25 красавіка, Лунінец, ст-н “Палессе”, 800 гледачоў, суддзя – А. Дзівакоў (Магілёў), “Граніт” Мікашэвічы – “Тарпеда-БЕЛАЗ” – 1:1. Галы: 37 хв. Скавыш – 0:1; 90 хв. Клімовіч – 1:1.

“Тарпеда-БЕЛАЗ”: Фамічоў, Клапоцкі, Панкавец, Шапавал, Блізнюк (90 хв. Трапашка), Скавыш (73 хв. Квашук), Шчэрба, Каршакевіч, Паўлавец, Чумак, Дземідовіч (86 хв. Салавей).

Вельмі цяжка ў жодзінцаў складваюцца адносіны з “Гранітам”. Так у мінулым годзе нашы землякі ў вочных паедынках двойчы саступалі – 1:2 і 2:3. Таму, безумоўна, ніякай недаацэнкі саперніка быць не магло, тым больш матч праходзіў у Лунінцэ. Справа ў тым, што на мясцовым стадыёне “Палессе”– сінтэтычнае пакрыццё яшчэ першага пакалення, якое ўжо даўно патрабуе замены. Прыстасавацца да яго асаблівасцяў вельмі складана, а вось гаспадары адчуваюць сябе на ім як рыба ў вадзе. А цяпер аб самой гульні.

У складзе мікашэвічцаў шмат знаёмых гульцоў, якія ў свой час выступалі за аўтазаводцаў, – Яўсеенка, Клімовіч, Трухаў, Ігнаценка, Шэракоў і Кібук. Ну а пачалося ўсё з атак гасцей. Тарпедаўцы ўжо на першых хвілінах сваімі актыўнымі дзеяннямі паказалі, што прыехалі яны на Палессе за перамогай. Ігар Крыушэнка, пэўна вырашыўшы, што ад дабра дабра не шукаюць, выкарыстаў знаёмую схему з трыма цэнтральнымі абаронцамі. Чакалі гэтага гранітаўцы ці не, але за першую палову гульні яны ні разу ўсур’ёз не патурбавалі Фамічова. Нашы землякі, на-дзейна дзейнічаючы ў абароне, праводзілі хуткія атакі. А вось да гола прывёў розыгрыш штрафнога ўдара. Ён быў прызначаны ў метрах сарака ад брамкі мікашэвічцаў. Да мяча падыйшоў Яўген Чумак, навесіў у штрафную пляцоўку, дзе галавой цудоўна згуляў Максім Скавыш, а праз некалькі секунд ужо трапіў у цэнтр радаснай кучы-малы.

Другі тайм выйшаў значна больш багатым на падзеі, толькі ў іх эпіцэнтр трапіў галоўны арбітр. На мой погляд, ён згубіў кантроль за падзеямі на полі і памыляўся ў адзін і другі бок, а аўтазаводцам гэтая акалічнасць у рэшце рэшт каштавала страты ачкоў. У цэлым, як і патрабаваў лік на табло, гаспадары спрабавалі адыграцца, а жодзінцы дзейнічалі другім нумарам. Праўда, гэта не перашкодзіла ім стварыць значна больш за саперніка галявых момантаў. Так чорна-белыя пасля майстар-класа ад Блізнюка павялічылі нават лік, толькі гэтае ўзяцце варот не было залічана па прычыне зафіксаванага вельмі спрэчнага становішча па-за гульнёй. Неўзабаве гулец гаспадароў Павел Кірыльчык ледзь не траўміраваў Блізнюка і павінен быў атрымаць папярэджанне, якое для яго стала б другім, а значыць, ён быў бы выдалены. Але Андрэй Дзівакоў вялікага крымінала не ўбачыў. На 87 хвіліне толькі выйшаўшы на поле Салавей пры дапамозе партнёраў заняў добрую пазіцыю, на жаль, мяч пасля яго ўдара трапіў у папярочку. А на апошняй хвіліне адбыўся ключавы эпізод гульні. У час апошняга штурма гранітаўцаў адзін з гаспадароў прытрымаў за майку нашага галкіпера і не даў магчымасці Фамічову зрэагіраваць на дальні ўдар Клімовіча, які і стаў галявым. Свісток арбітра прамаўчаў на яўнае парушэнне правіл, і гол быў залічаны. Валерый Фамічоў спрабаваў даказаць Дзівакову, што ён не мае рацыi, і дэманстраваў таму сваю парваную футболку. На жаль, плёну гэта не прынесла, а наш брамнік атрымаў папярэ-джанне. Вось такім чынам тарпедаўцы ўпусцілі перамогу, якая б выглядала цалкам лагічнай, але гэта футбол.30 красавіка “Тарпеда-БЕЛАЗ” у гасцях сустрэнецца з мінскімі “Крумкачамі”.

Дублёры ж атрымалі валявую перамогу над “Гранітам” – 3:1. Два галы на рахунку Уладзіслава Кнацько-Штэрка і адзін – Іллі Джугіра.

Сяргей Пузанкевіч

 

 

 

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here