12 мая, Мазыр, ст-н “Юнацтва”, 3100 гледачоў, суддзя – С.Цынкевіч (Асіповічы), “Славія” Мазыр – “Тарпеда-БелАЗ” – 0:3. Галы: 1 хв., Дзм. Платонаў – 0:1; 16 хв., Дзм. Платонаў – 0:2; 38 хв., Дзм. Платонаў – 0:3.

“Тарпеда-БелАЗ”: Часноўскі, Ерхан, Чараднічэнка, Чалядзінскі, Панкавец, Мендзі, Лявіцкі, Сучкоў (68 хв., Васькоў), Шчагрыковіч, Глеб (П.Платонаў), Дзм. Платонаў (46 хв., Сакрэт).

Перад матчам у Мазыры аўтазаводцы трапілі ў вельмі складаную сітуацыю. Чатыры гульні запар наша каманда не ведала перамог і гэта, безумоўна, адбілася не толькі на становішчы ў табліцы чэмпіянату, але і на псіхалагічным стане гульцоў. Таму перамога жодзінцам патрэбна была як паветра, але і мазыране, якія ў гэтым сезоне не ведалі смаку вікторый, былі настроены вельмі рашуча.

Старт для тарпедаўцаў аказаўся звыш удалым. Літаральна першая атака нашых землякоў стала галявой. Праход Панкаўца па левым флангу завяршыўся прастрэлам, які эфектыўна замкнуў Дзмітрый Платонаў. Дарэчы, гэты матч аказаўся для нашага нападаючага першым пасля пяцітыднёвага перапынку, выкліканага траўмай.

Забіты мяч прыдаў аўтазаводцам упэўненасці і яны пачалі дыктаваць свае ўмовы на футбольным полі. Праз пятнаццаць хвілін пасля першага ўзяцця варот Дзмітрый у другі раз прымусіў Гаева даставаць мяч з уласных варот. На гэты раз Платонаў скарыстаўся ювелірнай перадачай Глеба, абыграў абарону і прабіў дакладна. На гэтым наш нападаючы не супакоіўся і, як аказалася пазней, зрабіў лік канчатковым. Даволі працяглая атака, у якой удзельнічалі ледзь не ўсе футбалісты “Тарпеда-БелАЗ”, стала выніковай пасля ўдару галавой Дзмітрыя. Дарэчы, першы тайм у выкананні нашай каманды, калі ўлічваць і якасць, і вынік, можна смела назваць лепшым у сезоне.

Пасля перапынку “чорна-белыя” працягвалі дамінаваць і кантраляваць ход падзей. Толькі вось рэалізацыя ўзнікаючых галявых момантаў асталася нулявой. Адзін Антон Сакрэт мог таксама стаць аўтарам хет-трыка, толькі вось у яго яўна збіўся прыцэл.

Некалькі разоў і мазыране былі блізкімі да поспеху. Надзейная гульня Часноўскага і яго сяброўка-перакладзіна дазволілі захаваць нашы вароты “сухімі”.  Лік на табло, безумоўна, задавальняў нашых гульцоў, і яны, мабыць, атрымалі задавальненне ад гульні. Буйная перамога дазволіла тарпедаўцам крыху паправіць сваё турнірнае становішча.

А свой наступны матч аўтазаводцы правядуць у пятніцу 17 мая, калі будуць прымаць на сваім полі бабруйскую “Белшыну”. Пачатак а 18 гадзіне. Так што да сустрэчы на футболе.

Сяргей Пузанкевіч

 

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here