20 кастрычніка, Мінск, ст-н “Трактар”, 1500 гледачоў, суддзя – І.Крук (Маладзечна), “Дынама” Мінск – “Тарпеда-БелАЗ” Жодзіна – 0:0.

“Тарпеда-БелАЗ”: Хамутоўскі, Чалядзінскі, Чараднічэнка, Панкавец, Селява, Глеб (63 хв., Сучкоў), Шчагрыковіч, Хагуш, Яцкевіч, Васькоў (77 хв., Казлоў), Альсіна (88 хв., Лявіцкі).

У параўнанні з папярэднім матчам Ігар Крыўшэнка зрабіў дзве замены ў стартавым складзе і абедзве, на жаль, вымушаныя. Пэўныя праблемы са здароўем пакінулі па-за заяўкай на гульню Хасэ Луіса Міньяну і Віталя Казанцава, замест іх з першых хвілін выйшлі Даніэль Альсіна і Ігар Чараднічэнка.

Апошнія няўдачы “Шахцёра” ўсялілі надзею ў мінскіх дынамаўцаў, што ім па плячы і заваёва сярэбраных медалёў. І таму гаспадары разам са стартавым свістком суддзі паспрабавалі прыціснуць аўтазаводцаў да “рамкі” і кантраляваць ход гульні. Але жодзінцы былі падрыхтаваны да такога развіцця падзей і не далі магчымасці сталічным футбалістам дыктаваць свае ўмовы на полі.

Тарпедаўцы зрабілі стаўку на контратакі, але шчыра кажучы, іх удалося арганізаваць не шмат. Паступова сапернікі скінулі абароты, і гульня супакоілася, толькі “стандарты” неслі пагрозу. Але галкіперы дзейнічалі бездакорна, усяго аднойчы Гутар памыліўся, выкінуўшы мяч прама на Альсіну, але сам і выправіў сітуацыю.

Пасля перапынку шэрае восеньскае надвор’е цалкам адпавядала сумнай гульні. Дынамаўцы працягвалі спробы ўзламаць жодзінскую абарону, але не здолелі знайсці ў ёй слабыя месцы. Па-сапраўднаму патурбаваць Гутара жодзінцы маглі толькі аднойчы, калі Шчагрыковіч замыкаў прастрэл Васькова. Капітану аўтазаводцаў крыху не хапіла, каб дацягнуцца да мяча. А напрыканцы гульні абедзве каманды палічылі за лепшае паклапаціцца больш аб тым, каб захаванць нічыйны лік, чым вырваць перамогу. Такім чынам, нулі на табло стадыёна “Трактар” цалкам адпавядалі таму, што адбывалася на полі, як кажуць у такіх выпадках, лік па гульні.

У панядзелак свой матч з дынамаўцамі правялі і дублёры.

Наступную гульню “Тарпеда-БелАЗ” правядзе ў суботу 26 кастрычніка на сваім полі супраць салігорскага “Шахцёра”. Пачатак а 17 гадзіне. Дарэчы, гэта будзе першая гульня аўтазаводцаў на стадыёне “Тарпеда” пры штучным асвятленні. Так што да сустрэчы на футболе.

Сяргей Пузанкевіч

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here