Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2-3 снежня наведаў з афіцыйным візітам Сербію. У Бялградзе Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі развіццё палітычнага дыялогу і эканамічнага ўзаемадзеяння паміж краінамі.

Аляксандр Лукашэнка таксама сустрэўся са старшынёй Народнай скупшчыны Сербіі Маяй Гойкавіч і дэпутатамі вышэйшага заканадаўчага і канстытуцыйнага органа краіны.

Паралельна візіту Прэзідэнта ў Бялградзе прайшоў беларуска-сербскі бізнес-форум. Беларускія прадпрыемствы заключылі ў Сербіі кантракты на $120 млн.

Беларусь і Сербія яшчэ паваююць і пазмагаюцца за развіццё эканамічных адносін — Лукашэнка

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам у вузкім фармаце.

«Няважна, што ў нас крыху знізіўся тавараабарот. Мы з вамі разбяромся, чаму ўрады не разгортваюцца як мае быць. Вынікі ўчарашняга дня, пачатак сённяшняга сведчаць аб тым, што нашы міністры адрэагавалі на зніжэнне тавараабароту, заключылі вялікія кантракты, здзелкі, каб перасягнуць той тавараабарот, які ў нас некалі быў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы яшчэ паваюем, пазмагаемся за нашы адносіны. Думаю, што мы выведзем іх на больш высокі ўзровень, у тым ліку ў гандлі».

Аляксандр Лукашэнка закрануў і ўчарашнюю сустрэчу з Прэзідэнтам Сербіі. Кіраўнікі дзяржаў правялі час за нефармальнай вячэрай, аднак амаль уся размова была прысвечана абмеркаванню палітычнай абстаноўкі, якая складваецца вакол дзяржаў.

Прэзідэнт Сербіі адзначыў, што паміж краінамі склаліся шчырыя і дружалюбныя палітычныя адносіны. Што датычыцца эканамічнага супрацоўніцтва, Аляксандр Вучыч упэўнены: Беларусі і Сербіі пад сілу дасягнуць тавараабароту ў памеры $500 млн (у мінулым годзе ён склаў $148 млн). «Я ніколі не забуду ваш візіт у 1999 годзе. Вы прыехалі, каб паказаць, наколькі любіце сербскі народ і краіну», — дадаў ён.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам.

Кіраўнік беларускай дзяржавы ў адказ заўважыў, што вялікае бачыцца на адлегласці. «Тады ніхто не думаў аб тым, што мы здзяйсняем нейкі гераічны ўчынак: мы ехалі да сваіх братоў, сяброў. Калі-небудзь я ў дэталях раскажу, што гэтаму папярэднічала, што было потым, але так склалася, што мы не маглі кінуць у бядзе блізкіх нам людзей. Так, мы не гіганцкая імперыя, але мы вашы людзі, а вы — нашы, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — І вось праз 20 гадоў мы сустракаемся тут з вамі. Тады быў няпросты час. Сёння таксама час складаны».

Прэзідэнт растлумачыў: вялікія геапалітычныя ігракі, каб выжыць у канкурэнцыі, ствараюць напружаную абстаноўку ў свеце. «Па віне адной з імперый ідзе гандлёвая вайна, іншыя мераюцца сіламі ў Сірыі. Ад гэтага пакутуеце і вы, таму што велізарны паток, сотні тысяч бежанцаў хлынулі сюды. Пачалі ўжо сур’ёзна пагаворваць аб новым сусветным эканамічным крызісе. Нам гэтага не трэба. Мы, на жаль, удзельнікі ўсяго гэтага, але віна не ў нас. Прычыны і нават паўпрычыны, падставы мы не давалі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Сербія нягледзячы на ўсе катаклізмы ніколі не будзе жыць бедна. Гэту краіну ён назваў балканскай жамчужынай. «Гэта цудоўная краіна, цудоўныя землі, якія могуць пракарміць значна больш насельніцтва, чым сёння жыве ў Сербіі. Гэта бліскучы, гераічны, патрыятычны народ. Таму Сербія заўсёды будзе працвітаючай. Праязджаючы сёння па Бялградзе, я параўноўваў са сваім наведваннем раней: я бачу, што Сербія і сталіца пачынаюць не проста ажываць — вы пачынаеце уставаць з каленяў. І мы гатовы ўдзельнічаць у гэтым, дапамагаць, наколькі можам», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Лукашэнка пра беларуска-сербскія адносіны: мы ніколі не ставілі адзін аднаму ўмоў

«Асаблівасць нашых адносін у тым, што мы ніколі не ставілі адзін перад адным папярэдніх умоў. Мы сябры, мы проста родныя людзі. І гэта найвялікшая і сумленная аснова нашага супрацоўніцтва», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Сербія і Беларусь не гіганцкія дзяржавы і не маюць велізарных рэсурсаў, якімі валодаюць глабальныя ігракі, напрыклад, Расія або Злучаныя Штаты Амерыкі. Абедзве краіны зарабляюць даброты сваім потам, а часам і крывёй, падкрэсліў Прэзідэнт.

«Многія малыя, сярэднія дзяржавы (я гэта за сваё доўгае прэзідэнцкае жыццё бачыў не адзін раз) заўсёды арыентуюцца на гэтыя гіганцкія і багатыя дзяржавы, таму што яны валодаюць тымі рэсурсамі, якіх не хапае ў нас. Але мы не павінны забываць аб тым, што любыя імперыі і буйныя дзяржавы ніколі з намі не будуць супрацоўнічаць без папярэдніх умоў, яны абавязкова нешта папросяць узамен, нават яшчэ нічога для цябе не зрабіўшы», — канстатаваў беларускі лідар.

Беларусь не мяняе сваю пазіцыю па пытаннях тэрытарыяльнай цэласнасці Сербіі — Лукашэнка

«Мы прытрымліваемся падобных поглядаў на сусветны парадак дня, актыўна ўзаемадзейнічаем у міжнародных арганізацыях. Не мяняецца пазіцыя Беларусі па пытанні тэрытарыяльнай цэласнасці вашай дзяржавы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што Мінск гатовы і ў далейшым аказваць Бялграду неабходнае садзейнічанне на розных міжнародных пляцоўках.

«Калі мы ў нечым можам вам дапамагчы, вы скажыце — мы абавязкова гэта зробім. У сваю чаргу мы разлічваем на падтрымку з боку нашых сербскіх сяброў па прынцыповых для нас пытаннях», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: галоўнае дасягненне Беларусі і Сербіі — магчымасць быць гаспадарамі на сваёй зямлі

«Сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Сербіі спадаром Аляксандрам Вучычам я сказаў аб тым, што прыбыў да сваіх блізкіх сяброў, у краіну, з якой нас многае звязвае. Гэта сапраўды тыя пачуцці, якія я і ўся наша дэлегацыя кожны раз зведваем, знаходзячыся ў Бялградзе. Але цяперашні візіт для мяне мае асаблівае значэнне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка ў час выступлення ў Народнай скупшчыне Сербіі.

Ён звярнуў увагу, што ў бягучым годзе краіны адзначылі 25-годдзе дыпламатычных адносін. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, за гэты час пройдзены няпросты гістарычны шлях.

«Наша галоўнае дасягненне — магчымасць быць гаспадарамі на сваёй зямлі, самастойна вызначаць напрамкі развіцця, якія адпавядаюць духу часу і дзяржаўным інтарэсам», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, як 20 гадоў таму наведваў Бялград, каб выказаць падтрымку брацкаму сербскаму народу. «Тады ж, у ходзе жорсткай, бесчалавечнай агрэсіі НАТА супраць суверэннай Югаславіі, загінулі тысячы ні ў чым не вінаватых людзей. Водгукі гэтай вайны вы перажываеце і цяпер, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — У тыя хвіліны мы былі побач і ўсяляк падтрымлівалі вас. Беларусь пастаянна выступае на баку Сербіі па пытаннях, звязаных з яе тэрытарыяльнай цэласнасцю і суверэнітэтам. Наша пазіцыя застаецца нязменнай ужо доўгія гады і будзе такой надалей».

На думку Прэзідэнта, менавіта чалавечая салідарнасць, суперажыванне, што ідуць ад сэрца, фарміруюць культурную і духоўную еднасць, з’яўляюцца фундаментам беларуска-сербскіх адносін. «Гэта наша вялікая спадчына, якую мы павінны зберагчы і перадаць сваім дзецям і ўнукам. Бо сербы, як і беларусы, не па чутках ведаюць, што такое вайна, яе разбуральныя наступствы і незаменныя страты», — падкрэсліў ён.

У 2019 годзе краіны адзначылі 75-годдзе вызвалення ад нацызму. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што жывых відавочцаў самай страшэннай трагедыі ў гісторыі чалавецтва з кожным годам застаецца ўсё менш. Таму асабліва важна захаваць памяць аб героях і бязвінных ахвярах вайны. «Гэта трэба зрабіць для нашай жа бяспекі ў імя мірнай будучыні Еўропы і планеты ў цэлым», — заявіў беларускі лідар.

У час візіту ў Сербію.
У час візіту ў Сербію.

У Сербіі хутка стартуе кампанія па выбарах у Народную скупшчыну. Прэзідэнт пажадаў дэпутатам паспяхова здаць гэты важны экзамен перад народам. «Не змагайцеся адзін з адным. Сербы — гэта адзіная магутная апора, што засталася ад некалі вялікай дзяржавы, Югаславіі. Можа, нехта не згодны са мной, што гэта была вялікая краіна, але так нам у Савецкім Саюзе бачылася. Мы вам вельмі зайздросцілі за ваша развіццё, развітую эканоміку, грамадства, парадак, які заўсёды быў у вашай краіне. Вы тады шмат чаго дабіліся, і нашы ўлады да вас часам вельмі раўніва ставіліся, аж да варожасці на нейкіх этапах. Таму будзьце адзіным цэлым, таму што праціўнікаў і ворагаў у сербаў і беларусаў дастаткова. Яны навокал, іх хапае. Дык трэба супакоіцца, думаць аб гэтай святой зямлі, аб народзе», — падагульніў кіраўнік дзяржавы.

«Жадаем дастойна прайсці гэты шлях» — Лукашэнка падтрымаў імкненне Сербіі ўступіць у ЕС

Беларусь з павагай ставіцца да імкнення Сербіі ўступіць у Еўрапейскі саюз. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў пасля перагавораў з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам.

Кіраўнік дзяржавы вітаў нядаўняе падпісанне Сербіяй пагаднення аб зоне свабоднага гандлю з ЕАЭС і падкрэсліў, што Беларусь для Сербіі — шчыры сябар у Еўразійскім эканамічным саюзе.

«У той жа час мы з павагай ставімся да імкнення вашай краіны ўступіць у Еўрапейскі саюз і жадаем вам дастойна прайсці гэты шлях. Дай бог, каб у вас атрымалася тое, чаго вы хочаце», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У канцы кастрычніка Сербія і ЕАЭС падпісалі пагадненне аб свабодным гандлі. У Еўрапейскім саюзе заявілі, што гэта рашэнне сербскага боку супярэчыць яго імкненню стаць членам ЕС. Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што Сербія разбярэцца з такімі ўльтыматумамі самастойна. «Вы разумныя, таленавітыя людзі. Вы зможаце ўсё ўзважыць. Калі вам будзе выгадна пры ўльтыматуме супрацоўнічаць з Еўрапейскім саюзам, вы будзеце супрацоўнічаць з ім. Калі для вас больш выгадна мець справу з Еўразійскім эканамічным саюзам, вы будзеце супрацоўнічаць з ім. Але, на жаль, вам, як і нам, наканавана ляцець на двух крылах. У вас, нікуды ад гэтага не дзецца, павінны быць добрыя адносіны перш за ўсё з суседзямі, якія б яны ні былі», — лічыць Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ўсе імкнуцца развіваць добрыя адносіны з ЕС, у тым ліку Беларусь, Расія і Кітай. «Мы разумеем, у якой сітуацыі вы знаходзіцеся», — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Значныя аб’ёмы гандлю ў Сербіі менавіта з краінамі Еўрапейскага саюза, гэты рынак практычна немагчыма замяніць, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

«У гэтым бурным свеце трэба быць шустрым, хуткім, арыентавацца, каб выжыць у барацьбе гігантаў. Таму мы нармальна ставімся да той сітуацыі, што Сербія сёння працуе і з Еўрапейскім саюзам, і з Еўразійскім эканамічным саюзам», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

«Не спяшайцеся, крыху пацярпіце — і Сербія будзе працвітаючай. Толькі старайцеся больш не пераварочваць краіну: на вуліцах шчасце не робіцца. Слухайце ўсіх, але жывіце сваім розумам. На жаль, у нашым цесным шалёным свеце сяброў вельмі мала, а можа, і няма. Таму трэба жыць сваім розумам, слухаючы ўсіх, і дзейнічаць зыходзячы з уласных інтарэсаў», — дадаў Прэзідэнт.

Лукашэнка назваў сябе заўзятым прыхільнікам захавання Еўрасаюза

«Я заўзяты прыхільнік захавання Еўрапейскага саюза, які заўсёды санкцыі ўводзіў супраць Беларусі. Еўрапейскі саюз — гэта адна з наймагутнейшых апор нашай планеты. Калі яго вырваць з-пад гэтай сістэмы, яна не проста захістаецца, а можа абваліцца. Таму я прыхільнік захавання Еўрапейскага саюза», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Наконт жадання Сербіі стаць членам ЕС Прэзідэнт заявіў, што цяпер Еўропе не да гэтага. «Вы ж бачыце, якая сітуацыя ў самім Еўрапейскім саюзе. Ім не да прыёмаў новых членаў, хоць бы захаваць старых», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што Сербія «заўсёды знойдзе шчасце і ў ЕС, і ў ЕАЭС». «І тут мы гатовы з вамі працаваць», — запэўніў беларускі лідар.

Лукашэнка прапанаваў Сербіі далучыцца да маштабнай ініцыятывы па ўмацаванні сусветнай бяспекі

Сербія павінна быць у ліку дзяржаў, зацікаўленых у абмеркаванні праблем сусветнай бяспекі. Такое меркаванне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў ў час выступлення ў Народнай скупшчыне Сербіі.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на нарастанне напружанасці ў адносінах паміж краінамі, разладжванне асноў глабальнай бяспекі, павелічэнне колькасці рэгіянальных канфліктаў.

«Беларусь вылучыла ініцыятыву аб абнаўленні шырокага дыялогу ад Атлантыкі да Уладзівастока па ўмацаванні мер даверу, бяспекі і супрацоўніцтва. Лічу, што Сербія будзе ў ліку дзяржаў, зацікаўленых у абмеркаванні гэтых праблем. Югаславія ж у свой час была адным з заснавальнікаў Руху недалучэння. Гэта арганізацыя дала магчымасць краінам так званага трэцяга свету заявіць аб сабе на міжнароднай арэне, данесці свой голас да вялікіх дзяржаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт лічыць, што сёння Рух недалучэння існуе фармальна і не аказвае ніякага ўплыву на вялікія дзяржавы. Ён перакананы, што калі вялікія ігракі не могуць дамовіцца, то гэта не азначае, што малыя і сярэднія дзяржавы павінны сядзець склаўшы рукі і пакорліва чакаць, пакуль нехта з вялікіх вызначыць іх лёс.

«Думаю, голас наш павінен быць чутны. Разам мы зможам зрабіць значна больш на карысць нашых краін і народаў, у імя міру і стабільнасці», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

З другога боку, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь пастаянна заклікае вырашаць праблемы мірным шляхам, на аснове міжнароднага права. Аднак яго ўжо не існуе, усе дзейнічаюць з пазіцыі сілы, заявіў Прэзідэнт. «Я часам з вышыні пражытых прэзідэнцкіх гадоў пачынаю думаць, ці не пачаўся новы перадзел нашай планеты. І ўсе мы добра ведаем, да чаго гэта можа прывесці», — дадаў беларускі лідар.

Беларусь дапаможа Сербіі рэфармаваць армію

Аб гэтым Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч заявіў журналістам пасля перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

«Сёння мы прынялі рашэнне рэфармаваць нашу армію. Яна павінна стаць больш мабільнай і хуткай. Гэта не азначае закупкі зброі, мы, наадварот, іх прыпынім. Мы будзем па-разумнаму развіваць сістэму абароны і станем значна мацнейшыя, чым сёння. Мы вельмі многаму можам навучыцца ў Беларусі па гэтым пытанні», — сказаў Аляксандр Вучыч.

Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся з сербскім лідарам, што яго краіне патрэбна магутная, мабільная армія. Гэтыя ж падыходы да рэфармавання Узброеных Сіл Сербіі кіраўнік беларускай дзяржавы абмяркоўваў з папярэднімі лідарамі краіны. «Вы сёння нарэшце пачалі працаваць над сваёй арміяй. Мы вам можам перадаць вопыт стварэння Узброеных Сіл», — дадаў ён.

Беларусь і Сербія падпісалі пасля сустрэчы прэзідэнтаў пакет дакументаў, палова — у сферы навукі

Подпісы пастаўлены ў васьмі дакументах, чатыры з іх датычацца навуковай сферы. Гэта мемарандум аб узаемаразуменні пры ажыццяўленні супрацоўніцтва ў галіне інавацый і развіцця лічбавых тэхналогій, пагадненні аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з Сербскай акадэміяй навук і мастацтваў, Міністэрствам адукацыі, навукі і тэхналагічнага развіцця Сербіі. У гэты спіс трапіў і пратакол дзявятага пасяджэння беларуска-сербскай камісіі па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.

Беларускія і сербскія вучоныя ў бліжэйшыя два гады плануюць выканаць 10 сумесных навукова-тэхнічных праектаў у галіне сельскай гаспадаркі і харчавання, біятэхналогій, нанаматэрыялаў, лазерных і хімічных тэхналогій.

Па выніках перагавораў прэзідэнтаў у Бялградзе таксама падпісаны дагавор паміж Беларуссю і Сербіяй аб выдачы, міжурадавая праграма супрацоўніцтва ў сферы адукацыі да 2020 года, пагадненні паміж ААТ «Беларусбанк» і Паштовым ашчадным банкам Сербіі аб адкрыцці карэспандэнцкіх рахункаў у розных валютах.

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here