3 мая ў Гарадской выставачнай зале пачнецца творчая сустрэча са знакамітым жодзінцам Уладзімірам Сіўчыкавым, прысвечаная яго шасцідзесяцігоддзю. Шматгранная асоба – пісьменнік, перакладчык, драматург, мастак, краязнаўца, выдавец – значную частку сваёй творчасці ён прысвяціў роднаму гораду. Штогод на Радаўніцу наведвае ён родныя мясціны, а таксама сваякоў-жодзінцаў. Мы сустрэліся з творцам, каб высветліць, што звязвае яго з нашым горадам, а таксама дазнацца, што чакае гледачоў на імпрэзе.

– Уладзімір Мікалаевіч, чаму для наведвання радзімы вы абралі менавіта Радаўніцу?

– У Жодзіне бываю з радасных і з самотных нагодаў, а гэтае свята дае добрую мажлівасць згадаць і ўшанаваць тых, хто пайшоў ад нас у лепшы свет. Яно мае ў беларусаў тысячагадовыя традыцыі, на яго не трэба анікога запрашаць ці змушаць да ўдзелу. Да таго ж дорыць яно шанец пабачыць сваякоў, сяброў, суседзяў…

– Цікава даведацца: дзе бярэ пачатак шлях да літаратуры? Мо таксама са школьных дзён у Жодзіне?

– Першыя тры гады правучыўся ў Жо-дзінскай школе-інтарнаце і не скажу, што нават чытанне там заўсёды прыносіла асалоду. І ў трэцякласніка па спіне часам прабягаў халадок перад здачаю чарговае кнігі ў бібліятэку: строгія супрацоўніцы не толькі правяралі, ці ацалела кніжка, але і задавалі пытанні, каб праверыць, ці папраўдзе ўсё прачытана. Калі стаў школьнікам мой малодшы брат, дык маці перавяла мяне, каб хадзілі разам, у СШ № 3. З таго часу чакаў дзён перад вакацыямі, бо наcтаўнікі надыктоўвалі і спісы абавязковай да прачытання літаратуры, а наіўна верылася, што кнігі тыя – самыя лепшыя, самыя цікавыя. Здаецца, паспяваў прачытваць нашмат болей, таму, можа, і праз гэта мушу насіць акуляры яшчэ з пятага класа.

– З-за зменаў месца жыхарства вы паспелі павучыцца яшчэ у 4-й і 5-й школах. Якія асобы аказалі на вас наймацнейшы ўплыў?

– Меў за шчасце вучыцца і выхоўвацца ў выдатнага педагога Алены Дзямідавай, гісторыка Міхася Ткачова, трэнера па веславанні Міхаіла Элімелаха. Наведваў студыі выяўленчага мастацтва Уладзіміра Макарава і Анатоля Казарэза, а таксама баскетбольную секцыю Генадзя Носава. Але мастацтва перамагло спорт, і пасля 8-га класа паступіў я ў Мінскае мастацкае вучылішча.

– Што чакае гасцей імпрэзы? Чым здзіўляць будзеце?

– Намінальна сустрэча будзе прысвечана маёй творчасці апошніх год, а таксама выдавецкай дзейнасці, адной з вяршынь якой лічу выданне “Аўтабіяграфіі” князя Багуслава Радзівіла (1620 – 1669). Дарэчы, праз два гады мы зможам адсвяткаваць 400 гадоў ад нараджэння заснавальніка нашага горада. Але і сёлета як у гарадской, так і ў нацыянальнай гісторыі адсочваецца нямала цікавых круглых дат. Акрамя таго, можна будзе даведацца, якім чынам паэзія звязаная з жодзінскім спортам, якое месца ў маім жыцці займае выяўленчае мастацтва, паслухаць выдатную музыку, набыць некаторыя мае выданні. Падару музею культавы раман Баляслава Пруса “Лялька”, які ўпершыню выйшаў на беларускай мове. Будуць іншыя прэзенты, сюрпрызы і загадкі, цікавае слайд-шоў, аўтограф-сесія… Таму запрашаю зацікаўленых і заінтрыгаваных у Гарадскую выставачную залу а 17 гадзіне!

Віктар Аўчарэнка, навуковы супрацоўнік Жодзінскага краязнаўчага музея

 

 

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here