Усё больш паломнікаў-каталікоў прыязджаюць у жодзінскі дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Фацімскай. У мінулую суботу, 16 верасня, тут адбылася ХІ нацыянальная пілігрымка сем’яў з розных куткоў Беларусі пад дэвізам «Фаціма – заклік да асвячэння сем’яў».У сустрэчы прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў для пілігрымаў святую Імшу.

На пачатку сустрэчы ксёндз санктуарыя а. Міхаіл Цвячкоўскі MIC прадставіў гісторыю фацімскіх аб’яўленняў, звяртаючы ўвагу на іх малітоўную частку і нязменную актуальнасць фацімскага паслання для сучаснага грамадства.

Працягам была ружанцовая малітва. Цэнтральным пунктам пілігрымкі стала ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Звяртаючыся да вернікаў, Мітрапаліт казаў пра сям’ю як падмурак грамадства, які павінен быць моцным.

Іерарх нагадаў удзельнікам пілігрымкі, што галоўным заданнем касцёла на сучасным этапе яго развіцця з’яўляецца новая евангелізацыя.

Касцёл, як адзначыў Мітрапаліт, вучыць, што сям’я, як галоўная клетка кожнага грамадства, павінна быць першай школай веры і хрысціянскай фармацыі. «Бацькі павінны клапаціцца не толькі пра матэрыяльны дабрабыт сваіх дзяцей, іх адукацыю, фізічнае здароўе, але таксама пра духоўную і чалавечую фармацыю», – звярнуў увагу арцыбіскуп.

Іерарх пажадаў беларускім сем’ям “адважна прымаць праўду Евангелля, ёю жыць і яе распаўсюджваць у нашым грамадстве, каб яго перамяняць”.

Таксама падчас святой Імшы адбылося аднаўленне сужэнскай прысягі. Гэтая традыцыя служыць умацаванню адносін мужа і жонкі на шляху іх паклікання.

Заключным момантам пілігрымкі стала малітва – Вяночак да Божай Міласэрнасці, які правялі вернікі з мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай.

Лілія АЛЯХНОВІЧ

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here