У мінулую суботу аўтазаводцы паспяхова завяршылі першы турэцкі збор і вярнуліся ў Беларусь. Напрыканцы ваяжа ў Анталію нашы землякі правялі яшчэ дзве таварыскія сустрэчы. Спачатку згулялі ўнічыю з прадстаўніком расійскага ФНЛ “Уфой” – 0:0, а потым перамаглі чэмпіёна Узбекістана “Бунедкор” – 2:1. Ну а цяпер падрабязней аб гэтым.

Супраць расійскай каманды “Тарпеда-БелАЗ” выступала ў наступным складзе: Часноўскі, Бурко (46 хв., Мараў), Сасноўскі (46 хв., Казанцаў), Чалядзінскі (46 хв., Пракопчык), Панкавец (46 хв., Гірскі), Казека (46 хв., Селява), Міньяна (46 хв, Шчагрыковіч), Альсіна (46 хв., Васькоў), Глеб (46 хв., Казлоўскі), Канцавы (46 хв., Лявіцкі), Платонаў (46 хв., Яцкевіч).

Першы тайм прайшоў пры невялікай перавазе ўфімцаў, якіх, дарэчы, узначальвае выдатны ў мінулым футбаліст Ігар Калыванаў. Некалькі разоў нас выратоўваў Часноўскі, а калі ён не мог дапамагчы, на выручку прыходзілі абаронцы. Горача час ад часу было і ля супрацьлеглай рамкі. Так, з небяспечным стрэлам Альсіны справіўся галкіпер, а ўдарам Глеба і Платонава не хапіла дакладнасці.

У другой палове перавага ўжо была на нашым баку, але ператварыць гэта ў што-небудзь матэрыяльнае не ўдалося. Дарэчы, у нашай камандзе з’явіўся патэнцыяльны навічок. На месцы левага абаронцы імкнуўся ўразіць сваёй гульнёй 23-гадовы ўкраінец Сцяпан Гірскі, які выступаў на радзіме за львоўскія “Карпаты” і цярнопальскую “Ніву”.

Апошнім спарынг-партнёрам стаў пяцікратны чэмпіён Узбекістана – ташкенцкі “Бунедкор”, якім кіруе цудоўна вядомы Мірджалол Касымаў. Тарпедаўцы выступалі ў наступным складзе: Сцяпанаў (46 хв., Часноўскі), Бурко (46 хв., Гірскі), Казанцаў (46 хв., Пракопчык), Сасноўскі (46 хв., Чалядзінскі), Панкавец (27 хв., Мараў), Казека (68 хв., Селява), Селява (46 хв., Лявіцкі), Міньяна (46 хв., Казлоўскі (76 хв., Казека), Шчагрыковіч (46 хв., Васькоў), Глеб (46 хв., Яцкевіч), Канцавы (46 хв, Платонаў).

Аўтазаводцы пачалі, як кажуць, з месца ў кар’ер і ўжо на дзявятай хвіліне адкрылі лік. Глеб вывеў на аператыўны прастор Арцёма Канцавога, і наш нападаючы перахітрыў галкіпера. Праўда, неўзабаве гульцы “Бунедкора” аднавілі раўнавагу. Такім жа роўным, як лік, выдалася і ў цэлым гульня да перапынку. А вось у пачатку другога тайма некалькі разоў быў блізкі да поспеху Аляксандр Яцкевіч, потым узбекская каманда перахапіла ініцыятыву, але ненадоўга. Як аказалася пазней, камбінацыя на 72-й хвіліне з удзелам Васькова і Платонова прынесла перамогу жодзінцам. Арцём дыяганальнай перадачай знайшоў на вуглу штрафной пляцоўкі Дзмітрыя, і той, як след адпрацаваўшы мяч, пакінуў з носам галкіпера і ўвагнаў прадмет гульні ў сетку. Праз чатыры хвіліны ў нас быў выдалены Ілля Казлоўскі, які вельмі горача пачаў спрачацца з арбітрам. У астатні час тарпедаўцы кантралявалі ход падзей і давялі матч да перамогі.

Такім чынам, нашы землякі на працягу збора правялі чатыры гульні, у якіх атрымалі дзве перамогі і па адным разе згулялі ўнічыю і прайгралі. Агульная розніца мячоў – 7:5. На жаль, атрыманыя пашкоджанні на пэўны час пакінулі па-за справай нападаючага Івашку і паў-абаронцу Альсіну, а вось Хамутоўскі і Мельнік ужо ў хуткім часе прыступяць да паўнацэнных трэніровак.

На мінулым тыдні ў Доме футбола прайшло лёсаванне 24-га чэмпіянату Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі. У першым туры, які адбудзецца 29-30 сакавіка, аўтазаводцы ў гасцях сустрэнуцца з наваполацкім “Нафтанам”, ну а ў другім (6-7 красавіка) будуць прымаць бабруйскую “Белшыну”.

Тарпедаўцы наступныя два тыдні працягнуць падрыхтоўку ў родным горадзе, дзе для гэтага створаны цудоўныя ўмовы. Дарэчы, на суботу 22 лютага запланаваны матч на сваім полі з “Гарадзеяй”.

У разгары і падрыхтоўчы перыяд у дубліруючага склада “Тарпеда-БелАЗ”. Так, у мінулую суботу яны перамаглі дублёраў салігорскага “Шахцёра” – 2:0. Галы ў нашай камандзе на рахунку Яўгена Смаля і Дзяніса Кішкурны.

Сяргей Пузанкевіч

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here