Да Дня беларускага пісьменства ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы арганізавана кніжная выстава лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. 

Як раз у Дзень баларускага пісьменства ў 2015 годзе і быў дадзены старт гэтай прэміі. У ліку лаўрэатаў – творы масцітых пісьменнікаў суседнічаюць з кнігамі дэбютантаў, празаікі з паэтамі, драматургі з публіцыстамі, дзіцячыя пісьменнікі з літаратурнымі крытыкамі. Адкрываюцца новыя імёны і выдзяляюцца майстры слова з мэтай прыцягнуць увагу чытачоў да роднай літаратуры, да яркіх і таленавітых прадстаўнікой мастацкага слова.

Хто ты ёсць на зямлі? Аб чым думаеш? Чаму рады? Гэтыя і шмат іншых пытанняў аналізуе чытач, далучыўшыся да вершаў  Тамары Красновай-Гусачэнка, адной з першых лаўрэатак гэтай прэміі, і вымушаны знаходзіць адказы, самастойна ацэньваць сябе і сваё светаўспрыманне. Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі і Анатоль Аўруцін, адзін з цікавейшых паэтаў сучаснасці: супярэчлівы вобраз яго  лірычнага героя патрабуе як увагі, так і расшыфроўкі. Пратэст супраць бездухоўнасці адчуем у вершах Мар’яна Дуксы і атрымаем асалоду ад вершаў Міхася Пазнякова, насычаных шчырай любоўю да бацькоўскага краю, роздумам пра час, чалавека і цудоўныя імгненні жыцця, ці пройдзем басанож па сцяжынках ваеннага дзяцінства  Казіміра Камейшы, спасцігаючы  мудрасць яго радкоў:

Беліць доля шлях мой мелам белым,
Ну, а я хачу яе маліць,
Хай усё маё, што мне балела,
Тым, хто йдзе за мною, не баліць!

Прыцягвае ўвагу і проза лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі. Вось зборнік Уладзіміра Саламахі “…І няма шляху чужога”, дзе сабраны сацыяльна-псіхалагічныя аповесці. Героі твораў – нашы сучаснікі: ветэраны, людзі сярэдняга пакалення, моладзь. У кожнага з іх свой няпросты лёс, сваё стаўленне да рэчаіснасці. Але ўсе яны, перамагаючы складанасці быту і ўзаемаадносін з людзьмі, прыходзяць да разумення, што чалавек у любых, нават у трагічных для яго абставінах, павінен заставацца чалавекам. На гэтым і мацуецца жыццё.Гістарычныя апавяданні і эсэ ўвайшлі ў кнігу Алеся Марціновіча “Цяпло колішніх вогнішчаў”. Калі гартаеш старонкі гэтага выдання, адчуваеш само цяпло колішніх вогнішчаў, якія высвечваюць вобразы тых, хто, жывучы ў свой час, пакінуў глыбокі след як у нашай гісторыі, так і ў гісторыі іншых народаў. Хіба не цікава прачытаць пра ўнучак легендарнай Рагнеды, дочак яе сына Яраслава, нездарма празванага Яраславам Мудрым? Тры Яраслаўны – тры каралевы: венгерская, французская і нарвежская.  Тут чакаюць сустрэчы з маці Івана Грознага Аленай Глінскай і Гальшкай Астрожскай, жыццё якой саткана з суцэльных прыгод, і з іншымі цікавымі лёсамі  гістарычных асоб.

А Зіновій Прыгодзіч ў сваёй кнізе “Постаці”  праз гутаркі-эсэ, гутаркі-партрэты, гутаркі-нарысы знаёміць чытача ўжо са знакамітымі сучаснікамі, раскрывае характары вядомых асоб, іх духоўны свет, іх яскравыя, часам, драматычныя лёсы. Наталля Гайда, Міхаіл Савіцкі, Міхаіл Фінберг і іншыя таленавітыя людзі праз дыялогі з аўтарам паўстаюць перад намі ў разрэзе будзённых клопатаў, выклікаючы  ўвагу і захапленне.

Аматары драматургіі пазнаёмяцца з п’есамі Ягора Конева, Васіля Ткачова, Георгія Марчука, а самым зацікаўленым прыхільнікам беларускай літаратуры прыйдуцца да спадобы працы Дзяніса Марціновіча “Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча” і Таццяны Мацюхінай “Беларускі імпрэсіянізм”. Тут шмат  твораў, якія раскрываюць багацце беларускай літаратуры.

 Першага верасня будуць названы новыя лаўрэаты Нацыянальнай  літаратурнай прэміі, а гэта значыць, нас чакаюць сустрэчы з новымі лепшымі творамі айчыннай літаратуры, на якія трэба звярнуць увагу.

Ірына Хілюціч, Цэнтральная гарадская бібліятэка

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here