Мастацка-публіцыстычны праект Жодзінскага краязнаўчага музея пад назвай “Вандроўкі творчымі шляхамі: імя майстра і наш горад”  ужо пазнаёміў жодзінцаў з біяграфіямі знакамітых беларускіх скульптараў Мікалая Рыжанкова, Андрэя Заспіцкага і Івана Міско. Надышла чарга пазнаёміцца з творчасцю мастака, які цэлы шэраг сваіх прац прысвяціў гісторыі наша горада. Гаворка пойдзе пра Міхаіла Канцавога, скульптара, вядомага ў многіх краінах СНД, але амаль невядомага ў Жодзіна.

Нагодай успомніць пра гэтага мастака стала чарговае святкаванне Міжнароднага дня музеяў, якое прайшло 19 мая каля будынка Жодзінскага краязнаўчага музея. Там гучала шмат прамоў пра заснаванне нашага горада. У кожнага наведвальніка была магчымасць убачыць экспазіцыю, прысвечаную жодзінскай гісторыі, дзе знайшоў прытулак бюст Багуслава Радзівіла, створаны Міхаілам Канцавым.

Гледзячы на яго, я падумаў, што мне амаль нічога не вядома пра творчасць майстра, які пакінуў нашаму музею такі шчодры і знакавы падарунак. Пошук тэматычных артыкулаў у інтэрнэце не змог мне дапамагчы. Міхаіл Пятровіч Канцавы нарадзіўся 19 лістапада 1949 года ў горадзе Барань, вось і ўсё што я ведаў, калі накіроўваўся ў мінскую майстэрню да скульптара. Працягнуўшы сваю працавітую руку для знаёмства, Міхаіл Пятровіч гасцінна запрасіў мяне ў сваю мастацкую кузню. Гаспадар адразу пахваліўся,  што двухпавярховы будынак майстэрні ён пабудаваў сам, каб была магчымасць займацца ліццём скульптур так, як гэта зручна яму самому.

Я нават не паспеў удакладніць біяграфічныя звесткі, як скульптар адразу павёў мяне знаёміцца з працамі. Мяне ўразіла вялікая колькасць мініяцюрных скульптур і статуэтак, размешчаных па розных закутках немалой майстэрні. Каб пазнаёміць мяне з рэалізаванымі паўнапамернымі скульптурамі, мастак працягвае тоўстую папку.

– У галаве заўсёды вобразы, кожны дзень эскізы, замалёўкі, – распавядае ён, гартаючы вялікі стос фотаздымкаў сваіх прац, – але ажыццяўленне большасці думак яшчэ наперадзе.

І сапраўды, сярод фотаздымкаў знаходзім кампутарны макет скульптурнай кампазіцыі, якая павінна была стаяць на плошчы побач з гарадской бібліятэкай у Жодзіна. У кутку таксама стаяць макет мемарыяльнага помніка воінам-інтэрнацыяналістам, невялічкая скульптура пад назвай “Цяжкавагавікі”, прысвечаная спартсменам-барцам, і, канешне, невялічкі эскіз бюста Багуслава. Усё гэта было запланавана мастаком спецыяльна для Жодзіна, але, нажаль, акрамя бюста Радзівіла, не было рэалізавана.

Рука майстра ўсё ж такі пакінула адметны адбітак на твары нашага горада. Праект пераўладкавання бульвара імя Дзмітрыя Сыраквашы, аднаго з найпрыгажэйшых месцаў Жодзіна, быў распрацаваны з удзелам Міхаіла Канцавога. Ён аўтар і мемарыяльнага знака на гэтым бульвары, які ён реалізаваў сумесна з жодзінскім мастаком Віктарам Навіцкім. А змешчаны на плошчы перад Палацам культуры БЕЛАЗа помнік Леніну быў у 2008 годзе адрэстаўраваны гэтым жа скульптарам.

На стале мастака ляжаць выявы сярэднявечных гравюр Багуслава Радзівіла. Творца аддаў нямала часу, каб прааналізаваць іх і знайсці неабходны вобраз гэтай знакавай гістарычнай асобы.

Паказваючы свае эскізы, немалады мастак заўсёды разважае толькі пра будучыню, нават мінулыя працы ўспамінае толькі ў кантэксце таго, што яшчэ плануецца стварыць аналагічнага ці якой была першапачатковая задумка. Дарэчы, задумак у яго велізарная колькасць, здаецца, што ніводны чалавек за жыццё не паспее ажыццявіць такія планы. Заўважыўшы гэтую рэч, я са здзіўленнем запытаўся:

– Адкуль у вас столькі творчай энергіі?

– Я вельмі люблю працаваць, нягледзячы ні на што, – адразу і без ценю ганарлівасці адказвае майстар. – Яшчэ з дзяцінства ўсе сшыткі, да якіх толькі дакраналіся мае рукі, былі размалёваны, кожная прамакатка апыналася малюнкам. Я кожны дзень набіваў руку, многа працаваў. Гэта дало прыемныя бонусы – ужо ў самым пачатку майго прафесійнага шляху мае працы пачалі заўважаць знакамітыя мастакі.

Скончыўшы сярэднюю школу, Міхаіл паступае ў Мінскае мастацкае вучылішча. Там ён знаёміцца з масцітымі гуру скульптуры БССР – Міхаілам Савіцкім і Заірам Азгурам. Скончыўшы вучылішча ў 1976 годзе, Канцавы вельмі хутка, ужо праз год, робіцца сябрам моладзевага аб’яднання пры Саюзе мастакоў СССР. Здзіўляе такое хуткае яго творчае прызнанне.

– Справа ў тым, што да 1977 года я паспеў паўдзельнічаць у дванаццаці выставах, што дазваляла далучыцца да ўпамянутага аб’яднання, – працягвае свой расповяд Міхаіл Пятровіч. – Падмуркам прадуктыўнай працы быў творчы азарт, які заўважыў нават Заір Азгур, а Міхаіл Савіцкі ў 1978 годзе адзначыў маю працу “Дзяўчына” як лепшую сярод скульптур маладых аўтараў. Трэба адзначыць, што скульптурная школа тых часоў была не проста добрай, яна была лепшай з таго, што бачыла мастацтва Беларусі, – пасля невялічкай паўзы Міхаіл ўздыхае і дадае, – на ўсё жыццё застаюся ўдзячным тым знакамітым настаўнікам за атрыманыя веды”.

Падчас агляду неўсталяваных скульптур у ліцейным цэху на першым паверсе майстэрні мы працягваем размову пра творчы шлях. Хуткі старт і адзнакі вядомых мастакоў дазволілі Канцавому адразу атрымліваць вялікія заказы. У 1979 годзе сумесна з вучоным-фізікам Леанідам Таніным, які, дарэчы, з’яўляецца нашым земляком, Міхаіл Канцавы вырабляе галаграфічную кампазіцыю “Да шасцідзесяцігоддзя БССР” у падарунак Пятру Машэраву. А ў 1982 годзе ўдзельнічае ў рэстаўрацыі стадыёна “Дынама”. Атрымаўшы дапамогу і парады ад Заіра Азгура і Анатоля Анікейчыка, Міхаіл пачынае супрацоўнічаць з былымі настаўнікамі, а пасля будаўніцтва майстэрні дапамагае адліць скульптурныя постаці і многім іншым мастакам. Напрыклад, мемарыяльная дошка з напамінам аб подзвігу Трыфана Лук’яновіча на праспекце Незалежнасці ў Мінску была выканана менавіта Канцавым.

 З 1985 па 1991 год Міхаіл Пятровіч працуе на кафедры скульптуры ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце і на працягу гэтых год прымае студэнтаў на практыку па ліццю ва ўласнай майстэрні. У 1990 годзе ён становіцца сябрам Саюза мастакоў СССР, а пасля і сябрам Саюза мастакоў Беларусі. Творчы працэс ідзе яшчэ больш актыўна. Ён стварае помнікі Томашу Макоўскаму, Якубу Коласу, Францыску Скарыне, а таксама знакаміты сферычны фантан каля Мінскага трактарнага завода.

Прыкладна ў гэты ж час Міхаіл знаёміцца з архітэктарам Мікалаем Жлобам, які прыцягвае ўвагу скульптара да гісторыі роду Радзівілаў. Неўзабаве яны пачынаюць сумесную працу па акультурванні ваколіц Нясвіжскага палаца. Гэты тандэм даў плённы вынік. Супрацоўніцтва доўжылася больш за дваццаць год, за якія паркавае наваколле было ўпрыгожана мноствам дэкаратыўных скульптур.

– Жлоба мяне часта крытыкаваў, мы з ім спрачаліся па мноству нават самых малых дэталяў. Няпроста складалася наша творчае супрацоўніцтва. Таму вельмі крыўдна, што сёння людзі не шануюць вынікі нашай працы. Калі я апошнім разам быў у Нясвіжы, даведаўся, што з некаторых скульптур зрэзалі бронзавыя дэталі, лаўкі пакралі ці паскідалі ў балота, – сумна канстатуе майстар. – Дарэчы, я вельмі крытычна стаўлюся да сваіх прац, заўважаю, што мае адносіны да іх змяняюцца пасля таго, як пройдзе першапачатковы творчы запал.

Пакідаючы майстэрню праз чорны ход, мы нечакана натрапілі на стары жодзінскі помнік Леніну, а зусім побач стаялі вялікія вазоны з выявай сюжэтаў часоў Вялікага княства Літоўскага. Само сабой узнікла пытанне пра стаўленне скульптара да розных гістарычных падзей.

– Суровы час дыктаваў суровыя правілы. Менавіта таму сярод маіх прац ёсць і пара бюстаў Дзяржынскага. Радзівілаў вельмі люблю таму, што яны шмат зрабілі для развіцця культуры.

У майстэрні трапіліся на вока і іншыя працы Міхаіла, датычныя нядаўняй гісторыі. Гэта выстаўны эскіз “Яны перамаглі” (2015 г.) да Дня перамогі, скульптура “Мішэнь” (1994 г.), прысвечаная журботным падзеям Першай вайны ў Чачне і “Чорная кветка” (1988 г.) у памяць аб Чарнобыльскай трагедыі. Савецкі час таксама выклікае ў скульптара супярэчлівыя эмоцыі: “Было шмат дзяржаўных заказаў, скульптура развівалася, але былі і цяжкія моманты”.

Міхаіл выканаў шмат заказаў для цэркваў. За створаныя працы ў час святкавання двухсотгоддзя Мінскай праваслаўнай епархіі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт адзначыў яго Ганаровай граматай. Канцавы стварыў помнік “Усім апаганеным магілам” на тэрыторыі царквы Марыі Магдалены ў Мінску, а таксама адліў 12 званоў.

– Я веру ў здольнасць чалавека нешта стварыць, пакінуць пасля сябе прыгажосць, і няхай ён робіць гэта там, дзе яго душа адчувае спакой, – так каментуе пытанне аб веравызнанні сам скульптар.

Пытанне пра лепшы твор надоўга пакідае мастака задуменным.

– Напэўна скульптура “Абяскрыленыя”, што зараз знаходзіцца ў Віцебскім музеі, мая найбольш адзначаная праца, – пасля доўгіх роздумаў адказвае ён. – Я жыву па прынцыпу: лепшае яшчэ не зроблена. Большасць тых прац, што стаяць у майстэрні, так і не сталі поўнапамернымі статуямі, застаўшыся эскізамі ці выстаўнымі ўзорамі, – скардзіцца творца. – Мару зрабіць для Жодзіна вялікі помнік Радзівіла. Фантаны, дэкаратыўныя лаўкі, таксама б не пашкодзілі вашым вуліцам. У любым выпадку мая праца не спыняецца, бо працую таму, што люблю.

Зараз Міхаіл Пятровіч супрацоўнічае з групай скульптараў, якія толькі спасцігаюць майстэрства ліцця і шліфоўкі. Ён не толькі дапамагае маладым аўтарам у творчым развіцці, але і сам не пакідае думак пра сваю мастацкую будучыню.

Пакінуўшы майстэрню, я трымаў у памяці мноства прагледжаных эскізаў, каля сотні неажыццяўлёных прац і думаў пра размах таленту вядомага скульптара. Няхай жа жыццёвы шлях гэтага творцы доўжыцца яшчэ не адно дзесяцігоддзе, а жодзінцы не забываюць пра таленавітых мастакоў,  датычных да аблічча роднага горада.

Віктар АЎЧАРЭНКА, навуковы супрацоўнік ДУК «Жодзінскі краязнаўчы музей»

 

 

 

image_pdfСоздать PDFimage_printВерсия для печати

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here