Для папулярызацыі беларускай літаратуры ў Жодзінскай гарадской бібліятэцы дзейнічае новая форма работы – інтэрактыўная гульня-віктарына “Беларусь літаратурная”.

Для яе ажыццяўлення была праведзена вялікая падрыхтоўчая праца: на ДВП памерам 2х3 метры спраектавалі карту Беларусі, затым лобзікам акуратна выразалі па контуру, фарбамі адзначылі межы кожнай вобласці, гарады, вёскі, рэкі, азёры. Праўда, не ўсе, а тыя, што сустракаюцца ў  назвах твораў беларускіх аўтараў, альбо звязаныя з жыццём і дзейнасцю беларускіх пісьменнікаў. Падрыхтавалі карту, якую можна пакласці на падлогу, ці выйсці з ёй на вуліцу, у парк, а таксама 30 пытанняў і прызы – салодкія ласункі, кніжныя закладкі, календарыкі.

Сэнс гульні-віктарыны заключаецца не толькі ў тым, каб правільна адказаць на пытанне, трэба першаму знайсці гэты адказ на карце і паставіць на тым месцы кеглю. Гульня дапамагае разам з літаратурай вывучаць геаграфію роднага краю, ярчэй ўяўляць, дзе абдываюцца дзеянні ў тым ці іншым творы, альбо дзе знаходзяцца на карце мясціны нараджэння ці дзейнасці айчынных пісьменнікаў.

Прыклады пытанняў. Дзе нарадзіўся тытан эпохі Адраджэння, асветнік-гуманіст, вучоны, пісьменнік і перакладчык,заснавальнік кнігадрукарства ва Усходняй  Еўропе? У якім горадзе дзейнічала падполле пад кіраўніцтвам  Канстанціна Заслонава ў аднаімённай п’есе А.Маўзона? Пра заснаванне якога горада расказвае Янка Купала ў паэме “Магіла Льва”? Якую вёску называюць калыскай купалаўскай песні? Шляхта з якой мясцовасці прадстаўлена ў камедыі Дуніна-Марцінкевіча? Якое знакамітае возера стала назвай адной з паэм Максіма Танка? Над якой ракой шэпча, паміраючы, герой апавядання Міхася Лынькова Васька Шкетаў: “Эх, позна, позна, і так рана, рана”?  

У гэтай гульні ёсць і падвох: ты можаш ведаць адказ на пытанне, радасна агучыць яго, але не адразу знайсці месца на карце. Хтосьці, пачуўшы адказ, хутчэй адшукае дадзенае месца і атрымае прыз.

Гульня вельмі рухомая, выклікае азарт, смех і добры настрой.

Прыходзьце, згуляем!

Ірына Хілюціч, бібліятэкар ЦГБ

 

 

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here