30 лістапада, Жодзіна, ст-н “Тарпеда”, 2500 гледачоў, суддзя – Вадзім Панчанка (Магілёў), “Тарпеда-БЕЛАЗ”Жодзіна – “Нафтан” Наваполацк – 3:1. Галы: 27 хв., Шчэгрыковіч – 1:0; 63 хв., Платонаў – 2:0; 66 хв., Платонаў – 3:0; 74 хв., Сантрапінскіх – 3:1.

“Тарпеда-БЕЛАЗ”: Чэсноўскі, Мельнік, Бурко, Панкавец, Селява, Лявіцкі, Шчэгрыковіч (88 хв., Трапашка), Яцкевіч, Дацэнка, Платонаў (90 хв., Каламыц), Глеб (80 хв., Казека).

Негледзячы на зімовае надвор’е, у апошні дзень восені жодзінскі стадыён “Тарпеда” сабраў вялікую колькасць заўзятараў футбола. Паспяховая гульня аўтазаводцаў на другім этапе чэмпіянату і бронзавая інтрыга не маглі не адбіцца на жодзінцах. Шчыра кажучы, вельмі прыемна было бачыць такую колькасць пры-хільнікаў нашай каманды, а іх падтрымка на працягу ўсяго часу матча была найлепшай. І футбалісты аддзячылі добрай і вельмі прыгожай гульнёй.

Негледзячы на тое, што “Нафтану” ўжо нічога не было патрэбна, бо яны зарэзервавалі за сабой пяты радок у табліцы чэмпіянату, выйшлі на матч госці ў вельмі рашучым настроі. І далі сапраўдны бой тарпедаўцам.Толькі вось жодзінцы ў гэты дзень таксама думалі толькі аб перамозе, бо гэта было абавязковай умовай для заваявання медалёў. І матч адбыўся вельмі добрай якасці. Нашы землякі з першых хвілін рашуча пайшлі наперад, але забіць хуткі мяч не ўдалося. Навапалачане не збіраліся здавацца і арганізавалі эшаланіраваную абарону, а пасля стартавых пятнаццаці хвілін і наогул перайшлі да атакуючых дзеянняў. Яны за кошт навесаў з флангаў і дрыблінга Жукоўскага застаўлялі на поўную катушку працаваць нашу абарону і Чэсноўскага. І вось пры такой даволі роўнай гульні тарпедаўцы здолелі адкрыць лік. Да поспеху прывёў розыгрыш вуглавога. Яго выканаў Глеб, а капітан каманды Дзмітрый Шчэгрыковіч галавой пераправіў мяч у вароты. Канец першай паловы прайшоў пры тэрытарыяльнай перавазе “Нафтана”, толькі вось рэальных шансаў яны не стварылі. Пасля перапынку аўтазаводцы працягвалі гнуць сваю лінію, і яна прынесла плён. На працягу чатырох хвілін лёс матча вырашыў Дзмітрый Платонаў.Спачатку ён, стартаваўшы ледзь не са сваёй паловы, вырваўся сам на сам з галкіперам і дакладна прабіў. Неўзабаве лік стаў буйным. Вячаслаў Глеб добрым пасам знайшоў ў штрафной пляцоўцы Платонава, і той заставіў Хаткевіча ў трэці раз дастаць мяч з уласнай сеткі. Пасля гэтага стала зразумела, што жодзінцы перамогу не аддадуць, але госці не змірыліся з паражэннем і за 15 хвілін да фінальнага світка “размачылі” Чэсноўскага. Расійскаму легіянеру навапалачан Сантрапінскіх удаўся цудоўны ўдар здалёк. І, чым меньш часу заставалася да заканчэння гульні, тым больш часта пачалі ўсе звяртацца да навін з суседняга Барысава. А там да ракавой 87 хвіліны ўсё складвалася па жодзінскаму сцэнарыю. “БАТЭ”, здавалася, упэўнена трымала ніці гульні ў сваіх руках і вяло ў ліку 1:0, што цалкам задавальняла аўтазаводцаў. І вось тут гарнякі вынулі з калоды свой джокер – Мікалая Януша.Іх лепшы бамбардзір забіў свой 15 мяч і адначасова паставіў жырны крыж на медальных амбіцыях “Тарпеда-БЕЛАЗ”. Бо нічыя “Шахцёра” разам з нашай перамогай выраўнівала каманды ў табліцы. Абедзве дружыны набіралі па 50 ачкоў, і затым у справу ўступалі дадатковыя паказчыкі – вынікі асабістых матчаў. А тут салігорцы мелі ўпэўненную перавагу – тры перамогі і нічыя. Вось такім чынам наша каманда зноў ужо ў чацвёрты раз фінішыравала чацвёртай. Пасля фінальнага свістка радасць ад перамогі была змешана з глыбокім расчараваннем ад таго, што не змаглі здабыць “бронзу”. 

А дублёры свой апошні матч завяршылі безвыніковай нічыёй – 0:0.Сезон завяршыўся, і нас чакае толькі падвядзенне вынікаў.

 Сяргей Пузанкевіч

 

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here