Так лічыць першы намеснік міністра аховы здароўя Алена БОГДАН. Алена Леанідаўна некалі ўдзельнічала ў падрыхтоўцы гэтага рэспубліканскага мерапрыемства. Сёння яна сама дэлегат УНС, якога вылучыў Беларускі саюз жанчын. Нядаўна прадстаўніцу Міністэрства выбралі старшынёй гэтага грамадскага аб’яднання, і яна расказала чытачам «Звязды», ці плануе Беларускі саюз жанчын стаць першай жаночай палітычнай партыяй у краіне і як гэта — сумяшчаць работу ў дзяржапараце з актыўнай грамадскай дзейнасцю.

 

Фото БелТА.

— Алена Леанідаўна, вы ў верасні мінулага года сталі старшынёй Беларускага саюза жанчын, скажыце, што азначае асабіста для вас гэты новы від дзейнасці?

— Перш за ўсё адказнасць. Так атрымалася, што я ўсё жыццё працую ў сістэме аховы здароўя. Пачынала інтэрнам у Мінскай абласной дзіцячай бальніцы, потым стала ўрачом прыёмнага аддзялення. І ўжо з пасады намесніка галоўнага ўрача сыходзіла ў аддзел медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя. Усё маё працоўнае жыццё звязана з аховай здароўя. Грамадскай работай я не займалася, і калі пяць гадоў таму Мар’яна Шчоткіна запрасіла мяне ў БСЖ і расказала, што гэта такое, я зацікавілася і прыклала нават некаторыя намаганні, каб у нашых паліклініках і бальніцах з’явіліся пярвічныя аддзяленні БСЖ. З таго часу мы правялі мноства цікавых праектаў. Сярод іх мне падабаецца штогадовы праект, калі ў Чарнобыльскі рэгіён выязджае комплексная брыгада аховы здароўя, каб абследаваць жанчын гэтай мясцовасці. Мы прывозім туды спецыялістаў рэспубліканскага ўзроўню: дацэнтаў, прафесараў, кандыдатаў навук, дактароў навук… Быў яшчэ праект РНПЦ экалогіі чалавека па скрынінгу раку шыйкі маткі. Праект рэалізоўвалі сумесна з Ротары-клубам у Беларусі і іспанскімі партнёрамі. У рамках праекта было закуплена абсталяванне, навучаны спецыялісты і наладжана сістэма скрынінгу. Цяпер вынікамі гэтага праекта карыстаецца ўся сістэма аховы здароўя Беларусі. Калі гаварыць пра БСЖ у цэлым, то многія пачынанні, святы і акцыі, якія ўспрымаюцца сёння як рэспубліканскія, прыдумалі актывісты БСЖ. Мне хочацца не страціць тое, што ёсць у арганізацыі, і прыдумаць не менш значныя праекты.

— Прэса шмат піша пра акцыі вашай арганізацыі, а як людзям патрапіць у шэрагі БСЖ?

— Каб трапіць у нашу арганізацыю, перш за ўсё трэба быць самімі сабой і неабыякавымі да таго, што адбываецца навокал. Мы адкрытыя для тых, хто хоча зрабіць нешта добрае для краіны і людзей, якія ў ёй жывуць. На сённяшні дзень у арганізацыі каля 144 тысяч чалавек. У нас ствараюцца пярвічныя арганізацыі ў розных установах, міністэрствах, ведамствах. Калі хтосьці зацікавіўся, можна зайсці на сайт БСЖ і звярнуцца па ўказаных там тэлефонах. Мы будзем вельмі рады, калі нашы шэрагі папоўняцца нераўнадушнымі і актыўнымі людзьмі.

— Вы таксама з’яўляецеся і першым намеснікам міністра па ахове здароўя. Як атрымліваецца сумяшчаць гэтыя дзве пасады? Ёсць жа і сям’я, якой трэба ўдзяліць час…

— Так, у мяне дружная і моцная сям’я, дома ведаюць, што маці шмат працуе (смяецца). На самай справе ў мяне ўжо дарослыя дзеці, таму сям’я не патрабуе вельмі шмат увагі. Прызнаюся, што раней, калі я прачыналася, думала, што яшчэ можна зрабіць у міністэрстве. Сёння ў мяне з’явілася яшчэ і грамадская нагрузка. Гэта вялікая адказнасць — працаваць побач з энтузіястамі, бо ў нас толькі некалькі чалавек атрымлівае за сваю работу невялікія грошы, астатнія — проста грамадскія актывісты. Самая галоўная задача — захаваць тых, хто сёння з намі, і прыцягнуць у нашу каманду людзей, якія дакладна змогуць рабіць тое, што трэба. Упэўнена, што без каманды аднадумцаў і выразна выбудаванай вертыкалі працаваць будзе складана. На маю грамадскую дзейнасць у БСЖ, вядома, уплывае мой досвед работы ў органах дзяржкіравання, калі ёсць добра выбудаваная іерархія, праходжанне дакументаў, справаздачнасць і кантроль. Вось з гэтым падыходам я стараюся працаваць і ў БСЖ.

— А вы не баіцеся, што з такім падыходам БСЖ ператворыцца ў чэрствую чыноўніцкую структуру?

— Я не згодная, што чыноўнік чэрствы. Калі чалавек становіцца бяздушным, яму няма чаго рабіць у дзяржапараце. Мы тут для таго, каб вырашаць задачы людзей, а не іншыя. Як і ў дзяржапараце, «каманда» ў БСЖ павінна даходзіць і да абласных, і да раённых узроўняў. Калі мы праводзім акцыю, то праводзім яе па ўсёй краіне, у кожным раённым цэнтры. Так і павінна быць. Тут няма бяздушнасці. Калі хтосьці прыдумаў цікавую акцыю, трэба пра яе расказаць, гэта свое-
асаблівая заява пра тое, хто наогул такія — жанчыны з БСЖ. Мы арыентуемся на ўсю краіну, і так нас пачуюць тыя, каму цікава тое, што мы робім. Магчыма, тады такія людзі далучацца да нашай арганізацыі.

Не сакрэт, што БСЖ ужо выгадаваў цэлую плеяду жаночых лідараў. У складзе арганізацыі ёсць міністры, парламентарыі, кіраўнікі розных узроўняў… У БСЖ ёсць кіруючы орган, праграма і мэты, а таксама вядзецца пэўная прапагандысцкая дзейнасць. Акрамя таго, актывісты БСЖ актыўна ўдзельнічаюць у палітычным жыцці краіны.

— Можа, БСЖ ужо неўзабаве стане палітычнай партыяй?

— Я перад сабой такой задачы не стаўлю. Грамадскае мы аб’яднанне або палітычная партыя… Выкананню таго, што запісана ў нашым мандаце, гэта абсалютна не перашкаджае. Сапраўды, члены нашай арганізацыі актыўна ўдзельнічалі ў палітычным жыцці краіны: удзельнічалі ў перадвыбарнай кампаніі як давераныя асобы, як члены выбарчых камісій, недзе нават як старшыні выбарчых камісій, удзельнічаем і ў мітынгах у падтрымку кіраўніка дзяржавы. Магчыма, мы і «вырасцем» да жаночай палітычнай партыі, але пакуль у нашай арганізацыі ёсць іншыя задачы, і галоўная з іх — прыцягнуць моладзь у нашы шэрагі.

— У вас ужо ёсць план, як гэта зрабіць?

    — Ёсць. Ва ўсіх справах важная пераемнасць! Прасцей, калі за плячыма ёсць тыя, хто ўжо прайшоў нейкі шлях — з іх вопытам, жыццёвай, эканамічнай, сацыяльнай і палітычнай мудрасцю. Нам ёсць, што сказаць маладым. Любы рух павінен быць паступальным, а не такім, дзе трэба ўсё разбурыць і будаваць нанава. Таму мы вельмі хочам прыцягнуць актыўную моладзь у нашы шэрагі і потым яе не страціць. Мы хочам зрабіць школу жаночага лідарства, і калі ўсё будзе добра, то хутка пачнём праект з Акадэміяй кіравання па падрыхтоўцы жанчын-лідараў.

БСЖ вылучыла на Усебеларускі сход 135 дэлегатаў, у тым ліку вас. Скажыце, вы ўпершыню з’яўляецеся дэлегатам? Што для вас азначае стаць прадстаўніком на Усебеларускім народным сходзе?

— На самай справе ў нас не 135 дэлегатаў. Ёсць актывісты ў БСЖ, якіх вылучылі ў дэлегаты ад іншых арганізацый, напрыклад ад Белай Русі, нашы ёсць і сярод дэпутацкага корпусу, пачынаючы з дэпутатаў ад мясцовых Саветаў да Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Сама я ўпершыню з’яўляюся дэлегатам. Раней удзельнічала ў падрыхтоўцы УНС у арганізацыйным камітэце. Таму піетэт да мерапрыемства ў мяне ўжо ёсць. Асабіста для мяне быць дэлегатам — гэта непасрэдна ўплываць на Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Мы правялі дыялогавыя пляцоўкі, дзе імкнуліся агучыць праблемы, якія сёння ёсць. Мы сабралі інфармацыю, згрупавалі і выбралі 67 найбольш важных прапаноў, накіраваных на абарону сям’і, выхаванне патрыятызму моладзі, пашырэнне магчымасцяў пры працаўладкаванні і дапамозе людзям, якія прынялі рашэнне застацца жыць у вёсцы. Гэтыя прапановы могуць палепшыць сацыяльную палітыку дзяржавы. Калі ж мы аналізавалі Канстытуцыю, то прыйшлі да высновы, што істотных змяненняў у дачыненні да сацыяльнай абароны нашых грамадзян у дакумент уносіць не трэба. Таму што права на адукацыю, права на ахову здароўя, на культурную спадчыну і сацыяльныя правы, якія ёсць, шырэй прапісаць ужо немагчыма.

«Звязда». Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

image_pdfСоздать PDFimage_printВерсия для печати

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here