24 мая, Гродна, ЦСК “Нёман”, 2000 гледачоў, суддзя – А.Чарапнёў (Бабруйск), “Нёман” Гродна – “Тарпеда-БелАЗ” Жодзіна – 1:1. Галы: 1 хв., Казлоў – 0:1; 6 хв., Лачны – 1:1.

“Тарпеда-БелАЗ”: Часноўскі, Чалядзінскі, Мендзі, Чараднічэнка, Панкавец, Сучкоў (69 хв., Васькоў), Лявіцкі (46 хв., Селява), Шчагрыковіч, Казлоў (78 хв., Яцкевіч), Каршакевіч, Дзм. Платонаў.

Становішча каманд у табліцы чэмпіянату і даволі хуткае дзяленне клубаў вышэйшай лігі на дзве шасцёркі вымушалі сапер-нікаў гуляць толькі на перамогу. І ўжо першая хвіліна прынесла поспех аўтазаводцам. Аляксей Казлоў, які даволі нечакана на гэты раз выступаў на пазіцыі правага паўабаронцы, сваімі актыўнымі дзеяннямі прымусіў памыліцца абаронцу гродзенцаў, з дапамогай Платонава выйшаў на зручную пазіцыю і дакладна адправіў мяч у сетку.

На жаль, мазырскі сцэнарый не паўтарыўся. Развіць поспех жодзінцы не здолелі. Больш за тое, неўзабаве гаспадары аднавілі лік. Ім удалася даволі размашыстая атака, якую завяршыў славацкі легіянер Лачны.

Футбалісты, мабыць, самі крыху спужаліся такога бурнага пачатку і таму ў першую чаргу пачалі больш дапускаць уласных памылак. Але і атакаваць менш не сталі. Каманды імкнуліся знайсці слабыя месцы ў саперніка і выкарыстаць іх. І тут на першы план выйшлі галкіперы, дакладней іх майстэрства. Так, яшчэ ў першым тайме Павел Часноўскі здолеў справіцца з некалькімі моцнымі ўдарамі гродзенцаў і ліквідаваць выхад сам-на-сам нападаючага Лачнага.

Перапынак нічога не змяніў у малюнку гульні. Каманды па-ранейшаму працягвалі шукаць свайго шансу ў атаках. Варатар гаспадароў Чэрнік даказаў, што недарэмна яго выклікалі ў нацыянальную зборную Беларусі, і бліскуча справіўся з ударам Васькова, які замыкаў прастрэл партнёраў.

Фінальны адрэзак матча прайшоў пад дыктоўку аўтазаводцаў, але, нягледзячы на вялікія намаганні, вырваць перамогу яны не здолелі. Нічыйны вынік, зафіксаны арбітрам, трэба прызнаць у цэлым справядлівым, але футба-лісты абедзвюх каманд былі расчараваны, бо марылі толькі аб перамозе.

А ў пятніцу на жодзінскім стадыёне “Тарпеда” адбудзецца звышпрынцыповы паядынак геаграфічных суседзяў – “Тарпеда-БелАЗ” будзе прымаць барысаўскі БАТЭ. Пачатак а 18 гадзіне. Так што да сустрэчы на футболе.

Сяргей Пузанкевіч

 

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here