Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 снежня правёў нараду па пытаннях распрацоўкі процівірусных вакцын і лакалізацыі вытворчасці замежных вакцын.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння ўвага ўсяго свету сканцэнтравана на адной праблеме — ліквідацыі ўспышкі пандэміі COVID-19. Для гэтага ва ўсіх краінах прымаюцца беспрэцэдэнтныя меры, і Беларусь не выключэнне. Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў краіне змагаюцца з распаўсюджваннем каранавіруса «спакойна, як належыць, захаваўшы сістэму аховы здароўя».

«Апошнія два тыдні мы рэгулярна разглядаем пытанні арганізацыі выяўлення і лячэння ў краіне хворых з каранавіруснай інфекцыяй. Я запрасіў вас для таго, каб абмеркаваць наступны этап процістаяння глабальнай хваробе — масавую вакцынацыю насельніцтва ў мэтах выпрацоўкі так званага калектыўнага імунітэту», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У краіне цяпер абмяркоўваюць магчымасць вытворчасці замежнай вакцыны ад каранавіруса. Акрамя таго, беларускія вучоныя нацэлены на стварэнне ўласнага прэпарату.

Лукашэнка: Беларусь будзе забяспечана вакцынай, і кожны атрымае да яе свабодны доступ

Беларусь будзе забяспечана вакцынай, і кожны жадаючы будзе мець да яе свабодны доступ. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях распрацоўкі процівірусных вакцын і лакалізацыі вытворчасці замежных вакцын.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, каб правесці маштабную вакцынацыю ад COVID-19, Беларусь можа пайсці двума шляхамі. Першы заключаецца ў распрацоўцы ўласных вакцын. «Ёсць вучоныя, ёсць напрацоўкі, ёсць школа — трэба гэтым займацца. На што выйдзем, я вас хачу сёння паслухаць, каб дарэмна не траціць грошы. Таму ўласнымі беларускімі вакцынамі займацца будзем», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вытворчасць імуналагічных прэпаратаў такога ўзроўню — абсалютна новая для Беларусі задача. «Ёсць пэўны патэнцыял і ў Міністэрстве аховы здароўя, і ў Акадэміі навук. Як мне дакладваюць, на вырашэнне гэтай задачы ўжо нацэлены вядучыя супрацоўнікі і вучоныя ў сферах вірусалогіі, імуналогіі, генетыкі, клетачнай інжынерыі», — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Каб выбраць найбольш характэрны штам віруса для вытворчасці вакцыны, вывучана генетычная разнастайнасць яго варыянтаў. Адпрацоўваюцца тры магчымыя тэхналогіі атрымання прататыпа вакцыны. Вывучаецца дынаміка стану імунітэту ў пацыентаў пасля перанесенай пнеўманіі, выкліканай каранавірусам, а таксама аспекты захавання імуннага адказу арганізма.

Гэта дапаможа выбраць асноўную «мішэнь» для стварэння айчыннай вакцыны, адзначыў Прэзідэнт. Паралельна адпрацоўваецца тэхналагічны працэс, ідзе пошук пастаўшчыкоў для закупкі абсталявання.

Другі падыход заключаецца ў лакалізацыі вытворчасці замежных распрацовак. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія ўжо вывучаныя і прапрацаваныя акалічнасці — тэрміны, аб’ёмы, крыніцы фінансавання і перспектыўныя магчымасці, а таксама на якім этапе сумесны праект холдынга «Белфармпрам» і расійскага Нацыянальнага даследчага цэнтра імя Гамалеі.

«Аднак незалежна ад таго, выйдзем мы на вытворчасць вакцыны ў разумныя тэрміны ці не, хачу, каб грамадства ведала — краіна будзе забяспечана вакцынай, і кожны жадаючы зможа мець да яе свабодны доступ», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, у першую чаргу будуць прышчэплены пажылыя людзі, медыкі, настаўнікі, работнікі гандлю. «Для гэтага мы заўсёды знойдзем сродкі, і абавязаны гэта зрабіць», — падкрэсліў ён.

Лукашэнка аб «гонцы вакцын»: на жаль, пытанне здароўя людзей пераходзіць у камерцыйную плоскаць

У «гонку вакцын» сёння актыўна ўключыліся амаль усе краіны, ідзе распрацоўка каля 200 патэнцыяльных прэпаратаў. Штодзень гучаць заявы пра поспехі і тут жа з’яўляецца інфармацыйнае выкрыццё, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«На жаль, пытанне здароўя людзей, мільёнаў жыццяў, лёсаў пераходзіць у толькі камерцыйную плоскасць. Акрамя таго, краіны, якія маюць неабходны навуковы і вытворчы патэнцыял, у пытанні стварэння і вытворчасці вакцын у першую чаргу ўлічваюць свае патрэбнасці і, шчыра кажучы, палітычныя прыярытэты, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Пры нядобрым развіцці падзей граніцы імгненна закрываюцца, вываз біятэхналагічнай прадукцыі, вырабаў медыцынскага прызначэння і спецыяльнага абсталявання блакіруецца».

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што сусветная супольнасць і міжнародныя арганізацыі пакуль не могуць прапанаваць дзейсных інструментаў аднаўлення справядлівасці і чалавечнасці ў гэтым пытанні.

Да канца вясны ў Беларусі 1,2 млн чалавек плануюць вакцынаваць ад COVID-19

Да канца вясны ў Беларусі плануецца вакцынаваць ад COVID-19 1,2 млн чалавек. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы па пытаннях распрацоўкі процівірусных вакцын, а таксама лакалізацыі вытворчасці замежных вакцын у Беларусі.

Масавая вакцынацыя ад каранавіруса, паводле слоў міністра, пачнецца ў студзені 2021 года вакцынамі замежнай вытворчасці, закупка якіх цяпер вядзецца. Да канца вясны плануецца прышчапіць 1,2 млн чалавек, а затым выйсці на паказчык 5,5 млн вакцынаваных. «Больш, напэўна, не, таму што не стаіць пытанне татальнай імунізацыі. Пытанне тут не ў грошах, а пытанне ў мэтазгоднасці і проціпаказаннях», — сказаў Дзмітрый Піневіч.

«Вакцынацыя насельніцтва застаецца найважнейшым кампанентам у барацьбе з эпідэмічным працэсам. Беларусь у гэтых адносінах не з’яўляецца выключэннем», — звярнуў увагу міністр. Ён растлумачыў, што ў першую чаргу для правядзення маштабнай вакцынацыі будуць выкарыстоўвацца прэпараты замежнай вытворчасці, закупка якіх цяпер праводзіцца. «У нас будзе вакцына для масавага прымянення, і будзе шэраг вакцын (мы плануем каля 5-6) розных вытворцаў, якія будуць прадстаўлены як для бясплатнага вакцынавання, так і па жаданні насельніцтва можна будзе выбіраць вакцыну для прышчэплівання», — сказаў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя. Паводле яго слоў, працэс будзе наладжаны па аналогіі з вакцынацыяй ад грыпу. Што датычыцца катэгорый, якія будуць прышчэплены ад каранавіруса ў першачарговым парадку, то яны ўжо вызначаны: медыцынскія работнікі, педагогі, работнікі прадпрыемстваў гандлю і транспарту.

Адначасова з пачаткам маштабнай вакцынацыі будзе наладжвацца вытворчасць вакцын у Беларусі. «Другі кампанент — лакалізацыя замежных вакцын на вытворчых магутнасцях нашых прадпрыемстваў. Мы вызначылі пляцоўкі, на якіх будзе праводзіцца маштабаванне вытворчасці вакцын. Перш за ўсё гэта расійскія вакцыны, — адзначыў Дзмітрый Піневіч. — Гэта будуць бізнес-праекты, якія маюць на мэце насычэнне нашай краіны бяспечнымі, якаснымі вакцынамі і магчымыя экспартныя пастаўкі ў будучым».

Трэці кампанент сістэмы вакцынацыі насельніцтва — стварэнне айчыннай вакцыны. Для гэтага будзе распрацавана і зацверджана на ўзроўні кіраўніка дзяржавы комплексная праграма з выразна прапісанымі мерапрыемствамі, тэрмінамі, адказнасцю ўдзельнікаў. Аб гэтым, у прыватнасці, ішла размова сёння на нарадзе ў Прэзідэнта. Акцэнт рабіўся не столькі на магчымасці стварэння вакцыны, колькі на магчымасці маштабавання яе вытворчасці. «Гэта вельмі складаны працэс, і сёння мы гэты ланцужок вырысавалі», — пракаменціраваў міністр.

Прататып беларускай вакцыны ад каранавіруса можа з’явіцца да канца 2021 — сярэдзіны 2022 года

Прататып беларускай вакцыны ад каранавіруса можа з’явіцца да канца 2021 — сярэдзіны 2022 года. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы па пытаннях распрацоўкі процівірусных вакцын, а таксама лакалізацыі вытворчасці замежных вакцын у Беларусі.

Паводле яго слоў, створана рабочая група па распрацоўцы айчыннай вакцыны, куды ўваходзяць 15 чалавек. Гэта вучоныя НАН і ўстаноў Міністэрства аховы здароўя. Перад імі стаіць задача распрацаваць айчынную вакцыну, якая была б прынамсі не горшая за замежныя аналагі, але ўлічвала беларускую спецыфіку, умовы ходу хваробы на тэрыторыі нашай краіны, адзначыў Уладзімір Гусакоў.

Цяпер праводзяцца актыўныя даследаванні, вывучаецца замежны вопыт. «Мы мяркуем, што зможам выйсці на прататып нашай беларускай вакцыны да канца 2021 — сярэдзіны 2022-га. Далей пройдуць клінічныя і даклінічныя выпрабаванні», — расказаў старшыня Прэзідыума НАН.

Пакуль работы праводзяцца на існуючым абсталяванні Акадэміі навук, але ў далейшым плануецца стварэнне спецыялізаванай лабараторыі. Чакаецца распрацоўка і зацвярджэнне на ўзроўні Прэзідэнта комплекснай праграмы па распрацоўцы айчыннай вакцыны ад каранавіруса.

Вытворчасць расійскай вакцыны ў Беларусі плануюць пачаць у другім квартале 2021 года

Вытворчасць расійскай вакцыны ў Беларусі плануюць пачаць у другім квартале 2021 года. Аб гэтым расказаў генеральны дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Кіруючая кампанія холдынга «Белфармпрам» Сяргей Казакевіч.

«Што датычыцца лакалізацыі вытворчасці (замежнай вакцыны ў Беларусі. — Заўвага БЕЛТА), гэты этап сёння знаходзіцца ў даволі сур’ёзнай ступені прапрацоўкі. Мы плануем, што вытворчасць будзе арганізавана ўжо ў 2021 годзе на некалькіх пляцоўках і працэс вакцынацыі будзе весціся ў тым ліку з выкарыстаннем вакцыны, вырабленай у Беларусі», — расказаў Сяргей Казакевіч.

Паводле яго слоў, для вытворчасці вакцыны (хутчэй за ўсё, гэта будзе расійская «Спадарожнік V») будуць задзейнічаны дзве пляцоўкі «Белмедпрэпаратаў» у Мінску і магутнасці віцебскага прадпрыемства «БелВітуніфарм». «Гэтыя тры пляцоўкі пачнуць работу адна за адной. Я планую, што адна пачне працаваць недзе ў другім квартале, наступная павінна пачаць працаваць па выніках трэцяга квартала, трэцяя — да канца года», — растлумачыў дырэктар холдынга.

Сяргей Казакевіч адзначыў, што беларускія фармацэўтычныя прадпрыемствы раней не займаліся прамысловай вытворчасцю вакцын, таму іх давядзецца аснашчаць новым абсталяваннем. «Мы ўдзячны нашым расійскім партнёрам за тое, што яны разам з намі ўступяць у гэтыя праекты. Мы атрымаем вопыт, тэхналогіі і ў далейшым зможам рэалізоўваць больш маштабныя праекты ў гэтай сферы», — дадаў ён.

 

image_pdfСоздать PDFimage_printВерсия для печати

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here