Напярэдадні абласнога семінара загадчыкаў дзіцячых бібліятэк, які ў канцы верасня адбудзецца на базе Цэнтральнай гарадской бібліятэкi Жодзіна, хочацца прыгадаць аб мерапрыемствах, што на працягу лета ладзілі супрацоўнікі аддзела дзіцячага чытання гэтай установы. Не ведаю як для каго, а для бібліятэкараў лета – гарачая пара ў прамым і пераносным сэнсе. Адзвінеў апошні званок, прайшлі летнікі пры школах, і дзеці, як правіла, прадстаўлены самі сабе і маюць шмат вольнага часу. Як ніколі востра стаіць праблема іх занятку, і тут задача бібліятэкараў як мага больш іх задзейнічаць.

У цэнтральнай гарадской бібліятэцы на вырашэнне гэтага пытання накіраваны супрацоўнікі аддзела дзіцячага чытання. Стартуюць іх мерапрыемствы ўжо 1 чэрвеня – у Дзень абороны дзяцей. Чаму школьнікі з задавальненем наведваюць іх? Бо сцэнарыі праграм падрыхтаваны з улікам зацікаўленасці дзяцей, створаны ў забаўляльна-гульнявой форме і разлічаны на розныя узросты. Калі меншым трэба было адгадаць урыўкі з казак ці ажывіць прыказкі, то старэйшым даставаліся больш складаныя выпрабаванні: трэба было скласці казачныя пазлы, расшыфраваць літары-перакруты і адказаць на пытанні кніжнай віктарыны.

Трэба адзначыць, што інтэлектуальныя гульні з’яўляюцца не толькі забавай, яны спрыяюць стварэнню добрай псіхалагічнай атмасферы ў калектыве, дапамагаюць пераадольваць бар’еры ў зносінах, лепш пазнаваць адзін аднаго. І гэта добра разумеюць супрацоўнікі аддзела дзіцячага чытання.

А ўжо праз тыдзень дзеці з дапамогай маладых спецыялістаў паказалі вусны пазнавальны часопіс «Гэтыя дзіўныя жывёлы. Земнаводныя і паўзуны», дзе кожнай рэптыліі была выдзелена асобная «старонка». Нават мне цікава было дазнацца, што лятаючы цмок – адзіная яшчарка, якая можа планаваць у паветры. Адштурхнуўшыся ад ствала дрэва, яна здольная праляцець каля 30 метраў.

У працэсе выканання такіх заданняў выяўляюцца творчыя здольнасці падлеткаў, ідзе згуртаванне калектыву праз сумесную дзейнасць. Тут дарослым вельмі важна стварыць атмасферу творчага пошуку, каб у дзетак выпрацоўваліся магчымасці прыняцця нестандартных падыходаў. 

А завяршэннем летніх мерапрыемстваў у Дзень ведаў стала модная зараз квэст-гульня «Як літары з чытанкі згубіліся», дзе на прыкладзе займальных практыкаванняў удзельнікі зноў вучыліся вырашаць агульную задачу, выпрацоўваць тактыку і стратэгію яе рашэння. 

Віталь Жураўскі

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here