Кожны год у лютым вернікі санктуарыя Маці Божай Фацімскай адпраўляюцца ў Росіцу – вёску на Віцебшчыне, дзе ў далёкім 1943-м годзе ў агні загінулі больш за паўтары тысячы жыхароў.

Едуць туды, каб пакланіцца нявінным ахвярам і атрымаць падтрымку ў малітве благаславёных Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча – ксяндзоў, якія пайшлі ў агонь разам з людзьмі.

Як нараджаецца святасць? Дзе яе вытокі, і якім чынам яе заслугоўваюць людзі? Як становяцца святымі і калі? На ўсе гэтыя пытанні жодзінцы ў які раз атрымліваюць адказ менавіта там, у касцёле Найсвяцейшай Троіцы, што ў Росіцы. Вось што адбылося тут у 1943 годзе.

…У пачатку лютага пачалася карная аперацыя пад назвай “Зімовае чараўніцтва”. Акрамя нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у ёй удзельнічалі і нацыянальныя паліцэйскія фарміраванні здраднікаў з Латвіі, Літвы і Украіны. Адной з першых ахвяр карнай аперацыі стала Росіца.

…16 лютага 1943 года, аўторак. “Раніцай пачалі біць званы. Немцы заганялі ў росіцкі касцёл першыя групы людзей: маці з немаўлятамі, дзяцей, маладых і старых. У касцёле – плач, крыкі, роспач…” – з успамінаў сястры-эўхарысткі Ядзвігі Віршуты.

Салдаты хапалі ўсіх, хто не паспеў уцячы і зганялі ў муры росіцкага касцёла. Прыбывалі ўсё новыя і новыя групы жыхароў з навакольных вёсак. Храм хутка напоўніўся старымі і маладымі, маці з немаўлятамі і дзецьмі розных узростаў. Былі тут і сёстры-эўхарысткі, і айцы-марыяне Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч.

Некалькі халодных лютаўскіх дзён і начэй запар слухаў храм стогны і плач сваіх і чужых прыхажан. Крыкі і роспач панавалі ў касцёле, людзі дрыжалі ад холаду і страху. Ксяндзы занялі месца пры алтары і загаварылі з людзьмі. Суцяшэннем сталі словы іх гарачых малітваў.

Нямецкі афіцэр дазволіў сёстрам і святарам свабодна пакідаць і ўваходзіць у касцёл. Гэтую магчымасць яны выкарысталі для выпякання хлеба і здабывання ежы, каб карміць людзей, што засталіся ў касцёле, падтрымліваць іх жыццёвыя сілы. Карнікі казалі людзям, што іх павязуць на працу ў Германію, але надзея на гэта была слабая, бо вакол Росіцы дзень і ноч палымнелі пажары. На самой справе, з храма было толькі дзве дарогі – у фашысцкія лагеры ці ў агонь.

У сясцёр і ксяндзоў была магчымасць бесперашкодна выехаць з Росіцы і выратаваць сваё жыццё. Па загадзе ксяндзоў сёстры-эўхарысткі пакінулі мястэчка. Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч у сваім святарскім сумленні вырашылі, што іх святы абавязак – заставацца там, дзе пакутуе іх паства, каб быць дапамогай людзям у апошнія хвіліны жыцця.

Праз нейкі час ад касцёла ад’ехала мноства фурманак – карнікі звозілі людзей у калгасную канюшню. На адной з іх быў ксёндз Антоній Ляшчэвіч…

Праз дзень іншая група, прызначаная на пакутлівую смерць, выходзіла з касцёла – яе ўзначаліў з крыжам у руках ксёндз Юрый Кашыра. Яго апошнія словы: “Дзе мае браты будуць паміраць, там і я…”

Большасць палонных жывымі спалілі ў калгасных стайнях і хацінах. Тады загінула каля 1530 чалавек. Са сваімі прыхажанамі згарэлі і святары. Апошнім гукам у абязлюднелай і вынішчанай Росіцы быў рып павозак, на якіх адвозілі ў нямецкую няволю скамянелых ад перажытага, але ўцалелых людзей. Іх чакаў канцэнтрацыйны лагер “Саласпілс”, што пад Рыгай. Мала хто вярнуўся адтуль…

У пасляваенныя гады росіцкая парафія не мела магчымасці ўзнавіцца. У будынку касцёла ладзіліся спектаклі, пазней храм ператварылі ў склад. Потым з-за адсутнасці рамонту згніў дах і часткова абваліліся скляпенні.

Але справядлівасць перамагла … Касцёл стараннямі людзей з 1988 года паціху пачаў адбудоўвацца. Ксёндз Антоній Лось пачаў рамонт святыні, якая набыла тытул Найсвяцейшай Троіцы. Намаганнямі ўцалелых росіцкіх пакутнікаў, іх дзяцей і ўнукаў, цяперашніх вернікаў будынак касцёла атрымаў дах, лаўкі і алтары. У 1999 годзе Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч далічаныя да ліку пакутнікаў Другой сусветнай вайны.

Цяпер святыня – месца паломніцтва людзей. І ў гэты раз пасля літургіі святары і вернікі з запаленымі свечкамі прайшлі крыжовы шлях дарогай смерці, якой ішлі росіцкія пакутнікі ў час Вялікай Айчыннай вайны. 

Лілія АЛЯХНОВІЧ

image_pdfСоздать PDFimage_printВерсия для печати

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here