Вось і завяршыўся другі турэцкі збор аўтазаводцаў, а гэта азначае, што перадсезонная падрыхтоўка нашых футбалістаў выходзіць на фінішную прамую.

На мінулым тыдні, мабыць, на ўсе сто працэнтаў тарпедаўцы выкарысталі магчымасці замежнага збору і правялі адразу чатыры спарынгі з прадстаўнікамі розных футбольных школ. Так, у аўторак сапернікам быў украінскі клуб “Дынама-2” з Кіева, які прадстаўляе першую лігу нашага паўднёвага суседа. “Тарпеда-БелАЗ” выступаў у наступным складзе: Сцяпанаў (46 хв., Часноўскі), Мараў, Каламыц (46 хв., Чалядзінскі), Казанцаў, Пракопчык, Казека, Васькоў, Міньяна, Глеб (65 хв., Казлоўскі), Платонаў, Івашка.

Ігар Крыушэнка вырашыў праверыць сваіх падапечных на трываласць, таму абыйшоўся мінімумам замен. Гульня прайшла ў абаюдавострай барацьбе, дзе сваю невялікую перавагу нашы землякі здолелі двойчы ператварыць у нешта матэрыяльнае. Як вынік – 2:0. І што цікава, непасрэдны ўдзел у галявых атаках прымаў Глеб. Спачатку Вячаслаў, атрымаўшы перадачу ад Платонава, абыграў двух абаронцаў і дакладна прабіў у вугал брамкі. А пасля перапынку ён выдаў добры пас на Казеку, і наш паўабаронца ўвагнаў мяч у сетку. На наступны дзень чарговым спарынг-партнёрам аўтазаводцаў быў іркуцкі “Байкал”, які прадстаўляе другую расійскую лігу. На гэты раз жодзінцы выступалі ў наступным складзе: Хамутоўскі, Бурко, Чалядзінскі, Каламыц, Панкавец, Селява (78 хв., Казека), Альсіна, Лявіцкі (65 хв., Глеб), Шчагрыковіч (76 хв., Казлоўскі), Яцкевіч (76 хв., Васькоў), Канцавы. Матч прайшоў пры вялізарнай перавазе беларусаў, што і зафіксаваў канчатковы вынік – 6:1 на карысць тарпедаўцаў. Хет-трыкам вызначыўся наш іспанскі легіянер Даніэль Альсіна, дубль на рахунку Вячаслава Глеба і яшчэ адзін гол правёў Аляксандр Яцкевіч.

У пятніцу аўтазаводцаў экзаменаваў клуб вышэйшай лігі Швецыі – “Фалкенберг”, які ўзначальвае ў мінулым знакаміты гулец Хенрык Ларсан. Жодзінцы больш валодалі мячом, гулялі больш абдумана, а вось імкнуліся дзейнічаць, больш проста карыстаючыся дальнімі перадачамі ў надзеі на высокіх нападаючых. І хоць лік так і не быў адкрыты – 0:0, галявых момантаў было створана камандамі дастаткова. Найбольш небяспечным быў штрафны ўдар у выкананні Глеба, але, на жаль, мяч трапіў у бэлю. Склад “Тарпеда- БелАЗ”: Сцяпанаў (46 хв., Часноўскі), Бурко, Каламыц (46 хв., Казанцаў), Чалядзінскі, Панкавец, Казека (76 хв., Шчагрыковіч), Міньяна (76 хв., Селява), Альсіна (62 хв., Яцкевіч), Васькоў, Глеб, Канцавы (70 хв., Івашка).

На наступны дзень нашых землякоў чакаў яшчэ адзін прадстаўнік першай украінскай лігі – харкаўскі “Геліас”. На жаль, завяршыць збор на мажорнай ноце аўтазаводцы не здолелі і прайгралі – 1:2. Па словах Ігара Крыушэнкі, лёс паядынку прадвызначылі дзве памылкі нашых маладых абаронцаў. Адзін мяч у адказ правёў Дзмітрый Платонаў.

У панядзелак каманда вярнулася на радзіму і пасля двух выхадных пачне ў Жодзіне фінальны этап падрыхтоўкі да стартуючага 29 сакавіка чэмпіянату. На 23 сакавіка прызначаны дамашні спарынг з мінскай “Зоркай- БДУ”, а ў панядзелак 24 сакавіка прыхільнікаў тарпедаўцаў чакае традыцыйная сустрэча з футбалістамі і трэнерамі. Яна адбудзецца ў ДК БелАЗа і пачнецца а 18 гадзіне. Дарэчы, пасля яе заканчэння заўзятары аўтазаводцаў маюць магчымасць набыць абанементы на наведванне дамашніх гульняў каманды.

Сяргей Пузанкевіч

 

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here