Наш праект пра вясковых жыхароў працягваецца. І мы зноў  адпраўляемся ў дарогу. Чатыры кіламетры па добрым асфальце ад трасы “Слабада – Навасады”, і мы ў прыгожай вёсцы Жажэлцы. Сустракае нас на ўездзе Паклонны крыж, які жыхары ўзвялі самі. Едзем далей… Бачым шырокія вуліцы, дагледжаныя дамы, што тонуць у кветках. Відавочна, што тут жывуць працавітыя людзі, якія любяць родны край, ведаюць свае карані і стараюцца зберагчы тое, што засталося ім ад продкаў.

 

Сельскі клуб

Цэнтр творчасці, адпачынку і сустрэч, зразумела, сельскі клуб. Менавіта тут нас чакалі артысты ансамбля народнай песні “Родны напеў” (кіраўнік Казімір Змачынскі), а таксама стараста вёскі Зінаіда Лашук, загадчыца сельскага клуба Ніна Казлоўская, дэпутат Жодзінскага сельскага Савета па Жажэлкаўскай акрузе, загадчыца фермы Ніна Фурсевіч. Менавіта з імі мы дамовіліся сустрэцца, каб пагутарыць пра жыццё  сучаснай  Жажэлкі.

Але спачатку пра тое, што я ўбачыла ў сельскім клубе, бо гэта мяне вельмі кранула, і я па-добраму пазайздросціла жыхарам Жажэлкі – у маёй вёсачцы на Гродзеншчыне вялізны драўляны будынак клуба, які прастаяў бы яшчэ сто год, знеслі за непатрэбнасцю.

А тут адразу некалькі выстаў: адна прысвечана  жыхарам, якія загінулі ў часы Вялікай Айчыннай вайны, другая – старажытных артэфактаў, сярод якіх ёсць нават млын у рабочым стане, трэцяя – персанальная, на якую прынесла свае работы – дэкаратыўныя вырабы – настаўніца Ніна Ляховіч. Асобнае памяшканне адведзена пад рэканструкцыю сялянскай хаты, дзе цэнтральнае месца займаюць кросны. І не паверыце, сярод прысутных знайшліся людзі, якія ўмеюць на іх працаваць. За кросны села дэпутат Ніна Фурсевіч і вельмі спрытна паказала мне, як ходзіць чаўнок, куды яго напраўляць, які ўзор можа атрымацца. І гэта дзіўна, што ў наш час ёсць тыя, хто можа гэта зрабіць. Побач з кроснамі – дываны, сатканыя ўмелымі рукамі жанчын, якіх, на жаль, ужо няма з намі.

 

“Родны напеў”

Таленавітыя людзі стварылі гэты калектыў, якому, як і сельскаму клубу, ужо амаль 40 год. Сёння ў “Родным напеве” – дзесяць чалавек. Гэта Любоў Ярмоленка, Марыя Цупікава, Ніна Ждановіч, Леанід Казлоўскі, Ніна Раткевіч, Таццяна Доўнар, Людміла Ліпневіч, Ніна Фурсевіч, Зінаіда Смолава, Наталля Камоцкая і кіраўнік – Казімір Змачынскі. Заўжды з імі вядучыя Крысціна Манулік і Валерыя Лойка.

У рэпертуары – народныя, ваенныя, сучасныя песні. “Родны напеў” –  удзельнік усіх мерапрыемстваў, якія праходзяць у Жажэлцы і ў суседніх вёсках. Нават у Жодзіна за-прашаюць артыстаў на святы.

“Репетыцыі – тры разы ў тыдзень. І хоць дома хапае спраў, як толькі прыходзіць час, бяжым у клуб. Гэта наша аддушына, радасць, добры настрой”, – у адзін голас заявілі спявачкі.

 

Вёска памятае

Ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і загінуўшым у час ліхалецця ў сельскім клубе прысвечана выстава “Беларусь памятае”.

Па ініцыятыве загадчыцы клуба Ніны Казлоўскай, пры падтрымцы ўсіх жыхароў у весцы не так даўно   з’явіўся памятны знак – вялікі камень, на якім высечаны прозвішчы тых, хто загінуў у гады вайны – больш за 60, і пасаджана алея. Тут адбываюцца ўсе мерапрыемствы з гэтай нагоды: праводзяцца мітынгі памяці, ускладаюцца кветкі і вянкі.

“Жывуць майстры ў нашай вёсцы” – так называецца выстава работ настаўніцы працоўнага навучання і рамесніцы Ніны Ляховіч, якая працуе ў Барсукоўскай школе. Яе вырабы адрозніваюцца густам і майстэрствам.

 

Мой родны кут

Расказвае стараста вёскі  Зінаіда Лашук:

– На сённяшні дзень у Жажэлцы пражывае 281 чалавек. У нас ёсць свой клуб, магазін, пошта, працуе дом для адзінокіх пажылых грамадзян. Мяне вельмі цешыць тое, што ў нас многа моладзі, а значыць – і ня-дрэнны паказчык нараджальнасці. Прывяду прыклад: толькі першакласнікаў каля дзесяці! Дзяцей возяць у Барсукоўскую школу (нашу закрылі) – аж два рэйса робіць школьны аўтобус. Закрылі таксама ФАП, і жыхарам прыходзіцца ехаць у Плісу (улады абяцаюць вырашыць гэтае пытанне). Добра, што ёсць,  дзе працаваць: сёння нядрэнныя заробкі ў нашай гаспадарцы “ЖодзінаАграПлемЭліта”, працуе прадпрыемства па вырабу цацак, разліву алею, побач, у суседніх вёсках, – некалькі піларам, плітачная вытворчасць. Ды і Жодзіна, Смалявічы недалёка (маршруткі ходзяць шэсць разоў у дзень) – там працуе нямала нашых жыхароў. У бліжэйшы час Жажэлка будзе газіфіцыравана. Безумоўна, хацелася бы, каб у вёсцы будавалася больш жылля, пашыралася ферма, каб мехдвор гудзеў ад мужчынскіх галасоў… Так яно і будзе. Мы ўпэўнены, што будучае ў Жажэлкі ёсць, і мы яго самі будуем!

 

Вядомыя людзі

Сярод ураджэнцаў гэтай вёскі – вядомыя настаўнікі, будаўнікі, дактары. Тут і радзіма матуль чэмпіёнак: гімнастак Марыны Лобач і Таццяны Кошаль, вясляра Дзмітрыя Даўгалёнка. А яшчэ ў Жажэлцы нарадзіўся беларускі пісьменнік, які доўгі час жыў у Жодзіне, – Іван Сіняўскі. Сёлета спаўняецца 100 год з дня яго нараджэння.

Напрыканцы нашай вандроўкі мы заехалі на ферму, дзе больш за трыццаць гадоў гаспадарыць загадчыца і дэпутат Ніна Фурсевіч.

–  У гаспадарцы я з 1979 года. У свой час гэта быў першы і самы буйны комплекс на Смалявіччыне. Ганаруся сваёй працай, дружным калектывам і вельмі люблю сваю малую радзіму, – расказала жанчына.

 

Легенда пра Жажэлку

Дзіўная назва ў гэтай вёскі. Можна сказаць, заснавана на легендзе, якая з даўніх часоў перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Жылі-былі муж ды жонка. Нічым асабістым гэтая сям’я не вылучалася, хіба тым, што жонка надта ж не любіла свайго гаспадара і ўсяк на яго лаялася. “Каб ты ногі не валачыў! Как жа табе мая ежа колам у горле стала! Каб першае дрэва на дарозе табе на галаву звалілася!” – толькі і чулі суседзі.

Так яны доўга жылі, траіх дзетак нажылі. Муж сварлівай жонкі часта зыходзіў з дому на паляванне, толькі каб не чуць сваркі. А жанчына прыпісвала яму ўсялякія неіснуючыя рысы характару, каб толькі апраўдаць свой злосны характар і знішчыць мужа. Так і пайшлі чуткі, што мужык гэты не просты, а самы сапраўдны чараўнік, які ператвараецца то ў звера, то ў птушку.

І задумала жонка нядобрае…

Аднойчы, калі той вярнуўся з палявання, жанчына пытаецца: “Скажы мне, мужу, ці то праўду пра цябе людзі кажуць, што ты можаш ператварыцца ў любога звера альбо ў птушку?”

Той адпірацца, а жонка насядае: “Прызнайся!”.

“Магу…” – нарэшце задаўся чалавек.

“І ў птушку? І нават у камара?”

“Так!”

“Пакажы!”

Калі муж ператварыўся ў камара, жанчына ляснула што было сілы і забіла яго. Радавалася можа з тыдзень. А калі ўсе праблемы наваліліся на яе плечы, то загаласіла: “Што ж я нарабіла! Як мне жыць далей, гадаваць дзяцей?”

І пачула магутны голас: “Так табе, гадаўцы, і трэба! Але я магу дапамагчы вярнуць мужа – вельмі добры быў чалавек!”

“Што я павінна зрабіць?” – узмалілася яна.

“Калі ты пяройдзеш рэчку ўброд і ніводнага слова не прамовіш, то і муж назад прыйдзе”, – сказаў голас.

Ступіла жанчына ў раку – ногі нібыта агнём апякло, але яна вытрывала. А як да сярэдзіны дайшла, не здолела болей і сказала: “Ой, якая халодная вада! Ой, якая жажэлка!”

І ў той жа момант перетварылася злая жонка ў камень на беразе. Пазней людзі вёску там пабудавалі і назвалі яе ў памяць аб тым здарэнні  – Жажэлкай.

 

Лілія АЛЯХНОВІЧ

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here