Мы ўжо пазнаёмілі чытачоў з біяграфіяй Андрэя Міхайлавіча Заспіцкага, аднаго са стваральнiкаў манумента маці-патрыёткі. Зараз надышла чарга распавесці пра яшчэ аднаго творцу з таленавітага трыа скульптараў.

Мікалай Аляксеевіч Рыжанкоў. Ён нарадзіўся восемдзесят пяць гадоў назад, 14 сакавіка 1932 года, у вёсцы Гладкова Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. Пра яго біяграфію нам вядома зусім трохі: у 1961-62 гг. эпізадычна супрацоўнічаў з Мінскім фарфора-фаянсавым заводам, з 1966 года – член Беларускага саюза мастакоў. Працаваў у складзе вядомага творчага калектыву, у які апроч Мікалая Аляксеевіча ўваходзілі таксама скульптары Іван Міско, Андрэй Заспіцкі, а таксама архітэктар Алег Трафімчук.

Добра праглядаецца з праспекта Незалежнасці ў Мінску помнік рускаму пісьменніку Максіму Горкаму, усталяваны ў 1981 годзе у аднайменным парку ўсё тым жа аўтарскім калектывам. Гэта яшчэ адна вядомая праца, да якой прыклаў руку Мікалай Аляксеевіч. Бронзавая скульптура на невысокім ступеністым пастаменце малюе маладога Максіма Горкага ў касаваротцы, які прысеў адпачыць на лаву. У яго постаці, выразе твару – рамантычнае ўзвышша, высакароднасць. Ён пагружаны ў глыбокія роздумы.

Кампазіцыі, створаныя сумесна з гэтым зорным складам, прынеслі Мікалаю Рыжанкову славу, у той жа час незаслужана зацямніўшы астатнія працы аўтара.

Асноўная тэма творчасці Мікалая Аляксе-евіча Рыжанкова – гераічная гісторыя беларускага народа. У суаўтарстве з архітэктарам Міхасём Ткачуком у 1973 годзе ім быў узведзены мемарыяльны комплекс «Рыленкі» на Рыленскіх вайсковых могілках у Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці. Кампазіцыя размяшчаецца на месцы пахавання дзесяцi тысяч савецкіх ваяроў 11-й гвардзейскай і 31-й армій, загінуушых у гэтым раёне ў жорсткіх баях з фашыстамi з кастрычніка 1943 па чэрвень 1944 года.

Для ўвекавечання памяці юнага героя Мікалая Гойшыка, удзельніка партызанскага руху на тэрыторыі Брэсцкай вобласцi і Піншчыне у гады Вялікай Айчыннай вайны скульптары Мікалай Рыжанкоў, Валянцін Занковіч і Леанід Левін у 1968 годзе ўсталявалі двухмятровы бетонны помнік. Скуль-птура юнага партызана размяшчаецца на прасторным стылабаце, а фонам служыць васьмімятровая стэла. Постаць юнака пададзена ў рашучым руху. Лаканічнымі пластычнымі сродкамі перадаецца ўнутраная сабранасць партызана, мэтанакіраванасць і гатовасць да самаахвяравання.

Апроч гэтага Мікалай Аляксеевіч прыняў удзел у стварэнні скульптурных кампазіцый «Партызаны» і «Новае Палессе», а таксама юбілейнага медалю «40 гадоў з дня вызвалення Беларусі 1944 – 1984».

Не меней велічна выглядае і скульптура на станцыі «Пралетарскай» Мінскага метрапалітэна, збудаваная Мікалаем Аляксеевічам у 1990 годзе. Рабочы, які ганарліва глядзіць у светлую будучыню, нагадвае пра штодзённыя працоўныя подзвігі, якія таксама не абышоў увагай майстар.

Са станковых скульптур, створаных падчас працы на Мінскім фарфорава-фаянсавым заводзе, да нас дайшлі толькі анімалістычныя статуэткі «Тыгр» і «Зубр».

Скульптар-манументаліст Мікалай Рыжанкоў быў адзначаны ў савецкую эпоху званнем «Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР», а таксама стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР. Незадоўга да смерці скульптара, 11 сакавіка 1994 года, да гэтых рэгалій дадалося і званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі». Мікалай Аляксеевіч Рыжанкоў памёр у 1995 годзе, пакінуўшы пасля сябе цэлы шэраг манументаў, якія апяваюць героіку розных эпох ва ўсіх яе магчымых праявах.

Навуковы супрацоўнік ДУК «Жодзінскі краязнаўчы музей» Віктар Аўчарэнка

image_pdfСоздать PDFimage_printВерсия для печати

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here