Калі я распачынала конкурс “Зямля бацькоў – мая зямля”, то нават не думала, што ён перарасце ў нешта большае, чым проста здымкі з розных куткоў Беларусі. Людзі сталі дасылаць нам цэлыя апавяданні пра сваю бацькаўшчыну, пра тыя мясціны, якія лічаць самымі дарагімі, калі нават ужо даўно не жывуць там. Захацелася і самой расказаць пра Зэльвеншчыну, пра вёску Пруд – сваю малую радзіму, куды я кожны раз вяртаюся з радасцю і хваляваннем.

Зэльва – гэта невялічкі гарадскі пасёлак у Гродзенскай вобласці. Мясціна даволі старажытная. Пры Рэчы Паспалітай Зэльва належала каралеўскай сям’і, затым перайшла да Сапегаў. Знакаміты на ўсю Еўропу Ганенскі кірмаш пачаў працаваць тут на пачатку 17-га стагоддзя. Сёння ён адрадзіўся і кожны год у жніўні збірае жыхароў з усёй ваколіцы.

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла стаіць на мяжы вёсак Пруд і Луконіца.

Асноўная славутасць сучаснай Зэльвы –  касцёл Святой Троiцы, пабудаваны ў 1913 годзе ў неагатычным стылі. Старажытных помнікаў  навокал шмат. Напрыклад, Жыровіцкая і Сынкавічская святыні, пра якія ведае ўвесь свет.

Касцёл Святой Троіцы ў Зэльве.

Што датычыцца мяне, то я не ўяўляю сваю родную вёску Пруд без касцёла Святога Міхаіла Арханёла – архітэктурнага помніка 18-га стагоддзя. У ім я часта знаходжу духоўную падтрымку. Калі разважаць пра назву вёскі, то тут усё проста: некалькі стагоддзяў назад людзі сталі сяліцца на невялічкім возеры. Дарэчы, тут і сёння стаіць стары каменны млын сям’і Анацкіх, які таксама аднесены да гістарычных помнікаў нашага края.

Ганенскі кірмаш.

Пакуль былі жывыя бацькі, я часта бывала ў вёсцы, праводзіла там усе свае адпачынкі. Кожны раз заўважала перамены ў абліччы Пруда. Аднойчы прыехала, а сельскага клуба, які быў недалёка ад нашай хаты, няма. Каму спатрэбілася зносiць яго – не разумею і сёння. Мог прастаяць яшчэ не адно стагоддзе – быў сумленна пабудаваны з вельмі моцнага бярвення, абкладзены цэглай. Мне бабуля расказвала, што каштаваў ён уладам 500 яек, ды трохі iншай ежы. Тут вырасла не адно пакаленне, і многія вельмі сумуюць, у тым ліку і я, калі бачаць на месцы самага вялікага будынка ў акрузе пустэчу, зарослую хмызняком. Сумую я і па хатах і людзях, якія пакінулі іх – хто памёр, а хто пераехаў у горад і не наведвае месцы, дзе нарадзіўся. Год дзесяць таму, гледзячы на пустуючую хату на адным з хутароў, мы з братам купілі яе. Сёння не ўяўляем, як бы мы вялі гаспадарку без нашага хутара, без той прыгажосці – возера, леса, якія нас акружаюць.

Родны двор.
Амаль не змянілася Галынкаўская школа, якую я скончыла.

Апошні мой прыезд у Пруд парадаваў: праз вёску пралажылі добры асфальт. Я з нецярпеннем чакаю, калі адарвуся ад гарадскіх спраў і зноў змагу паехаць туды, дзе маё сэрца. Заўжды, калі я вяртаюся ў родную вёску, з галавой акунаюся ва ўспаміны. І яны звязаныя з тым часам, калі бацькі былі жывыя, калі раніцай я прачыналася ад дзіўных спеваў салаўя, што пасяліўся ў альшыне, рыкання каровы, якую раніцай выганяў на пашу тата, ад клёкату буслоў, гняздо якіх было непадалёк. Каб не была родам з вёскі, то і не ведала б, як ярка могуць зіхацець зоркі. Толькі там і заўважаю гэту прыгажосць.

Хутар Пад’ясень, які стаў часткай майго жыцця.

Хочацца, каб час спыніўся, але ён бязлітасна імчыць уперад. Мая дарагая вёсачка, што на Зэльвеншчыне, я люблю цябе.

Па новым асфальце нават байкеры завіталі ў бязлюдную вёску.

Лiлiя ІСКРА

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here