Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю. 13 лютага прэзідэнты Беларусі і Расіі абмеркавалі ключавыя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва і перспектывы развіцця інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы. 15 лютага прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна з міністрамі дзвюх краін, якія курыруюць адукацыю, культуру і спорт.

Лукашэнка: адносіны Беларусі і Расіі непахісныя, хто б што ні пісаў і ні гаварыў

Аб гэтым 13 лютага заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Краснай Паляне з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

«Вы павінны ведаць, што ў кантэксце міжнародных адносін адносіны Беларусі і Расіі непахісныя, хто б што ні пісаў і ні гаварыў, — падкрэсліў беларускі лідар. — Ды і не трэба вас у гэтым пераконваць. Прынамсі, мы з вамі гэта добра ведаем».

«Што датычыцца падтрымкі нашай эканомікі, я таксама вам удзячны. Пры гэтым я часта гавару, што эканоміка Беларусі — гэта фінішная вытворчасць расійскай эканомікі. Мы сыравіну, камплектуючыя — 60-70 працэнтаў па асноўнай машынабудаўнічай прадукцыі, нафтаперапрацоўцы — купляем у Расіі. Таму гэта наша агульная эканоміка. І падтрымліваючы нас, вы, вядома, падтрымліваеце тыя прыкладна 35-40 млн людзей (разам з сем’ямі), якія працуюць на расійскіх прадпрыемствах, пастаўляюць у Беларусь прадукцыю. Калі нехта там у Расіі і Беларусі не разумее гэтага, я думаю, зразумеюць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Вядома, заўсёды пытанні ёсць і будуць. Але мы заўсёды знаходзілі развязкі па гэтых пытаннях. Думаю, гэта не з’яўляецца вялікай праблемай для нас», — дадаў ён.

З беларускага боку на сустрэчы таксама прысутнічалі віцэ-прэм’еры Ігар Ляшэнка, Ігар Петрышэнка, Міхаіл Русы, міністр фінансаў Максім Ермаловіч, міністр эканомікі Дзмітрый Крутой і пасол у Расіі Уладзімір Сямашка. З расійскага — першы намеснік старшыні ўрада — міністр фінансаў Антон Сілуанаў, віцэ-прэм’ер Дзмітрый Козак, памочнік Прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў, міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін, пасол Міхаіл Бабіч.

Беларуска-расійскія адносіны знаходзяцца на высокім узроўні з пункту гледжання ўсіх магчымых напрамкаў міждзяржаўнага ўзаемадзеяння — палітыкі, эканомікі, сацыяльнай сферы і культуры.

Расія з’яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі. Аб’ём узаемнага тавараабароту ў 2018 годзе склаў $35,6 млрд, павялічыўшыся да ўзроўню 2017-га на 9 працэнтаў. Экспарт Беларусі ў Расію быў $12,9 млрд (рост на 0,4 працэнта), імпарт з Расіі — $22,6 млрд (на 15,4 працэнта).

Лукашэнка і Пуцін наведалі адукацыйны цэнтр «Сірыус» у Сочы

Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін наведалі адукацыйны цэнтр «Сірыус» у Сочы.

Адукацыйны цэнтр «Сірыус» у Сочы заснаваны ў снежні 2014 года і размясціўся на базе алімпійскай інфраструктуры. Мэтавае прызначэнне цэнтра — ранняе выяўленне, развіццё і далейшая прафесійная падтрымка адораных дзяцей, якія праявілі выдатныя здольнасці ў галіне мастацтва, спорту, прыродазнаўчанавуковых дысцыплін, а таксама дабіліся поспеху ў тэхнічнай творчасці.

Школьнікі і педагогі Беларусі не раз прымалі ўдзел у адукацыйных праграмах цэнтра «Сірыус» і ў праграмах павышэння кваліфікацыі. У лютым 2019 годзе студэнты, грамадзяне Беларусі Ілья Пчалінцаў з МДУ і Андрэй Чавусаў з Універсітэта ІТМО прынялі ўдзел у першым спецыялізаваным практыкуме-акселератары, арганізаваным «Яндэксам» і «Сірыусам» для студэнтаў.

Што датычыцца гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй, яно характарызуецца разнастайнасцю напрамкаў узаемадзеяння і значнай колькасцю маштабных мерапрыемстваў. Асноватворным дакументам у гэтай сферы з’яўляецца міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі і навукі ад 21 лютага 1995 года.

У сферы культуры рэалізуецца праграма супрацоўніцтва паміж галіновымі міністэрствамі на 2018-2021 гады. Больш за 70 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі маюць пагадненні аб двухбаковым супрацоўніцтве ў сферы культуры з усімі абласцямі Беларусі. Сярод значных сумесных культурных акцый — дні культуры, міжнародныя фестывалі мастацтваў, тэатральныя і кінафестывалі, экспанаванне вялікіх мастацкіх выстаў.

Умацоўваецца супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. Існуючая нарматыўна-прававая база ў цэлым дае магчымасць забяспечваць аднолькавыя магчымасці для насельніцтва Беларусі і Расіі ў атрыманні адукацыі, у тым ліку ў частцы паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы дзвюх дзяржаў. Сёння каля 11 тыс. грамадзян Беларусі навучаюцца ў расійскіх ВНУ, і больш як 1,5 тыс. расіян — у Беларусі. Рэалізуецца шэраг праектаў у галіне арганізацыі сумеснай падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацый.

Развіваецца супрацоўніцтва паміж навукова-даследчымі арганізацыямі. З 2000 года рэалізавана 57 праграм Саюзнай дзяржавы па распрацоўцы новых тэхналогій і стварэнні інавацыйнай прадукцыі. Практычна ўсімі саюзнымі праграмамі прадугледжана атрыманне не толькі эканамічнай выгады, але і другаснага эфекту, які заключаецца ў стварэнні і тыражаванні высокатэхналагічных матэрыялаў, абсталявання і вытворчасцей. У 2018 годзе ў стадыі выканання знаходзілася 8 сумесных навукова-тэхнічных праграм, у тым ліку ў галіне інфармацыйна-вылічальных тэхналогій, аўтаэлектронікі, мікра- і оптаэлектронікі, новых матэрыялаў, гідраметэаралагічнай бяспекі, спінальных сістэм для хірургіі, ДНК-ідэнтыфікацыі, інавацыйных тэхналогій для вытворчасці біякармоў.

У сацыяльнай сферы забяспечаны аднолькавыя правы беларускіх і расійскіх грамадзян на працаўладкаванне і аплату працы, ахову і ўмовы працы, рэжым рабочага часу і час адпачынку, прызнанне працоўнага стажу і асноўнага стажу работы па спецыяльнасці. Урэгуляваны шырокі спектр пытанняў пенсійнага і сацыяльнага забеспячэння.

У сферы аховы здароўя вырашаны пытанні ўстанаўлення роўных правоў грамадзян на аказанне медыцынскай дапамогі ў аздараўленчых установах, забеспячэння бясплатнага лячэння ў дзяржаўных і муніцыпальных установах аховы здароўя Беларусі і Расіі.

У рамках развіцця супрацоўніцтва ў галіне спорту з 2003 года праводзіцца «Спартакіяда Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва». Агульная колькасць удзельнікаў штогод складае да 1,5 тыс. чалавек.

Згодна з апошнім Усерасійскім перапісам насельніцтва 2010 года ў Расійскай Федэрацыі пражываюць 521,4 тыс. беларусаў. На тэрыторыі Расіі дзейнічаюць больш за 20 беларускіх нацыянальна-культурных аўтаномій, а таксама каля 80 грамадскіх арганізацый беларусаў, культурна-асветных таварыстваў, культурных цэнтраў і зямляцтваў.

Лукашэнка: Беларусь будзе пераймаць перадавы вопыт Расіі ў адукацыі

Беларусі цікавы перадавы вопыт Расіі ў галіне адукацыі, і ён у тым ліку будзе выкарыстоўвацца пры развіцці нацыянальнай сістэмы падрыхтоўкі перспектыўных кадраў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Сустрэча прайшла на базе адукацыйнага цэнтра «Сірыус» у Сочы, які арыентаваны на ранняе выяўленне, развіццё і далейшую прафесійную падтрымку адораных дзяцей, якія праявілі выдатныя здольнасці ў галіне мастацтва, спорту, прыродазнаўчанавуковых дысцыплін, а таксама дабіліся поспеху ў тэхнічнай творчасці.

«Сёння мы ўжо гатовы адкрыць тэхнапарк па прыкладзе «Сірыуса», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Вопыт «Сірыуса» для нас вельмі важны па адборы і, зразумела, па праграмах, навучанні, пражыванні маладых людзей. Расія прайшла вельмі цікавы і важны для нас шлях, якім мы скарыстаемся. Мы павінны скапіраваць усё, што тут лепшае».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў «Сірыусе» навучаюцца ў тым ліку беларускія грамадзяне, і іх вопыт таксама трэба выкарыстоўваць для развіцця такога тэхнапарка ў Беларусі. «І, вядома, ён не павінен быць закрыты ад расіян», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб таленавітыя маладыя людзі не ад’язджалі за мяжу, а заставаліся ў сябе на радзіме.

Ён у цэлым адзначыў, што ў беларуска-расійскіх адносінах часта на першы план выходзяць пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, а гуманітарная сфера застаецца крыху ўбаку. «Але гэта не значыць, што ў нас няма цесных адносін у гэтай сферы», — заўважыў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы і расіяне актыўна ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах, якія праводзяцца на тэрыторыі дзвюх краін, ці то культурныя, ці то спартыўныя або іншыя.

На сустрэчы прысутнічалі галіновыя міністры з двух бакоў, якія курыруюць адукацыю, культуру і спорт.

У час наведвання адукацыйнага цэнтра «Сірыус» кіраўнікі дзяржаў азнаёміліся з апошнімі дасягненнямі і магчымасцямі ў яго рабоце, наведалі вучэбныя аўдыторыі, агледзелі экспазіцыю творчых работ, паразмаўлялі з выхаванцамі цэнтра, сярод якіх ёсць грамадзяне Беларусі. Гэта, у прыватнасці, Ілья Пчалінцаў з МДУ і Андрэй Чавусаў з Універсітэта ІТМО, якія прынялі ўдзел у першым спецыялізаваным практыкуме-акселератары, арганізаваным «Яндэксам» і «Сірыусам» для студэнтаў. Яны і іншыя студэнты расказалі прэзідэнтам аб сваіх праектах і падзяліліся ўражаннямі ад навучання.

Лукашэнка аб суверэнітэце: гэта ікона, гэта святое

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнае значэнне суверэнітэту для любой дзяржавы. Аб гэтым беларускі лідар заявіў, адказваючы на пытанні журналістаў.

«Навошта нам узнімаць пытанні суверэнітэту Беларусі і Расіі? Гэта ікона, гэта святое, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Няма ў нас праблемы суверэнітэту (у адносінах дзвюх краін. — Заўвага БЕЛТА). Мы нават у гэтым кантэксце не абмяркоўваем гэтыя праблемы».

Звяртаючыся да журналіста, які агучыў пытанне аб суверэнітэце, кіраўнік дзяржавы ў сваю чаргу задаў яму рытарычнае пытанне: «Вы гатовы сёння паступіцца або таргавацца суверэнітэтам?»

«Я не пра незалежнасць гавару. Для мяне незалежнасць — гэта паняцце адноснае. Ніводная дзяржава — прыкладам таго з’яўляецца Кітай — яны ніколі не размаўляюць аб суверэнітэце», — адзначыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што бакі зыходзяць з таго, што сёння ёсць дзве дзяржавы. «Вы ведаеце, як яны ўтварыліся. Не мы былі ініцыятарамі з Прэзідэнтам (Уладзімірам Пуціным. — Заўвага БЕЛТА) развалу той дзяржавы (размова пра СССР. — Заўвага БЕЛТА). У нас аднолькавая пазіцыя па гэтым пытанні», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка ў якасці пацвярджэння існуючых цесных адносін паміж Беларуссю і Расіяй прывёў заявы, якія прагучалі на сустрэчы з вуснаў галіновых міністраў культуры, спорту і адукацыі. «Мы наогул не разышліся, — падкрэсліў ён. — Калі ўзяць Украіну, таксама славянскую дзяржаву, які велізарны разрыў за некалькі гадоў утварыўся! А мы размаўляем на адной мове і разумеем аднолькава праблемы».

Паводле слоў Прэзідэнта, ёсць і вынікі супрацоўніцтва. Так, Беларусь будзе актыўна пераймаць вопыт работы адукацыйнага цэнтра «Сірыус», які ў Сочы наведалі кіраўнікі дзяржаў.

«Таму справа тут не ў суверэнітэце. Я вам выкажу сваё меркаванне. Думаю, мой калега і мой сябар згодзіцца з гэтым. Мы гатовы настолькі ісці далёка ў яднанні, аб’яднанні нашых намаганняў дзяржаў і народаў, наколькі вы гатовы. Мы і заўтра можам аб’яднацца ўдваіх. У нас праблем няма. Але ці гатовы вы (расіяне і беларусы) на гэта — пытанне. Таму гэта вам трэба адрасаваць пытанне да сябе. Наколькі вы гатовы, настолькі мы і будзем выконваць вашу волю. А калі не гатовы, якая б ні была магутная і вялікая Расія, яна сёння не можа навязаць камусьці волю. Тым больш мы, нам гэта і не патрэбна», — заявіў беларускі лідар.

«Таму рыхтуйцеся вы. У сваім усведамленні, у сваіх паводзінах, мэты стаўце перад сабой. Я маю на ўвазе народы Расіі і Беларусі. А мы будзем іх рэалізоўваць. Мы вашы слугі», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Тэма падатковага манеўру ў час сустрэч з Пуціным у Сочы не абмяркоўвалася — Лукашэнка

«Мы толькі што гаварылі, што выйдзем, нас журналісты сустрэнуць, і я адчуваю, што абавязкова гэта пытанне зададуць, як быццам гэта важнейшая праблема ў адносінах паміж Беларуссю і Расіяй. Яна сапраўды існуе. Але я вам выключна шчыра і сумленна кажу: мы, па-мойму, нават гэта слова не вымавілі за гэтыя тры дні», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Разам з тым ён адзначыў, што да гэтай тэмы ў беларуска-расійскіх адносінах бакі яшчэ падыдуць. «Да падатковага манеўру мы падыдзем, але акрамя падатковага манеўру ў нас яшчэ шмат праблем, якія, акрамя нас, ніхто не вырашыць. Прынамсі, штуршок да гэтага мы павінны былі даць. І мы гэта робім», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што ў ходзе пераднавагодніх сустрэч з Прэзідэнтам Расіі была дасягнута дамоўленасць правесці рэвізію адносін дзвюх краін, прычым пачаць знізу — пытанняў розных напрамкаў супрацоўніцтва. «Сёння праведзена рэвізія нашага супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Таму што мы абдзялілі гэтыя сферы ўвагай прэзідэнтаў. Усё больш гаворым аб фінансах, эканоміцы, прамысловасці, аб пастаўках, экспарце і імпарце і менш займаліся пытаннямі гуманітарнага супрацоўніцтва. А без гэтага чалавек наогул не можа жыць. І праблемы, якія трэба вырашаць, вырашацца не будуць», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Раней у Сочы адбылася сустрэча з удзелам членаў урада, якія курыруюць эканамічны блок і фінансы. «Яны адзін з адным, гледзячы ў вочы, абмяркоўвалі праблемы. Затым мы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама расказаў аб дасягнутай раней дамоўленасці з Уладзімірам Пуціным паглядзець і на развіццё адносін у рамках Саюзнай дзяржавы, у тым ліку на саюзны дагавор, што не выканана за мінулыя гады. «Мы шчыра адзін аднаму гаворым аб тым, што мы ж не вечныя. Мы некалі пойдзем. Што пакінем нашым дзецям? Як яны прадоўжаць нашу палітыку? Гэта таксама нас як палітыкаў не можа не хваляваць», — сказаў Прэзідэнт.

У цэлым бакі абмяркоўваюць у розных фарматах цэлы комплекс праблем і пытанняў. «Перш чым рабіць сур’ёзныя крокі ў развіцці Саюзнай дзяржавы, мы павінны як прэзідэнты не толькі ведаць, але і ўвабраць у сябе. Таму гэтыя тры дні ўжо працуем па розных напрамках», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў Уладзіміру Пуціну за запрашэнне на сустрэчу з удзелам прэзідэнтаў Ірана і Турцыі, якія днём раней у Сочы прымалі ўдзел у трохбаковым саміце па Сірыі. «Было карысна папрысутнічаць на сустрэчы прэзідэнтаў. Амаль увесь парадак дня міжнародных адносін паглядзелі, і кожны прэзідэнт выказаў свой пункт гледжання», — сказаў ён.

Лукашэнка просіць Расію падзяліцца кадрамі для развіцця ў Беларусі некаторых відаў спорту

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы па гуманітарных пытаннях з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным выказаў зацікаўленасць у падтрымцы Расіі для развіцця ў Беларусі некаторых відаў спорту.

Аляксандр Лукашэнка агучыў адпаведную просьбу на прыкладзе фігурнага катання, адзначыўшы, што ўсе базы і асноўныя школы ў час СССР былі менавіта на тэрыторыі Расіі. Цяпер яны не толькі атрымалі далейшае развіццё, але і перасягнулі ранейшы ўзровень. «У Расіі лішак калі не трэнераў, то спартсменаў сапраўды», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што многія таленавітыя спартсмены, якія ў Расіі на нацыянальным узроўні займаюць месцы па-за прызавой тройкай, не маюць магчымасці ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. «Паколькі ў нас вакансій у Беларусі дастаткова, маглі б гэтыя хлопцы і дзяўчаты выступаць і за Беларусь, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. — Мы просім, каб спектр расіян быў пабольш тут. Няхай выступяць за Беларусь. Ну а калі яны падрыхтуюцца, то няхай і паканкурыруюць з расійскімі вядучымі зоркамі».

«Тое ж самае і наконт трэнераў, асабліва наконт спецыялістаў. Мы прадастаўляем дастаткова лёду, калі гаварыць пра фігурнае катанне, — дадаў беларускі лідар. — Нядрэнна было б, калі б расіяне падзяліліся талентамі, каб узняць гэты спорт на адпаведны ўзровень».

Беларусь таксама зацікаўлена ў падтрымцы расійскага боку ў развіцці фехтавання.

«Што датычыцца іншых напрамкаў, — мастацтва, навукі і іншага, — там яны (беларусы і расіяне. — Заўвага БЕЛТА) пратапталі адзін аднаму дарогу», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым ён падкрэсліў, што на вышэйшым узроўні было вырашана ўдзяліць увагу пытанням супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, таму сустрэча прайшла з удзелам галіновых міністраў, якія курыруюць спорт, адукацыю і культуру. «Значна больш робіцца ў рамках нашых адносін, Саюзнай дзяржавы, чым я як Прэзідэнт гэта сабе ўяўляў. Гэта радуе, — падзяліўся кіраўнік дзяржавы ўражаннямі ад праведзенага абмеркавання. — Калі слухаеш міністраў, вельмі прыемна, што яны размаўляюць на адной мове. Я не маю на ўвазе рускую мову (гэта таксама важна). Яны разумеюць адзін аднаго».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што бакі на розных узроўнях выбудавалі добрую сістэму для развіцця адносін. Складнікі гэтай сістэмы не толькі сустрэчы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, але і цесныя кантакты міністэрстваў у розных сферах.

«На рэгіянальным узроўні праводзіцца Форум рэгіёнаў, і эфект каласальны», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Расіі таксама падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, якая з’яўляецца фундаментам і асновай развіцця любога грамадства. «Усё, што робіцца ў гэтай сферы, накіравана на чалавека. Гэта ўмацаванне чалавечага патэнцыялу. Без гэтага немагчыма вырашаць ніякія іншыя задачы, таму сённяшняя сустрэча мае вельмі важнае значэнне», — сказаў ён. Уладзімір Пуцін прапанаваў правесці сумесныя калегіі беларускіх і расійскіх ведамстваў, якія курыруюць гуманітарныя сферы супрацоўніцтва, і вызначыць планы сумеснай работы на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектывы.

Беларускія футбалісты ў Расіі з наступнага сезона не будуць лічыцца легіянерамі

Аб гэтым на сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна заявіў міністр спорту Расіі Павел Калабкоў.

«Вельмі важны напрамак — збліжэнне расійскага і беларускага заканадаўстваў з пункту гледжання забеспячэння аднолькавых правоў расійскіх і беларускіх грамадзян. У мінулым годзе мы актыўна папрацавалі і зацвердзілі шэраг загадаў па гульнявых камандных відах спорту. Цяпер беларускія спартсмены карыстаюцца тымі ж правамі, што і расійскія, і на іх не будуць распаўсюджвацца абмежаванні на ўдзел і заяўку на спаборніцтвы. Цяпер будзе зацверджаны апошні загад па футболе, і гэта ўнясуць у рэгламент расійскага футбольнага саюза. З наступнага сезона спартсмены змогуць прымаць удзел», — расказаў міністр.

Такім чынам, беларускія спартсмены не будуць у Расіі лічыцца легіянерамі, удакладніў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

Расійскі міністр расказаў аб спартыўным супрацоўніцтве па лініі навукі і адукацыі, а таксама аб тым, як з 2003 года праводзіцца спартакіяда Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва. Беларускія спартсмены рэгулярна ўдзельнічаюць у расійскіх спаборніцтвах і вучэбна-трэніровачных мерапрыемствах.

Павел Калабкоў прапанаваў з наступнага года праводзіць спаборніцтвы сярод фіналістаў і пераможцаў аднайменных дзіцяча-юнацкіх турніраў па хакеі «Залатая шайба», якія праводзяцца ў Расіі і Беларусі.

На сустрэчы закраналася тэма сумеснай падрыхтоўкі беларускіх і расійскіх атлетаў да маючых адбыцца вялікіх міжнародных стартаў, у тым ліку Алімпійскіх гульняў.

У сваю чаргу беларускі бок таксама гатовы максімальна садзейнічаць падрыхтоўцы расійскіх спартсменаў на сваіх базах, запэўніў міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук. Ён падзякаваў за падтрымку і выказаў зацікаўленасць у далейшым супрацоўніцтве па развіцці ў Беларусі некаторых відаў спорту з удзелам расійскіх спецыялістаў.

Што датычыцца тэмы турызму, ён прапанаваў уключыць ва ўсерасійскую патрыятычную праграму «Дарогі Перамогі» наведванне мемарыялаў і памятных мясцін, звязаных з ваенна-гістарычнымі падзеямі на тэрыторыі Беларусі. Яшчэ адна прапанова — распрацаваць адзіны гісторыка-культурны стандарт, што дасць магчымасць моладзі дзвюх краін быць духоўна і ментальна бліжэйшымі адзін аднаму. «Гэта будзе ўсіх з’ядноўваць», — лічыць міністр.

Беларусь і Расія будуць аказваць сумесную падтрымку стартапам у сферы культуры

Пра работу ў гэтым напрамку 15 лютага на сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін расказаў міністр культуры Расіі Уладзімір Мядзінскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Мы прапануем перайсці ад непасрэдна супрацоўніцтва паміж установамі культуры — тэатрамі, музеямі — да стварэння прамых партнёрстваў у галіне культуры паміж нашымі грамадзянамі і ініцыятыўнымі групамі. У гэтых мэтах мы створым сумесна з Міністэрствам культуры Беларусі фонд і камісію, якія будуць адбіраць самыя цікавыя стартапы ў сферы культуры, ініцыіраваныя любымі арганізацыямі — галерэямі, студыямі, групамі ініцыятыўных грамадзян, каб яны працавалі непасрэдна адзін з адным і развівалі сумесныя праекты. І будзем падтрымліваць самыя цікавыя стартапы», — сказаў міністр.

Уладзімір Мядзінскі агучыў прапанову беларускім дзецям уключыцца ў расійскую праграму культурна-пазнавальнага турызму. «Калі групы дзяцей арганізавана прыязджаюць на некалькі дзён у Маскву, Санкт-Пецярбург, глядзяць «залатое кальцо». Прычым гэта не толькі прыемнае правядзенне часу, але і наведванне тэатраў, музеяў, знаёмства з гісторыяй. Нашы дзеці, адпаведна, паедуць у Беларусь», — растлумачыў ён.

Міністр культуры таксама прапанаваў наладзіць прамы абмен паміж дзіцячымі мастацкімі і музычнымі школамі, рэалізаваць шэраг праектаў у частцы ўзаемных гастролей тэатральных і музычных калектываў па гарадах Беларусі і Расіі, у сферы ваенна-патрыятычнай тэматыкі.

Як падкрэсліў Уладзімір Мядзінскі, ведамствы маюць намер перайсці ад разавых акцый да сістэмнай сумеснай работы ў  сферы культуры па ўсіх напрамках.

У сваю чаргу міністр культуры Беларусі Юрый Бондар падкрэсліў, што ў сферы культуры Беларусь і Расія сапраўды з’яўляюцца стратэгічнымі партнёрамі. Менавіта з Расіяй рэалізавана найбольшая колькасць маштабных культурных праектаў. Адзін з яркіх прыкладаў — рэканструкцыя і музеефікацыя мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Шырока вядомы і сумесныя фестывальныя праекты, ажыццяўляюцца творчыя абмены, удзяляецца ўвага развіццю патэнцыялу творчай моладзі, вядзецца работа над арганізацыяй шэрага мастацкіх выстаў, прадаўжаецца супрацоўніцтва па лініі кінематографа.

«Аднак на нашу агульную думку патэнцыял супрацоўніцтва далёка не вычарпаны. Пераход ад сталічных і прыгранічных культурных праектаў да праектаў рэгіянальных, развіцця супрацоўніцтва з суб’ектамі Расійскай Федэрацыі павінен для нас стаць прыярытэтам. Мы павінны паглядзець на пытанне павелічэння не толькі колькасных, але і якасных паказчыкаў», — лічыць беларускі міністр.

Пуцін станоўча ацаніў перагаворы з Лукашэнкам у Сочы

Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін застаўся задаволены перагаворамі з беларускім калегам Аляксандрам Лукашэнкам. Аб гэтым кіраўнік расійскай дзяржавы заявіў журналістам.

«Мне здаецца, работа ў нас атрымалася», — сказаў ён па выніках перагавораў.

Прэзідэнт РФ таксама нагадаў, што ў снежні 2019 года спаўняецца 20 гадоў Саюзнаму дагавору. «Мы дамовіліся з Прэзідэнтам Беларусі, што прааналізуем усё, што было зроблена апошнім часам. Зверым гадзіннікі па гэтым інтэграцыйным парадку дня, маючы на ўвазе нават тую акалічнасць, што паралельна развіваюцца і іншыя інтэграцыйныя працэсы, у тым ліку і ЕАЭС», — адзначыў ён.

«Мы павінны паглядзець: дзе мы наперадзе, дзе крыху адстаём ад таго, што адбываецца ў рамках ЕАЭС», — сказаў Уладзімір Пуцін, адзначыўшы, што ў аснову гэтага інтэграцыйнага аб’яднання пакладзены менавіта тыя дамоўленасці, якія былі ў аснове Саюзнай дзяржавы.

«У нечым ЕАЭС пайшоў нават крыху далей. Нешта перастала быць актуальным наогул з таго, што планавалася Саюзным дагаворам 1999 года. А нешта, наадварот, набывае дадатковую дынаміку і з’яўляецца вельмі важным», — растлумачыў расійскі лідар.

Уладзімір Пуцін таксама адзначыў, што праведзеныя сустрэчы і былі накіраваны на аналіз дасягнутых і не рэалізаваных мэт, на кансультацыі з калегамі з розных галін і на вызначэнне найбольш важных і рэалізуемых задач.

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here