэтыя пытанні, сканцэнтраваць і вынесці на Усебеларускі народны сход ад імя рэгіёна — гэта было зроблена правільна», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

«Гэта непасрэдна дапамагае адчуць пульс жыцця на месцах, паглыбіцца ў сутнасць праблем і такім чынам забяспечыць максімальную ўзважанасць і абгрунтаванасць будучых рашэнняў», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што па выніках работы Усебеларускага народнага сходу звычайна прымаецца рэзалюцыя, у якой абагульнены канцэптуальныя палажэнні. А больш дэталёвая прапрацоўка тых ці іншых пытанняў, іх канкрэтызацыя — у праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця. «Рэзалюцыя абазначыць асноўныя напрамкі руху Беларусі да пэўных мэт, — удакладніў ён. — Але праз канцэптуальныя пытанні рэзалюцыі чалавек павінен убачыць сябе, канкрэтныя пытанні, якія яго хвалююць».

Прэзідэнт растлумачыў сваё сцвярджэнне на канкрэтным прыкладзе: калі ў падагульняючых дакументах УНС будзе зафіксавана рашэнне аб захаванні дзяржпрадпрыемстваў, адмове ад павальнай прыватызацыі, то людзі для сябе зробяць выснову, што можна спакойна прадаўжаць працаваць, без апасенняў за будучыню сваю і сваіх дзяцей. «Здавалася б, канцэптуальнае пытанне продажу дзяржуласнасці і прадпрыемстваў. Але чалавек праз гэта зразумее — яны (прадпрыемствы. — Заўвага БЕЛТА) будуць дзяржаўнымі, і гэта гарантыя, што ён будзе там працаваць. Або наадварот, будзе прапісана, што з малатка прададуць. І што тады рабіць? — прывёў прыклад Прэзідэнт. — Людзі павінны разумець, што асноўныя рашэнні Усебеларускага народнага сходу павінны адказаць на пытанне, да чаго прывядуць гэтыя рашэнні сёння, што будзе заўтра, паслязаўтра. Гэта галоўнае, аб чым мы, перш за ўсё, павінны думаць, прымаючы тыя ці іншыя рашэнні».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што людзей у Беларусі цікавяць розныя пытанні. «У аснове ўсіх пытанняў — эканоміка. І надзённыя пытанні жыцця людзей: цэнаўтварэнне, тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, працоўныя месцы, заработная плата і гэтак далей, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Паступае шмат прапаноў у галіне грамадска-палітычнага развіцця. Нашы грамадзяне сёння неабыякавыя да лёсу краіны, асабліва востра адчуваюць цяперашні адказны перыяд, калі ўсе мы павінны быць разам, павінны быць адзіныя, каб захаваць незалежную беларускую дзяржаву».

Пры падрыхтоўцы да УНС былі акумуліраваны ўсе канструктыўныя думкі і ініцыятывы — Галоўчанка

У час падрыхтоўкі да шостага Усебеларускага народнага сходу былі акумуліраваны ўсе канструктыўныя думкі і разумныя ініцыятывы, выказаныя людзьмі. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення УНС.

Адказваючы на пытанне аб тым, чым падрыхтоўка цяперашняга сходу адрознівалася ад папярэдніх, Раман Галоўчанка назваў значную працягласць працэсу. «Працягласць гэтага працэсу (не арганізацыйна-тэхнічнага, а менавіта субстантыўнага) — яна і стала адметнай асаблівасцю бягучага сходу», — сказаў ён.

 Паводле яго слоў, сход падагульніць комплексны працэс абмеркавання шэрага актуальных пытанняў, праблем, ініцыятыў, які раней пачаўся на дыялогавых пляцоўках. «Уся канструктыўная думка народа, разумная ініцыятыва, якая накіравана на стварэнне, акумуліравалася на працягу доўгага перыяду часу і на дыялогавых пляцоўках, і ў грамадскіх прыёмных, і ў час званкоў, паведамленняў, што паступаюць у парламент, на сайт сходу, — расказаў Раман Галоўчанка. — Такім чынам выкрышталізавалася тая маса пытанняў і прапаноў па развіцці краіны, якія хвалююць розныя сацыяльныя групы людзей».

У перыяд падрыхтоўкі да сходу гучалі розныя ацэнкі, прапановы, меркаванні. Яны, паводле слоў прэм’ер-міністра, былі «даволі дыверсіфікаваныя». «Важна, што людзі, якія ўдзельнічалі ў гэтым працэсе, — гэта тыя, хто хацеў там быць, і тыя, каго на справе непакоіць будучыня нашай Радзімы, якія перажываюць, бачаць напрамкі мадэрнізацыі, развіцця краіны. Галоўнае, яны ўсе зараджаны на пазітыў. У людзей ёсць розныя пункты гледжання, але канчатковая мэта адна — зрабіць нашу краіну лепшай», — падкрэсліў кіраўнік урада.

Паводле яго слоў, паступіўшыя прапановы грамадзян прадметна прааналізаваны, акумуліраваны для ўключэння ў матэрыялы, якія рыхтуюцца да сходу, яны будуць улічаны ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і, магчыма, будуць пакладзены ў аснову падагульняючых дакументаў УНС.

 

 

image_pdfСоздать PDFimage_printВерсия для печати

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here