Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў 23 кастрычніка рабочую паездку ў Слуцкі раён Мінскай вобласці. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з ходам уборачнай кампаніі ў цэлым па краіне і ў рэгіёне ў прыватнасці.

Прэзідэнт наведаў сельскагаспадарчы філіял ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» і МТК «Ванькоўшчына», дзе яму далажылі аб новых падыходах да будаўніцтва малочнатаварных комплексаў у Мінскай вобласці.

«Год вельмі добры» — Лукашэнка ацаніў работу АПК

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў работу сельскагаспадарчай галіны ў 2020 годзе. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у час рабочай паездкі ў Слуцкі раён.

Прэзідэнт адзначыў, што бягучы год, вядома, няпросты, але ў частцы вынікаў работы аграпрамысловага комплексу ён быў удачны.

«Год вельмі добры, нягледзячы на тое, што ён высакосны, кавідны, палітычны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі сабраны багаты ўраджай збожжа — больш як 10,3 млн т, уключаючы 8,5 млн т збожжавых каласавых, кукурузу, рапс.

Прэзідэнт яшчэ раз адзначыў правільнасць выбранага ў Беларусі шляху па процідзеянні каранавіруснай інфекцыі, дзякуючы якому ў краіне не спынялася эканамічная дзейнасць, працавалі прадпрыемствы АПК, забяспечана харчовая бяспека. «І тое, што мы не прагнуліся пад кавід вясной — цяпер ужо і вы бачыце, што мы правільна зрабілі. І цяпер аграрыі кажуць, што толькі 10-15 працэнтаў на складах запас (гатовай прадукцыі. — Заўвага БЕЛТА). Усё са свістам ідзе на экспарт, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Будзем апрануты, накормлены і прададзім мільярдаў на 5-6 (долараў. — Заўвага БЕЛТА) сельгаспрадукцыі».

Лукашэнка пра сельгаспрадукцыю: усю зіму кантроль за цэнамі будзе сур’ёзны

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае важнасць нарыхтоўкі дастатковых аб’ёмаў уласнай агародніны і садавіны пры захаванні для пакупнікоў магчымасці выбару той ці іншай прадукцыі.

Прэзідэнту далажылі аб завяршальным этапе асенніх палявых работ, уборцы агародніны і кукурузы, напаўненні стабілізацыйных фондаў.

«Задача мэра Мінска і губернатараў — размеркаваць такім чынам агародніну, бульбу, каб і цэны не скакалі зімой, і хапіла да новага ўраджаю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён пацікавіўся ўраджаем і нарыхтоўкай садавіны. Заканчваецца ўборка яблыкаў, і ў цэлым па гэтым відзе прадукцыі патрэбнасць краіны будзе забяспечана поўнасцю. Пры гэтым няма забароны і на імпартную прадукцыю. «У чалавека няхай будзе выбар. Мы ж не забараняем егіпецкі або яшчэ які-небудзь яблык прадаваць. Калі ласка, прадавайце. Але каб побач ляжаў добры свой яблык. Глядзіце, усю зіму кантроль за цэнамі будзе вельмі сур’ёзны. Дэпутаты і прафсаюзы сарыентаваны на гэта. І яны ўзяліся за гэту праблему вельмі сур’ёзна. Але вам трэба глядзець, трымаць у руках гандаль», — заявіў Прэзідэнт.

«Распарадзіцеся, каб на прылаўку заўсёды была (айчынная прадукцыя. — Заўвага БЕЛТА). Смешна — з Егіпта, Турцыі бульбу завозяць. Ну добра, няхай завозяць. Але ў нас лепшая ў свеце бульба», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніку дзяржавы ў сувязі з гэтым далажылі, што апошнім часам па бульбе імпартныя пастаўкі зведзены да мінімуму.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на важнасць паставак сельгаспрадукцыі на экспарт. «Вы ж бачыце, які попыт. Вельмі пашанцавала і па цукры. Ужо расіяне сёння закідваюць вудачку — у іх дэфіцыт вялікі цукру. Мы, вядома, дапаможам. І цэны падняліся на цукар», — заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама патрабуе не крыўдзіць вяскоўцаў, каб яны атрымалі дастойную аплату за вырабленую і пастаўленую прадукцыю.

У цэлым з завяршэннем уборачнай кампаніі праблем няма, далажылі кіраўніку дзяржавы. «Я таксама так адчуваю, што праблем, відаць, у нас не будзе. Галоўнае, каб своечасова ўбраць», — сказаў ён.

У ліку важных задач на гэты асенне-зімовы перыяд Прэзідэнт назваў арганізацыю належным чынам захавання кармоў. «Трэба гэта асабліва губернатарам узяць на кантроль, каб была якасць кармоў. А то ў нас мільёны тон, а атрымліваецца не сянаж, як раней гаварылі, а «гнілаж». Вось каб гэтага не было, каб кансервацыя нармальная была, трамбоўка, і добрыя кармы. Тады і здароўе жывёл, і, самае галоўнае, якасць малака і мяса будзе лепшая», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама азнаёміўся з рознымі відамі прадукцыі, якую вырабляюць на Слуцкім сыраробным камбінаце. Амаль 70 працэнтаў прадукцыі прадпрыемства накіроўваецца на экспарт. А ў гэтым годзе, як сцвярджаюць на камбінаце, назіраецца як павелічэнне попыту на прадукты харчавання, так і рост цэн на іх. Прэзідэнту былі прапанаваны для дэгустацыі розныя віды сыроў, а ў якасці ўзораў прадстаўлены новыя віды прадукцыі, у тым ліку сухая сумесь для прыгатавання марожанага. Выпуск гэтага прадукту Слуцкі сыраробны камбінат асвойвае для паставак на рынак Кітая.

У якасці падарунка ад прадпрыемства кіраўніку дзяржавы перадалі сыр пармезан тэрмінам выспявання 12 месяцаў.

Лукашэнка: будзем будаваць новыя прадпрыемствы з разлікам на кампетэнцыі нашых людзей

Для развіцця прамысловага патэнцыялу Беларусь будзе ўкладваць грошы ў будаўніцтва новых прадпрыемстваў з разлікам на кампетэнцыі айчынных спецыялістаў, заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Адно з пытанняў, зададзеных кіраўніку дзяржавы, датычылася планаў запуску ў Беларусі з наступнага года новага інвестыцыйнага цыкла, аб чым было заяўлена ўрадам пры абмеркаванні праектаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі і рэспубліканскага бюджэту на 2021 год.

«Трэба ўкладваць грошы ў будаўніцтва новых прадпрыемстваў. Па-першае, высокатэхналагічных, таму што будаваць старызну бескарысна: на рынку не зможам канкурыраваць і прадаваць прадукцыю, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Будзем будаваць новыя прадпрыемствы, ці то ў вёсцы, ці то у прамысловасці, з разлікам на кампетэнцыі нашых людзей. Гэта галоўнае».

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў дрэваперапрацоўчую прамысловасць. Беларусь, валодаючы значнымі ляснымі рэсурсамі, у свой час пастаўляла на экспарт драўніну, затым у выніку мадэрнізацыі галіны была арганізавана вытворчасць цэлюлозы, якая раней увозілася ў краіну. Цяпер наступны этап, калі трэба з цэлюлозы рабіць разнастайную гатовую прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю. «Вось мы прадаём цэлюлозу ў Кітай і радуемся. А трэба рабіць з яе канечны прадукт, тавар. У гэтым будзе сэнс. У сельскай гаспадарцы мы гэта навучыліся добра рабіць, — адзначыў Прэзідэнт. — Будзем паціху паглыбляцца і на гэтым мы добра заробім».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі асвоены і новыя высокатэхналагічныя галіны, як, напрыклад, космас і атамная энергетыка. Аднак у далейшым не стаіць задача канцэнтравацца толькі на такіх маштабных праектах з нуля. «Але не ў гэтым наша мэта. Мы не настолькі багатыя, і нам, можа, яны не так і патрэбны ўжо. Будзем развіваць тыя кампетэнцыі і напрамкі, дзе мы нешта разумеем. Будзем паглыбляцца, каб дабаўленая вартасць была вышэйшая. У гэтым сэнс новага інвестыцыйнага цыкла будучага года», — растлумачыў Прэзідэнт.

«Сэнс гэтага інвестыцыйнага цыкла ў тым, каб пабудаваць новыя высокатэхналагічныя прадпрыемствы і, мадэрнізуючы, развіваючы старыя, паглыбляць вытворчасць», — дадаў беларускі лідар.

Больш падрабязна праекты асноўных фінансава-эканамічных дакументаў плануецца разгледзець на ўзроўні кіраўніка дзяржавы ў лістападзе, перш чым яны будуць унесены ў парламент. Больш доўгатэрміновыя планы — на пяцігодку — будуць разглядацца на Усебеларускім народным сходзе.

Лукашэнка пра COVID-19: сітуацыя ў Беларусі кантралюемая

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў краіне ёсць неабходны вопыт, медыкаменты, выбудавана рознаўзроўневая сістэма лячэння. Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб важнасці падтрымання здаровага ладу жыцця, што ў выпадку захворвання на каранавірус садзейнічае больш лёгкаму або наогул бессімптомнаму праходжанню хваробы. Разам з тым ён заклікаў паберагчыся, асабліва тых, хто ўваходзіць у групы рызыкі, прымаючы неабходныя меры засцярогі ў грамадскіх месцах.

«Пакуль у нас сітуацыя кантралюемая абсалютна, — заявіў беларускі лідар. — Лякарстваў дастаткова, сістэму мы стварылі. Мы не цягнем усіх у бальніцы. Калі ўжо чалавек цяжкі, калі мы бачым у яго прагрэс па хваробе сур’ёзны, вядома, мы яго ў бальніцу. Таму што раптам трэба на кісларод, на ШВЛ яго трымаць».

«Трэба нармальна жыць (займацца спортам, правільна харчавацца. — Заўвага БЕЛТА), пастаянна рыхтаваць сябе да любой хваробы. І калі бог будзе бачыць, што ты сам сябе стараешся падтрымліваць, абараняць, можа, і дапаможа», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што гэта важна супраць любой хваробы, а тым больш супраць віруса.

«Але ні ў якім разе нельга хавацца. Так, дзе шмат людзей, трэба карыстацца маскай — магазіны, метро, яшчэ дзесьці, — параіў Аляксандр Лукашэнка. — Там, дзе трэба, павінна быць маска. І часцей на паветры быць, а лепш — у лесе».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што асабліва трэба берагчы людзей пажылога ўзросту. Грамадзян з гэтай катэгорыі, калі яны перанеслі хваробу, спецыяльна накіроўваюць на рэабілітацыю.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што спрашчацца нельга, і яго насцярожвае вельмі хуткі рост захваральнасці, хоць пакуль і менш цяжкіх выпадкаў. Пры гэтым трэба ўлічваць, што тэсціраванне на каранавірус праводзіцца значна больш масава, чым вясной і ў пачатку лета, а таму і выяўляльнасць больш высокая.

«У Беларусі пакуль гэта сітуацыя кантралюемая. Але расслабляцца ні ў якім разе нельга. Я яшчэ думаю: калі б мы з гэтымі пратэстунамі па Мінску па вуліцах не цягаліся, была б зусім іншая сітуацыя. У нас Мінск дае палову захварэлых. А ў першую хвалю даваў 25-30 працэнтаў. Таму што больш за ўсё мы цягаемся па вуліцах менавіта ў Мінску. Але справімся», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка згадаў і аб уласным вопыце, калі ён фактычна на нагах перанёс гэту хваробу ў перыяд перадвыбарнай кампаніі: «Што для мяне каштоўна — я зразумеў, што гэта за хвароба. Самае галоўнае, калі захварэеш, каб не было псіхозу. Я інтуітыўна гэта адчуў, яшчэ калі сам не хварэў».

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што спачатку ў яго метады дзеяння ва ўмовах пандэміі ў Беларусі большасць насельніцтва не паверыла. «Я сумленна гэта прызнаю. Страшна было, але я разумеў, што ўся хвароба — у галаве. Фізічна мы перанясём раны, траўмы і іншае. Але калі ты пачынаеш паддавацца псіхозу — усё, — заўважыў Прэзідэнт. — Кавід стаў самай страшнай хваробай. Людзі ўжо забылі пра анкалогію і думалі пра гэты вірус. Гэта няправільна, я гэта адчуваў. Гэта мая інтуіцыя, вопыт. І спрабаваў вам гэта ў галаву ўкласці і дастукацца да вас. Вы мне не паверылі. Але цяпер жа вы пераканаліся, што я меў рацыю».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што не проста так аднойчы сказаў аб тым, што каранавірус пройдзе, а «есці што будзем?» «Я проста хацеў, каб вы запомнілі. Я меў рацыю. Мая галоўная парада, яна і цяпер актуальная: ніякага псіхозу!» — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што, хутчэй за ўсё, з гэтай хваробай давядзецца жыць, як і ў выпадку з грыпам. «Будзе вакцына — правакцынуем людзей», — падагульніў Прэзідэнт.

Лукашэнка не з’яўляецца прыхільнікам правядзення ў Мінску маштабнага мітынгу

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не з’яўляецца прыхільнікам правядзення ў Мінску маштабнага мітынгу, які арганізуе Федэрацыя прафсаюзаў разам з іншымі грамадскімі арганізацыямі краіны.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што на гэты мітынг з усёй краіны выказалі жаданне прыбыць шмат людзей — каля 250-300 тыс. Каб даставіць усіх жадаючых, спатрэбіліся б тысячы аўтобусаў, дзясяткі эшалонаў паяздоў. Плюс жыхары Мінска, якія таксама прыйшлі б на мерапрыемства. У выніку быў бы запоўнены ўвесь цэнтр Мінска.  І галоўнае, што хвалюе Прэзідэнта, — пытанне арганізацыі бяспекі.

«Я сёння патэлефанаваў прэм’ер-міністру і гавару: Раман Аляксандравіч, збяры людзей, губернатараў і іншых, парайцеся. Нам не трэба ў Мінск збіраць людзей. Гэта будзе калапс. Мы паралізуем поўнасцю Мінск, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Чалавек едзе Бацьку падтрымаць, але ён жа Бацьку хоча і ўбачыць. А як ён убачыць? Я думаў, выступлю на Кастрычніцкай плошчы. Ну 15 тыс. мяне ўбачаць».

«І галоўнае — мы не забяспечым бяспеку людзей. Вось што галоўнае. Мы ўжо атрымліваем гэту інфармацыю. Гэта мяне насцярожвае. Я не баюся, але мяне насцярожвае. Адзін узрыў недзе ў натоўпе, і людзі пачнуць душыць, як на Нямізе», — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што на мерапрыемства збіраліся прыбыць многія людзі пажылога ўзросту, ветэраны. А таму стаіць пытанне іх бяспекі, аператыўнага аказання меддапамогі, калі ўзнікне такая неабходнасць.

«А пратэстуны па вуліцах ходзяць. Мы што, міліцыю цяпер забяром для арганізацыі бяспекі… А хто будзе кантраляваць астатнюю частку?» — заўважыў беларускі лідар.

«І калі я вось гэта ўсё ў кучу сабраў, тэлефаную прэм’ер-міністру, гавару: вельмі непрыемная табе навіна. Яны ўжо ўсё вызначылі, хто куды будзе ехаць і іншае. Я кажу: мерапрыемства трэба адмяняць, уяўляеш, 250 тыс. — мы не пераварым. І галоўнае, з якім настроем чалавек паедзе з Мінска», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Плюс да ўсяго яшчэ і фактар каранавіруса, адзначыў Аляксандр Лукашэнка: «Старыя людзі, яны рвуцца, мы іх не ўтрымаем. Яны ўсе могуць заразіцца. І ў нас будзе яшчэ большы кавід, чым у краінах навокал».

«Таму маё меркаванне на сённяшні дзень — нельга, не трэба нам збіраць людзей. Пераб’ёмся. Чаго нам прыпадабняцца да іх (удзельнікаў пратэстаў. — Заўвага БЕЛТА), — сказаў беларускі лідар. — Я, вядома, вельмі ўдзячны грамадскім арганізацыям, прафсаюзам нашым, што яны не пабаяліся вылучыць гэту ініцыятыву. Але за 3-4 дні, пакуль гэта ўсё разгортвалася, я прыходжу да высновы, што нам нельга рызыкаваць людзьмі».

Паводле слоў Прэзідэнта, гэта хваля пайшла пасля апошняй нядзелі, калі пачалася радыкалізацыя пратэснага руху. «Проста пайшла хваля ад людзей. Людзі стаміліся. І яны адчулі, што мы можам страціць. Добра, што адчулі ў выніку гэтых хаджэнняў, а не вайны, як многія постсавецкія краіны, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Хочацца, каб быў спакой, мір. Гэта добра. Мы без вайны гэта зразумелі. Людзі, зразумеўшы, што яны могуць страціць, узбунтаваліся: мы хочам прыйсці, прадэманстраваць, паказаць, што нас шмат».

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад Таджыкістан, дзе нядаўна абсалютная большасць насельніцтва на выбарах падтрымала дзеючага Прэзідэнта Эмамалі Рахмона, хоць пэўныя сілы і спрабавалі хістаць краіну: «Але ніхто не варухнуўся. Таму што яны на маіх вачах у сярэдзіне 90-х страцілі, хто кажа 200 тыс., хто 300 тыс. Паўмільёна чалавек загінула (у перыяд грамадзянскай вайны. — Заўвага БЕЛТА). Тады яшчэ не гаварылі пра каляровыя рэвалюцыі. Ён (Эмамалі Рахмон. — Заўвага БЕЛТА) з боем уваходзіў у Душанбэ, ён расказваў, як гэта было».

Прэзідэнт прапанаваў вясной, калі будзе цёпла, правесці масавае мерапрыемства і сабраць там усіх жадаючых: «Я абяцаю, што вясной-летам на розных пляцоўках у свабодным месцы (гэта наш недахоп, мы рэдка людзей вось так запрашаем) мы арганізуем такія прыгожыя мерапрыемствы, куды прыедзеце з дзеткамі, адпачняце. Ды і супакоіцца сітуацыя. І будзеце задаволены. А так мы можам атрымаць як мінімум адваротны эфект».

«Але я не прыхільнік гэтага (маштабнага мітынгу. — Заўвага БЕЛТА). Вядома, мне ж прымаць рашэнне і несці адказнасць. Я не буду прымаць рашэнне, каб цягнуць людзей у Мінск», — рэзюмаваў беларускі лідар.

 

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here