Дзень беларускага пісьменства ў 2015 годзе ўпершыню прыме горад Шчучын Гродзенскай вобласці. За час правядзення свята набыло агульнанацыянальны статус, стала значнай падзеяй у культурным жыцці краіны.

Асноўная яго ідэя – беражлівыя захаванне і развіццё духоўнай спадчыны Беларусі, прапаганда нацыянальных культурных традыцый, дэманстрацыя пастаяннага клопату дзяржавы аб духоўна-маральным развіцці грамадства ў кантэксце падтрымкі кнігі і чытання, нацыянальнай літаратуры і кнігавыдання.

Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, асветы і кнігадрукавання. Упершыню (у 1994) свята праходзіла ў Полацку. Затым яго цэнтрамі былі Тураў (двойчы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Полацк (паўторна), Заслаўе (двойчы), Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў.

Да Дня беларускага пісьменства ў зале мастацкай літаратуры цэнтральнай гарадской бібліятэкі арганізавана выстава айчынных кніг высокамастацкага афармлення. Мастацкае афармленне кнігі – адзін з напрамкаў дызайнерскага дасягнення ў культурнай сферы нашай краіны. З тонкім прафесійным густам аформленае выданне – шэдэўр паліграфічнай дзейнасці, які хочацца мацаць, разглядаць і чытаць. Менавіта такія экземпляры і прадстаўлены на выставе, каб вызваць цікаўнасць наведвальнікаў бібліятэкі да кніжнага мастацтва.

Гледзячы на гэты цуд, можна толькі ўявіць, як бы парадаваўся Францыск Скарына за родную беларускую кнігу, за тое задавальненне, адукацыйнае і эстэтычнае, што атрымлівае чытач ад суадносін з ёю.

Гісторыя мастацтва кнігі Беларусі – доўгая і цікавая, у рэшце рэшт прывёўшая да афарміцельскіх вышынь, спалучыўшы ў сабе сумесную дзейнасць дызайнера, мастака і фатографа. Каб атрымалася сапраўды высокамастацкае выданне, кожны элемент пры афармленні мае сваю важкасць: шрыфтавая камбінацыя, стылявая і кампазіцыйная цэласнасць, якасць паперы і вёрсткі, наяўнасць рысаў нацыянальнай культуры і культур іншых народаў.

Сёння мастацкі вобраз беларускай кнігі стаў прадметам нацыянальнага гонару. Многія творы нашых мастакоў кнігі рэгулярна экспануюцца як у Беларусі, так і на буйных міжнародных мастацкіх выставах і адзначаюцца дыпломамі. Шмат прыемных ураджанняў даставілі чытачам сваёй творчасцю такія выдатныя майстры, як Б. Забораў, А. Кашкурэвіч, А. Лось, Г. Паплаўскі, У. Савіч, М. Селяшчук, В. Славук.

З кнігі на кнігу пераводзіць позірк чытач і адчувае, што ёсць за што зачапіцца воку. Вось, напрыклад, цікавае выданне, прысвечанае 80-годдзю з дня нараджэння У.Караткевіча (Караткевіч У. Дзікае паляванне караля Стаха. – Мінск: Беларускі фонд культуры, 2010). Гэтае выданне прадстаўляе аповесць пісьменніка на беларускай, рускай, украінскай і англійскай мовах. Уладзімір Караткевіч – гэта сімвал духоўнай культуры Беларусі. Яго творы раскрываюць душу беларускага народа, яго нацыянальную адметнасць, раскрываюць праўду аб гісторыі краіны. А вось мастаку гэтага выдання Юрыю Якавенка ўдалося мовай малюнкаў раскрыць ідэю твора, характары герояў, загадкавасць падзей, падкрэсліць трагічную і хвалюючую мінуўшчыну. Гэтак жа яскрава перанёс паэтычныя вобразы на ілюстрацыі да паэмы Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра” мастак У. Савіч (Гусоўскі М. Песня пра зубра. – Мн.: Юнацтва, 1998). Кожны штрых майстра спалучае ў сабе і подых даўніны, і тутэйшую талерантнасць, і таямнічасць дзеяння, і ўвесь наш беларускі побыт.

Безумоўна, вельмі прыгожа аформлена і прадстаўленая на выстаўцы кніга Таісы Бондар “Рагнеда”(Мн.: РВУ “Литература и искусство”, 2005). Мастак Уладзімір Тоўсцік сваімі ілюстрацыямі надае дадатковую прывабнасць паэме і прапускае падзеі далёкай мінуўшчыны праз прызму свайго светапогляду. Гэта кніга таксама выклікае захапленне ў аматараў гісторыі роднага краю.

На выставе дэманструюцца не толькі мастацкія творы, але і кнігі розных галін ведаў. А высокамастацкае іх афармленне надае ім адухоўлены і адметны характар. Запрашаем далучыцца да мастацтва кнігі.

Ірына Хілюціч, бібліятэкар Жодзінскай ЦГБ

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here