На свеце ёсць зямель багата,
Але што нам да іх красы?
Там лепей, родная дзе хата,
Знаёмы лес і верасы.
Плыве пах кветак і жывіцы
Не сціхне песня салаўя.
Дазволь жа нізка пакланіцца,
Табе, бацькоўская зямля!

Аднавяскоўцы.
Аднавяскоўцы.

Родная вёска… Якая яна? Самая прыгожая, самая жаданая і светлая. Тут самае высокае неба і духмяныя кветкі, самы звонкі птушыны спеў і зялёныя сенажаці. Родная вёска – гэта родны дом, карані, матуліна песня, шчырыя і спагадлівыя суседзі.

Свята распачалося.

Такімі кранальнымі словамі распачалося свята вёскі Калюгi, якое сабрала разам людзей цікавых і працавітых: механізатараў, жывёлаводаў, даярак, настаўнікаў і іншых спецыялістаў. Увесь запал душы яны аддаюць сваёй справе і працай множаць славу не толькі роднага куточка, дзе нарадзіліся, але ўсёй Міншчыны.

Былы вязень канцлагера “Дрэбец” – Таццяна Лук`яненка.

Асаблівай увагай былі надзелены тыя вяскоўцы, якія многія гады шчыравалі на палетках, на фермах, яны прайшлі праз усе выпрабаванні  лёсу, аддаючы  сілы і здароўе, адраджаючы разбураную вайной гаспадарку. Гэта Валянціна Турончык, Лідзія і Любоў Кункевіч, Любоў Астроўская, Соф’я Надумовіч, Надзея Ананчанка, Ніна Любіцкая, Таццяна Лук`яненка, Ніна Кміт, Рэгіна Юшко, Анна Макарчык, Тамара Філіповіч, Раіса Шыпава, Лідзія Шаўцова  і iншыя вяскоўцы.

Любоў Кункевіч успамiнае, як пылала яе вёска.

Свята стала падставай сказаць добрыя словы самай старэйшай сяльчанцы – Любові Астроўскай, якой споўнілася 92 гады. Гэта легендарная жанчына, якая зведала цяжкасці нямецкага палону, была рэпрэсіравана, а потым прымала ўдзел у будаўніцтве разбуранай гаспадаркі. І кім толькі не працавала яна! Была брыгадзірам бетоншчыкаў – будавала жылыя дамы ў Мінску, Жодзінскую ТЭЦ, затым – 25 год  даяркай у калгасе. На працягу 20 год выбіралася дэпутатам у мясцовы Савет. Добрага здароўя і доўгіх год жыцця пажадала ёй старшыня Жодзінскага сельсавета Наталля Мазынская.

Доўгажыхарка – Любоў Астроўская.

Успомнілі тых вяскоўцаў, якія зведалі ўсе жахі вайны – голад, бамбёжку, гвалт. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых у вайне і ветэранаў, якіх болей няма побач.

Са святам павіншавала старшыня Жодзінскага сельсавета Наталля Мазынская.

Прысутнічала на свяце Любоў Кункевіч. Ёй было ўсяго тры гады, калі пачалася вайна, але яна помніць і сёння, як вораг паліў яе вёску. Крануў душу аповед Таццяны Лук`яненка, якая ў 1943 годзе з усёй сям`ёй была адпраўлена ў Германію, у канцлагер «Дрэбец».

Будучае вёскі Калюгi.

Павіншавалі Рэгіну Юшко, якая ў гэты дзень святкавала свае народзіны, узорную сямейную пару Валянціна і Галіны Рыжэўскіх, якія 38 год разам.

Валянціна Турончык – удзельніца ВДНГ, бронзавы прызёр.

Таксама ўрачыста падвялі вынікі конкурсу на лепшую сядзібу. Адзначалася, што ў вёсцы шмат дагледжаных двароў, кветак, аднак пераможцамі ў гэтым спаборніцтве сталі Віктар і Любоў Дарміны. Іх павіншавала, пажадала новых знаходак і поспехаў, а таксама ўручыла падарунак старшыня сельсавета Наталля Мазынская.

Адзін са спонсараў мерапрыемства – індывідуальны прадпрымальнік Алег Шваюноў.

Мерапрыемства суправаджалася нумарамі мастацкай самадзейнасці – песнямі, танцамі, вершамі. Самымі актыўнымі артыстамі аказаліся суседзі з Жажэлкі – ансамбль народнай песні «Родны напеў», салісты творчага калектыву Дома культуры аграгарадка Будагова.

Асабліва ўсім спадабаўся гумарыстычны кактэйль «Жарты-жарты, а чаго ж мы варты». Сцэнкі з вясковага жыцця развесялілі ўсіх без выключэння.

Упрыгожылі свята сваім талентам і артыстычнасцю вядучыя Крысціна Манулік і Валерыя Лойка.

Вельмі каларытна выглядала выстава саматканых рушнікоў, абрусаў, посцілак, вышыванак. Гэтыя экспанаты прывезлі суседзі з Жажэлкі – Ніна Фурсевіч, Зінаіда Лашук, Ніна Ляховіч, сям`я Агейчыкаў з вескі Напалкі, якія захавалі гэту прыгажосць, створаную рукамі бабуль і матуль.

Атмасфера свята была цёплай, душэўнай, напаўняла прысутных любоўю да роднага краю, сваёй зямлі, да прыгожай вёсачкі Калюгi.

Са святам цябе, вёска!

Лілія АЛЯХНОВІЧ

З гісторыі вёскі
Па перапісу 1996 года вёска Калюга налічвала 77 двароў, 162 жыхара. Працавалі магазін, клуб, ФАП, ферма. На сённяшні дзень у вёсцы налічваецца 50 двароў, 106 жыхароў. Працуе леса-пільня. Калі ўзнікла вёска, дакладна невядома. Ёсць звесткі, што ў XIX стагоддзі. Што азначае назва?
Таксама не зусім зразумела. Магчыма, яна пайшла ад прозвішча Калюга альбо ад рэльефу мясцовасці. Раней “калюга” азначала дробнае возера, лужыну, напоўненую вадой.

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here