Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 сакавіка правёў сустрэчу з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці, беларускіх і замежных СМІ. Удзельнікамі «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» сталі больш за 200 чалавек. У іх ліку не толькі журналісты, але палітолагі, эканамісты, работнікі рэальнага сектара эканомікі, прадстаўнікі розных грамадскіх аб’яднанняў і канфесій.

Сустрэча працягвалася амаль сем з палавінай гадзін. Кіраўнік дзяржавы адказаў на некалькі дзясяткаў пытанняў, якія датычыліся шырокага спектра тэм. Аляксандр Лукашэнка падрабязна расказаў аб прыярытэтах унутранай і знешняй палітыкі нашай краіны, пракаменціраваў узаемаадносіны з Расіяй, Кітаем, краінамі СНД і іншымі дзяржавамі. Вельмі адкрыта і падрабязна Прэзідэнт выказаўся наконт праблем у эканоміцы, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, сацыяльнай сферы, звярнуўшы асаблівую ўвагу на меры, якія прымаюцца для іх вырашэння. Удзельнікі «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» не абмяжоўваліся толькі пытаннямі, але і выступалі з ініцыятывамі, выказвалі свой пункт гледжання, дыскутавалі з кіраўніком дзяржавы. Дыялог працягваўся нават у час кароткага перапынку — Аляксандр Лукашэнка адказваў на пытанні ў нефармальнай размове з экспертамі і прадстаўнікамі СМІ.

Лукашэнка: «Вялікая размова» стане асновай падрыхтоўкі Паслання Прэзідэнта народу і парламенту

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 сакавіка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці, беларускіх і замежных СМІ.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў вялікую важнасць сённяшняй размовы, у якой удзельнічаюць усе — народ, улада, прадстаўнікі беларускай, міжнароднай медыйнай супольнасці, эксперты ў самых розных сферах. «Усё, што сёння прагучыць у гэтай зале, стане асновай для падрыхтоўкі важнай для краіны падзеі — штогадовага Паслання Прэзідэнта народу і парламенту. Нам трэба будзе даць аб’ектыўную ацэнку адносна самых абмяркоўваемых тэм, якія асабліва хвалююць людзей і грамадства. А значыць, патрабуюць растлумачэнняў і адкрытага абмеркавання, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Таму мы сустракаемся ў прамым эфіры, каб сумленна і адкрыта выказацца, каб потым паменш было скаргаў ад асобных удзельнікаў, што нібыта нешта там купіравалі, нешта выразалі. А па асобных пытаннях нам трэба кампенсаваць няхватку дакладнай інфармацыі, паток якой штодзень абрушваецца на кожнага з нас».

Разам з гэтым Прэзідэнт заявіў, што «калі ў такой размове наша супольнасць, эксперты, журналісты, проста прагрэсіўныя, заслужаныя людзі будуць мець патрэбу, я заўсёды гатовы да такой размовы». «Вядома, без перабору, таму што я магу ператварыцца ў нейкага лектара. Хоць павінен сказаць, што гэта часам карысна для таго, каб нашы людзі ведалі і разумелі тую палітыку, якую праводзіць, па-народнаму кажучы, улада», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аб адносінах Беларусі і Расіі

Лукашэнка: у Пуціна і велізарнай Расіі няма намераў паглынуць Беларусь

«Ніякіх замашак збоку, прынамсі, Прэзідэнта Расіі, што Беларусь трэба інкарпарыраваць або ўключыць у склад Расіі, я ні разу не чуў, нават настрою такога не было. Няма ніякіх намераў у велізарнай краіны паглынуць Беларусь», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што за час, які прайшоў пасля распаду Савецкага Саюза, вырасла пакаленне, якое прывыкла жыць у незалежнай дзяржаве. «Калі сёння вынесці пытанне на рэферэндум у Беларусі аб аб’яднанні дзвюх дзяржаў і, як многія ў Расіі кажуць, аб уключэнні Беларусі ў склад Расіі, 98 працэнтаў прагаласуюць супраць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Не таму, што ў нас грамадства настроена супраць Расіі. Вырасла новае пакаленне, ды і старое зразумела, што мы можам жыць і супрацоўнічаць зусім у іншай форме, як родныя, блізкія. І беларусы сёння хочуць быць разам з Расіяй, але жыць у сваёй кватэры. Што ў гэтым дрэннага?»

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць у тым, што расіяне ў сваю чаргу абсалютна не баяцца любых інтэграцыйных структур і «гатовы хоць заўтра да аб’яднання». «Я жартам гавару, вось давайце ў склад Беларусі ўключым Расію. Думаеце, што, калі б мы сур’ёзна паставілі гэта пытанне, расіяне былі б супраць? Не. А чаго ім баяцца?» — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што расійскі бок, на жаль, не заўсёды гатовы прытрымлівацца прынцыпу раўнапраўя ў пабудове саюзніцкіх адносін.

Напрыклад, пры абмеркаванні сумеснай валюты Саюзнай дзяржавы Расія, відавочна, мае на ўвазе свае рублі, на што Прэзідэнт Беларусі з доляй іроніі адказвае: «Сёння нам прапануюць сумесную валюту — мы «за». Вядома, гэта будзе рубель. У нас рубель і ў вас рубель. Навошта нам выдумляць талер? Толькі пытанне ж не ў гэтым. Гэта будзе не расійскі і не беларускі рубель. Гэта будзе наш агульны рубель, калі ён будзе. Пры гэтым важна дасягнуць згоды ў пытанні размяшчэння эмісійнага цэнтра, і Беларусь гатова абмяркоўваць розныя варыянты.

Прэзідэнт Беларусі лічыць неабходным перш за ўсё наладзіць больш эфектыўную работу дзвюх краін у рамках Саюзнай дзяржавы.

Аднак ні ў якім разе нельга «пераціскаць» сітуацыю, рабіць крокі, якія будуць на шкоду. Таму ў час сустрэч на вышэйшым узроўні Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмеркавалі магчымыя шляхі вырашэння праблемных пытанняў беларуска-расійскіх адносін.

Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што ў Саюзнай дзяржаве створаны органы кіравання — Вышэйшы дзяржсавет саюзнай дзяржавы, саюзны Саўмін, парламент — і вырашэнне многіх праблем знаходзіцца ў іх кампетэнцыі. «Існуюць пэўныя органы, якія валодаюць вялікімі паўнамоцтвамі для вырашэння пытанняў. Давай пытанні, якія сёння хвалююць людзей, вырашаць на Вышэйшым дзяржсавеце», — сказаў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што рабіць гэта трэба крок за крокам, удумліва, без спешкі.

«Калі мы не здымем праблемы беларуска-расійскіх адносін, якія сёння рубам стаяць, мы аб якіх-небудзь глабальных мэтах, аб аб’яднанні гаварыць нават не павінны. Элементарнае трэба вырашыць. Пакуль кіраўніцтва Расіі, перш за ўсё ўрад, не гатова ісці гэтым шляхам», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт канстатаваў, што часта рашэнні, прынятыя нават на ўзроўні прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, не выконваюцца. Адбываецца гэта не па віне Беларусі. У адпаведнасці з дамоўленасцямі Беларусь стварыла рабочую групу для вырашэння праблемных пытанняў, якая гатова пачаць работу. Аднак аналагічная група з расійскага боку яшчэ да работы не гатова. «Пакуль у гэтым ключы работы няма, яна не рухаецца наперад. Але гэта не катастрафічна для беларуска-расійскіх адносін, таму што ў нас калідор магчымасцей і шырокі і доўгі, мы можам спакойна вырашаць нашы праблемы», — сказаў Прэзідэнт.

Беларусі і Расіі неабходна быць разам — Лукашэнка

«Я быў, як мяне ў Расіі называюць, галоўным ініцыятарам нашага саюза. Я заўсёды гаварыў ў Расіі і тут, што лёс у нас такі — жыць разам. Азіраючыся назад, гляджу наперад на тых, хто нас акружае, якую яны палітыку праводзяць. Яна аднолькавая, што ў адносінах да Расіі, што ў адносінах да Беларусі. Формы толькі розныя. Таму нам неабходна быць разам», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь і Расія — не толькі дзве родныя краіны, краіны звязаны эканамічна. «Ведаеце, калі я вызначаўся на заранку нашай незалежнасці, з кім быць і як быць, у многім лёс нашай дзяржавы і маю палітыку прадвызначыла тое, што мы не толькі як людзі завязаны адзін на адным, мы родныя. Але пад гэта ўвесь эканамічны базіс быў падведзены. Наша эканоміка была фінішнай высокатэхналагічнай вытворчасцю, і мы пералапачвалі празмерна вялікую колькасць рэсурсаў, камплектуючых і іншае з Расійскай Федэрацыі перш за ўсё. Потым усё гэта ішло на экспарт. У тым ліку і два нафтаперапрацоўчыя заводы, якія былі пабудаваны менавіта для перапрацоўкі нафты і прапіхвання гатовых нафтапрадуктаў на вельмі прэміяльны еўрапейскі рынак. Мне трэба было захаваць, аднавіць гэтыя заводы, каб людзі працавалі, атрымлівалі хоць нейкую заработную плату і кармілі свае сем’і. Многія фактары мяне падштурхнулі да таго, каб мы мелі вось такія цесныя саюзніцкія адносіны з нашай братэрскай Расіяй», — адзначыў ён.

«Калі мы падпісалі дагавор аб Саюзнай дзяржаве, там былі прадугледжаны крокі па стварэнні гэтай дзяржавы. Галоўны крок, які мы павінны былі зрабіць — прыняць на рэферэндуме Канстытуцыю нашай дзяржавы, дзе на ўсе пытанні павінны быць дадзены адказы: ад агульнай валюты да органаў кіравання гэтай дзяржавай», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы пры гэтым, што расійскі бок у той час на гэта не пайшоў.

«Вы помніце, калі ў мяне толькі лянівы не кідаў камні і палкі. Мяне абвінавачваць пачалі ў звяржэнні ледзь не канстытуцыйнага ладу ў Расіі. Тыпу таго, цяпер Лукашэнка прыбяжыць, шапку Манамаха схопіць, на сябе адзене і там сядзе. Было такое? Было. Аж да забарон, непажадана наведваць рэгіёны Расіі і гэтак далей. Мы ўсё гэта вытрымалі», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Лукашэнка: Беларусь ніколі не была нахлебнікам у Расіі і не будзе

«Перастаньце нас абвінавачваць у нахлебніцтве. Мы ў вас ніколі не былі нахлебнікамі і не будзем. Калі народ гэта чуе, асабліва я, самалюбівы чалавек, мне не хочацца ніякіх саюзаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, Расія выдала Беларусі крэдыт на будаўніцтва атамнай электрастанцыі пад 4,8 працэнта, а В’етнаму — менш за 3 працэнты, Арменіі — таксама менш за 3 працэнты. «Чаму? — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. — Вось нядаўна мы вярнулі Грэфу (старшыня праўлення Ашчаднага банка Расіі. — Заўвага БЕЛТА) крэдыт, які выдалі пад паручыцельства «Беларуськалія» пад 9 працэнтаў на суму амаль $600 млн. Мы спрабавалі дамовіцца: час прайшоў, працэнты ўпалі. Давайце дамовімся на тых умовах, як нам «ворагі» нашы заходнія крэдыты выдаюць — пад 2 працэнты, або КНР — таксама пад 2 працэнты. Нам адмовілі, тады я даручыў ураду неадкладна адшукаць сродкі, аж да золатавалютных рэзерваў, і вярнуць банку гэтыя грошы».

«Што банк выйграў? Ён размяшчаў, атрымліваў працэнты. Вы выдалі нам крэдыт і кожны дзень гаворыце, што мы далі крэдыты гэтым нахлебнікам. Дык мы $1 млрд у год плацім па ўсіх працэнтах. Амерыканцы даюць Расіі $10 млн за тыя $200 млрд ці колькі, якія вы там захоўваеце. І потым, пад які працэнт Расія ў Амерыцы трымае свае мільярды долараў? Менш як 1 працэнт», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«За якое пытанне ні вазьміся, куды ні кінь — усюды клін. І спецыялісты, і кіраўніцтва нашай краіны гэта ведаюць, але мы не паглыбляем народ у гэта. Гэта нашы пытанні, мы павінны іх вырашаць, але вырашаць іх трэба, яны ляжаць на паверхні», — прадоўжыў ён.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў Сочы Прэзідэнт Расіі пачаў гаварыць, што краіна дапамагае Беларусі крэдытамі, адзначыўшы пры гэтым, што праблем з выплатамі па працэнтах няма, у Беларусі вельмі дысцыплінаваныя і абавязковыя ў выкананні сваіх абавязацельстваў людзі. «Так усюды, асабліва па грашах. І я быў вымушаны сказаць: паколькі мы фінішная вытворчасць, на прадпрыемствах, з якімі ў Расіі завязана наша эканоміка, працуе больш за 10 млн чалавек, а з сем’ямі — больш за 40 млн. Таму, падтрымліваючы канечнага вытворцу, а для вас эканоміка Беларусі — гэта канечны вытворца, вы падтрымліваеце і свае прадпрыемствы. Так нават вашы лібералы гавораць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Таму прабачце, што я так шчыра гавару пра гэта. Мне мой сябар Прэзідэнт і іншыя сябры ў Расіі кажуць, каб не гаварыў гэта публічна. А я гавару, калі не скажу, то ў Расіі ніхто не пачуе. Таму я вымушаны, каб расіяне разумелі, што мы не нахлебнікі, што мы родныя людзі, мы гатовы з вамі супрацоўнічаць», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: ураду Расіі трэба перастаць лабіраваць алігархічныя кланы

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь пастаўляе ў Расію сваю самую лепшую харчовую прадукцыю. Аднак у РФ вялікі націск пэўных груп, і пастаўкі блакіруюцца. «Трэба перастаць ураду Расіі лабіраваць гэтыя кланы, гэтыя групы, як іх называюць алігархічныя, у якіх вялікі бізнес зросся з уладай і прапіхвае свае пытанні, блакіруючы нашы адносіны ў саюзе. А ва ўсіх жа дакументах прадугледжана, што ў нас агульны рынак і мы павінны свабодна гандляваць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Ва ўрадзе Расіі часта гавару: калі вы дасягняце ўзроўню чыстаты сельгаспрадукцыі, прадуктаў харчавання, як у Беларусі, то вы будзеце шчаслівымі людзьмі. Трэба адзначыць, вы прызнаяце, што мы далёка ў гэтым плане пайшлі. Тады навошта пад выглядам, што яна брудная, блакіруеце гэтыя пастаўкі? — задаў пытанне Прэзідэнт. — А таму што вялікі націск пэўных груп».

У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў факт, што былы міністр сельскай гаспадаркі Расіі Аляксандр Ткачоў з’яўляецца адным са значных сельскагаспадарчых баронаў Расійскай Федэрацыі. «У мяне з ім добрыя адносіны, амаль сяброўскія, але я гавару, гэты факт усім вядомы. І вы думаеце, што ён прапусціць наш цукар, па якасці лепшы, на тэрыторыю Расіі, калі за апошні год ён 7 ці 10 заводаў дадаткова скупіў і вырабляў гэты цукар?» — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, людзі ведаюць, што беларускі цукар добры, якасны, прадпрыемствы мадэрнізаваны, сертыфікаваны, у тым ліку для паставак у Расію. «Але ён разумее (Аляксандр Ткачоў. — Заўвага БЕЛТА), што гэта вельмі моцны канкурэнт для яго аб’яднання цукровых заводаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што такая сітуацыя па некаторых прадпрыемствах існуе і цяпер. Зараз поўнасцю закрыты для пастаўкі на расійскі рынак 11 малочных прадпрыемстваў і 7 дзяржаўных мясакамбінатаў, 13 малочных прадпрыемстваў — закрыты часткова. «Навошта вы гэта робіце, ведаючы, што беларуская прадукцыя абсалютна чыстая? Мы, разумеючы, што вы да нас на граніцы ставіцеся так прынцыпова, наогул на расійскі рынак пастаўляем самае лепшае, што вырабляем, каб нам не прад’яўлялі прэтэнзій», — праінфармаваў Прэзідэнт.

Адно з пытанняў, якое стаіць на парадку дня ў адносінах дзвюх краін, — дазволы на грузавыя перавозкі ў/з трэціх краін, прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. Беларусь, напрыклад, перавозіць грузы з Расіі ў Германію або Польшчу. Расійскі бок выдае Беларусі 75 тыс. такіх дазволаў у год. «А мы колькі расіянам дазваляем увозіць? У нас няма абмежаванняў! Мы — невялікая краіна — не баімся, што нас задушаць расійскія транспартнікі. За апошні год у два разы палякам павялічылі колькасць дазволаў, тое ж самае і з літоўцамі. А нам са 120 тыс. знізілі да 75 тыс.», — выказаў незадавальненне Прэзідэнт.

«Я прывёў некалькі прыкладаў: гэта што, варта нашага саюза? Таму трэба зняць гэтыя пытанні, яны датычацца многіх людзей і для Расіі небалючыя,» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь і ў далейшым не будзе браць грошы за размешчаныя расійскія ваенныя аб’екты — Лукашэнка

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі ёсць два расійскія ваенныя аб’екты. Расія нічога не плаціць беларускаму боку за іх размяшчэнне. Літаральна праз год трэба заключаць новае пагадненне. «Мы з вас капейкі і ў далейшым не возьмем, нават калі вы падатковы манеўр не адрэгулюеце, няхай будуць у вас гэтыя грошы. Але за базы мы з вас капейкі не возьмем, таму што гэта агульная наша бяспека», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што, калі абмяркоўваецца пытанне аб тым, каб падставіць плячо Беларусі ў плане некаторых відаў узбраення, расійскі бок гаворыць, што гэта дорага і немагчыма. «З намёкам — трэба купіць. На што я публічна сказаў: «Вы што, хочаце, каб я купіў у вас аўтамат Калашнікава, каб вас абараняць? Калі ў вас магчымасцей больш, падтрымайце цяпер беларускую армію». У рэшце рэшт прынялі рашэнне, будзем купляць, што зробіш, я маю на ўвазе самалёты», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка, гаворачы пра беларуска-расійскую інтэграцыю, заклікаў вырашаць у першую чаргу такія надзённыя пытанні. «Нам нельга загубіць тое, што добра. У нас хапае праціўнікаў, а, можа, нават ворагаў, — сказаў ён. — Гэта патэтыка, напэўна, але мы з вамі адказваем за славянскі мір, славянскую цывілізацыю. І калі мы загубім гэта, нашым дзецям будзе цяжка».

Аб СМІ

Лукашэнка канстатуе дэфіцыт кантэнту, які карыстаўся б абсалютным даверам аўдыторыі

Нягледзячы на магутнае развіццё медыйнай прасторы, відавочны дэфіцыт кантэнту, які карыстаўся б абсалютным даверам аўдыторыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці, беларускіх і замежных СМІ.

Прэзідэнт падкрэсліў, што адна з мэт сённяшняй сустрэчы — ліквідаваць дэфіцыт інфармацыі, якая абрушваецца на нас.

«Нягледзячы на магутнае развіццё медыйнай прасторы, відавочны дэфіцыт кантэнту, які карыстаўся б абсалютным даверам аўдыторыі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, адна з прычын — фэйкавыя навіны, якія імгненна разлятаюцца і захопліваюць аўдыторыю, бударажаць людзей, хоць потым некаторыя, а, можа, і многія абвяргаюцца. «Але градус напружання ў грамадстве не падае. І вы ведаеце, што там, дзе размова ідзе аб вялікай палітыцы, небяспека ад такіх інфармацыйных укідаў павялічваецца шматразова. Роля стрымальнага фактару або сілы ў процівагу тут адведзена аўтарытэтным выданням і журналістам, якія захоўваюць законы прафесійнай этыкі і нормы маралі. Паважаюць сваю аўдыторыю, даючы магчымасць самастойна зрабіць высновы з матэрыялу навін. Такіх, праўда, застаецца ўсё менш, але ў нас яны ёсць».

Лукашэнка: СМІ, якія пазіцыянуюць сябе незалежнымі, павінны адчуваць мяжу дапушчальнага

«Вельмі хацелася б, каб і СМІ, якія пазіцыянуюць сябе як незалежныя, і эксперты, якія ацэньваюць падзеі і ствараюць пэўны фон іх успрымання, адчувалі мяжу дапушчальнага. Мяжу, за якой парушаецца раўнавага ў грамадстве. Разумелі адказнасць за кожнае сказанае слова. Таму што мір і парадак у краіне не варты прафесійных амбіцый», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ў большасці сваёй сённяшні чытач і глядач — адукаваны чалавек, які ўмее аналізаваць.

Ён даўно навучыўся разбірацца ў тонкасцях журналісцкіх муніпуляцый, хутка счытваць, чые або якія інтарэсы стаяць за анонсам праграмы ці загалоўкам навіны.

Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Беларусі будзе перагледжана

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў свеце ідзе інфармацыйная вайна. «Дай бог, каб яна не перарасла ў гарачую, каб не была прадвеснікам небяспечных сутыкненняў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь павінна ўмець процістаяць гэтай вайне, выкарыстоўваючы розныя метады. «Будзем удасканальваць канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі. Праблему мы бачым і ўжо сёння вырашаем. Канцэпцыю перагледзім і зробім больш строгай, каб вы разумелі, у якім напрамку ўлады будуць дзейнічаць, асабліва напярэдадні прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, каб процістаяць інфармацыйным атакам з Захаду або Усходу, трэба ў першую чаргу аб’яднацца ўнутры краіны.

Апазіцыя павінна быць канструктыўнай. «Расія не хоча страціць Беларусь, учыніць тут пераварот, пагоршыць сітуацыю, абстаноўку. Я ў гэтым перакананы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. «Не павінна быць аднабокасці. Напэўна, ёсць праблема з Усходу, але яна яшчэ большая з Захаду. Расіяне не ўстанаўліваюць ракеты за Масквой на Захад, каб іх нацэліць на Беларусь. Навошта гэта Польшчы, іншым краінам (не буду іх пералічаць)? Давайце будзем аб’ектыўныя ў гэтым плане», — заклікаў беларускі лідар.

У цэлым, заўважыў кіраўнік дзяржавы, простыя расіяне добра ставяцца да беларусаў, з душой. «Чаму мы павінны ў іх кідаць камяні? Зразумела, недзе нас хочуць эканамічна прыціснуць, можа, сапраўды заклапочаны падатковым манеўрам. Гасподзь з вамі, перажывём, — сказаў Прэзідэнт. — У лістападзе завершым мадэрнізацю сваіх заводаў і купім нафту на рынку. Глыбіня перапрацоўкі будзе 92-95 працэнтаў, як на еўрапейскіх заводах. Ну і хто ад гэтага выйграе? Мы проста на расійскі рынак прывязём чужую нафту».

Інфармацыйную бяспеку ў Беларусі трэба будаваць не за кошт іншых і не за кошт нападкаў на іншых, перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра суверэнітэт і незалежнасць, Прэзідэнт адказаў на папрокі ў тым, што ён перахапіў лозунг беларускай апазіцыі. «Адрозненні барацьбы ў тым, што яны (апазіцыя. — Заўвага БЕЛТА) вельмі шмат крычалі аб гэтым і спрабавалі вышыню ўзяць штурмам. Да чаго гэта прывяло, Украіна паказала. Я рабіў гэта спакойна, «памяркоўна», як і патрабуецца ад беларускага чалавека. Адчуваў, што ў мяне за спінай 10 млн беларусаў і 5 млн гасцей, якія перамяшчаліся праз Беларусь», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Мы разам стварылі гэту дзяржаву. Я ўласнымі рукамі павінен угробіць яе? Мы ўсе прыхільныя, і я перш за ўсё, да нашага суверэнітэту і незалежнасці, толькі ў нас розныя метады барацьбы. Я не хачу вайны, разладу», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Той, хто зробіць спробы дэстабілізаваць абстаноўку ў надзеі пагрэць рукі, першым трапіць у «полымя дэстабілізацыі», папярэдзіў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў Расіі ствараецца шмат праграм на ўкраінскую тэматыку. «І гэта ўжо наадварот іграе. Неабходна спыніць, не трэба гэта рабіць. Гэтак жа і тут: менш трэба гаварыць, а больш рабіць. Вунь, з БЕЛТА гаварылі: 2 тыс. пытанняў за суткі (прыйшло ў рамках акцыі «Ваша пытанне Прэзідэнту». — Заўвага БЕЛТА), паглядзіце, чаго хочуць людзі, гэтыя праблемы давайце вырашаць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы закрануў і пытанні беларускай мовы, выкладання ў школах, стварэння беларускамоўнай ВНУ. «Адзін з дэпутатаў ставіла гэта пытанне (стварэння спецыяльнай ВНУ з выкладаннем на беларускай мове. — Заўвага БЕЛТА), я прасіў прапрацаваць і, так разумею, такое рашэнне не прынята — такая ў мяне была інфармацыя — ствараць асобную яшчэ ВНУ. У нас дастаткова ВНУ выкладаюць беларускую мову і на беларускай мове пэўныя прадметы», — сказаў ён.

Гаворачы пра ўплыў замежных дзяржаў, Прэзідэнт паведаміў, што ў Беларусі ствараюцца сайты з замежным фінансаваннем. «Нацэлены нібыта на прапаганду расійскіх дасягненняў і, цытую: «Трымаць Беларусь у рамках інтарэсаў Расіі». Глупства страшнае. Гэта на шкоду робяць — вы разумееце», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён расказаў падрабязнасці пра такія рэсурсы. «Вось, 12-15 чалавек ствараюць нейкую групу, нейкі сайт у інтэрнэце. І грошы ведаем, хто дае: заплацілі аднаму, заплацілі другому менш, трэцяму — наогул нічога, ён прыходзіць, расказвае куды трэба, што гэта за сайты, хто прыходзіў і хто праплачвае, — адзначыў Прэзідэнт. — Але я яшчэ раз гавару: гэта памылка з боку дзеячаў асобных у Расіі, якія лічаць, што такім чынам Беларусь можна ўтрымаць каля сябе. Нас не трэба гэтым утрымліваць. Мы адукаваны, разумны народ. З намі трэба проста нармальна супрацоўнічаць, не трэба нас папракаць, што мы ў вас нахлебнікі, напрыклад. З намі трэба проста весці нармальныя адносіны. Калі мы з вамі саюз заключылі, не трэба лічыць, што нафта танней або газ танней нам прадалі». Ён дадаў, што Беларусь ніколі не будзе ў адрыве ад Расіі.

«Ёсць група людзей, якім усё роўна як зарабляць грошы. Ім праплачвае нехта там з Расіі — ну і добра. Мы гэта бачым, як бачым такую палітыку з боку нашых суседзяў з Захаду — там яшчэ больш сур’езна. Гэтыя (расійскі бок. — Заўвага БЕЛТА) хоць баяцца нас страціць, а тыя спрабуюць нас дэстабілізаваць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы ведаем, пра што яны (Захад. — Заўвага БЕЛТА) гавораць, мы ведаем іх планы. Ну добра, звергнуць Лукашэнку — Лукашэнка чужы і іншае — гэта зразумела, яны мяне звяргаюць больш за 20 гадоў і ніяк звергнуць не могуць. Але яны ж праводзяць відавочную антыбеларускую палітыку. І вам на гэта трэба звяртаць увагу. Таму хапае нам і з таго, і з іншага боку. Гэта я ніколі не ўтойваў і не ўтойваю».

Аб знешнепалітычнай сітуацыі

Лукашэнка: па перыметры нашай граніцы ўзнікаюць новыя кропкі напружанасці

«Вы ўсе ведаеце, што знешняя палітыка Беларусі шматвектарная і праводзіцца выключна ў інтарэсах забеспячэння бяспекі і захавання міру на нашай планеце. Мы супраць любых праяў агрэсіі, як ваеннай, так і на злобу дня — інфармацыйнай. Але па перыметры нашай граніцы ўзнікаюць новыя кропкі напружанасці. Дагаворы, якія забяспечвалі баланс ваенных сіл на планеце, разыходзяцца па швах. У разгары новая гонка ўзбраенняў. І варта адрэагаваць на сучасныя выклікі, зрабіць крок у напрамку ўмацавання ўласнай ваеннай моцы, як адразу пачынаюцца хваляванні і ў міжнародных палітычных колах, і на прасторах інтэрнэту. Праўда, тут дзейнічаюць усе, пра якіх я гавару, выбарачна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт закрануў навіну аб тым, што Польшча мае намер патраціць на абарону каля $50 млрд. Гаворачы пра абарону і бяспеку, ён закрануў тэму ўмацавання Расіяй заходняй акругі. «Гэта адзіная групоўка ўзброеных сіл на гэтым напрамку, што непасрэдна мяжуе з НАТА. Дык вось, калі б прайшла навіна аб тым, што Расія нейкі полк дабавіла на захад ад Масквы, то асобныя б гвалтам крычалі. Вось вам і стаўленне да двух фактаў. Давайце тады будзем выпрацоўваць нейкі крытэрый і ацэньваць гэтыя падзеі па пэўных крытэрыях. Я не ведаю, навошта Польшчы ўзмацняць сваю армію на $50 млрд», — адзначыў Прэзідэнт.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, што з тэрыторыі Беларусі ніколі не будзе ніякіх войнаў і канфліктаў, перш за ўсё ў адносінах да Польшчы. «Нам гэта не патрэбна», — сказаў ён.

 Аляксандр Лукашэнка заклікаў СМІ, якія пазіцыянуюць сябе незалежнымі, быць больш аб’ектыўнымі і адносіцца да такіх фактаў з пункту гледжання нейкага аднаго крытэрыю.

«Мы прывыклі да таго, што не ўсе вітаюць спакойнае жыццё, паступальнае развіццё невялікай незалежнай краіны ў цэнтры Еўропы, што не выклікае захаплення выбраны Беларуссю курс сацыяльна арыентаванай дзяржавы, падпарадкаваны інтарэсам чалавека. Мы гэта бачым і разумеем — не ўсім гэта падабаецца. Гэты факт правакуе, бадай, найбольшую колькасць нападкаў на нашу ўнутраную палітыку з боку неафіцыйных і ананімных крыніц. Вы лепш за ўсіх ведаеце, як гэта працуе, як лёгка можна афарбаваць любую пазітыўную навіну ў зусім цёмны колер. На шчасце, за гісторыю станаўлення і развіцця нашай дзяржавы мы выпрацавалі імунітэт супраць дэструктыўнай крытыкі. Я чытаю вельмі шмат, аналізую, атрымліваю аналітыку. Асабліва мяне здзіўляе, калі ідзе прамая хлусня», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заклікаў да аб’ектыўнасці ў ацэнцы інфармацыі.

«Нашы людзі прывыклі трымаць удар, мы добра ведаем, што сіла ў справядлівасці і праўдзе. Таму сустрэча з вамі — магчымасць данесці яе да народа. Асаблівую нішу ў масмедыя займаюць эксперты. Вы — лідары меркаванняў, — сказаў ён. — І журналісты, і іх мэтавая аўдыторыя на многія факты і падзеі глядзяць, вобразна кажучы, вашымі вачамі».

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што і сёння ўдзел аўтарытэтных спецыялістаў у «Вялікай размове» будзе карысным і плённым. «Мы шмат разоў працавалі з вамі ў фармаце круглага стала. Вы ведаеце, што ў нашай размове няма такога паняцця, як нязручнае або недарэчнае пытанне. І я заклікаю вас, як і раней, да адкрытага дыялогу», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: магчымае размяшчэнне ракет сярэдняй і меншай далёкасці ва Украіне — гэта катастрофа

«Калі ва Украіне будуць размешчаны такія ракеты — гэта катастрофа, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба разумець, расіяне не могуць дапусціць, каб гэтыя ракеты былі там размешчаны. Мы з расіянамі абсалютна будзем салідарны. Таму ні ў якім разе нельга рабіць у гэтым напрамку крокі Украіне».

Прэзідэнт Беларусі не першы раз выказвае занепакоенасць магчымым размяшчэннем у Еўропе ракет малой і сярэдняй далёкасці. Як кіраўнік дзяржавы ён у першую чаргу непакоіцца ў сувязі з гэтым за Беларусь. «І не хацелася б, каб у старой матухне-Еўропе ўспыхнула нейкая, не дай бог, ядзерная катастрофа».

Лукашэнка: Кітай — надзейны партнёр, які заўсёды падстаўляе плячо Беларусі

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падтрымка з’яўляецца ўзаемнай, і закрануў развіццё эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Ён падзякаваў кітайскаму боку. «Не было пытання, з якім  я звярнуўся б да кіраўніцтва Кітая, і яно не было вырашана», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю, калі ўзніклі праблемы з пастаўкамі прадукцыі ў Расію. «Калі Сі Цзіньпін быў у мяне дома, беларусы гэта бачылі, я яго пачаставаў нашай прадукцыяй і пытаюся: як прадукцыя. Ён шчыра адказаў, што вельмі добрая, добрай якасці. Я як шчыры беларус гавару: трэба дапамагчы нам з рынкам. Кітай закупляе вялікую колькасць прадуктаў харчавання. Тым больш ёсць поезд, які курсіруе паміж Кітаем і Заходняй Еўропай праз Беларусь. Нам гэта проста падарунак — на зваротным шляху, каб паражняком не ішоў, мы можам загружаць на кітайскі рынак сваю прадукцыю, перш за ўсё, сельскагаспадарчую», — адзначыў Прэзідэнт.

Пасля гэтага кітайскія спецыялісты пабывалі на беларускіх прадпрыемствах, азнаёміліся з іх работай, была атрымана неабходная сертыфікацыя прадукцыі для паставак у КНР. «І мы атрымалі магчымасць малочку пастаўляць, потым ялавічыну, птушку. І ў нас ёсць партнёры, з якімі трэба працаваць без пасрэднікаў, пастаўляючы прадукцыю непасрэдна ў магазіны. Гэта добрыя грошы, і мы тут нічога не страчваем, гэта дазволіла ў мінулым годзе ў нашым гандлі выйсці на тую формулу, якую я пастаянна патрабую», — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць дыверсіфікацыі паставак прадукцыі на знешнія рынкі. Прэзідэнт дадаў, што раней Беларусь у вялікай ступені залежала ад расійскага рынку, цяпер жа за кошт Кітая і іншых краін мае формулу бяспекі экспартна арыентаванай краіны (30х30х30).

Ён таксама расказаў аб інвестыцыйным супрацоўніцтве з Кітаем, які пабудаваў у Беларусі электрастанцыі, адна з такіх узведзена пад Віцебскам. Кітайскі бок таксама дапамог Беларусі мадэрнізаваць многія ЦЭЦ, прадпрыемствы, у тым ліку ў Светлагорску па выпуску цэлюлозы. «Дзякуючы Кітаю мы адышлі ад залежнасці па цэлюлозе. І па многіх іншых пытаннях, я ўжо не гавару аб ракетнай зброі «Паланэз», якую мы стварылі не з Расіяй, а з Кітайскай Народнай Рэспублікай дзякуючы Сі Цзіньпіну, які выдзеліў нам крэдыт наогул, лічыце, пад нуль працэнтаў. Разам з кітайскімі спецыялістамі мы пачалі вытворчасць «Паланэзаў». Цяпер нашы спецыялісты працуюць над ракетай новага пакалення, усё роўна база гэта была кітайская. Нават у дробязях нейкіх: аўтамабілі для арміі, у плане гуманітарнай дапамогі, у будаўніцтве жылля — грант выдзелілі ў памеры 200 з лішнім мільёнаў долараў. А цяпер спартыўныя аб’екты, я папрасіў, каб яны былі з кітайскім каларытам — стадыён, басейн, ідзе прапрацоўка гэтых пытанняў. Кітайцы робяць праект, каб пад ключ, я прасіў менавіта так, як падарунак беларускаму народу», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў кітайскага боку, Аляксандр Лукашэнка заўважыў: «Вы павінны ведаць, што беларусы ў даўгу не застануцца. Вы — надзейны партнёр, які па любым пытанні падстаўляў нам плячо. Мы гэтак жа будзем ставіцца да вашай краіны. Тут у вас сябры».

Кіраўнік дзяржавы яшчэ ў перыяд свайго дэпутацтва гаварыў аб тым, што трэба вывучаць вопыт развіцця Кітая. Гэта ж ён пацвердзіў і ў першы год свайго прэзідэнцтва, калі наведаў Кітай. Беларуска-кітайскія адносіны развіваліся паступова. «Кітай ніколі не спяшаецца, яны ўважліва вывучаюць людзей. І яны вызначылі: так, беларусам можна давяраць. І заўсёды мы адчуваем падтрымку, дапамогу Кітая і ва ўсіх міжнародных пытаннях. Таму мы так і да вас ставімся і будзем ставіцца», — сказаў ён.

Прэзідэнт закрануў тэму супрацоўніцтва паміж чыгункамі, у тым ліку ў пытаннях мадэрнізацыі, паколькі праз Беларусь кітайскія тавары накіроўваюцца ў Еўропу.

Аляксандр Лукашэнка рэзюмаваў, што Беларусь і ў далейшым будзе падтрымліваць Кітай там, дзе гэта патрэбна, і ўзаемна разлічвае на яго падтрымку.

ЕАЭС пачынае ўсё больш палітызавацца — Лукашэнка

«Калі шчыра, я вялікіх надзей не маю ў плане Еўразійскага эканамічнага саюза. Занадта шмат насцярожанасцей, рознагалоссяў, і, што зусім непрымальна, эканамічны саюз пачынае ўсё больш палітызавацца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на вялікую колькасць выключэнняў у гандлёвых адносінах і на невыкананне ўласна прынятых рашэнняў у рамках ЕАЭС. «А калі і ўносім разумную прапанову па вырашэнні той ці іншай праблемы, то выпустошваем гэта рашэнне да такой ступені, што яно не мае ніякага значэння. Нават свабоднае перамяшчэнне, адсутнасць меж у эканоміцы для тавараў, капіталаў, людзей і г. д., кожная краіна спрабуе абысці і заблакіраваць гэта перамяшчэнне — тое, што наогул з’яўляецца аксіёмай для гэтага саюза. І там у нас з’яўляюцца праблемы», — адзначыў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ёсць спрэчкі ў Казахстана з Кыргызстанам, якія да гэтага часу не зняты па шэрагу напрамкаў. У Беларусі з Расіяй таксама шмат праблем. Выключаны многія групы тавараў з гандлёвых рэжымаў, асабліва, што датычыцца нафты і газу — да 2025 года будуць распрацоўвацца рашэнні. «Занадта шмат нацыянальнага эгаізму — так кажуць расійскія палітыкі, крытыкуючы Амерыку. У нас тое ж самае», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра будучае старшынства Беларусі ў ЕАЭС, Прэзідэнт адзначыў, што асабліва не разлічвае на нейкі прарыў, паколькі ўсе рашэнні там прымаюцца ў кансэнсусе. Таму ад пазіцыі адной дзяржавы, няхай нават самай буйной, наўрад ці што-небудзь залежыць, калі хоць адна дзяржава будзе супраць. А існуючая тэндэнцыя не дае вялікіх надзей, дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што наша шчасце — толькі ў нашых руках.

«Будзе добра з нашымі саюзнікамі — значыць, яшчэ лепш будзе ў нас. Але спадзявацца трэба толькі на сябе. У нас невялікі рэсурс для гэтага — мы не Амерыка, не Кітай і нават не Расія — у іх больш гэтых магчымасцей. Усё роўна надзея на сябе, а ўсё, што атрымаецца з саюзнікамі, — гэта дадатак», — канстатаваў ён.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў гэтым выпадку можна вывесці Расію «за дужкі», паколькі з гэтай краінай у Беларусі блізкія, цесныя адносіны, у тым ліку ў гандлёва-эканамічных і іншых сферах. Шэраг дзяржаў з ЕАЭС занадта прывязаны да іншых цэнтраў сілы, арыентаваны на іншыя дзяржавы і саюзы. Гэта ўзнікла не сёння. У некаторых дзяржаў адносіны склаліся яшчэ да стварэння ЕАЭС. «Ёсць шмат праблем, таму вы павінны разумець, што мы будзем дзейнічаць строга ў адпаведнасці з заключанымі дагаворамі і пагадненнямі, будзем старацца больш глыбокую інтэграцыю развіваць і рухаць наперад, наколькі гэта магчыма, не толькі таму, што мы прывязаны да такой інтэграцыі, але і таму, што яна нам на карысць», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка пра «Хельсінкі-2»: тут не рванеш, трэба ісці пакрокава

«Настаў момант, што трэба было б недзе «Хельсінкі-2″ сабраць і пагаварыць сур’ёзна, хаця б на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў АБСЕ (апошняя сустрэча кіраўнікоў дзяржаў АБСЕ адбылася ў Астане ў 2010 годзе, папярэдняя — у Стамбуле ў 1999 годзе. — Заўвага БЕЛТА)», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Тут не рванеш. Трэба ісці пакрокава». Ён прывёў у прыклад перагаворы лідараў ЗША і КНДР. Многія разлічвалі, што складанасці ў адносінах паміж краінамі будуць зняты пасля першай жа сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў, аднак гэтага не адбылося. «Значныя пытанні адразу не вырашаюцца, асабліва там, дзе задзейнічаны немалыя ігракі, і асабліва на ўзроўні дзяржаў», — адзначыў Прэзідэнт.

З’явіліся новыя ініцыятывы, у тым ліку адраджэнне Шаўковага шляху. «Паўстала пытанне спалучэння гэтых ініцыятыў, як іх сумясціць, каб не супярэчылі адна адной. Як успрымуць нашы кітайскія сябры гэту ініцыятыву, ці не будзе яна перашкаджаць Шаўковаму шляху? Вельмі шмат праблем і вельмі шмат пытанняў», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

«Што датычыцца «інтэграцыі інтэграцый», так, сапраўды, тым самым мы прадэманстравалі ўсёй сусветнай супольнасці, што мы менавіта гэты падтрымліваем шлях і ў знешняй палітыцы, і ў нашай знешнеэканамічнай дзейнасці — на аб’яднанне. Не важна, што ў Еўрапейскага саюза свая палітыка і стаўленне да Расіі, да Беларусі, ды і да ўсяго ЕАЭС або Саюзнай дзяржавы. Тым не менш, трэба спалучаць гэтыя ініцыятывы, трэба ісці гэтым шляхам, іншага не дадзена», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей звярнуў увагу на складаную сітуацыю на міжнароднай арэне. «Для таго, каб гэта ідэя спрацавала, каб і на Захадзе зразумелі, што без збліжэння, асабліва ў гандлёва-эканамічнай сферы, немагчыма забяспечыць стабільнасць і спакой у нашым рэгіёне, такое ж разуменне павінна быць і на Усходзе. Трэба час. Сёння вельмі шмат мерапрыемстваў праходзіць і ў розных еўрапейскіх краінах, куды выязджаюць прадстаўнікі Еўразійскага эканамічнага саюза, Еўразійскай эканамічнай камісіі», — звярнуў увагу ён.

Перспектыўнай з’яўляецца прапрацоўка пытанняў збліжэння ідэі «інтэграцыі інтэграцый» з канцэпцыяй «Адзін пояс, адзін шлях». «Таму працэс ідзе. Але, на жаль, у выніку той канфрантацыі, якая сёння існуе паміж Расіяй і Захадам, працэс ідзе не так хутка, як хацелася б. Выстаўляліся казахскім кіраўніцтвам ідэі аб тым, што трэба было б правесці адразу ж маштабнае мерапрыемства высокага ўзроўню і прыняць нейкае рашэнне. Гэта зрабіць немагчыма. Таму мы прапанавалі ў мэтах развіцця ідэі Прэзідэнта рухацца паступова, пачаць з простых, зразумелых рэчаў — збліжэння мытных правіл, збліжэння пытанняў, звязаных з сертыфікацыяй тавараў, стандартызацыяй і г.д. ёсць абсалютна адназначнае разуменне і ў нашых еўрапейскіх партнёраў, што трэба рухацца па гэтым шляху. Мы працуем разам з ААН, Еўрапейскім саюзам, Еўразійскім эканамічным саюзам, працуем і з Расіяй, і з іншымі партнёрамі па далейшым пашырэнні гэтай ідэі», — заявіў міністр.

Аб унутранай палітыцы

Лукашэнка: у Беларусі вельмі шмат зроблена, каб чалавек мог зарабляць для сябе і сям’і

«Мы вельмі шмат зрабілі, каб чалавек мог варушыцца, зарабляць для сябе і сваёй сям’і, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы стварылі ўсе ўмовы, пачынаючы ад дробнага прадпрымальніцтва да ІТ».

У прыватнасці, у сферы прадпрымальніцтва, стварэння новых прадпрыемстваў, асабліва ў вёсцы, створаны беспрэцэдэнтныя ўмовы. «Цяжка знайсці такую краіну, якая прадаставіла б столькі свабод для прадпрымальніцтва, — заўважыў Прэзідэнт. — На працягу дня зарэгістраваўся і ідзі працуй. Яшчэ не было скаргаў наконт бюракратызму». Разам з тым, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у беларуса павінна прачынацца прадпрымальніцкая жылка.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму развіцця Оршы і Аршанскага раёна. «Нас непакояць сёння не столькі Мінск і абласныя цэнтры па занятасці, працаўладкаванні, нават па даходах насельніцтва… А вось гэтыя гарады, буйныя, прыкладна з колькасцю 100 тыс. чалавек, дзе назбіраліся праблемы. Гэта велізарная колькасць насельніцтва, ім трэба дапамагаць. Таму было вырашана стварыць такі праект на прыкладзе Оршы — тыповага сярэдняга горада, — сказаў Прэзідэнт. — Выйшлі на адзіны ўзор, мы яго цяпер апрабоўваем у Оршы. Пачалася работа ў Барысаве. У Баранавічах, Маладзечне і г.д. пэўныя праблемы, няхай не такія, але існуюць. Мы хочам апрабаваць той шлях, па якім пойдуць такія гарады».

Кіраўнік дзяржавы выказаўся і наконт скарачэння будаўніцтва жылля ў Мінску і развіцця гарадоў-спадарожнікаў. «У гэтым і наступным годзе мы больш увагі гэтаму ўдзелім», — сказаў ён, дадаўшы, што такія рашэнні ў адзін момант не прымаюцца і не рэалізоўваюцца за адзін год. «Многія ўжо заплацілі за кватэру, многія ведаюць, дзе тую кватэру будуць будаваць, ужо фундамент дома заклалі. Таму патрэбны час, каб выйсці з будаўнікамі з Мінска і не рабіць яго гумавым, а развіваць гарады-спадарожнікі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Тэма сямейнага капіталу нядаўна абмяркоўвалася на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, узнялі яе і ў ходзе «Вялікай размовы». «Рамкі сямейнага капіталу будуць пашыраны. Жыллё, можа яшчэ якімі-небудзь пытаннямі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Калі цяпер сямейны капітал могуць выкарыстоўваць толькі на здароўе дзіцяці, адукацыю, то мы яго дамовіліся пашырыць, у бліжэйшы час гэтыя рашэнні будуць прыняты».

Напярэдадні «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» БЕЛТА прапанавала чытачам задаць пытанне Прэзідэнту. За 1,5 сутак акцыі «Ваша пытанне Прэзідэнту» паступіла ўвогуле больш за 2 тыс. пытанняў. У цэлым кола тэм шырокае — ад пытанняў сацыяльнай абароненасці, стварэння рабочых месцаў, набыцця жылля і мер па росце дабрабыту насельніцтва да знешняй палітыкі, інтэграцыйнай тэматыкі, пагранічнай бяспекі, процідзеяння карупцыі. У тым ліку выказваюцца асабістыя просьбы да кіраўніка дзяржавы дапамагчы ва ўрэгуляванні тых ці іншых праблем.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў: усе пытанні, якія паступілі, прааналізуюць і абагульняць. Там, дзе трэба, рашэнне будзе прынята да штогадовага Паслання Прэзідэнта да народа і парламента. «Калі не прымем, то я прама скажу, калі гэта будзе зроблена», — сказаў ён.

Пытанні прысылалі людзі з розных рэгіёнаў Беларусі, буйных і малых населеных пунктаў. Часцей за ўсё сустракаюцца тыя, у якіх грамадзяне не проста задаюць пытанне агульнага характару, але ўказваюць на канкрэтную жыццёвую сітуацыю або праблему, недапрацоўкі на месцах.

У сельскай гаспадарцы вырашана галоўная праблема: кавалак хлеба не просім для народа — Лукашэнка

«Колькі білі мяне за адраджэнне вёскі, а сёння гэта прызнаны ва ўсім свеце праект. На $5,5 млрд толькі прадаём. Я нядаўна вам прыклад прыводзіў, што ў першы год майго прэзідэнцтва ў Мінску на трое сутак мукі заставалася, хлеб няма з чаго было пячы. Сёння мы забылі пра гэту праблему. Так, укладвалі ў сельскую гаспадарку, і нямала. Можа, не ўсе яшчэ эфектыўна працуюць. Але ў сельскай гаспадарцы мы вырашылі галоўную праблему: не ходзім з працягнутай рукой і кавалак хлеба не просім для народа», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ўсе праекты, якія рэалізуюцца ў краіне, знаходзяцца ў яго на кантролі. «Любое пытанне, любы праект трэба ўзважваць, трэба прадумаць усе аспекты, прымаючы рашэнне: што будзе заўтра, што будзе паслязаўтра. Усё гэта няпроста. У нас няма лабізму: прыйшоў, нагой дзверы ў Мінфін адчыніў — і табе грошы далі. Гэта выключана. Кожны праект зацвярджаецца Прэзідэнтам. Так, нагрузка, так, можа, непрэзідэнцкая справа, а куды дзявацца. Мне галоўнае, каб быў вынік, каб на ногі стала эканоміка таго ці іншага прадпрыемства. І я бачу вынік», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт абвергнуў домыслы, што ў Беларусі сілавыя структуры ўмешваюцца ў работу суб’ектаў гаспадарання. Іх задача зводзіцца да кантролю за выкананнем заканадаўства, у першую чаргу за поўнай выплатай падаткаў. «А калі нехта кашмарыць бізнес… Ні адзін сілавік пры маёй палітыцы сабе гэта дазволіць не можа. Яны не ў кланах, не ў групоўках. Гэта людзі Прэзідэнта, адказныя перад ім, хоць да назначэння на пасаду я нікога не ведаў. У мяне дружкоў тут няма. Наогул у мяне ва ўладзе няма сяброў. Не трэба гэтых намёкаў, што нехта кашмарыць, а я ледзь ці не групаўшчыну нейкую ў краіне развёў. Гэтага не будзе», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: Беларусь мае патрэбу ў нацыянальнай ідэі, якую падтрымае ўвесь народ

«Мы дагэтуль не змаглі выразна сфармуляваць нацыянальную ідэю. Вось такую ідэю, якая захапіла б увесь народ. Усё, што мне прапаноўвалі (патрыятызм, суверэнітэт, незалежнасць у якасці нацыянальнай ідэі. — Заўвага БЕЛТА), нешта збіта, нешта не падыходзіць нам, не кладзецца на сэрца і душу, як у народзе кажуць. Быў бы вельмі ўдзячны, калі б нехта сфармуляваў гэту ідэю і пераканаў мяне ў тым, што гэта тое, што трэба», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама прапанаваў вызначыць форму абмеркавання беларускім грамадствам нацыянальнай ідэі, каб яна прыйшлася даспадобы ўсяму народу.

Кіраўнік дзяржавы ўказаў на недахопы ў ідэалагічнай рабоце ў краіне. «Час змяніўся, трэба ісці нейкім іншым шляхам», — заявіў ён.

У сувязі з абмеркаваннем форм работы Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму акцыі «Бессмяротны полк» і звярнуў увагу, што ў Беларусі ёсць свая акцыя «Беларусь памятае», падобная па сутнасці і знешняй форме. Прычым акцыя «Беларусь памятае» з’явілася ў Беларусі значна раней, чым «Бессмяротны полк» у Расіі. «Мы вітаем, што браты-расіяне звярнуліся да гэтай формы, але ў нас свая назва», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што патрэбны новыя формы ідэалагічнай работы, напрыклад, флэш-мобы, якія павінны быць накіраваны перш за ўсё на моладзь. «Яны больш разумеюць праз флэш-моб, чым праз нейкую там дэманстрацыю, першамайскую дэманстрацыю, якія ў нас некалі былі. Хоць і гэта не трэба забываць. Паглядзіце, колькі людзей прыходзяць на дэманстрацыі і парады 9 Мая. Паступова мы ўцягнулі, груба кажучы, моладзь у гэту добрую справу», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што трэба выпрацаваць фундаментальныя напрамкі ідэалагічнай работы. Ён таксама падкрэсліў, што калі ў краіне з’яўляецца новая форма такой работы на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, трэба зрабіць так, каб гэта стала традыцыяй. «Гэта будзе наша беларускае, каб дзецям маглі пакінуць», — дадаў Прэзідэнт.

Работу ідэолагаў у Беларусі трэба змяняць з улікам сучасных падыходаў — Лукашэнка

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ідэалагічная работа ў краіне часта вядзецца «па-савецку». «Гэта не таму, што мы не можам (працаваць па-іншаму. — Заўвага БЕЛТА), а таму, што людзей не ўмеем падбіраць, — упэўнены Прэзідэнт. — Гэта няпростая работа. Ідэолагі — гэта штучны тавар, масавай вытворчасці няма, але іх трэба знаходзіць і з імі працаваць».

У сучасным грамадстве людзі хутка вызначаюць, калі ўлада спрабуе нешта навязаць, таму відавочная, прамая агітацыя можа толькі нанесці шкоду аўтарытэту кіраўніцтва краіны. «Не кожны член урада можа быць ідэолагам і ўмее размаўляць з людзьмі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Бывае, быццам, міністр, а размаўляць з людзьмі не ўмее, няма ні лектарскага майстэрства, ні адчування аўдыторыі».

Да кіраўніка дзяржавы ў час «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» звярнуўся дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін. Ён прапанаваў прадстаўнікам улады і экспертнай супольнасці перыядычна праводзіць сумесныя дыскусіі, накшталт сённяшняй, каб «самім фарміраваць ідэалагічны парадак дня». «Паводле ўсіх сацыялагічных апытанняў, у нас у гісторыі ёсць розныя падзеі, якія раз’ядноўваюць, і розныя фігуры. Але народ каго вызначае ў якасці прыярытэтных гістарычных лідараў, якіх ведае і давярае? Кірыла Тураўскі, Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Янка Купала, Якуб Колас. Гэта фігуры, вакол якіх аб’яднаюцца людзі абсалютна розных палітычных поглядаў, таму што народ у нас мудры», — адзначыў Вадзім Гігін. На яго думку, уладзе трэба больш актыўна ініцыіраваць інфармацыйныя падставы на аснове аб’яднальных гістарычных фактаў і фігур.

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым падтрымаў ініцыятыву Вадзіма Гігіна. Прэзідэнт выказаў перакананне, што правядзенне сустрэч прадстаўнікоў улады і экспертнай супольнасці вельмі важна для інфармавання людзей па актуальных пытаннях, прадастаўлення дакладных звестак з першых вуснаў.

У сакавіку-красавіку будзе прынята рашэнне па тэрмінах правядзення парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў

«Я вам клянуся: нават калі сітуацыя будзе вельмі цяжкая, я ніколі не буду маніпуляваць грамадскай думкай, каб падбіраць нейкі момант і прапхнуць сябе ва ўладу», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што выбарчыя кампаніі будуць праведзены ў бліжэйшыя два гады.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, гэтыя важныя палітычныя падзеі стануць экзаменам не толькі для яго. «Усе будзем здаваць экзамен і перад народам даваць справаздачу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у яго ёсць падставы быць упэўненым, што ўлада вытрымае гэты экзамен дастойна. «Галоўнае нам па-дзелавому правесці гэтыя кампаніі. Дастойна давайце правядзём, — заклікаў Прэзідэнт. — Абяцаю, што ўсё будзе сумленна і канкурэнтна. Але калі буду бачыць, што нехта з палітыкаў зробіць стаўку на разбурэнне краіны і стабільнасці, якая ёсць, я адкажу».

Лукашэнка: я схільны да таго, што новую Канстытуцыю нам давядзецца прымаць

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў краіне неабходна прымаць новую Канстытуцыю. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Я схільны сёння да таго, што новую Канстытуцыю нам давядзецца прымаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы дадаў, што «зрабіць гэта трэба не зыходзячы з меркаванняў суддзяў Канстытуцыйнага суда, не арыентуючыся на меркаванні нейкай групы — мы ў цэлым павінны бачыць краіну, народ, ведаць, што ў вас дзеці, унукі, што ім потым жыць, непакоіцца за гэта». «Прапануйце мне гэту Канстытуцыю, аснова ёсць — цяперашняя Канстытуцыя», — прадоўжыў ён.

Прэзідэнт растлумачыў, што займацца гэтымі пытаннямі будуць суддзі Канстытуцыйнага суда, паколькі, на яго думку, гэта самыя дасведчаныя і вопытныя спецыялісты, юрысты. «Шчыра кажучы, я гэта даручэнне зрабіў, але не ведаю, як яно выконваецца. Упэўнены, што суддзі Канстытуцыйнага суда — вельмі адказныя людзі і яны над гэтым працуюць. Але пакуль мне нічога не прапанавалі. Думаю, у бліжэйшы час прапануюць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Пагадзіцеся, што ўсё ж такі ад мяне будзе шмат залежаць: якая гэта будзе Канстытуцыя, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Але я схільны сёння да таго, што новую Канстытуцыю нам давядзецца прымаць. Можа, давядзецца ўзмацняць іншыя галіны ўлады — выканаўчую, заканадаўчую. Можа, нешта трэба будзе пасля сур’ёзнага аналізу прыняць па выбарчай сістэме: уводзіць — не ўводзіць нам прапарцыянальную сістэму або спыніцца на мажарытарнай. Гэта проста будзе зрабіць, вопыт ужо ёсць і Расіі, і Казахстана, і іншых краін — мы вывучым гэты вопыт».

Пры гэтым Прэзідэнт заявіў: «Я вам клянуся, што гэта Канстытуцыя не будзе «праціскацца», яна не будзе прымацца нахрапам, з зацікаўленасцю маёй, я вам клянуся, што гэтага не будзе. Усё будзе абсалютна сумленна, таму што я буду самым зацікаўленым чалавекам у тым, каб было потым добра, каб, калі асабіста мяне датычыцца, у мяне палкамі і каменнем не кідалі. Самым зацікаўленым чалавекам, каб Канстытуцыя адпавядала тым рэаліям, якія складуцца ў нашай дзяржаве».

«Гэта ў галаве ў любога думаючага Прэзідэнта, калі ён вырашыў закончыць са сваёй палітычнай кар’ерай, гэта найважнейшае пытанне. Вы б гэта абазвалі транзіт улады. Я на гэта шырэй гляджу. Гляджу, якой будзе наша Беларусь, каму яна дастанецца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Гэта вельмі цяжкае, вельмі складанае і вельмі важнае для ўсіх пытанне», — дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адказаў таксама, у якой перспектыве можа быць разгледжана пытанне з Канстытуцыяй. «Я думаю, што гэта не пяць гадоў, гэта будзе значна менш. Цяпер ламаць выбарчае заканадаўства, нават, як кажуць, удасканальваць, рэфармаваць, тым больш Канстытуцыю, у гэтыя два гады, калі парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, нельга. Гэта не толькі маё меркаванне. Ні ў якім разе нельга. Мы павінны спакойна правесці гэтыя выбары і заняцца тым, аб чым мы гаварылі».

Разам з тым кіраўнік дзяржавы лічыць, што гэта не з’яўляецца прыярытэтам. На яго думку, «трэба захаваць стабільнасць, бяспеку, мір у грамадстве, дабавіць дабрабыту нашаму народу, каб не сорамна было перад дзецьмі».

«Можа, у перыяд прэзідэнцкіх выбараў, калі буду ў іх удзельнічаць, мне давядзецца нешта канкрэтнае аб гэтым (новай Канстытуцыі. — Заўвага БЕЛТА) гаварыць. Але я хацеў бы ўжо мець прапановы спецыялістаў на руках для таго, каб сказаць: першы варыянт Канстытуцыі ў Прэзідэнта ўжо ёсць, аснова, якую мы потым разам дапрацуем. Разам будзем думаць, каму і якую краіну, які Асноўны Закон пакінуць», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: ніхто нікому ў Беларусі не перашкаджае прыватызаваць прадпрыемствы

Кіраўнік дзяржавы пры гэтым падкрэсліў, што ёсць пэўны механізм: спачатку трэба ўзгадніць сваю прапанову з самім прадпрыемствам, потым з мясцовымі органамі ўлады. Пасля ўрад унясе свае прапановы Прэзідэнту. «Ніхто нікому ў Беларусі не перашкаджае атрымаць нават калгас Радамана (СВК «Агракамбінат «Сноў». — Заўвага БЕЛТА), і ён нават супраць не будзе. Але трэба прыйсці адразу да яго, у працоўны калектыў (такі парадак), затым мясцовыя органы ўлады сваё слова скажуць, потым урад мне ўнясе прапанову», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён падкрэсліў, што, маючы пэўныя планы па прыватызацыі той ці іншай гаспадаркі, бізнесмен павінен прадставіць дакладны бізнес-план.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён часта чуе пытанне, ці не пара зрабіць сельскую гаспадарку прыватнай. Ён нагадаў, што ў свой час дастаткова «паваджаўся з гэтымі калгасамі, саўгасамі». «Я не рабіў гэта адразу. Я даў ім магчымасць стаць на ногі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Адна пяцігодка, другая, трэцяя — няма вынікаў. І я 25 працэнтаў калгасаў некаму сілай аддаў. Я практычна перадаў іх бізнесу, прыватызаваў».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сёння ён не гатовы кінуць у вір яшчэ не памацнелую сельскую гаспадарку, перадаўшы яе ў рукі прыватнага бізнесу і пазбавіўшы датацый. У якасці прыкладу паспяховага прадпрыемства Прэзідэнт прывёў СВК «Агракамбінат «Сноў». «Самае лепшае прадпрыемства ў краіне! Любы прыватнік можа яму пазайздросціць», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, ёсць і іншыя гаспадаркі, якія паспяхова працуюць нават па «дзедаўскіх» метадах, без выкарыстання найноўшых комплексаў, яны атрымліваюць датацыі, але могуць цалкам абысціся і без іх. Ні адно прыватнае прадпрыемства не можа канкурыраваць з такімі гаспадаркамі, канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца самой працэдуры прыватызацыі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «У Беларусі так: ты кавалак зямлі без Прэзідэнта не атрымаеш». І гэта практыка абгрунтаваная, падкрэсліў ён. Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час гэтыя паўнамоцтвы былі перададзены губернатарам. Гэта прывяло да таго, што «на месцах пачаўся разбой». Кіраўнік дзяржавы прывёў выпадак, калі амаль 500 га самых урадлівых зямель былі перададзены замежнаму бізнесмену. «І што ён там пабудаваў? Ужо 15 гадоў мінула. Я быў вымушаны з міжнародным скандалам забраць у яго зямлю, рэкультываваць усё і сеяць там збожжа, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Пасля гэтага (было шмат такіх выпадкаў) я зноў вярнуў гэта права Прэзідэнту». «Магчыма, нехта лічыць, што Прэзідэнт гэтым не павінен займацца, — прадоўжыў ён. — А я ад гэтага адысці не магу, таму што як толькі гэта аддаеш на водкуп некаму — пачынаецца поўны беспарадак. Ідуць навыперадкі: хто мацнейшы — той перахапіў, хто бедны — выкінулі».

Што датычыцца прагучаўшага меркавання аб тым, што, магчыма, у Беларусі пара перастаць «кашмарыць» бізнес, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што адзінай прычынай, па якой сёння «кашмараць» бізнес, з’яўляецца нявыплата падаткаў. Кіраўнік дзяржавы прытрымліваецца пазіцыі: выплаці падаткі — і спі спакойна. «Не я прыдумаў гэту формулу. І калі ты не заплаціў падаткі — кашмарыць будуць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Вяртаючыся да тэмы прыватызацыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, генеральны дырэктар СП «Санта Імпэкс Брэст» Аляксандр Машэнскі адзначыў, што першая гаспадарка, у якую кампанія інвесціравала каля $40 млн, не адразу паказала дадатную дынаміку. «Толькі цяпер, праз 10 гадоў, мы бачым, што гэта пачало прыносіць свае вынікі, — адзначыў ён. — На гэтым прыкладзе і на ўласным эфектыўным бізнесе я ўбачыў, што гэта займае дзесяцігоддзі. І каштуе нямала грошай».

Паводле слоў Аляксандра Машэнскага, у гаспадарках Брэсцкай вобласці сёння назіраюцца станоўчыя змяненні: усё больш іх пачынае цвёрда стаяць на нагах. Гэта сведчыць аб тым, што рэалізуемая ў краіне праграма па будаўніцтве новых і рэканструкцыі дзеючых малочнатаварных ферм пачала даваць вынікі, лічыць кіраўнік СП. У цэлым жа ён лічыць, што эфектыўнасць сельгаспрадпрыемства залежыць не столькі ад формы ўласнасці, колькі ад кіраўніка.

У Беларусі разглядаецца магчымасць амністыі капіталу

«Мы вывучаем гэту праблему. Параімся цяпер з нашымі прадпрымальнікамі і бізнесменамі. У мяне гэта тэма на стале», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што рашэнне будзе прымацца ўзважана, у залежнасці ад патэнцыяльнага станоўчага эфекту. «Мы павінны з прадпрымальнікамі параіцца, каб гэта не было халастым стрэлам. Калі мяне пераканаюць дзелавыя колы, што гэта трэба зрабіць і гэта прынясе жаданы эфект, мы на гэта пойдзем», — адзначыў Прэзідэнт.

Канкрэтная схема амністыі капіталу ў Беларусі пакуль не прапрацоўвалася. Але калі рашэнне аб яе правядзенні будзе прынята, то на выгадных для бізнесу ўмовах, не горшых, чым у Расіі. «Хутчэй за ўсё, гэта будзе проста вяртанне, легалізацыя грошай. Магчыма, нават без выплаты працэнтаў або за сімвалічныя працэнты», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Перш за ўсё жыллё» — Лукашэнка паабяцаў беспрэцэдэнтныя меры па падтрымцы сям’і

У Беларусі прымуць беспрэцэдэнтныя меры па падтрымцы сям’і. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў ў час сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці, беларускіх і замежных СМІ.

«У бліжэйшы час мы прымем рашэнні. Яны павінны быць беспрэцэдэнтнымі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Галоўнае — гэта жыллё. Калі трэцяе дзіця нарадзілася і ты ўмоўна атрымліваеш бясплатна кватэру ад дзяржавы, думаю, будуць нараджаць».

Галоўнае пажаданне Прэзідэнта за некалькі дзён да жаночага свята 8 Сакавіка — каб беларускі нараджалі пабольш дзяцей. «Гэта і для краіны вельмі важна, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Двое вашых, а трэцяе — маё. Гэта жалезабетонна».

Аляксандр Лукашэнка лічыць шматдзетную сям’ю адзіным выратаваннем для народа, асабліва ў святле тэндэнцыі скарачэння нараджальнасці, што захапіла ўсю Еўропу. Нават у шматнацыянальнай Расіі, дзе моцныя традыцыі шматдзетных сем’яў у розных народнасцей, усё роўна гэта тэндэнцыя прасочваецца.

Пры гэтым Прэзідэнт са шкадаваннем адзначыў, што знайсці сапраўдных мужчын у Беларусі нашым жанчынам не так проста. «З мужыкамі, вядома, бяда», — прызнаў Аляксандр Лукашэнка, спаслаўшыся на вялікую колькасць тых, хто мае адтэрміноўку ад арміі.

Лукашэнка абяцае вярнуцца да пытання дадатковай падтрымкі пенсіянераў

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў пенсіянераў у Беларусі, Расіі і Украіне падобныя праблемы, звязаныя з памерам пенсій. «Вядома, малыя пенсіі. Будзем думаць. Такая ў парадку дня праблема стаіць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што трэба вырашыць пытанні, звязаныя з падтрымкай шматдзетных сем’яў. Ён звярнуў увагу на такія праблемы, як зніжэнне ўзроўню нараджальнасці і павелічэнне натуральнай страты насельніцтва ў Беларусі. «Таму заняліся гэтым пытаннем, але падыдзем, вядома, і да пенсій», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт даручыў ураду падлічыць суму згарэўшых савецкіх укладаў

«Паглядзіце ва ўрадзе з улікам дэнамінацый і апошніх падзей, якая гэта сума. Каб сказаць, у якія тэрміны мы вернем гэтыя грошы, трэба ведаць суму, каб суаднесці, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта ж з бюджэту трэба дастаць грошы».

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што ў бліжэйшы час гэта сума будзе знойдзена. «Падлічыць не складана будзе, таму што мы звярталіся да гэтай праблемы не адзін раз. Я адкажу на гэта пытанне, і, калі гэта пацягне на ўзровень паслання, то, магчыма, мы яго закранём у Пасланні Прэзідэнта да народа і парламента. Я ведаў, што гэта праблема ёсць, але не думаў, што яна востра стаіць», — адзначыў ён.

Прэзідэнт таксама нагадаў, што ў свой час у Беларусі спрабавалі выплачваць грошы па гэтых укладах. «Многа ці мала, але гэта не ўсё. Не магу сказаць, што гэта не віна нашай беларускай дзяржавы. Вы ведаеце, як гэта ўсё адбывалася, але людзям жа ад гэтага лягчэй не будзе», — дадаў ён.

Лукашэнка: родная мова адрознівае народ ад іншых нацый, таму яе трэба падтрымліваць

«Мова — гэта тое, што адрознівае нас ад рускіх і ад іншых, гэта прыкмета любога народа», — сказаў Прэзідэнт.

«Для мяне беларуская мова — мая родная мова. Такая ж, як руская. Руская мова — гэта наша мова», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што не хоча проціпастаўляць дзве мовы, абедзве яны родныя для беларускіх грамадзян.

Прэзідэнт заявіў, што беларусы як ніякі іншы народ унеслі велізарны ўклад у развіццё рускай мовы, а таксама прывёў у прыклад адну з алімпіяд па рускай мове ў Расіі, дзе ва ўсіх намінацыях беларускія ўдзельнікі перамаглі. На яго думку, ад гэтай спадчыны нельга адмаўляцца. «Так здарылася, што мы рускую мову, напэўна, ведаем лепш, чым беларускую. І карыстаемся больш», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Тое, што гэта тэма ўсё актыўней абмяркоўваецца, ён звязаў з паняццямі «рускі свет», «мяккая сіла» і іншымі, якія ўзніклі.

«Трэба спыніць у Расіі ўсялякія гэтыя размовы. Што значыць пашырэнне «рускага свету» за кошт Беларусі? — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — У нас мітрапаліт Павел — рускі чалавек, і нашы людзі нармальна гэта ўспрымаюць». Прэзідэнт таксама сказаў: «Мы размаўляем на рускай мове, думаем, як рускія. Навошта навязваць Беларусі нейкі «рускі свет», каб узбаламуціць людзей?»

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў рэспубліцы былі дэбаты па пытанні дзяржаўнай мовы, і знойдзена кампраміснае рашэнне. Таксама ён звярнуў увагу на школьную праграму папярэдніх гадоў, калі ў ёй было больш урокаў англійскай мовы, чым беларускай і рускай. «І ніводны апазіцыянер не абурыўся, а як толькі руская мова — тады гвалт. Англійскую мову таксама трэба ведаць (вялікі недахоп, калі нашы людзі не ведаюць гэтай сусветнай мовы), але сябе зневажаць не трэба», — заявіў ён.

Таксама Прэзідэнт выказаў меркаванне па прапанове падрыхтоўкі нарматыўных прававых актаў на дзвюх мовах. «Гэта дадатковыя сродкі, і немалыя, — лічыць Прэзідэнт. — У Беларусі ўсе гавораць і разумеюць рускую мову. Выдаваць законы на дзвюх мовах? Гэта можна зрабіць, але гэта грошы».

МЕРКАВАННІ

Іван Корж, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў:

«Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што беларусы супраць любых праяў агрэсіі — і ваеннай, і інфармацыйнай. Аднак новыя кропкі напружанасці з’яўляюцца ў тым ліку і па перыметры нашай граніцы. Вельмі выразна кіраўнік дзяржавы абазначае месца нашай краіны ў забеспячэнні бяспекі не толькі на Еўрапейскім кантыненце, але і ў сусветным маштабе. Для нармалізацыі сітуацый Беларусь часта мае канкрэтныя прапановы, выходзіць з рознымі ініцыятывамі».

Мікалай Ватыль, дацэнт кафедры грамадзянскага права і працэсу юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы, кандыдат палітычных навук:

«Мінімізаваць пагрозы негатыўнага інфармацыйнага ўкідання можна і трэба стварэннем уласнага цікавага, актуальнага, праўдзівага кантэнту, арыентаванага на карысць беларускага грамадства. Прычым прадастаўляць яго неабходна не толькі ў нацыянальным, але і ў міжнародным інфармацыйным полі».

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here