7 сакавіка 1963 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР гарадскому пасёлку Жодзіна быў прысвоены статус горада абласнога падпарадкавання.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны сяло Жодзіна пачало адбудоўвацца. Паступова з’явіліся аптэкі, хлебапякарня, магазіны, майстэрні, пошта, аднавіўся калгас “Чырвонае Жодзіна”.

Мікрараён ДРЭС. Выгляд зверху.

У 1947 годзе аднавілася будаўніцтва Смалявіцкай ДРЭС. На працу ў Жодзіна прыехалі спецыялісты з дзейсных станцый Савецкага Саюза – БелДРЭС, Горкаўскай, Бранскай, Іванаўскай, Яраслаўскай, Шатурскай. Першым дырэктарам Смалявіцкай ДРЭС быў прызначаны Яўген Аўруцін. Побач з  станцыяй будаваўся пасёлак энергетыкаў. У тым жа годзе ўзвялі бярвеністую сталовую, баракі для будаўнікоў, прадуктовы магазін, краму прамысловых тавараў, школу, клуб. Амаль адразу ж пачалося будаўніцтва сучасных вуліц пасёлка ДРЭС. Па праекце ленін-градскіх архітэктараў будавалі двухпавярховыя дамы і катэджы для спецыялістаў. Пачалі дзейнічаць дзіцячы сад і яслі, паліклініка, лазня, атэлье, пякарня, рынак. У лістападзе 1951 года быў пабудаваны цагляны будынак СШ № 1. Каля школы ў 1953 годзе ўзвялі Дом культуры энергетыкаў. На плошчы на вуліцы Купрыянава адкрылася сталовая (1955 г.), а побач – двухпавярховы будынак пасялковай рады (1956 г.). У гэтым жа будынку неўзабаве размясціліся міліцыя і пашпартны стол, пошта, аддзел працоўнага забеспячэння (гандаль) і бюро тэхнічнай інвентарызацыі. У 1952 годзе быў пабудаваны новы стадыён Смалявіцкай ДРЭС. Пасёлак развіваўся і прыгажэў.

Дом культуры.

У 1946 годзе ўрад БССР прыняў рашэнне аб будаўніцтве ў Жодзіне завода тарфяных машын. Праз тры гады ён быў пабудаваны, а ў маі 1950 года выпусціў першую прадукцыю: кантэйнеры для перавозкі торфу і іншыя нескладаныя механізмы. У 1951 годзе на заводзе працавала 150 чалавек.

Адкрыццё помніка У.І. Леніну.

У сакавіку 1951 года завод быў пераабсталяваны ў завод дарожных машын – “Дармаш”. Выраблялі снегаачышчальнікі, палівальныя машыны, кустарэзы і іншую тэхніку. Тым часам у Мінску разгортвалася вытворчасць 25-тонных самазвалаў МАЗ-525, але серыйны выпуск вялікагрузнай тэхнікі на МАЗе быў немагчымы. Такі завод вырашылі стварыць у Жодзіне на базе “Дармаша”. Рашэнне было прынята ў 1958 годзе. Пачаць выпуск прадукцыі планавалі ў 1960 годзе, але дзякуючы гераічным намаганням калектыва першы МАЗ-525 выпусцілі ўжо 1-га лістапада 1958 года. Першым дырэктарам Беларускага аўтамабільнага завода быў прызначаны Мікалай Іванавіч Дзеравянка. Цяпер яго імем названа вуліца Жодзіна.

СШ №1.

Побач з заводам будаваўся пасёлак машынабудаўнікоў. Ужо ў 1949 годзе былі здадзены ў эксплуатацыю інтэрнат на 170 месцаў і чатыры двухкватэрныя дамы на вуліцы 40 год Кастрычніка. Пазней былі закладзены два 8-кватэрныя дамы і адзін 24-кватэрны на перакрыжаванні вуліц Дзяржынскага (зараз вуліца Сыракваша) і 40 год Кастрычніка, былі здадзены два інтэрнаты на вуліцы 40 год Кастрычніка і сталовая. Адкрываліся магазіны, ашчадкаса, пошта, аптэчны кіёск і кніжны ларок. У 1955 годзе быў пабудаваны дзіцячы сад (вул. 40 год Кастрычніка), а ў 1960 завяршылася будаўніцтва Палаца культуры Беларускага аўтама-більнага завода.

Пасёлак ДРЭС, вул. П. Купрыянава, двор СШ №1. Канец 1950-ых гг.

Пасёлак хутка рос, і сюды на працу з’язджаліся людзі з усяго Савецкага Саюза. У 1961 годзе сюды былі пераведзены навукова-даследчыя інстытуты жывёлагадоўлі і земляробства. 21 студзеня 1958 года Жо-дзіна і пасёлкі энергетыкаў і машынабудаўнікоў, якія сфарміраваліся вакол яго, былі аб’яднаны ў адзіны населены пункт – гарадскі пасёлак Жодзіна. А  7 сакавіка 1963 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР гарадскому пасёлку быў пры-своены статус горада абласнога падпарадкавання. Вёскі, якія ўвайшлі ў рысу горада, былі ліквідаваны: Зарэчча, Крушыннік – у 1958 годзе, Дымкаўка, Касьё, Масток, Судабоўка, Сухая Градзь, Вуглы – у 1966 годзе.

Горсавет.
Вуліца Жодзінская.

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here