Калі вы чытаеце гэтыя радкі, аўтазаводцы ўжо ва ўсю працуюць на другім турэцкім зборы, куды яны адправіліся ў панядзелак. Свой лагер ФК “Тарпеда-БелАЗ” на гэты раз разбіў непадалёк ад Анталіі ў мястэчку Сідэ ў гатэлі “Камелія”.

Пад кіраўніцтвам Ігара Крыушэнкі на зборы працуюць Хамутоўскі, Часноўскі, Сцяпанаў, Чалядзінскі, Сасноўскі, Казанцаў, Пракопчык, Бурко, Панкавец, Мараў, Казека, Шчагрыковіч, Лявіцкі, Васькоў, Міньяна, Альсіна, Мельнік, Івашка, Яцкевіч, Платонаў, Глеб, Канцавы і абаронца Юрый Каламыц, які некалькі дзён назад падпісаў кантракт. У сезоне 2005 года Юрый Каламыц ўжо выступаў за нашу каманду. Аляксандр Селява далучыцца да партнёраў пасля 4 сакавіка, калі ў складзе маладзёжнай зборнай Беларусі згуляе ў Парыжы з французамі.

Акрамя двухразовых трэніровак аўтазаводцы плануюць правесці яшчэ і шэсць спарынгаў, бліжэйшы з якіх адбудзецца 6 сакавіка з “Актанам” з Пярмі. Свой жа жодінскі этап падрыхтоўкі наша каманда завяршыла гульнёй з магілёўскім “Дняпром”. Матч атрымаўся цікавым і вельмі насычаным, а завяршыўся выніковай нічыёй – 3:3.

Наш трэнерскі штаб выставіў два розныя склады на кожны з таймаў. I тайм: Сцяпанаў, Бурко, Чалядзінскі, Сасноўскі, Панкавец, Селява, Міньяна, Казека, Шчагрыковіч, Глеб, Канцавы. II тайм: Часноўскі, Мараў, Пракопчык, Казанцаў, Каламыц, Раманюк, Казлоўскі, Лявіцкі, Яцкевіч, Васькоў, Трапашка.

Першая палова гульні прайшла пры даволі істотнай перавазе гаспадароў. Нашы футбалісты з першых хвілін завалодалі ініцыятывай і пачалі шукаць шчасце ля чужой брамы . Трэба адзначыць, што знайшлі (шчасце) даволі хутка. Пасам Шчагрыковіча скарыстаўся Канцавы і галавой переправіў мяч у самую “дзявятку”. А неўзабаве лік стаў ужо 2:0. Глеб накруціў некалькі сапернікаў і выдаў пас-цукерку на Казеку. Такім падарункам Сяргей распарадзіўся на ўсе сто.

А вось другі тайм пачаўся з таго, што магіляўчане за пяць хвілін зраўнялі лік. Гэта стала магчыма не толькі дзякуючы майстэрству гасцей, але і з-за памылак нашай эксперыментальнай лініі абароны. Страціўшы колькасную перавагу, жодзінцы, мабыць раззлаваўшыся на саміх сябе, з вялікімі намаганнямі пайшлі наперад. Асаблівая пагроза для “Дняпра” зыходзіла ад атакуючага трыа Яцкевіч-Васькоў-Трапашка, толькі вось вызначыцца ім удалося на жаль усяго аднойчы. Пасля прастрэла ў выкананні Пракопчыка Трапашка, які знаходзіўся на праглядзе, з другой спробы ўвагнаў мяч у сетку. Вось толькі перамогу аўтазаводцы не ўтрымалi. За дзве хвіліны да завяршэння асноўнага часу нашы абаронцы не здолелі перашкодзіць нападаючаму гасцей у другі і канчатковы раз зраўняць лік.

Гэты матч падкрэсліў як моцныя, так і слабыя бакі каманды і, безумоўна, даў глебу для трэнерскіх разважанняў.

А да пачатку чэмпіянату засталося, тым часам, менш за месяц – 29 сакавіка “Тарпеда-БелАЗ” чакае гульня ў Наваполацку супраць мясцовага “Нафтана”.

Сяргей ПУЗАНКЕВІЧ

 

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here