Неяк мы ўжо звыкліся і ўвесь час канстатуем, што Жодзіна – малады горад. Гэта так. 7 сакавіка 1963 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета Беларускай ССР пастанавіў пераўтварыць гарадскі пасёлак Жодзіна Мінскай вобласці ў горад і аднесці яго да катэгорыі гарадоў абласнога падпарадкавання.

Але насамрэч нашы землі маюць больш старажытную гісторыю.

Спрадвеку людзі сяліліся па берагах рэк. Таму няма нічога дзіўнага, што ў сутоках Плісы і Жодзінкі  калісьці вырасла паселішча. Нельга сказаць дакладна, калі ў ваколіцах Жодзіна ўпершыню з’явіліся людзі.  Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што яшчэ да нашай эры сюды прыйшлі першыя пасяленцы.  Гісторык Міхась Ткачоў, які калісьці вы-кладаў у адной з жодзінскіх школ, сумесна з супрацоўнікамі інстытута гісторыі тагачаснай Акадэміі навук зрабіў шурфы ў ваколіцах Жодзіна. Па знойдзенных фрагментах глінянага посуду, так званай штрыхаванай керамікі, ён прыйшоў да высновы, што гарадзішча балтамоўных плямен эпохі ранняга жалеза існавала ў пачатку нашай эры на  высокім правым беразе ракі Плісы, на тым месцы, дзе зараз месціцца Жодзінскі центр гігіены і эпідэміялогіі.

Вид на Заречье

Летам 2008 года мінскі археолаг Аляксандр Вайцеховіч разам з мясцовымі краязнаўцамі Алесем Буракевічам і Галінай Аніскевіч раскапалі насыпны курган каля вёскі Дымкаўкі, што пад Жодзіна. Нічога асаблівага не адшукалі. Былі выяўлены астанкі двух чалавек. Апроч гэтага знойдзены фрагменты глінянага посуду, вуглі, зала. Пасля сапастаўлення фактаў і аналіза знойдзеных рэчаў, навукоўцы прышлі да высновы, што курган стаў апошнім прытулкам маладога мужчыны і сталай жанчыны, пахаваных на мяжы 11-13 стагоддзяў.

Зыходзячы з гэтых звестак, можна сцвярджаць, што наш горад мае даўнія вытокі.

Адкуль пайшла сама назва паселішча Жодзіна, якое атрымала сваё імя ад маленькай рачулкі Жодзінкі, дакладна невядома. Але ж хтосьці ёй даў такое імя. Ёсць шмат здагадак, толькі невядома, якой аддаць перавагу. Алесь Рогалеў у кнізе “Назвы Бацькаўшчыны (тапанімія Беларусі)”  сцвярджае, што назва ракі паходзіць ад фіна-вугорскага геаграфічнага тэрміна “жуед”, “жуод” – “нізіннае месца ў лесе”. Чаму б і не, бо мясціны тут, у пойме дзвюх рэк, былі забалочаныя.

Цікавай выглядае і версія Алеся Каралёва, нашага славутага края-знаўцы, які лічыў, што назва Жодзінка паходзіць ад балцкага “жодзіс” (пэўны час тэрыторыю Беларусі засялялі балцкія плямёны. – Прым. аўт.), што перакладаецца як “слова”. Прасцей кажучы, рэчка, якая гаворыць, журчыць.

Краязнаўцамі і аматарамі даўніны вылучаліся і іншыя варыянты, але навуковага пацвярджэння не атрымала не адна з версій. Калі нам мінулае адкрые свае таямніцы пакуль невядома.

Жодзін ці Багуслаў?

Я не здарма спаслаўся на Алеся Каралёва. Яшчэ ў 1997 годзе ў першым выданні сваёй «Жодзінскай хронікі» ён выдвінуў здагадку: «… можна меркаваць, што дзесьці незадоўга да смерці Багуслаў Радзівіл заснаваў на сваёй разбураннай Смалявіччыне некалькі «слабод», у тым ліку і Жодзінскую … «, якая атрымала, хай і не поўнае, але пацверджанне ў кнізе «Памяць» 2000 года выдання. У артыкуле пра гісторыю Смалявіцкага краю кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Насевіч ўпершыню дае інфармацыю аб тым, што ў 1643 годзе было заснавана новае мястэчка, якое першапачаткова мела назву Багуслаў Поле, аднак назва не прыжылася, і праз некалькі дзесяцігоддзяў паселішча сталі называць па рацэ, на якім яно ўзнікла – Жодзіна.

Першая згадка пра назву Багуслаў Поле змяшчаецца ў інвентары Смалявіцкага маёнтка за 1643 год. Упраўляючы паведамляў, што “пад будучае паселішча высечана 400 пляцаў. Яны амаль разобраны. Рэестр знаходзі-цца ў невядомага нам пана Чарніка”.

Дакументальным пацверджаннем гэтай высновы служыць ліст Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі:

“Сапраўды, у Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь, Фонд 27, вопіс 6, справа 119, старонка 105 пад 1643г. згадваецца пачатак будаўніцтва пасялення Багуслаў Поле, якое належала магнатам Радзівілам. З гэтага пасялення бярэ свой пачатак мястэчка, а потым і горад Жодзіна.

Лічым магчымым прыняць дату 1643 г. за год заснавання сучаснага г. Жодзіна.”

У 1665 годзе быў састаўлены першы інвентар “Месца Багуслаў Поле”.  У мястэчку было 97 двароў.  Багуслаў Поле тады уяўляла сабой горад майстроў. Якіх толькі рамеснікаў тут не было: і бондары, і калеснікі, і кавалі, і шаўцы. Абапал вуліц стаялі гандлёвыя рады. На рэках Жодзінцы і Плісе стаялі два млына.

У 1667 годзе пачалося будаўніцтва паштовага тракту Масква – Вільня, які прайшоў праз сучасны Жодзіна.

Цікавым будзе для нас запіс у дзённіку сакратара аўстрыйскага пасольства Іагана Георга Корба: “Мы прыбылі ў Смалявічы. Пастаялы двор трымаў тут яўрэй, і ў карчме было так брудна, што мы вырашылі адкласці святкаванне да месца абеда – гарадка, які называецца аднымі Жодзін, а другімі – Багуслаў.  Вяртаючыся назад з Масквы, Корб у сваім дзенніку пазначыў: “Барысаў. Пакінуўшы яго, мы спынііліся на гэтую ноч у мястэчку Жодзіна, ці па іншаму – Багуслаў”.

Адзін з даследчыкаў гісторыі Жо-дзіна Аляксандр Пруднікаў у зборніку матэрыялаў, выдадзеных па выніках Першых Радзівілаўскіх чытанняў, лічыць, што “сам князь Багуслаў Радзівіл, які лічыцца заснавальнікам Багуслаў Поля, нічога не ведаў пра гэта паселішча”.

На маю думку, наўрад ці хтосьці б стаў вымяраць пляцы ў чыстым полi. Хутчэй за ўсё, мястэчка Жодзін існавала і раней у межах Смалявіцкага маёнтку. Знаходзілася яно на вуліцы Маскоўскай (раней Падасоўская). А вось у раёне сучаснай вуліцы Савецкай і быў закладзены гарадок Багуслаў Поле, які знаходзіўся на слабадзе да 1669 года. Гэта назва праходзіць у пазнейшых інвентарах. У інвентары 1665 года Багуслаў Поле адзначаецца як горад (“мяста” на польскі манер. – Прым. аўт.) і забудоўваецца ў адпаведнасці з пэўным планам. У цэнтры размяшчаўся рынак. Пасярод рынка знахо-дзілся царква са званом. З рынку выходзілі тры вуліцы, прычым усе па левай старане: Барысаўская, Мінская і Жодзінская.  Гэты архіўны допіс пазваляе выказаць меркаванне, што нейкі населены пункт з назвай Жодзін ужо існаваў, як існавалі Барысаў і Мінск, і ў яго бок шла вуліца Жодзінская. Усяго на гэтых вуліцах налічвалася 97 двароў. У горадзе Багуслаў Поле, згодна інвентару, налічвалася 92 крамы, што зашмат для 97 двароў. А гэта значыць, што горад, заселены ў асноўным рамеснікамі і гандлярамі, стаяў на бойкім месцы, і вырабленыя тут тавары набываліся не толькі праезжымі, але і жыхарамі навакольных вёсак, ў тым ліку і Жодзіна.

Інвентар 1669 года паведамляе, што колькасць двароў скарацілася з 97 да 53. Па нейкім невядомым нам прычынам гаспадарка Багуслаў Поля стала занепадаць, магчыма з-за наступстваў жудаснай вайны Рэчы Паспалітай з Масковіяй, мястэчка не атрымала далейшага свйго развіцця, і з цягам часу два населеныя пункты злучыліся ў адзін, таму і мела падвойную назву.

Згодна гістарычным звесткам на рынкавай плошчы стаялі дзве царквы. У інвентары 1713 года пра іх ўжо няма згадак, прысутнічае інфармацыя пра царкоўны засцянак. Назва Багуслаў Поле, ці Багуслаў, не прыжылася і наноў утворанае месца сталі назывць Жодзінам. А потым мястэчка ператвараецца ў звычайную вёску і да назвы Жодзін (гарадок) дабавіўся канчатак -а (вёска). 

У інвентарах 1640, 1641, 1647 гадоў адсутнічае інфармацыя пра Багуслаў Поле. Такім чынам магло не быць інфармацыі і пра Жодзін. А тое,  што Багуслаў Поле часцей упамінаецца ў архіўных зводках нічога дзіўнага няма – яно мела больш развітую інфаструктуру, карчму, стаяла на гасцінцы і карысталася поспехам у падарожнікаў. 

З XVII стагоддзя Жодзін ўваходзіць у склад Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага і належыць магнатам Радзівілам, а пасля падзелу Рэчы Паспалітай апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. Згодна адміністрацыйнаму дзяленню Жодзін – сяло Смаля-віцкай воласці Барысаўскага павету Мінскай губерніі. У сяле  было 54 двары з насельніцтвам 374 чалавекі.

Паштовая станцыя

У 1795 годзе на гасцінцы Барысаў – Мінск была ўтворана паштовая станцыя. Яшчэ падчас Паўночнай вайны паміж Расіяй і Швецыяй, рускі цар Пётр I, які з войскам знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі, загадаў скласці «Рэестр аб гасцінцах». У дакуменце быў пазначаны тракт Ворша – Коханава – Барысаў – Жодзін – Смалявічы – Гарадзішча – Менск – Стоўбцы – Брэст. Пасля далучэння ВКЛ да Расійскай імперыі значэнне паштовага гасцінца яшчэ больш узрасло.

Праз рэчку Жодзінку ў 1803 годзе быў пабудаваны новы мост. Была добраўпарадкавана дарога: пашырана да 15 метраў і выбрукавана цвёрдым насцілам з бярвення. Вуліца Маскоўская, былы гасцінец, пазней наогул была вымашчана каменнем, невялікі яго адрэзак захаваўся да нашых дзён.

Паштовая станцыя знаходзілася ў дзевятнацаці вёрстах ад уезднага горада Барысава і ў васямнаццаці вёрстах ад мястэчка Смалявічы. Яна складалася з дліннага станцыённага будынка, ямскога флігеля, амбара і канюшні. Згодна пакінутым занатоўкам тагачасных падарожнікаў, ад Жодзіна да Барысава ляжала звычайная  раз’езджаная грунтоўка і ўсялякая хуткая язда па ёй была цяжкай: вёрсты маруднай верацяніцай цягнуліся адна за адной. 

Чыгуначная станцыя

У 1871 годзе праз Жодзіна была пракладзена чыгунка. На 645 вярсце Маскоўска-Брэсцкай чыгункі з’явілася  станцыя Жодзіна. Віцэ-старшыня Імператарскага рускага Геаграфі-чнага таварыства В.П. Сямёнаў у “Геаграфічным апісанні нашай Айчыны” адзначае: “На 19-й вярсце ад станцыі і горада Барысава ляжыць станцыя Жодзіна, адгружаюць да 100 тысяч пудоў лясных матэрыялаў і дроў. Зблізку яе і рэчкі Жодзінкі размешчана сяло Жо-дзіна з Петрапаўлаўскай драўлянай царквой і школай”.

У 1886 годзе ў ім налічваецца 470 жыхароў, маецца народнае вучылішча, вадзяны млын, карчма, крама і кузня, асноўныя заняткі насельніцтва – сельская гаспадарка, дрэваапрацоўка, сплаў лесу, ткацтва і дробны гандаль. Звычайная беларуская вёска.

Гады ліхалецця

У першую сусветную вайну фронт не дакаціўся да Жодзіна, але жодзінцы адчулі на сабе ўвесь цяжар ваеннага часу. Не зусім далёкі тыл, дзе выраслі цэны на харчаванне, сотнямі мыкаліся бежанцы. А на плечы мясцовага насельніцтва лажыўся абавязак па пастою салдат і выконванню раз’яздных работ.

Потым была Кастрычніцкая рэвалюцыя і новая ўлада. Але сацыяльныя пераўтварэнні не паспелі ўвасобіць у жыццё. Толькі пачалі дзяліць зямлю памешчыкаў і заможных сялян, як у лютым 1918 года Жодзіна занялі кайзераўскія войскі: тут размяшчаліся розныя невялікія воінскія часткі. У снежні 1918 года пасля лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі фронт адкаціўся, а над Жодзінам узняўся чырвоны сцяг. Вярнулася ўлада рабочых і сялян. На станцыі Жодзіна былі ўтвораны мясцовыя органы рэвалюцыйнага кіраўніцтва. Але зноў не надоўга.

Хутка большая частка нашай краіны трапіла пад польскую акупацыю, улады якой вярнулі панаванне капіталістаў і памешчыкаў, імкнуліся паланізіраваць край і таму забаранялі беларускую мову. Амаль год жодзінцы заставаліся пад ціскам белапалякаў, падвяргаючыся гвалту і ўсялякім спу-сташэнням, а адыходдзячы пад моцнымі ударамі Чырвонай арміі ў ліпені 1920 года палякі наогул спалілі палову Жодзіна.

У выніку Рыжскай дамовы, якая ўстанаўлівала мяжу паміж дзвюма ваюючымі дзяржавамі, этнічная тэрыторыя Беларусі была падзелена на тры часткі. Большая тэрыторыя з насельніцтвам тры мільёны чалавек адышла да Польшчы, Віцебская, Смаленская і Гомельская губерніі засталіся ў складзе РСФСР,  Савецкая Беларусь абвяшчалася ў межах шасці паветаў Мінскай губерніі з насельніцтвам крыху больш за паўтара мільёна чалавек. Сяло Жодзіна стала цэнтрам сельсавета Смалявіцкай воласці.

Міжваенны перыяд

У склад Жодзінскага сельсавета ўваходзіла Жодзіна і вёскі Паддуб’е, Прыбор’е, Трубянок, Дымкаўка і Кассё. Усяго 204 двары.

 У Жодзіне былі створаныя кааператыўнае таварыства, заготкантора, запрацавалі рамесныя майстэрні і невялікія крамы. Восенню 1929 года з навакольных вёсак  пачалі арганізоўваць калгас “Чырвонае Жодзіна”. 

Перад вайной Жодзіна з глухой вёскі ператварылася ў прамысловае мястэчка. Тут працавалі два млыны, электрастанцыя, маслазавод, цяслярная майстэрня, лесапілка, гандлёвыя кропкі, дзейнічала вузкакалейная чыгуначная дарога, па якой дастаўлялі друз і жвір з каменедрабільнага завода для будаўніцтва шашы Масква – Мінск.  Цэнтр сяла быў забудаваны двухпавярховымі драўлянымі дамамі, узведзены новая амбулаторыя, школа, радзільны дом, клуб і сталовая, праведзена электрычнасць, у хатах працавала радыё. 

Плошча Жодзіна – 2 321 га. У горадзе 19 мікрараёнаў, 214 вуліц і завулкаў. На 1 чэрвеня 2017 года тут пражывае 64 453 чалавекі.
 Праз горад праходзіць міжнародная аўтатрасса Берлін – Варшава –Мінск – Масква і чыгуначначная магістраль Брэст – Масква.
Адлегласць да Варшавы – 590 км, Вільнюса – 253 км, Рыгі – 527 км, Масквы – 651 км, Кіева – 556 км.

Віталь Жураўскі

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here