1255035000_u4glxd8vaynvpye1/16 фінала Кубка РБ, 2 жніўня, Жодзіна, стадыён “Тарпеда”, 800 гледачоў, “Тарпеда-БЕЛАЗ” – “Орша” – 11:1. Галы: 14 хв. Панкавец – 1:0, 19 хв. Хачатуран – 2:0, 23 хв. Скавыш – 3:0, 25 хв. Дземідовіч – 4:0, 27 хв. Знак(з пенальці) – 4:1, 34 хв. Дземідовіч – 5:1, 59 хв. Платонаў – 6:1, 61 хв. Хачатуран – 7:1, 63 хв. Глеб – 8:1, 68 хв. Паўлавец(з пенальці) – 9:1, 74 хв. Платонаў – 10:1, 84 хв. Платонаў – 11:1.

“Тарпеда-БЕЛАЗ”: Часноўскі(46 хв. Сцяпанаў), Чэлядзінскі, Сярдзюк, Бурко(46 хв. Паўлавец), Панкавец, Дземідовіч(68 хв. Кібук), Селява (46 хв. Платонаў), Хачатуран, Скавыш( 63 хв. Васькоў), Рабянок, Глеб.

 

Пасля перамогі ў Оршы з лікам 5:0, мабыць, усе разумелі, што перашкодзіць аўтазаводцам трапіць у 1/8 фінала Кубка РБ можа толькі цуд у выглядзе Старыка Хатабыча, але ў казкі не верылі і самі аршанцы. Праўда, была думка аб тым, што тарпедаўцы не здолееюць як след настроіцца на больш слабага саперніка ці не будуць поўнасцю выкладвацца на футбольным полі. Але нашы гульцы паказалі сябе сапраўднымі прафесіяналамі і падарылі ўсім сваім заўзятарам галявое піршэства. Дарэчы, у навейшай гісторыі жодзінскага футбола (з 1991 года) такі буйны лік не быў ні разу зафіксаваны, так што аўтазаводцы ўстанавілі рэкорд.

Адразу хочацца адзначыць, што Ігар Крыушэнка з першых хвілін выпусціў асноўны склад. З апошніх кадравых навін трэба выдзяліць дзве: па завяршэнні канракта клуб пакінуў украінскі абаронца Сяргей Мельнік, а вось для яго суайчынніка левага паўабаронцы Паўла Рабянка гэты матч стаў дэбютным у форме “Тарпеда-БЕЛАЗ”. І ён запомніўся сваёй хуткасцю, прастрэламі, і хоць не здолеў забіць, але два галявых паса зрабіў. Так што, хочацца спадзявацца, Павел узмацніць гульню тарпедаўцаў. А сам матч нагадваў гульню з аднабаковым рухам. Гаспадары, згодна статуса, забралі ініцыятыву і пачалі шукаць ключы да варот саперніка. Сімвалічна, што адкрыў лік у матчы капітан нашай каманды – Аляксей Панкавец. Яго ўдар з метраў трыццаці аказаўся невырашальнай задачай для галкіпера аршанцаў. А праз дзесяць хвілін пасля гэтага на табло ўжо гарэлі лічбы: 4:0 на карысць тарпедаўцаў. І хоць неўзабаве гасцям з пенальці ўдалося размачыць Часноўскага, ход паедынку не змяніўся. Галы, дарэчы, у нашых землякоў выходзілі на любы густ. Тут і далёкая артылерыя ад Хачатурана і замыканні флангавых прастрэлаў як у моманце яшчэ з адным навічком Максімам Скавышам. Былі і бліскуча разыграныя шматхадовыя камбінацыі. Пералічваць усе, безумоўна, будзе лішнім. У такіх выпадках нездарма кажуць: “Лепей адзін раз убачыць”. Дарэчы, нягледзячы на вольны ўваход, на матчы прысутнічала толькі каля тысячы гледачоў. Што ж, астатнім застаецца толькі па-добраму зайздросціць тым, хто стаў сааўтарамі галявога рэкорда. Нельга не спыніцца і на навічках. Другі прыход у нашу каманду Вадзіма Дземідовіча выйшаў адметным, бо нападаючы ў двух матчах з “Оршай” вызначыўся чатыры разы. Два галы запісаў на свой рахунак і цэнтральны паўабаронца Андрэй Хачатуран. Вызначыўся ў сваім дэбютным матчы за чорна-белых і Максім Скавыш. Так што, прэзентацыю навічкоў можна смела назваць удалай. Хочацца асабліва адзначыць і яшчэ адзін эпізод. На 68 хвіліне арбітр прызначыў пенальці ў вароты “Оршы”. Звычайна адзінаццімятровыя выконвае Глеб, але тут Вячаслаў паклікаў дзевятнаццігадовага абаронцу Аляксандра Паўлаўца і перадаў яму мяч. Удар маладога тарпедаўца аказаўся дакладным. Безумоўна, нельга перабольшваць гэту перамогу, бо сапернік быў значна ніжэйшага класа. І на далейшым кубкавым шляху такіх ужо не будзе. Наступным сапернікам па 1/8 фінала Кубка РБ будзе ФК “Смаргонь”, а матчы адбудуцца ў лістападзе.

У чэмпіянаце Беларусі свой наступны паедынак “Тарпеда-БЕЛАЗ” правядзе ў Жодзіна 9 жніўня супраць “Слуцка”. Пачатак гульні ў 19.30. Да сустрэчы на стадыёне!

Сяргей Пузанкевіч

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here