21 верасня, Жодзіна, ст-н “Тарпеда”, 1200 гледачоў, суддзя – Валерый Вялічка (Мінск), “Тарпеда-БелАЗ” – “Гомель” – 2:1. Галы: 15 хв., Васькоў – 1:0; 63 хв., Васькоў – 2:0; 66 хв., Афанасьеў – 2:1.

“Тарпеда-БелАЗ”: Сцяпанаў, Чалядзінскі, Панкавец, Міньяна (78 хв., Ольсіна), Лявіцкі (69 хв., Мендзі), Шчагрыковіч, Яцкевіч, Васькоў, Гезалян (62 хв., Глеб), Казанцаў, Платонаў.

Нарэшце прыйшло свята і на жодзінскую вуліцу. На жаль, вельмі рэдка ў гэтым сезоне аўтазаводцы перамагаюць на сваім полі. Так, папярэднюю вікторыю на стадыёне “Тарпеда” у рамках чэмпіянату Беларусі яны атрымалі больш двух месяцаў таму – 13 ліпеня, калі аказаліся мацней за брэсцкіх дынамаўцаў. І вось доўгачаканая перамога над звышпрынцыповым сапернікам, дарэчы, іншых  на другім этапе чэмпіянату ў нас не можа быць.

Перад гульнёй наша каманда панесла дзве страты ў складзе. Аляксандр Селява прапускаў матч                 з-за перабору жоўтых картак, а Сяргей Мельнік у паядынку з “Шахцёрам” атрымаў цяжкую траўму і, на жаль, выбыў да канца сезона. Ігар Крыўшэнка зноў даверыў месца ў варотах Раману Сцяпанаву, а на пазіцыі правага абаронцы крыху нечакана выйшаў Павел Платонаў. Трэба адразу адзначыць, са сваёй асноўнай задачай ён справіўся (калі ў абарончых дзеяннях былі некаторыя хібы, то яго падключэнні да атак прынеслі толькі станоўчыя эмоцыі).

Як стала ўжо традыцыйным, жодзінцы з першых хвілін прыняліся штурмаваць вароты гамяльчан. І стартавы націск прынёс плён. Далёкі закід са сваёй паловы поля галавой працягнуў Яцкевіч, яму ўдалася добрая скідка на Васькова, і Арцём адправіў мяч міма галкіпера ў сетку варот. Забіты гол не змяніў расстаноўку сіл на полі. Госці за першыя сорак пяць хвілін толькі некалькі разоў прымусілі ўступіць у справу нашага Сцяпанава. А вось аўтазаводцы яшчэ да перапынку мелі добрыя шансы, каб павялічыць лік, толькі вось усё таго ж Васькова, Яцкевіча і Гезаляна падвяла недакладнасць.

Другі тайм таксама актыўна распачалі гаспадары. Незадаволены такім развіццём падзей трэнер “Гомеля” Аляксей Мяркулаў кінуў у бой Кірыльчыка і Хлебасолава, на што Крыўшэнка ўвёў у гульню Вячаслава Глеба. Наша замена спрацавала амаль адразу. Глеб прайшоў па правым флангу і прастрэліў на Васькова, той усё зрабіў па-майстэрску, і лік стаў 2:0. Тут бы аўтазаводцам супакоіцца, “засушыць” гульню і такім чынам пахаваць інтрыгу. Але ў гамяльчан была іншая кропка гледжання. Ініцыятыву ў свае рукі ўзяў Міхаіл Афанасьеў. Яму ўдаўся індывідуальны праход і моцны ўдар. На жаль, Сцяпанаў не здолеў выратаваць каманду. Прапушчаны мяч узрадзіў надзеі гасцей, а вось аўтазаводцы пачалі нервавацца. Бела-зялёныя ўзмацнілі націск, і ў тарпедаўцаў з’явіліся добрыя магчымасці для контратак. На жаль, яны засталіся невыкарыстанымі. Недакладныя перадачы і ўдары не дазволілі гаспадарам павялічыць лік, хаця Вячаслаў Глеб меў не адзіны шанс забіць яшчэ двойчы.

Фінальны судзейскі свісток прыхільнікі “Тарпеда-БелаЗ” сустрэлі авацыямі. Такім чынам, каманда перамогай павіншавала завадчан і ўсіх гараджан з наступаючымі юбілеямі БелАЗа і Жодзіна.

А табліца чэмпіянату пасля 24 тура выглядае наступным чынам.

Не ўдарылі ў гразь тварам і дублёры. Свой матч з “Гомелем” яны завяршылі ўнічыю 1:1. Мяч у нашай камандзе правёў Юрый Раманюк.

А ў наступную нядзелю 29 верасня аўтазаводцы згуляюць у Барысаве супраць мясцовага БАТЭ. Пачатак а 17 гадзіне. Так што да сустрэчы на футболе.

Сяргей Пузанкевіч

 

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here