У сталічнай вобласці вялікую ўвагу ўдзяляюць развіццю самага масавага віду спорта ў Беларусі – футболу. Нездарма сярод 16 удзельнікаў чэмпіянату Беларусі па футболу ў вышэйшай лізе шэсць каманд (сама больш) прадстаўляюць менавіта Мінскую вобласць, ды не проста прадстаўляюць, а займаюць там лідзіруючыя пазіцыі. Сярод вялікай колькасці цудоўных і добрых традыцый федэрацыі футбола Мінскай вобласці асобнае месца належыць ветэранскаму руху. Вось ужо больш дзесяці гадоў рэгулярна праводзіцца Кубак вобласці сярод футбалістаў ва ўзросце 40+. Вельмі паспяхова ў гэтых спаборніцтвах удзельнічае каманда нашага горада. Так за апошнія дзевяць гадоў чатыры разы (больш за ўсіх) менавіта жодзінцы станавіліся пераможцамі і заваёўвалі ганаровы трафей. Не стаў вы-ключэннем і 2019 год.

На гэты раз барацьбу за кубак распачалі дзесяць ветэранскіх калектываў Мінскай вобласці. На папярэднім этапе сапернікамі нашай каманды былі футбалісты Бярэзінскага раёну. Матч завяршыўся ўпэўненай і безальтэрнатыўнай буйной перамогай нашых землякоў – 8:0. Галамі вызначыліся Каролік (тройчы), А. Розум (двойчы), Шагойка, Грэнькоў і Машарскі. У выніку пяць каманд склалі фінальную групу, дзе гульні праводзіліся па кругавой сістэме. Жодзінцы пачалі з пераканаўчай вікторыі над ветэранамі Стаўбцоўскага раёну – 6:0 (Грэнькоў і А.Розум па 2, Ціханенка, Машарскі), а вось потым нашых землякоў чакала суседскае дэрбі з барысаўчанамі. Трэба адзначыць, што футбольныя баталіі каманд нашых гарадоў на любым узроўні носяць звышпрынцыповы характар. Не стаў выключэннем і гэты паядынак, які завяршыўся бескампраміснай нічыёй – 2:2 (Шагойка, Грыбанаў). Страта ачкоў вымусіла нашу каманду ў астатніх матчах гуляць вы-ключна на перамогу. А згодна календару жо-дзінцаў чакала гасцявая гульня з Салігорскам. Нягледзячы на тое, што нашым землякам па розных прычынах не ўдалося сабраць аптымальны склад, з гораду гарнякоў нашы ветэраны вярталіся ў добрым настроі і, як кажуць, «са шчытам» – 6:3 (Машарскі – 2, Ціханенка, А. Розум, Шагойка, Грыбанаў).

У заключнай сустрэчы нашы землякі на сваім полі прымалі каманду з Маладзечна. Сітуацыя ў турнірнай табліцы перад заключным турам была даволі заблытанай, і, каб не быць ні ад каго залежным, жодзінцам зноў патрэбна была толькі перамога. Зразумела, настрой у нашых землякоў перад гульнёй быў баявы, і ўжо ў першым тайме дзякуючы дакладным ударам Кароліка і Грэнькова лік стаў 2:0. Госці былі не згодны з такім развіццём падзей, і ім удалося адквітаць адзін мяч, але жодзінцаў было ўжо не спыніць. Фінальны свісток арбітра зафіксаваў перамогу нашых землякоў з лікам 4:2 (Грыбанаў – 2, Каролік, Грэнькоў), і такім чынам другі год запар кубак Мінскай вобласці па футболу сярод ветэранаў застаецца ў Жодзіна.

Гэту вікторыю для нашага горада здабывалі Максім Пясецкі, Уладзімір Ліс, Андрэй Грыбанаў, Віктар Фамін, Аляксандр Грэнькоў, Андрэй Розум, Алег Канапелька, Дзмітрый Шагойка, Дзяніс Каролік, Васіль Машарскі, Яўген Шыбунёў, Дзмітрый Акуліч, Валерый Ціханенка, Дзмітрый Дзігілевіч, Андрэй Хацкевіч, Аляксандр Бурко, Міхаіл Міленькі, Валерый Стрыпейкіс, Ігар Гарлоўскі, Федар Лукашэнка, Віталь  Аўдзееў, Канстанцін Хаўрычаў. Рыхтавалі і кіравалі камандай Міхаіл Хлус, Аляксандр Герыловіч і Петр Розум.

Сяргей Пузанкевіч

 

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here