Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, узлюбленыя прыхажане Санктуарыя Маці Божай Фацімскай, людзі добрай волі!

Касцёл каталіцкі перажывае найузнёслейшыя дні ў літургічным годзе, дні святой Пасхі. Апошні тыдзень перад Пасхай называем Вялікім Тыднем. Ён змяшчае ў сабе Святы пасхальны трыдуум. Гэта тры дні, калі адбываюцца найважнейшыя падзеі для чалавецтва. У найбліжэйшы чацвер, які называем Вялікім, дзякуем Езусу Хрысту за дар Эўхарыстыі, інакш кажучы, за дар Святой Імшы. Гэта той дзень, калі Езус Хрыстус узяў у рукі хлеб, блаславіў Яго, паламаў і раздаў сваім вучням. Як хлеб, так і віно, якія сталі целам і крывёю Хрыста, Езус даў апосталам, каб спажывалі.

На іншым месцы Езус скажа, што Ён – брама, праз якую ўваходзяць ў Божае валадарства, а таксама хто не спажывае Яго Цела і не п’е Яго Кроў, той не мае ў сабе жыцця вечнага. Гэта асноўная мэта, чаму вернікі наведваюць святыню: каб слухаць слова Божае, а таксама каб прымаць у сэрцы гэтыя святыя дары, святую камунію, святы хлеб, самога Хрыста, які дае жыццё вечнае. Нягледзячы на тое, што мы, вернікі, прымаючы Найсвяцейшы Сакрамант, адчуваем смак хлеба – вачыма веры бачым у гэтым знаку рэальную прысутнасць Езуса Хрыста.

У Вялікую пятніцу ўшаноўваем крыж, на якім адбылася перамога Езуса Хрыста над смерццю, д’яблам і грахом, а ў ноч Вялікай суботы ўрачыста адзначаем Уваскрасенне Езуса Хрыста.

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце! Перад тым, як пажадаць вясёлых велікодных святаў, я запрашаю вас годна і дастойна перажыць Святы пасхальны трыдуум: праявіць удзячнасць Богу за такі каштоўны дар, якім з’яўляецца Святая Эўхарыстыя, ягоная смерць і ўваскрасэнне.

Ад шчырага сэрца жадаю вам паўнаты Божай радасці і вясёлых велікодных святаў.

Хрыстос Уваскрос, Аллелюя! Сапраўды Уваскрос, Аллелюя!

ПАЛЬМОВАЯ НЯДЗЕЛЯ

Святая Імша на гэтым тыдні будзе адбывацца наступным чынам:

Вялікі панядзелак – 9.00.

Вялікі аўторак і Вялікая серада – 18.00.

ВЯЛІКІ ЧАЦВЕР: ІМША ВЯЧЭРЫ ПАНСКАЙ – 19.00.

ВЯЛІКАЯ ПЯТНІЦА: ЛІТУРГІЯ МУКІ ПАНА – 19.00.

ВЯЛІКАЯ СУБОТА: ПАСХАЛЬНАЯ ВІГІЛІЯ – 22.00.

ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ: УРАЧЫСТАСЦЬ З МЁРТВЫХ ПАЎСТАННЯ ПАНА – 9.00, 11.00, 18.00.

На бліжэйшым тыдні касцёл каталіцкі адзначае галоўнае свята хрысціянства – Пасху.У Вялікі чацвер узгадваем устанаўленне двух сакрамэнтаў: святарства і Эўхарыстыі. Па традыцыі ў гэты дзень усе святары дыяцэзіі сустракаюцца на ўрачыстай Святой Імшы са сваім біскупам ардынарыем у катэдральным касцёле.

У Вялікую пятніцу не адпраўляецца Святая Імша, паколькі ў гэты дзень на крыжы памёр Хрыстус. У гэты дзень адбываецца Літургія Божага слова і адарацыя Крыжа – абавязковы сціслы пост.

Вялікую суботу перажываем у чаканні ўваскрасення Езуса Хрыста. Традыцыйна ў гэты дзень адбываецца пасвячэнне велікодных страў, яно адбудзецца а 10.00, 12.00, 14.00, 16.00, 18.00.

Шчыра дзякуем за ўсе ахвяры, складзеныя на працягу гэтага тыдня. Божа адудзяч!

Усю інфармацыю можна прачытаць на санктуарыйным сайце www.catholic-zhodzina.by

Пробашч а. Міхаіл Цвячкоўскі МІС

 

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here