13 верасня касцёл Маці Божай Фацімскай адзначаў 10-годдзе сваёй кансэкрацыі. У юбілейных урачыстасцях прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама старшыня гарвыканкама Міхаіл Амельянчук і пробашч касцёла Міхаіл Цвячкоўскі.

На свята кансэкрацыі былі запрошаны святары, якія у розныя гады ўзначальвалі жодзінскі касцёл. Сярод іх Марэк Жук (сёння ён пробашч у Мікашэвічах) – менавіта ў час яго кіравання касцёлам святыня была пабудавана і напоўнена вернікамі. Таксама ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел пробашчы Міхаіл Цвячкоўскі, Аляксандр Жарнасек (Орша), Павел Падмышанін (Барысаў), ксяндзы Андрэй Сідаровіч, Аляксандр Шыбека, вікарый ў Кафедральным саборы ў Мінску Кірыл Бардонаў, Архімандрыт армянскага абраду Петрос Есаян (Ерэван).

У час службы, узгадваючы пра тытул жодзінскай святыні, Тадэвуш Кандрусевіч расказаў аб значэнні аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. Ён подкрэсліў, што падчас сваіх аб’яўленняў Маці Божая ў Фаціме папрасіла аб прысвячэнні Расіі Яе Беззаганнаму Сэрцу і сказала, што яно затрыумфуе і Расія навернецца. «І хоць Марыя гаварыла аб Расіі, але Яе словы адносяцца і да Беларусі, бо ў тыя часы яна належала да Расійскай імперыі”, – дадаў іерарх.

Дзейнасць жодзінскай парафіі, як адзначыў арцыбіскуп, шматгранная, асаблівая ўвага ў ёй звяртаецца на евангелізацыю, якая з’яўляецца галоўным заданнем касцёла на сучасным этапе яго развіцця падчас крызісу веры. «Абвяшчэнне Евангелля вядзе да сустрэчы з Хрыстом, з чаго нараджаецца вера. Юбілей кансэкрацыі касцёла адзначаецца падчас Года веры, што павінна ўсіх нас схіліць да больш актыўнага абвяшчэння вечна жывога і дзейснага слова Божага. Фацімскае пасланне актуальна і сёння», – сказаў іерарх.

Мітрапаліт пажадаў вернікам жодзінскай парафіі, каб у гэтым касцёле, які «пачынае пісаць гісторыю другога дзесяцігоддзя», людзі сапраўды маліліся і навярталіся і такім чынам будавалі Божае Валадарства. Арцыпастыр пажадаў таксама, каб, спаткаўшы тут Бога, яны «неслі Яго іншым і такім чынам спрыялі новай евангелізацыі для перадачы і ўмацавання веры».

Таксама вернікаў павіншаваў старшыня гарвыканкама Міхаіл Амельянчук, які выказаў найлепшыя пажаданні і падарыў касцёлу прыгожую вазу.

Свята закончылася крэсным ходам і благаслаўленнем усіх вернікаў.

Лілія АЛЯХНОВІЧ


 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here