23 чэрвеня, Жодзіна, ст-н “Тарпеда”, 1400 гледачоў, суддзя – І.Сафар’ян (Мінск), “Тарпеда-БелАЗ” Жодзіна – “Нафтан” Наваполацк – 0:3. Галы: 4 хв., Зубовіч – 0:1; 45+2 хв., Шкабара – 0:2; 72 хв., Алумона – 0:3.

“Тарпеда-БелАЗ”: Часноўскі, Чалядзінскі, Чараднічэнка, Сучкоў (79 хв., Платонаў П.), Глеб (63 хв., Гомза), Лявіцкі, Шчагрыковіч (63 хв., Селява), Казлоў, Ерхан, Васькоў, Платонаў Дзм.

Як казаў класік, ад вялікага да смешнага адзін крок. Праз тры дні пасля разгрома, які ўчынілі аўтазаводцы ў Магілёве, нечакана для ўсіх жодзінцы ў родных сценах з буйным лікам прайгралі “Нафтану”.

Дзве перамогі запар у пачатку другога круга аптымістычна наладзілі жодзінскіх заўзятараў. Да таго ж навапалачане знаходзяцца ў ар’ергар-дзе турнірнай табліцы, і перад гэтай гульнёй каманду пакінуў галоўны трэнер Павел Кучараў, які перайшоў у сталічнае “Дынама”. Такая расстаноўка аднасэнсоўна патрабавала ад гаспадароў толькі перамогі, што, дарэчы, дало б магчымасць падняцца ў табліцы ў першую шасцёрку. На жаль, выйшла па-іншаму. Чацвёртая хвіліна абліла тарпедаўцаў халодным душам. Чараднічэнка памыліўся, як кажуць, на роўным месцы і падараваў Зубовічу выхад сам-на-сам з Часноўскім. Паўабаронца “Нафтана” свой шанс выкарыстаў на ўсе сто. Такі паварот падзей значна аблегчыў задачу гасцям, а вось аўтазаводцы былі вымушаны адыгрывацца. А гэта атрымліваецца ў нашых землякоў, трэба прызнаць, зусім кепска.

Тэрытарыяльная перавага жодзінцаў доўга не магла перайсці ў нешта больш матэрыяльнае. За першы тайм тарпедаўцы здолелі стварыць толькі адзін галявы момант, але ўдар Платонава блакавалі абаронца і галкіпер. Госці ў дададзены арбітрамі да першай паловы час правялі добрую атаку, і Шкабара, пры папу-шчальніцтве нашых абаронцаў, павялічыў перавагу сваёй каманды.

Пасля перапынку, мабыць, атрымаўшы наганяй ад Крыўшэнкі, тарпедаўцы зрабілі спробу выправіць сітуацыю, але эшаланаваная абарона гасцей збояў не давала. Да таго ж нашы землякі вельмі рэдка білі па варотах, узгадваецца толькі далёкі стрэл Лявіцкага. А за дваццаць хвілін да фінальнага свістка Алумона здолеў адарвацца ад нашых абаронцаў і, выйшаўшы на рандэву з Часноўскім, канчаткова расставіць усё па сваіх месцах.

Астатні час адна каманда спакойна даводзіла матч да перамогі, а другая… Нашых футбалістаў не хапіла нават на гол прэстыжу. Што тут скажаш – крыўдна і сорамна…

На наступным тыдні аўтазаводцы адправяцца ў Салігорск, а на сваім полі наступны матч “Тарпеда-БелАЗ” правядзе ў нядзелю 7 ліпеня супраць “Гомеля”. Пачатак у 18 гадзін 30 хвілін.

Сяргей Пузанкевіч

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here