Гэта адно з самых важных і запамінальных святаў санктуарыя, якога з радасцю чакаюць парафіяне.

І ў гэтым годзе на яго сабралася шмат вернікаў, якія ўдзельнічалі ў святой Імшы, а таксама ў працэсіі з фігурай Маці Божай вакол санктуарыя. Павіншаваў каталікоў са святам першы намеснік старшыні гарвыканкама Сяргей Конан, які прысутнічаў на набажэнствах.

Урачыстасць, якая адбываецца ў каталіцкай святыні з першых дзён яе існавання, прысвечана аб’яўленням Божай Маці ў Фаціме (Партугалія) ў 1917 годзе  – адна з найбольш значных падзей ХХ стагоддзя і сучаснага свету. Фацімскае пасланне Марыі – гэта найперш пасланне народам Усходняй Еўропы, у тым ліку і нашай краіне, якая ўваходзіла ў склад былой Расійскай Імперыі. Маці Божая, якая явілася тром пастушкам, сказала: маліцеся за Расію. Дзеці нават не зразумелі, хто такая Расія. Яны думалі, што гэта асоба. І толькі пазней даведаліся, што гэта краіна. І сапраўды, трагедыі, няшчасці XX стагоддзя, у тым ліку ў галіне свабоды веравызнання (цягам трох пакаленняў касцёл быў цалкам зруйнаваны, людзі выкінулі Бога з свайго жыцця) – усе гэтыя наступствы мы адчуваем да сённяшняга дня. Марыя прадбачыла гэта, і таму 102 гады таму ў далёкай Фаціме дала нам новую надзею, у тым ліку на духоўнае адраджэнне.

У гэты дзень у дольным зале санктуарыя адкрылася выстава, прысвечаная гісторыі Ордэна Айцоў Марыянаў. Напрыканцы ўсе змаглі адпачыць, паесці духмянай юшкі і найсмачнейшага плову, адведаць выпечкі з морсам, прыгатаваных самімі вернікамі. Асабліва прывольна адчувалі сябе дзеці: для іх былі арганізаваны анімацыя, спартыўныя забавы, катанне на кані. Прыгожым завяршэннем стала адпраўка паслання Марыі: дзеці і дарослыя запусцілі ў неба шары з шчырымі пажаданнямі.

Свята з жодзінскай парафіі трансліравалася на хвалях “Радыё Марыя”.

Лілія АЛЯХНОВІЧ

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here