13 красавіка, Наваполацк, штучнае поле стадыёна “Атлант”, 700 гледачоў, суддзя – В.Вялічка (н/к, Мінск), “Нафтан” Наваполацк – “Тарпеда-БелАЗ” – 0:2. Галы: 23 хв., Шчэгрыковіч – 0:1; 31 хв., Сакрэт – 0:2.

“Тарпеда-БелАЗ”: Часноўскі, Чалядзінскі, Мендзі, Чараднічэнка, Панкавец, Сучкоў (84 хв., Яраслаўскі), Селява (87 хв., Каршакевіч), Шчагрыковіч, Казлоў, Васькоў, Сакрэт (66 хв., Яцкевіч).

Усё ж такі фартовы для тарпедаўцаў гэты горад Наваполацк. Толькі аднойчы з пятнаццаці матчаў гаспадары на сваім полі перамаглі жодзінцаў. Не стала выключэннем з прыемнай традыцыі і гульня 3 тура “Беларусбанк-чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболе”.

Ужо першыя хвіліны далі зразумець, хто будзе дыктаваць умовы на футбольным газоне ў гэты дзень. Аўтазаводцы завалодалі ініцыятывай і не збіраліся яе аддаваць. Нафтанаўцы наогул толькі аднойчы ў першай палове матча ўсур’ёз патурбавалі Часноўскага, але Павел лёгка справіўся з ударам Алумоны. А вось ля супрацьлеглых варот небяспека ўзнікала пастаянна. Партнёры вывелі Селяву адзін на адзін з галкіперам, але наш паўабаронца прайграў, на жаль, гэту дуэль. Камбінацыя на правым флангу з удзелам Васькова і Казлова завяршылася дакладным прастрэлам і ўдарам галавой нашага капітана. Дзмітрый Шчагрыковіч упершыню ў кар’еры забіў у двух матчах запар.

Не паспелі парадавацца лёгкія на пад’ём жодзінскія заўзятары, якія прыехалі ў Наваполацк, як Антон Сакрэт таксама прымаў віншаванні партнёраў. Сучкоў выканаў вуглавы, Чалядзінскі ў барацьбе на другім паверсе перайграў галкіпера, а наш нападаючы літаральна занёс мяч у вароты. Антон такім чынам рэабілітаваўся ў вачах аднаклубнікаў, бо крыху раней не здолеў рэалізаваць вельмі перспектыўны момант.

Другі тайм быў значна менш цікавым для гледачоў, бо тарпедаўцы мудра вырашылі згуляць на захаванне ліку. Тут ужо значна больш працы было ў Часноўскага. Так, пасля ўдара Дзегцярова і лёгкага рыкашэта Павел кончыкамі пальцаў здолеў перавесці мяч на вуглавы. Але наша абарона вытрымала гаспадарскі націск і захавала свае вароты ў недатыкальнасці. На жаль, не рэалізаваў свой шанс і наш Яцкевіч. Аляксандр выскачыў сам-насам з варатаром, але прабіў прама ў Даўгяла. Сумаваць, я лічу, не патрэбна, бо “Тарпеда-БелАЗ” атрымала ўпэўненую перамогу і жодзінцам прыемна зазірнуць у табліцу пасля 3 тура.

А пасля дамашняга матча з “Шахцёрам” нашых землякоў чакаюць дзве выяздныя гульні ў Гомелі і Брэсце.

Сяргей Пузанкевіч

 

Оставьте комментарий

Please enter your comment!
Please enter your name here