Дарагія хрысціяне католікі, паважаныя браты і сёстры, людзі добрай волі!

З нагоды Свята Божага Нараджэння складаю вам шчырыя віншаванні. Нараджэнне Езуса Хрыста дорыць нам подых дабрыні і цяпла, бо акунае нас у клімат святой Сям’і. Гэта свята, якое дапамагае нам усвядоміць важную для нас праўду – Бог прысутны сярод нас.

Усемагутны Бог стаў безабаронным дзіцём, каб узрастаючы, учыніць трывалым Божае валадарства на зямлі, а паміраючы і ўваскросшы, засведчыць аб тым, што жыццё мае вялікую каштоўнасць і душа чалавека несмяротная.

Езус Хрыстус ахвотна вядзе праз жыццё чалавека добрай волі, які шукае праўду і захоўвае голас сумлення. Таму свята Божага Нараджэння – гэта свята надзеі, што Бог не праміне сваёй прысутнасццю кожнага з нас, а праз сваю далікатную настойлівасць чарговы раз запросіць крочыць дарогай праведнасці, і напрыканцы зямной пілігрымкі прывядзе да жыцця вечнага.

Ад шчырага сэрца жадаю, каб Езус Хрыстус безупынна вёў вас дарогаю праўды і дабра, а свята Божага Нараджэння няхай учыніць непаўторны клімат Божай прысутнасці ў вашым жыцці.

А. Міхаіл Цвячкоўскі, кусташ санктуарыя Маці Божай Фацімскай

 

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here